НЕ - ВАЙНЕ!
835

«Праца з замежнымі СМІ пачынаецца з пітчаў»: асабісты досвед беларускі-фрылансеркі

21.07.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Ці трэба ведаць ангельскую, як Оскар Уальд, калі хочаш пісаць для іншамоўных медыя? Чаму нашым калегам-фрылансерам варта прапаноўваць тэмы рэдакцыям праз пітчы? І да чаго ўвогуле трэба быць гатовым беларускаму журналісту, які жадае супрацоўнічаць са СМІ з іншых краін? Пра гэта прэс-службе БАЖ расказала суайчынніца Ганка Валынец. Сёння яна жыве па-за Беларуссю і як фрылансер супрацоўнічае з некалькімі замежнымі СМІ. 

«Проста ўзяла камеру і выйшла на вуліцы Мінска»

У прафесійнай скарбонцы Ганкі Валынец каля 35 медыя. Сталае супрацоўніцтва з замежнымі СМІ для беларускай журналісткі пачалося падчас пратэстаў 2020. Да гэтага яна была намесніцай рэдактаркі айчыннага «Зялёнага партала».

— Я за час працы шмат пісала пра экалогію, але ў 2020 гэтая галіна перастала выглядаць для мяне як тая, дзе ў Беларусі без вялікага супраціву магчымыя змены. Таму пайшла туды, куды пайшлі людзі, для якіх я працую. А яны пайшлі на вуліцы. І так атрымалася, што я пераключылася з экалогіі на грамадска-палітычную павестку — правы чалавека, палітыка, гісторыі людзей. Я проста ўзяла камеру і выйшла здымаць на вуліцы Мінска. Хадзіла з думкай, што мне ніхто за гэта не заплаціць, — прыгадвае Ганка падзеі двухгадовай даўніны.

 У сацсетках журналістка посціла фотаздымкі з пратэстаў і пісала да іх каментары. Раптам пачалі прылятаць запыты на гэтыя матэрыялы ад розных замежных рэдакцый.

Напрыклад, некалькі матэрыялаў беларуска напісала для Colta.ru. А ў супрацы з замежным фатографам з’явіліся  тры гісторыі для бельгійскага часопіса Knack. Былі таксама тэксты для рэдакцый з Нідэрландаў, Швецыі, Германіі, супрацоўніцтва на валанцёрскіх пачатках з украінскімі тэлеканаламі, а менавіта штодзённыя прамыя ўключэнні з пратэснага Мінска.

«За грошы, якія раней плацілі беларускія СМІ фрылансерам, за мяжой выжыць немагчыма»

У чым жа адрозненні ў супрацоўніцтве фрылансера з беларускімі і замежнымі СМІ? На думку журналісткі, яны ў наступным:

1. Ганарары. У замежных СМІ  ганарары — вышэйшыя. І гэта дае магчымасць не займацца прахадной працай, а сапраўды пагружацца: больш дбайна шукаць персанажаў, больш якасна пісаць, рупліва пераправяраць, даследаваць тэму, перад тым, як ты пачнеш пісаць. Гэта развязвае рукі і дае магчымасць развівацца.

—  Іншая справа, калі табе трэба настрачыць шмат тэкстаў, каб хапала на жытло і ежу. Замежнікі, з якімі я працую, і не прымаюць ад фрылансераў прахадных матэрыялаў. Чакаюць адэкватных якасных гісторый пра рэгіён. За грошы, якія раней плацілі беларускія СМІ фрылансерам, за мяжой выжыць немагчыма, — заўважае суразмоўца.

2. Арганізацыя працы.

Першае, з чым давядзецца сутыкнуцца — праца ідзе пра пітчы, што дазваляе ўзгадніць план тэксту, герояў, аўдыторыю, кантэкст, актуальнасць. У Беларусі праца праз пітчы не такая распаўсюджаная.

— Пітч выглядае як вордаўскі дакумент або гугл-док, дзе напісана тэма, лід, аўдыторыя, кароткі план, колькасць герояў, фармат тэксту, наяўнасць фота, кантакты журналіста для рэдактара. Можа быць і так, што сама рэдакцыя дасылае шаблон, — тлумачыць суразмоўца.

Пітчы — карысная рэч, бо на этапе ўжо самой рэдактуры ў вас звычайна не бывае вялікіх структурных правак з перапісваннем паловы тэксту. Пітч дазваляюць зрабіць тое, што ад цябе чакаюць, для рэдакцыі з якой ты ніколі не працаваў.

— На сайтах некаторых медыя ёсць падрабязны алгарытм, як прапанаваць рэдакцыі сваю тэму. Праўда, напрыклад, у The Guardian такіх прапаноў прыходзіць каля сотні на дзень. І гэта журналісту лепш улічваць, — дадае журналістка.

