499 0

Платная нефармальная адукацыя: прапановы ад грамадскага сектару нашмат таннейшыя за аналагічныя ў сферы бізнэсу

04.06.2018 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

Усё больш беларусаў гатовыя плаціць за нефармальную адукацыю, якая, на першы погляд, не дапаможа ім зарабіць больш грошай. Адкуль такі попыт? Гэта пытанне мы задалі асобам, якія паспяхова ладзяць платныя адукацыйныя курсы — Антону Кашлікаву, Юліі Дарашкевіч, Алене Агарэлышавай, Таццяне і Алегу Ойстрахам.

Антон Кашлікаў. Фота: Наста Сергіеня

Антон Кашлікаў, кіраўнік праектаў 34mag.net i 34travel.me:

— Два-тры, а то і чатыры разы на месяц мы робім адукацыйныя мерапрыемствы ў прасторы PUNKT. Значная частка прысвечаная медыя і тэмам, звязаным з піярам, прасоўваннем, вандроўкамі… У якасці спікераў запрашаем людзей, што моцныя ў сваёй сферы і нячаста выступаюць публічна, ці выступаюць пераважна для вузкай аўдыторыі.

Уваход на такія івэнты каштуе 15–25 рублёў.

Мы не вядзем з іх трансляцыі, не робім канспектаў, не акрэдытоўваем журналістаў. Імкнемся, каб за свае грошы людзі атрымлівалі які-ніякі эксклюзіў.

З усімі спікерамі працуем папярэдне, прагаворваем тэму, абмяркоўваем фармат, спрабуем яго звузіць ці пашырыць, пасля выступу даем фідбэк. Гэта прыносіць шмат аддачы, і я не пра фінансы. Ты бачыш рэакцыю аўдыторыі, людзі ўважліва слухаюць, задаюць пытанні, канспектуюць. На пачатку мы звычайна пытаем, ці ўпершыню да нас прыйшлі, і больш за палову аўдыторыі адказвае станоўча. Значыць, людзі ідуць на пэўныя тэмы, што іх цікавяць. Наведвальнікі гатовыя плаціць грошы за інфармацыю, якая добра пададзеная і карысная, можа прыдацца ў іх сферы дзейнасці.

Напрыклад, 7 чэрвеня ў нас майстар-клас ад Юліі Іванчыкавай пра прасоўванні ў Instagram. Яна доўга займалася кавярнямі Enzo, “Дэпо”, “Лаўка”, цяпер працуе ў камандзе фестывалю Vulitsa Ezha, робіць працоўны акаўнт з душой. Чакаем, што прыйдуць блогеры, маркетолагі, якія працуюць з Instagram. Таксама ў чэрвені сваімі сіламі будзем рабіць сустрэчу пра натыўную рэкламу, дзяліцца ўласным вопытам. Я буду адным са спікераў, выступіць мая калега Марыя Ярома, падзелімся вопытам стварэння ўдалых праектаў крок за крокам. Пра няўдалыя таксама распавядзем. Напэўна, гэты івэнт прыцягне тых, хто працуе з натыўкай.

Думаю, наша аўдыторыя — гэта збольшага не студэнты, а маладыя прафесіяналы, 25–35 гадоў. Бываюць і маладзейшыя, здараецца, пішуць студэнты, што ім было б цікава прыйсці, а грошай няма. Тады запрашаем паведаць івэнт задарма, бо чалавеку гэта важна і ён па-добраму нахабны, прынамсі набраўся смеласці напісаць нам.

Таксама робім бясплатныя сустрэчы з прадусарамі, музыкамі, прамоўтэрамі ў фармаце адкрытага інтэрв’ю. Гэта наш партнёрскі праект з Mts Music. У нас ёсць раздзел пра музыку “Пяршак”, які фактычна з’яўляецца асобным музычным сайтам на вялікім 34mag.

Мы даўно займаемся офлайнамі, раней атрымлівалася іх рабіць бясплатнымі. І цяпер няма мэты грунтоўна на гэтым зарабіць, ёсць ахвота рабіць файныя івэнты. Гэта карысць для спікераў, якія рыхтуюцца, трэніруюць навыкі публічных выступаў, сістэматызуюць веды, праводзяць нейкі самааналіз… А таксама іміджавая гісторыя для 34mag.

