347 0

Прадстаўнікі ўраду праігнаравалі міжнародную канфэрэнцыю БАЖ

13.02.2017 Крыніца: Радыё Свабода

Беларуская асацыяцыя журналістаў разам са швэдзкім мэдыяінстытутам Fojo праводзіць у Менску міжнародную канфэрэнцыю.

Прадстаўнікі ўрадавых органаў ад удзелу адмовіліся. А ў паседжаньнях прымаюць дзьве дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў — Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

«Мы хацелі зафіксаваць галоўныя выклікі, зь якімі сутыкаюцца мэдыі сёньня ў заканадаўчай, эканамічнай сфэрах і сфэры журналісцкіх стандартаў. Гэта тры працоўныя пляцоўкі канфэрэнцыі, — кажа пра падзею кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец. — Самае галоўнае — мы хацелі стварыць пляцоўку для абмеркаваньня ня толькі з журналісцкай супольнасьцю, але і з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і прадстаўнікамі журналісцкіх арганізацый іншых краін. Каб лепш асэнсаваць і сваё месца, і агульныя праблемы, і шляхі выхаду зь іх».

З дакладамі і ў дыскусіях на канфэрэнцыі пад агульнай назвай «Мэдыя Беларусі: выклікі і шанцы» ўдзельнічаюць прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый Швэцыі, Армэніі, Азэрбайджану, Літвы, Украіны.

Айдар Батагараў

Айдар Батагараў

Зь вітальным словам на пачатку падзеі зьвярнуўся дарадца офісу Прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Айдар Батагараў. У камэнтары для Радыё Свабода спадар Батагараў адзначыў, што офіс прадстаўніка АБСЭ шчыльна супрацоўнічае з прадстаўнікамі беларускай улады:

«Беларусь — адна зь дзяржаваў-удзельніц, а такіх дзяржаваў 57. Беларусь робіць унёсак у рашэньне аб дзейнасьці прадстаўніка офісу АБСЭ па пытаньнях свабоды слова, бярэ ўдзел у абраньні прадстаўніка, — кажа Айдар Багатараў. — Прадстаўнік назірае за сытуацыяй са свабодай сродкаў масавай інфармацыі ва ўсіх краінах і пры неабходнасьці падымае тыя праблематычныя пытаньні, якія ідуць уразрэз з абавязаньнямі АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ».

У якасьці прыкладаў эфэктыўнага супрацоўніцтва Айдар Батагараў згадвае праведзены ў 2014 годзе круглы стол аб узаемадзеяньні праваахоўных органаў і журналістаў.

«Многія нэгатыўныя прыклады, пра якія казаў прадстаўнік, зьмяніліся да лепшага. Зьменшылася колькасьць кароткатэрміновых затрыманьняў, з красавіка мінулага году не выносіліся адміністрацыйныя рашэньні з прычыны адсутнасьці акрэдытацыі», — кажа Айдар Батагараў.

У кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца іншы досьвед супрацы з афіцыйнымі органамі. Запрошаныя да ўдзелу ў канфэрэнцыі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, МЗС, парлямэнтары з профільнай камісіі, прадстаўнікі Саюзу журналістаў у залі так і не зьявіліся.

«Уся грамадзянская супольнасьць выціснутая ў рэзэрвацыю. Ня толькі СМІ, — кажа Андрэй Бастунец. — Мы спрабуем разбурыць межы гэтай рэзэрвацыі і перайсьці да больш асэнсаваных адносінаў. Але пакуль што не заўсёды бачна жаданьне з другога боку».

Канфэрэнцыя «Мэдыя Беларусі: выклікі і шанцы» адбываецца ў менскім гатэлі «Эўропа» 13–14 лютага. Арганізатарамі выступілі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і швэдзкі медыяінстытут Fojo.

Каментары