НЕ - ВАЙНЕ!
388

Пра што пішуць раёнкі самых бедных беларускіх рэгіёнаў

05.08.2022 Крыніца: Наша Ніва

Дзе жыхару рэгіёна даведацца пра тое, чым жыве яго мясцовасць, пра цікавыя гісторыі, праблемы ды здарэнні? У ідэальным свеце такой крыніцай магло б стаць раённае выданне. Але як яно на самой справе? «Наша Ніва» пагартала сайты раёнаў, што лічацца самымі беднымі ў кожнай з абласцей.

Слаўгарадскі раён: «Прысожскі край» (Магілёўская вобласць)

Самым бедным раёнам у Магілёўскай вобласці з’яўляецца Слаўгарадскі — сярэдні заробак «бруднымі» за май склаў тут 1026 рублёў. Гэта адзін з рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, у ім знаходзяцца вытворчыя цэхі «Чырвонага харчавіка» і «Бабушкінай крынкі».

Слаўгарадская раёнка мае назву «Прысожскі край», але навін пра гэты самы край там не надта шмат. На галоўнай старонцы сайта — тэксты пра ўборачную кампанію, сустрэчу Лукашэнкі з губернатарам Пермскага краю і змены ў заканадаўстве.

Але ж ёсць на рэсурсе і раздзел пра навіны раёна. Большая частка з іх — справаздачы пра дзейнасць студэнцкіх атрадаў, мерапрыемствы ў школах ды іншых бюджэтных установах, рознага кшталту падзеі, арганізаваныя райвыканкамам. Ёсць некалькі матэрыялаў-рэкамендацый, напрыклад, пра бустарную вакцынацыю ці пра гепатыт, і зводка пра пажар у мясцовым аграгарадку.

Сярод гэтых справаздач крыху выдзяляецца загаловак «Надзейны чалавек і адказны працаўнік» — дарэчы, адзін з нешматлікіх (калі не адзіны ўвогуле) беларускамоўных тэкстаў на сайце. Гэта гісторыя пра рупліўца-механізатара з дзяржпрадпрыемства «Заранскі».

Столінскі раён: «Навіны Палесся» (Брэсцкая вобласць)

У маі столінцам плацілі ў сярэднім 1124 рублі, што з'яўляецца самай нізкай лічбай па Брэсцкай вобласці. Сайт мясцовага выдання «Навіны Палесся» распрацаваны больш дэталёва, чым мінулы рэсурс з падборкі: тут вам і запрашэнне ў сацсеткі, і раздзел з фота і відэа, і нават асобны раздзел з меркаваннямі. 

Аўтары выдання сумяшчаюць мясцовыя навіны пра стабальніка і ўборачную з прапагандысцкім кантэнтам. Напрыклад, на сайце «Навін Палесся» размешчаны фільм дзяржтэлебачання пра фонд BySol, ёсць рэпосты выказванняў Гігіна, Лаўрова, шмат справаздач з міліцэйскіх зводак. 5 з 6 тэкстаў у рубрыцы «Гарачыя тэмы» прысвечаныя выказванням Лукашэнкі, шосты ж матэрыял расказвае пра нараду з яго ўдзелам.

Без сумневаў, самы цікавы раздзел сайта — рубрыка «дзяжурны карэспандэнт». Вось некалькі загалоўкаў адтуль:

  • «Усхваляваная маці паведаміла ў міліцыю, што знайшла ў мабільным тэлефоне дачкі перапіску эратычнага характару»,

  • «Падкантрольная» ліса выйшла з-пад кантролю»,

  • «Усё лепшае дзецям, або Не дровы везяце» (гісторыя пра тое, як кіроўца дзіцячага аўтобуса спазніўся на дзве гадзіны),

  • «Узважылі цеста, або Калі скарга, то адразу ў рэдакцыю?» (меркаваны выпадак недаважвання цеста ў краме).

Тут жа — спробы крытычна асвятляць праблемы ў раёне. Напрыклад, аўтары «Навін Палесся» не прайшлі міма гісторыі з несанкцыянаванай звалкай у Давыд-Гарадку і нават крытыкавалі мясцовых чыноўнікаў, якія не рэагуюць на гэту інфармацыю. 

Шаркаўшчынскі раён: «Кліч Радзімы» (Віцебская вобласць)

Ужо шмат гадоў гэты раён — адзін з бяднейшых куточкаў Беларусі, у маі сярэдні заробак тут склаў 999 рублёў. Шаркаўшчына спецыялізуецца на сельскай гаспадарцы, адно з нешматлікіх мясцовых прадпрыемстваў, «Шаркаўшчынскі кансервавы завод», выпускае пладова-ягаднае віно. На тэрыторыі раёна знаходзіцца дрыгва «Ельня», якая ў апошнія гады стала дужа папулярнай сярод турыстаў.