 

Алена Агарэлышава, выкладчыца ECLAB:

— Мінск — вялікі горад, і з кожным годам расце колькасць жыхароў, якім цікава ўдзельнічаць у розных івэнтах. Гэта істотная змена стылю жыцця. Калі яшчэ пакаленне маіх бацькоў займалася працай, дзецьмі, максімум пасядзелкамі з сябрамі на кухні, то цяпер каштоўнасцю становіцца актыўнае гарадское жыццё. Гіпатэтычна на кожнае мерапрыемства знойдуцца зацікаўленныя, пытанне, як яго піярыць, якой мовай.

Алена Агарэлышава. Фота: astprogram.by

Я ў грамадзянскім сектары каля дзесяці гадоў, з іх сем удзельнічаю ў арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў. Я бачыла розных удзельнікаў, у тым ліку тых, хто лічыць, што раз прыйшлі у грамадскі сектар, то яму ўсе вінныя. Людзі, якія плацяць за сваю адукацыю, зусім іншыя. Збольшага яны ўсведамляюць каштоўнасць атрыманай інфармацыі, свядома ідуць вучыцца, адказна ставяцца да ўдзелу ў занятках.

Я падтрымліваю ідэю платнай нефармальнай адукацыі. У наступным навучальным годзе, магчыма, зробім гендэрную канцэнтрацыю ECLAB платнай (сёлета заняткі былі бясплатнымі). Так можна адсеяць і выпадковых людзей, якія заходзяць, напрыклад, дзеля кава-паўзы.

Выкладчыкі таксама хочуць працаваць з тымі, хто цэніць атрыманыя веды. Яшчэ аплата садзейнічае ўстойлівасці курсаў.

Канечне, ёсць іншы бок пытання: заробкі ў беларусаў невялікія, не ўсе могуць аплаціць удзел у  мерапрыемстве, тады гэта пытанне да яго кошту. Але звычайна сустрэчы, што ладзіць грамадскі сектар, нашмат таннейшыя за аналагічныя па тэматыцы ў сферы бізнэсу.

Там гэта часта завоблачныя сумы, а ў грамадскім сектары — адэкватныя. Імкнемся вызначаць  кошты, якія могуць “пацягнуць” і людзі з нізкім узроўнем прыбыткаў, прадумваем сістэму зніжак, ладзім шмат бясплатных публічных імпрэз. Калі ўзнікае пытанне, ці ECLAB з’яўляецца камерцыйнай структурай, то адназначна адказваем, што па каштоўнасцях — не.

Юлія Дарашкевіч, дырэктарка культурніцка-адукацыйнага цэнтра “ЦЭХ”:

Юлія Дарашкевіч

— Да нядаўняга часу, пакуль “ЦЭХ” меў сваю пляцоўку, мы ладзілі шмат адукацыйных мерапрыемстваў для шырокага кола, і бясплатных, і платных. Некалькі год штопанядзелак у нас ішлі лекцыі па гісторыі мастацтва, чыталі Таццяна Зайдаль і Мікіта Моніч. Ужо пяць год праводзім прафесійныя школы і воркшопы для фатографаў. У нас адбыліся тры доўгатэрміновыя наборы па фотажурналістыцы, а цяпер распачалася серыя інтэнсіваў па лічбавым сторытэлінгу — мультымедыйных спецпраектах.

Аўдыторыя гэтых адукацыйных праграм вельмі вузкая: як правіла, супрацоўнікі СМІ, ці фрылансеры фатографы і аператары. Выкладчыкі ў школах — высокага міжнароднага ўзроўню, навучанне доўгатэрміновае і вельмі якаснае, таму лагічна, што яно платнае.

Мы імкнемся да таго, каб кошт быў дасяжны для беларускіх журналістаў: як правіла, ён не перавышае 100 — 150 еўра за доўгатэрміновыя школы.

