НЕ - ВАЙНЕ!
1459

Пра што гаварылі на “Дзелавым інтэрнэце”

10.11.2015 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА “БАЖ”

На мінулым тыдні ў Мінску прайшла штогадовая канферэнцыя “Дзелавы інтэрнэт”, якая сабрала некалькі соцень IT-спецыялістаў, рэкламшчыкаў, медыяэкспертаў і журналістаў. Асобная панэль ў часе канферэнцыі была прысвечана выдавецкай справе і СМІ.

У Мінску прайшла штогадовая канферэнцыя “Дзелавы інтэрнэт”, БАЖ, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Інтэрнэт

Дырэктар па развіцці кампаніі “Opera Mediaworks” Алеся Доля распавяла пра асаблівасці псіхалогіі інтэрнэт-спажывання.

– Галоўны сучасны трэнд інтэрнэта – гэта персаналізацыя. Напэўна, вы звярталі ўвагу на тое, што пры ўводзе аднаго і таго ж пошукавага запыту на розных прыстасаваннях часта атрымліваеш розныя адказы. Гэта не пымылка, а вынік працы разумных машын, якія падбіраюць адказ у адпаведнасці з інфармацыяй пра карыстальніка.

Гэта залежыць ад многіх фактараў: вашага месцазнаходжання, сацыяльна-дэмаграфічных паказчыкаў, вынікаў папярэдняга пошуку і г.д. Гэтыя дадзеныя мы самі вельмі часта паведамляем сацыяльным сеткам, сайтам, пляцоўкам.

Да прыкладну, зараз вельмі моднымі сталі інтэрнэт-тэсты кшталту “Да якой жывёлы я падобны?”, “Якім я буду праз 50 гадоў?”, “Хто з’яўляецца маёй роднай душой?”. Тут няма чаго саромецца – гэта ж fun! Але сорамна павінна быць тым людзям, якія праходзяць такія тэсты і пры гэтым падпісваюць петыцыі пра абарону персанальных дадзеных у інтэрнэце. Бо менавіта праз такія апытанні мы свае персанальныя дадзеныя самі паведамляем машынам…

Таксама наведнікі вельмі любяць упарадкоўваць сваё карыстанне інтэрнэтам – робяць пэўныя настройкі ў браўзерах, ставяць закладкі. Гэта таксама дазваляе машынам падбіраць для чалавека менавіта той кантэнт, якія хутчэй за усё яму будзе цікавы. Усё, што вы сказалі ці напісалі ў інтэрнэце, будзе выкарыстана!

У Мінску прайшла штогадовая канферэнцыя “Дзелавы інтэрнэт”, БАЖ, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Заканадаўства

Генеральны дырэктар (УП “Надзейныя праграмы”) Людміла Чэкіна расказала пра некаторыя “падводныя камяні” закона “Аб СМІ”, паспешліва прынятага год таму.

– Напрыклад, згодна з законам, прадукцыя замежнага СМІ можа распаўсюджвацца ў Беларусі толькі пасля атрымання замежным СМІ адпаведнага дазволу ў Мінінфармацыі. Паводле ж новаўвядзенняў у закон, прадукцыяй СМІ з’яўляюцца не толькі газеты, тэле- і радыёканалы, але і матэрыялы інтэрнэт-сайтаў.

З гэтага вынікае, што ўсе замежныя сайты для распаўсюду інфармацыі ў Беларусі проста абавязаныя атрымаць дазвол Мінінфармацыі. Станоўчы момант – існаванне гэтай нормы кампенсуецца яе непрымяненнем на практыцы. Але яна закладзеная ў заканадаўстве і гіпатэтычна можа быць выкананая.

Наступны аспект – абмежаванне доступу да сайтаў. Тут цікавым момантам з’яўляецца тое, што блакіроўка сайта можа прымяняцца не пазней за 3 месяцы з даты ўзнікнення падставаў для яе. У перакладзе з юрыдычнай мовы гэта азначае, што Міністэрства інфармацыі не мае права блакаваць сайты за матэрыялы, калі з часу іх публікацыі прайшло больш за 3 месяцы.

