3408

Прадстаўніцтва ЕС у Мінску паабяцала працягнуць крокі па абароне журналістаў

30.07.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Кіраўнік дэлегацыі ЕС у Беларусі распавяла “Еўрапейскай федэрацыі журналістаў” пра крокі, што робяцца дыпламатамі для абароны свабоды слова.

Майра Мора

Майра Мора адказала на зварот ЕФЖ да беларускіх уладаў з патрабаваннем спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў. Нагадаем, што 2 чэрвеня дэлегаты штогадовага сходу “Еўрапейскай федэрацыі журналістаў” адзінагалосна падтрымалі заяву ў абарону беларускіх фрылансераў. Заява была скіраваная беларускім уладам, а таксама разасланая ўсім зацікаўленым асобам.

Кіраўніца дэлегацыі ЕС у Мінску у адказ на заяву паведамляе, што пастаянна ўздымае праблемы свабоды СМІ падчас сустрэч з беларускімі ўладамі, а таксама каардынуе намаганні амбасадаў краін ЕС.

– Дэлегацыя ЕС стала падтрымлівае кантакт з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, працуючы для ўстанаўлення абставінаў усіх праяваў ціску, які прымяняецца да журналістаў-фрылансераў. Мы пастаянна ўздымаем праблемы свабоды СМІ падчас сустрэч з беларускімі ўладамі, каардынуем намаганні амбасадаў краін ЕС, што працуюць у Беларусі, і інфармуем галоўны офіс па ўсіх зафіксаваных выпадках і тэндэнцыях, уключаючы тыя, што адбываюцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

 20 ліпеня Савет па замежных справах прыняў высновы плана дзеянняў па правах чалавека і дэмакратыі на 2015 – 2019 гады, дзе гаворыцца, што ЕС будзе павялічваць намаганні па прасоўванні бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, дзе грамадзянская супольнасць і незалежныя СМІ змогуць развівацца. ЕС ускладае на Еўрапейскую службу па знешніх стасунках задачы супрацьдзейнічаць прымяненню заканадаўства, нарматываў і ціску ўладаў, якія несправядліва абмяжоўваюць свабоду выказвання.

ЕС павінен рабіць актыўныя крокі па прадухіленні і рэагаванні на гвалт у дачыненні да журналістаў, блогераў, іншых медыйных суб’ектаў, каб яны маглі працаваць ў бяспецы анлайн і афлайн, не баючыся цкавання, палітычнага ціску, цэнзуры і пераследу, а таксама падтрымліваць намаганні для ўмацавання свабодных, разнастайных і незалежных СМІ, – гаворыцца ў адказе прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.