НЕ - ВАЙНЕ!
2181

“Пікетаванне шляхам фатаграфавання”. Гісторыя

27.11.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

28 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёна г. Віцебска (вул. Будзённага, 5) пачнуць разглядаць справы журналістаў, якія сфатаграфаваліся на фоне гарадскога графіці.

Аб 11-й гадзіне будуць судзіць Змітра Казакевіча, а 14.30 – Алену Сцяпанаву, а 15-й – Алену Шабуню. Па звестках службы маніторынгу ГА “БАЖ”, усяго заведзена сем адміністрацыйных спраў за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі”. Наступныя суды прызначаныя на 1 снежня.

“Гэтая сітуацыя – абсурдная, – лічыць адзін з удзельнікаў фотасесіі, віцебскі юрыст Павел Левінаў. – Незалежна ад таго, якім будзе рашэнне суда, я буду старацца гэты абсурд давесці да апагею. Я сфатаграфуюся каля помніка Шагалу ў позе, у якой стаіць Шагал, потым – ля помніка Пушкіну ў той жа позе, што і Аляксандр Сяргеевіч. Можа, адзін, а можа, будзе тры Пушкіны і восем Шагалаў. І паглядзім, што пасля гэтага будзе рабіць улада...

Выклікі ў міліцыю і суды “за фота” ў апошнія гады сталі ў Беларусі даволі частай з’явай.

У жніўні 2012 года Юлію Дарашкевіч і Ірыну Козлік судзілі за “пікетаванне шляхам фатаграфавання” і аштрафавалі на 30 базавых велічынь кожную. Журналісткі здымаліся ў Мінску з плюшавым мядзведзікам у руках на знак падтрымкі затрыманага фатографа Антона Сурапіна.

У студзені 2013 г. Ленінскі раённы суд Гродна аштрафаваў гродзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча на 15 базавых велічынь кожнага. 10 снежня 2012 года, у дзень прыняцця Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека, яны сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам дэкларацыі. Гродзенская міліцыя гэты факт кваліфікавала як “несанкцыянаваны пікет”.

Таксама ў студзені 2013 года Наваполацкі гарадскі суд аштрафаваў на 2,5 млн. і 500 тыс. рублёў адпаведна актывістаў Сяргея Малашэнку і Яўгена Парчынскага, якія, як і гродзенцы, сфатаграфаваліся з партрэтам Алеся Бяляцкага ў руках.

У снежні 2013 года суд Цэнтральнага раёна Мінска на падставе раздрукоўкі фота ў інтэрнэце аштрафаваў грамадскага актывіста Іллю Дабратвора на 8 базавых велічынь за “пікет салідарнасці” з “Еўрамайданам”.

У красавіку 2014 г. суд Ленінскага раёна г. Гродна аштрафаваў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на 25 базавых велічынь кожнага, прызнаўшы іх вінаватымі ў правядзенні 25 сакавіка несанкцыянаванага пікету.  На Дзень Волі праваабаронцы сфатаграфаваліся ля помнікаў і гістарычных мясцін Гродна з бел-чырвона-белымі, а таксама ўкраінскімі сцяжкамі і выставілі фотаздымкі ў інтэрнэце з віншаваннямі жыхарам Гродна.

А зусім нядаўна, 25 лістапада, суд Ленінскага раёна г. Гродна аштрафаваў сябраў ГА “БАЖ” Міхала Карневіча і Уладзіміра Хільмановіча на 15 і 35 базавых велічынь адпаведна – таксама за нібыта ўдзел у масавым мерапрыемстве (ушанаванні памяці паўстанцаў 1863 года ў пасёлку Свіслач). Прадстаўнікоў міліцыі ў форме на месцы правядзення мерапрыемства не было, абвінавачанні выстаўлялася на падставе адзнятых фота- і відэаматэрыялаў. Той факт, што, напрыклад, Міхал Карневіч з’яўляецца акрэдытаваным журналістам Радыё “Свабода”, і на сайце “Свабода” ёсць яго рэпартаж з месца падзеяў, ніяк не паўплываў на рашэнне суда.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!