Мы працуем з прафесійнымі фотажурналістамі, гэта людзі, якія ўжо склаліся ў прафесіі і хочуць падвысіць свой узровень, павучыцца ў міжнародных экспертаў. Некаторыя плацяць за навучанне самі, бывае, што накіроўваюць рэдакцыі. Гэта датычыцца ў першую чаргу буйных рэдакцый, якія могуць сабе дазволіць навучанне супрацоўнікаў і разумеюць, што выгодна ў укладаць у развіццё сваіх супрацоўнікаў, што грошы пасля вернуцца. На фоташколы звычайна набіралі па 12 – 13 чалавек, па сторытэлінгу працуе некалькі групаў, таму можам набіраць да 20 удзельнікаў.

Сертыфікатаў ніякіх не выдаем, бо мы не навучальная ўстанова і сэнсу ў гэтых сертыфікатах няма. Я лічу, што самае галоўнае — гэта што ў чалавека напісана ў рэзюмэ, дзе ён друкуецца, публікуецца, працуе, і што ў выніку ён мае прымяніць на практыцы. То бок, я не бачу сэнсу рабіць нейкія паперкі, што будуць упрыгожваць сцены. Хай гэтым займаюцца фармальныя адукацыйныя ўстановы.

Алег Ойстрах, мастацтвазнаўца, вядоўца лекцый “Адкрытая кніга сусветнага мастацтва”:

— У нас аўтарскі матэрыял. Я мастацтвазнаўца, Таццяна — культуролаг, дапаўняем адзін аднаго. Колькасць наведвальнікаў вагаецца, бываюць прасцейшыя тэмы, бываюць вузкія. Збольшага ў нас сталае кола, на пачатку навучальнага года даем расклад да самага канца, каб людзі планавалі свой час. Дзейнічае рассылка, суполка ў Facebook. Канечне, у нас заўсёды ё падрыхтаваны тэкст, але вялікая роля імправізацыі.

Лекцыя Ойстрахаў. Фота Алены Ляшкевіч

Таццяна Ойстрах, культуролаг, вядоўца лекцый “Адкрытая кніга сусветнага мастацтва”:

—  Людзям цяжка матэрыяльна, нашы лекцыі каштуюць па 10 рублёў, а ў месяц можда быць і пяць сустрэч. Але наведвальнікі кажуць, што ім гэта трэба, што гэта — глыток свежага паветра. Істотна адчуваць сябе духоўнай асобай.

На лекцыях у нас заўсёды дыялог, не толькі наш з Алегам Рыгоравічам, мы заўсёды размаўляем з залай, і я бачу рэакцыю. Я бачу вочы, рэагую на непаразуменне, ці, наадварот, на захапленне. Разумею, што сёння людзі шмат дзе былі, шмат чаго бачылі. Сюды прыходзяць тыя, каму гэта трэба, бо дзве гадзіны напружанай працы душы—– гэта не забаўка за ўласныя грошы, не адпачынак, а неабходнасць прысутнасці “ў кадры” ўвесь час. Гэта вельмі складана, але людзі прыходзяць, вядуць канспекты. Раней мы яшчэ раздавалі дыскі з матэрыяламі.

Я радая, што ў беларускія школы вярнуўся прадмет “Сусветная мастацкая культура”, хоць у якой форме. Але шкада, што яго выкладчыкі да нас не прыходзяць. А мы запрашалі: праз гарадскі аддзел адукацыі, праз Міністэрства культуры…

Наша аўдыторыя — людзі з вышэйшай адукацыяй: лекары, інжынеры, студэнтаў шмат… Мамы са школьнікамі прыходзяць… Бывае, прыходзяць і людзі працоўных спецыяльнасцей, але звычайна ўсё роўна яны маюць нейкую падрыхтоўку, мастацкую школу, напрыклад. Рэдка, але бывае, што людзі сыходзяць пасярод лекцыі, у іх сваё бачанне, з нашым яны не згодныя.

Мы хочам, каб людзі разумелі мову мастацтва, рознага мастацтва, і адчувалі сябе духоўнымі перш за ўсё. Калі мне кажуць: “Прыйшла да вас з высокім ціскам, а сыходжу супакоенная”, то для мяне гэта найвялікшы камплімент.

Каментары