НЕ - ВАЙНЕ!
318

Поўны тэкст апошняга слова Фядуты: «Расьсьледаваньне паказала грамадзтву, што ўлады баяцца неляяльнасьці войска»

02.09.2022 Крыніца: Радыё Свабода

У гучнай палітычнай справе аб «змове» 31 жніўня прагучалі апошнія словы абвінавачаных, у тым ліку Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча. Фядута выступаў даўжэй за іншых, ягонае слова заняло паўгадзіны. У ім ён апісаў дэталі крымінальнай справы, настроі народу і падзеі ў краіне.

На пачатку свайго выступленьня ў судзе Аляксандар Фядута падрыхтаваў прысутных да таго, што будзе выступаць доўга, але закон «ніяк не абмяжоўвае яго ў гэтым».

Свабода прыводзіць апошняе слова палітычнага зьняволенага зь нязначнымі скарачэньнямі.

«[...]Перадгісторыя „змовы“ — стварэньне двума беларускімі эмігрантамі — Дзьмітрыем Шчыгельскім і Юрасём Зянковічам — Youtube-каналу з дурацкай назвай «Сиреневенький бесперспективняк» у красавіку 2020 году. На якім яны «мачылі» беларускую ўладу даволі груба, часам у хамскіх выразах.

Рана ці позна гэта павінна было прыцягнуць увагу нашай глыбока ранімай улады. Улічваючы тое, што Зянковіч бываў на радзіме і валодаў тут нерухомасьцю, яго ўзялі ў распрацоўку, праўдападобна, мяркуючы, што за ім нехта стаіць. Пагатоў, два балбатуны ў сваіх перадачах упарта прасоўвалі ідэю, што бяз войска любая спроба зрынуць Лукашэнку, застаючыся ў рамках заканадаўства, прапанаванага Лукашэнкам, падпісанага Лукашэнкам і выкарыстоўванага Лукашэнкам у інтарэсах Лукашэнкі, немагчымая і бессэнсоўная.[...]

Аднойчы незнаёмы чалавек скінуў мне паведамленьне, дзе прапанаваў сустрэцца. [...] Як гаварылася ў фільме «О бедном гусаре замолвите слово»: «Вы взялись помогать жандарму». — «Но это ведь наши жандармы». У фільме ў шчырасьць такой пазыцыі не паверыў нават жандар. Але мы ня ў фільме, а ў жыцьці. У людзей розныя матывы. Я ў шчырасьць сьведкі Жураўскага і яго гатоўнасьць дапамагаць верыў бесьпярэчна.

Першая сустрэча Зянковіча з Жураўскім адбылася ў Менску ў канцы жніўня, другая ў Горадні 12 верасьня. Менавіта з таго дня варта адлічваць гісторыю «змовы», лідэрам якой чамусьці лічыцца Юрась Зянковіч. З праслуханых тэлефонных размоваў вынікае, што менавіта Жураўскі ініцыюе большасьць размоў, патрабуе ад Зянковіча адказу, але ў таго няма ані грошай, ані пляну дзеяньняў. Гэта праблема «калектыўнага Жураўскага» — бяз гэтых двух складнікаў ніякай змовы не выходзіць. Усё, на што хапае магчымасьцяў Зянковіча, — дастаць з асабістых ашчаджэньняў 5 тысяч даляраў і выдаць іх на бягучыя расходы.

[...] Супрацоўнік КДБ, у задачу якога ўваходзіла адміністраваньне аднаго з найбольш радыкальных чатаў, перасылае Зянковічу плян «Цішыня» — адзіны дакумэнт, у якім дакладна сфармуляваны плян забойства Лукашэнкі, а той перасылае яго Мікалаю Аўтуховічу і Івану Жураўскаму. Але Аўтуховіч адразу бачыць у гэтым правакацыю і адмяжоўваецца.

Плян забойства «першага» сапраўды быў, пры гэтым аўтара гэтай крывавай фальшыўкі ніхто не шукае. Дзеля Рамана Пратасевіча ледзь не збанкрутавалі ўсю беларускую авіяцыю, а тут цішыня. Можна скласьці слоўны партрэт. Нават не імітуюць пошукі! Бо раптам знойдуць!

[...]Жураўскага тым часам чакае расчараваньне: амбіцыі Зянковіча, яго незадаволенасьць трэцяраднай роляй у апазыцыі не даюць яму дамовіцца з аніводнай уплывовай эмігранцкай структурай. У выніку ў адваката толькі 16 тысяч даляраў і 3 тысячы беларускіх рублёў. Уяўляеце, колькі крыві можна праліць на гэтыя грошы? Чынгісхан адпачывае.[...]