Яшчэ адзін цікавы факт – Мінінфармацыі можа разгледзець запыт пра аднаўленне доступу да заблакаванага сайта цягам месяца. Гэты тэрмін фігуруе не ў самім законе, а ў пастанове, прынятай у яго развіццё. Гэта азначае, што нават пасля выдалення аўтарамі рэсурсу забароненага кантэнту доступ да сайта можа быць абмежаваны яшчэ цэлы месяц. Між тым, Мінінфармацыі дастаткова некалькі хвілінаў для выдалення той ці іншай старонкі і паведамлення пра гэта.

У Мінску прайшла штогадовая канферэнцыя “Дзелавы інтэрнэт”, БАЖ, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Барацьба з прапагандай

Загадчык кафедры сувязяў з грамадскасцю Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных дачыненняў Валерый Салавей распавёў пра механізмы і эфектыўнасць прапаганды.

– Беларусы і расіяне апошнія два гады назіраюць адраджэнне такога тэрміну, як прапаганда. Раней, нам, навукоўцам, здавалася, што гэта ўжо забытае слова, але зараз яно зноў набыло вялізную актуальнасць. Сёння нашы краіны знаходзяцца пад уздзеяннем самай магутнай прапагандысцкай машыны сучаснага свету.

Чаму прапаганда эфектыўная і ці можна ёй супрацьстаяць? Гэта два глабальных  пытанні, на якія спрабуюць адказаць многія разумныя людзі ў нашых краінах.

Што тычыцца эфектыўнасці прапаганды – тут ёсць два тлумачэнні. Першае з іх заключаецца ў тым, што прапаганда – гэта легітымны спосаб уплыву на грамадства. Я думаю, многія з нас памятаюць знакамітую фразу Аль Капонэ: “З дапамогай пісталета і добрага слова можна дамагчыся значна болей, чым з дапамогай аднаго пісталета ці аднаго добрага слова”. Прасцей кажучы, любая дзяржава выкарыстоўвае “пісталет” – гэта адміністрацыйна-паліцэйскі апарат. А “добрае слова” – гэта прапаганда.

Самае галоўнае для ўладаў – зрабіць так, каб людзі не лічылі, што на іх уплывае прапаганда, а думалі, што яны самі прыйшлі да патрэбных дзяржаве высноваў. Менавіта гэтым сучасная прапаганда адрозніваецца ад савецкай.

Другое тлумачэнне эфектыўнасці прапаганды заключаецца ў тым, што людзі самі патрабуюць прапаганды. Мы зробленыя такім чынам, што дазваляем сябе падманваць і нават атрымліваем ад гэтага асалоду. Сучасныя людзі не хочуць думаць. Наогул мысленне – гэта самы складаны працэс у чалавечым арганізме.

Прыходзячы з працы, дзе мы і так думаем над вялікай колькасцю праблем, дома перад тэлевізарам мы хочам атрымаць інфармацыю у забаўляльнай форме, дзе не трэба было б думаць, дзе было б усё зразумела і прыгожа.

Менавіта таму сучаснае палітычнае ці сацыяльнае “пасланне” разлічана на 14-15 гадовага падлетка – каб не трэба было думаць. Калі 14-15 гадовы падлетак разумее, што кажуць па тэлебачанні – значыць, прапаганда паспяховая. А яшчэ 40 гадоў таму яе ўзровень адпавядаў першаму курсу ўніверсітэта...

Больш шырокую справаздачу пра канферэнцыю “Дзелавы інтэрнэт”, найноўшыя інтэрнэт-трэнды, цікавосткі заканадаўства і псіхалогіі выкарыстання прапаганды ў СМІ чытайце ў навагоднім нумары часопіса “Абажур”.

Фота: dev.by, tut.by, ksonline.ru

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!