3. Праца з плацёжнымі дакументамі. За мяжой журналіст больш сутыкаецца з дакументамі:  дамовамі, плацёжкамі. Прапісана, колькі зроблена і колькі табе за гэта заплацяць.

4. Праўкі. Для адной з рэдакцый, з якой я працую, натуральная з’ява, калі ты ўзгадняеш тэкст са спікерамі, бо важна не стварыць небяспеку для суразмоўцаў.

— Калі мяне вучылі журналістыцы ў Беларускім калегіюме, то лічылася, што журналісты не ўзгадняюць тэсты ў мэтах захавання свабоды слова. Свабода слова — гэта важна, але часам не менш важныя пытанні дакладнасці і бяспекі, — падкрэслівае Ганка.

Таксама журналістка адзначае, што некаторыя замежныя рэдактары вельмі далікатна правяць тэксты: проста пішуць свае каментары, а журналіст сам уносіць праўкі.

— З праўкамі можна пагадзіцца, а можна працягнуць абмяркоўваць пытанне рэдактара, бо галоўная мэта ў нас адна — стварыць як мага больш цікавы і дакладны тэкст. Такая ж сістэма з загалоўкам: яго могуць папрасіць змяніць. Зрэшты, усе рэдакцыі розныя: часам тэкст з загалоўкам правяць увогуле без цябе, часам просяць быць аператыўна дасягальнай для ўдакладненняў, каб у патрэбны момант хутка адрэдагаваць і апублікаваць тэкст. А некаторыя рэдакцыі могуць уносіць выключна тэхнічныя праўкі (двукоссі, афармленне цытат і г.д.), абсалютна не кранаючы змест, — распавядае суразмоўца.

5. Рэгіён працы. Ён, безумоўна, пашыраецца. Цяпер у беларускай журналісткі ёсць тэксты пра Украіну, Казахстан, М’янму, Грузію.

— Часцей за ўсё гаворка не ідзе пра паездку ў гэтыя рэгіёны, але часам рэдакцыі сапраўды гатовыя аплаціць дарожныя выдаткі і жытло. Асобнае пытанне — небяспечныя кропкі: спрабуючы ўзгадніць з кім-небудзь паездку ва Украіну, я зразумела, што найчасцей рэдактар будзе настойваць на працы з крыніцамі анлайн.

І тут ужо гаворка ў першую чаргу не пра дарожныя выдаткі, а пра тое, што ніхто не хоча павялічваць верагоднасць таго, што журналіста заб'юць.

— Таму наўпрост са свайго працоўнага месца ў краіне, дзе жыве журналіст, можна пісаць пра любыя часткі свету. Але толькі ў тым выпадку, калі журналіст здолее разабрацца ў лакальным кантэксце, сфармуляваць цікавую рэдакцыі тэму і потым знайсці крыніцы ў невядомай краіне, дзе, магчыма, ні разу нават не быў,  — дадае журналістка.

«Звычайна замежная мова для беларусаў – гэта сапраўдны боль»

Існуе стэрэатып, што для супрацы з медыямі з іншых краін трэба абавязкова вельмі добра валодаць замежнай мовай.

— А гэта не так. Частка замежных медыя друкуе тэксты на рускай мове, бо ў іх адпаведная аўдыторыя. Частка замаўляе ў цябе тэкст на тваёй роднай мове, а пасля перакладаюць яго. Частка друкуе тэксты па-ангельску, але выдатнае веданне мовы — для іх не галоўнае.

Прыярытэт — якасць журналісцкай працы. Таму частка рэдакцый гатовая пайсці на вашы ўмовы і атрымліваць якасныя тэксты на роднай мове журналіста.

— Але трэба дамаўляцца і не ўсім гэта падыдзе, — дзеліцца назіраннямі Ганка.

І ўсё ж дзяўчына адзначае, што ёсць моманты, для якіх ангельская патрэбная. Перш за ўсё, для камунікацыі:

— Частка рэдакцый гатовая паразмаўляць з табой па-руску, але іх меншасць. Я ведаю ангельскую і французскую, адпаведна з часткай рэдактараў камунікую на гэтых мовах. Але мова патрэбная для камунікацыі, а не для напісання тэкстаў. Чаму гэта важна? Засвоіць мову камунікацый значна прасцей, чым мову публіцыстычных тэкстаў. Не абавязкова валодаць англійскай як Оскар Уальд.

Чытайце яшчэ:

Колькі журналістаў выехала з Беларусі? Размаўляем з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім

«У параўнаньні з 2020-м гэта проста пекла». Фатограф адбыў арышт за тое, што праходзіў каля месца сьвята для ўкраінскіх дзяцей

"Ты пойдзеш у бой — а я плуг пакірую". Сямейныя гісторыі "вясноўцаў", якіх затрымалі год таму

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!