Становіцца ясна, што Зянковіч — пустышка. І ўсё ж позна адмяняць правакацыю — ужо паднялі ФСБ Расеі, ужо папярэдзілі Лукашэнку. «Пустышку» бяруць. Каб не апраўдвацца, Пуціну дакладваюць аб раскрыцьці «крывавай змовы пад кіраўніцтвам ЦРУ». Пуцін верыць, і нават расказвае пра гэта свайму амэрыканскаму калегу. У адказ — непаразуменьне: пра «змову» ня ведаюць ні ў ЦРУ, ні ў Дзярждэпартамэнце, ні ў апараце самога прэзыдэнта ЗША. Пуцін апынаецца ў ролі клоўна, а таму і арганізатарам няма куды адступаць — за імі Масква. Калі ўсё правалілася — афіцыйнаму Менску не пазайздросьціш.

[...]Ніводная з раздруковак з чатаў і размоў не зьмяшчае нічога, што можна назваць «фактам». Няма імёнаў заходніх ці расейскіх палітыкаў і функцыянэраў спэцслужбаў. Няма сьведчаньняў аб сустрэчах каго-небудзь са «змоўшчыкаў» з высокапастаўленымі беларускімі палітыкамі і вайскоўцамі.

[...]Фядута гатовы пісаць палітычныя дакумэнты і пляны, але там крыві няма.

[...]Усё гэтае расьсьледаваньне паказала грамадзтву — улады баяцца неляяльнасьці войска. Жураўскі сышоў на пэнсію, хоць яму служыць і служыць. Ці значыць гэта, што армейскія афіцэры не цярпяць побач з сабой раскрытага агента «жандараў», нават калі гэта «нашы жандары»?![...]

Дык ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні плянамі і вайсковымі сувязямі? Я ў яе верыў, значыць, удзельнічаў у ёй сьвядома. Чаму ж я ў ёй удзельнічаў? Сьледзтва ўпарта навязвае суду вэрсію аб нізкіх матывах. Бо менавіта гэтая вэрсія выгадная прапагандыстам. Але не даказаны ніводзін зь нізкіх матываў. [...] Якое распальваньне варожасьці? Працытуйце хоць адну маю фразу. Але ні сьледзтва, ні хто іншы не прыводзіць анічога. Іначай, думаю, я б адказваў за такія словы ў судзе нашмат раней.

Спадар абвінаваўца дазволіў сабе паіранізаваць зь мяне, спытаўшы, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеяньняў. Але гэта так! Я мог бы ўзяцца, напрыклад, выпраўляць сыстэму адукацыі і падрыхтоўкі цяперашніх кадраў. Я нават не аб памылках у пратаколах, якія сьледчы ў маёрскіх пагонах мусіў выпраўляць.[...]

Ужо пры выстаўленьні мне першых абвінавачаньняў я мусіў у пісьмовай форме агаварыць, што не магу прыняць іх у поўным аб'ёме, бо там сьцьвярджаўся мой намер парушыць Канстытуцыю, прынятую на... рэфэрэндуме 1994 году! Нават студэнт 2-га курсу юрыдычнага факультэту ведае, што першы рэфэрэндум у Рэспубліцы Беларусь адбыўся ў 1995 годзе, а тую Канстытуцыю прыняў яшчэ Вярхоўны Савет БССР. І такое трызьненьне ад маёра КДБ у асабліва важных справах Акуліча паўтаралася тройчы!

Бязграматная фармулёўка качуе ў зваротах да розных інстанцый больш за сем разоў. Уражаньне, што начальнік Сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі палкоўнік Самбук падпісвае дакумэнты, не прыходзячы ў прытомнасьць.

[...]Адбылася адмоўная сэлекцыя кадраў, ляяльнасьць вышэйшая за прафэсіяналізм. Прайшла трансфармацыя з сыстэмы аховы права ў сыстэму аховы праваахоўнікаў.[...] Цяпер як індульгенцыя фраза «Часам не да законаў», якую вымавіў Лукашэнка, прызначаючы генэральным пракурорам Андрэя Шведа. І ніводзін з прысутных ня выйшаў на знак пратэсту супраць настолькі яўнага парушэньня, закліку. Хоць пазьней за такія ж словы асуджалі той жа канал «Сиреневенький бесперспективняк».[...]

З экранаў ліецца характарыстыка іншых народаў у стылі «украшвайн», а пракуратура не заўважае яўнага распальваньня варажнечы.

[...]Я паверыў у змову, бо хацеў у яе паверыць. Сумленны чалавек ня мог не абурыцца тым, што адбываецца ў краіне. Гэта зразумеў нават Юры Караеў, які выбачыўся за «празьмерны гвалт». І гэта каштавала яму пасады. Гэта зразумеў і Іван Наскевіч, пры якім яўныя выпадкі гвалту хаця б фіксаваліся. І гэта таксама каштавала яму пасады. Мітрапаліт Павал наведаў ня толькі шпіталь з амапаўцамі, але і людзей, якіх тыя амапаўцы білі. І гэта каштавала яму пасады патрыяршага экзарха Беларусі.