Мясцовая раёнка мае назву «Кліч Радзімы», яе сайт збольшага запоўнены перадрукамі з буйных дзяржаўных рэсурсаў. Трохі ўласнага кантэнту хаваецца за загалоўкамі накшталт «Ідэалагічная праца ў калектывах», «У ААТ «Жвіранка» пачалі ўбіраць азімы рапс» і «Шаркаўшчане ўдзельнічаюць у абласным турзлёце працоўнай моладзі». 

Кармянскі раён: «Зара над Сожам» (Гомельская вобласць)

Шмат насельніцтва адсялілі з гэтага рэгіёна пасля аварыі на ЧАЭС, якая моцна закранула раён. Як і на Шаркаўшчыне, тут не так шмат заводаў — адзін з філіялаў «Рэчыцкага тэкстылю», льназавод і паліграфічнае прадпрыемства. Сярэдні заробак за май у Кармянскім раёне склаў 999 рублёў.

Спрабуем знайсці сапраўдныя мясцовыя навіны на сайце раённай газеты «Зара над Сожам». Прапускаем ужо традыцыйныя для раёнак перадрукі з буйных дзяржрэсурсаў, тэксты пра ўборачную кампанію і чыноўніцкія справаздачы

Нас цікавіць рубрыка «На злобу дня» і «Журналіст бачыць праблему» — назвы гучаць так, нібыта за імі могуць хавацца праблемныя тэксты. Першая з рубрык прысвечаная палітпрапагандзе ад кармянцаў. Тут, напрыклад, ёсць нататкі пра спартовыя санкцыі супраць Беларусі і пра скандальнае інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі дзецям-журналістам з Латвіі на «Славянскім базары».

А вось другая рубрыка нарэшце распавядае пра штодзённыя праблемы мясцовых (праўда, нізкіх заробкаў у спісе гэтых праблем, відаць, няма). Напрыклад, аўтары «Зары над Сожам» не аднойчы пішуць пра сумны лёс былога кафэ «Сонейка», будынак якога зараз аблюбавалі сумніўныя кампаніі. Іншыя раённыя цікавосткі — гісторыя пра новапасаджаныя ў раёне клёны, якія некуды зніклі, і пра неадпаведнасць кошту тавараў на цэнніках з сумай на касе. За больш глабальныя пытанні журналісты «Зары над Сожам» не бяруцца.

Карэліцкі раён: «Полымя» (Гродненская вобласць)

Сярэдні заробак за май у гэтым раёне склаў 1122 рублі — самая нізкая лічба па вобласці.

Ідзем па карэліцкія навіны на сайт мясцовай раёнкі «Полымя» — і ледзьве бачым розніцу з мінулымі рэсурсамі з падборкі. Сайты падобныя адзін да аднаго, як блізняты: Лукашэнка на галоўнай старонцы, інфармацыя ад ДАІ і з буйных дзяржрэсурсаў, уборачная і БРСМ.

Вядома, і тут ёсць спробы рабіць уласны кантэнт, але ж арыгінальнасцю ён не адрозніваецца. Ёсць, напрыклад, нататка пра адкрыты ў Карэлічах вулічны трэнажорны комплекс ці пра добраўпарадкаванне могілак, і нічога падобнага на аповед пра праблемы раёна.

Зробім здагадку, што аўтары «Полымя» збіраюцца пісаць пра гэта ў будучым, нездарма ж яны размясцілі на сайце гугл-апытанку з просьбай ацаніць асноўныя бакі жыцця ў раёне. Сярод такіх бакоў медабслугоўванне, культурнае жыццё, умовы для заняткаў фізкультурай і спортам, асвятленне і добраўпарадкаванне вуліц.

Мядзельскі раён: «Нарачанская зара» (Мінская вобласць)

Мядзельшчына — самы бедны раён у Мінскай вобласці з 1219 рублямі сярэдняга заробку. За навіны тут адказвае рэсурс «Нарачанская зара».

Першае, што заўважаем: на гэтым сайце прозвішча Лукашэнкі сустракаецца часцей за ўсё хіба што ў перадруку навін з дзяржаўнага агенцтва БелТА. Тут таксама мінімальная колькасць перадрукаў з дзяржрэсурсаў і досыць уласных тэкстаў. Возьмем, напрыклад, матэрыял «Тут жыцця іх прычал: сям'я дактароў Кішко працуе ў «Зубраняці» або фотарэпартаж з адпачынку на Нарачы.

Шукаем нататкі пра праблемы раёна — і не знаходзім. Зато ёсць на сайце надзвычайная рубрыка «Мы гаворым», якая павінна даць голас жыхарам раёна. Вось толькі гутараць яны выключна ў духу дзяржпрапаганды — сачыце самі па загалоўках:

  • «Напярэдадні 9 Мая ў Польшчы зносяць помнікі. Што з гэтай нагоды думаюць мядзельчане?»

  • «Меркаваннем аб рэферэндуме дзеліцца [кіраўнік раённага савета ветэранаў] Уладзімір Валасевіч (відэа)»

  • «Праект Канстытуцыі ў [санаторыі] «Прыазёрным» абмеркавалі з удзелам пракурора раёна Віталя Афанасенка»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!