Калі ні закон у выглядзе Сьледчага камітэту, ні Бог у выглядзе царквы не спынілі грамадзянскае вайны, што пачалася ў краіне, хтосьці ж павінен быў стаць на яе шляху?! Калі ўся праваахоўная сыстэма краіны стала сыстэмай аховы праваахоўніка ад права, дык яна павінна аднавіцца. Няхай нават і шляхам беззаконьня цягам месяца. Гэта лепей, чым два гады, якія мы ўсе жывём без закону.[...]

Паводле тэлефоннага апытаньня ў 2020 годзе, за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць толькі 26%. Пры гэтым нельга забываць пра ўзровень страху.[...] Прафэсар Вардамацкі патлумачыў паводзіны грамадзтва тым, што многія рэспандэнты баяцца выказвацца адкрыта або называюць той варыянт, за які іх тэарэтычна ня будуць перасьледаваць. [...] Пакватэрнае апытаньне, праведзенае за паўтара месяца да выбараў, было яшчэ больш яскравае — за Лукашэнку толькі 15%. І вы хочаце, каб пры такой рэальнай падтрымцы я паверыў Ярмошынай і яе звыш 80%?!

Сацыёлягі былі шчырыя, Акадэмія навук, акадэмік Гусакоў прызнаў гэта ў дакумэнце, але там вырашылі не паўтараць шлях прафэсійнага самагубцы прафэсара Коршунава і не апублікавалі зьвестак. У адказе на афіцыйны запыт, аднак, ілгаць яны ня сталі.

Легітымная ўлада не праводзіць таемна ад народу інаўгурацыю, законна выбраны прэзыдэнт ня бегае з аўтаматам без ражка. Лукашэнка баіцца настолькі, што нават у год, які ён сам абвясьціў «годам нацыянальнага адзінства», толькі раскручвае махавік рэпрэсій. Лічбы спадара адваката: больш за мільён чалавек удзельнічаў у 6200 вялікіх і малых акцыях. І ня трэба суцяшаць сябе, што людзі выходзілі за грошы. За іх могуць стаяць на пікетах. Тут жа нават пад страхам сьмерці выходзілі. Людзі пратэставалі і пасьля гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, пасьля выкраданьня і гібелі Рамана Бандарэнкі, і пасьля гібелі ад салдацкай кулі — што прызнана — берасьцейца Шутава, перад якім я вінаваты, бо ня памятаю ягонага імя (Генадзь. — РС), але думаю, што берасьцейцы памятаюць і шануюць яго імя [...]

Я думаю пра гэтых людзей, пра іх вочы, пра іх усьмешкі, якія асьвятлялі мне камэру, пра іх дапамогу і падтрымку. І вымушаны прызнаць, што ўдзельнічаў у змове, нават калі гэта была правакацыя палкоўніка Жураўскага і містыфікацыя генэрала Тэртэля.

І апошняе... Высокі суд. Я зьвяртаюся да вас. У вялікага кінарэжысэра Стэнлі Крамэра ёсьць фільм «Нюрнбэрскі працэс». Ён не пра «вялікі „Нюрнбэрг“», дзе судзілі злачынцаў вайны, канцлягераў і прапаганды. Ён пра адзін зь дзясяткаў працэсаў, на якім судзілі судзьдзяў. Спэнсар Трэйсі «судзіць» Барта Ланкастэра. Герой Ланкастэра — выбітны юрыст, выслухаўшы паказаньні тых, каго ён асуджаў на лягеры, турмы і нават на кастрацыю за парушэньне законаў аб «чысьціні расы», суцяшае сябе: маўляў, ён выконваў закон».[...]

Рэакцыя адваката Фядуты на просьбу пракурора

Абаронца Аляксандра Фядуты адвакат Галіна Тарнаўскене ў адказ на патрабаваньне пракурора прысудзіць фігурантам справы 12 гадоў пазбаўленьня волі кожнаму 31 жніўня папрасіла суд прызначыць Фядуту апраўдальны вырак.

Апраўдаць сваіх падабаронных папрасілі таксама адвакаты Рыгора Кастусёва і Юрася Зянковіча.

Абаронцы яшчэ дваіх фігурантаў справы — Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — папрасілі суд прызначыць ім пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Пракурор для гэтых абвінавачаных прасіў па 3 гады калёніі.

Прысуд агучаць 5 верасьня.

Працэс адбываецца ў Менскім абласным судзе з 29 ліпеня.

Чытайце яшчэ: 

Война все запишет. Как цифровизация изменила представление о современной войне и документации военных преступлений

Палітвязні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА 

“Никакого тоталитаризма не будет. А будет так, как я задумал”. Прапаганда і “гістарычны ўрок” Лукашэнкі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!