3481

Пераможца конкурса Vilniaus fotografijos ratas: Насамрэч паразы больш важныя за перамогі

02.03.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябра ГА “БАЖ” Таццяна Ткачова перамагла ў міжнародным фестывалі Vilniaus fotografijos ratas з фотагісторыяй “Маластоўка”. Прэс-служба паразмаўляла з Таццянаю пра тэхнічныя моманты адзначанага фотапраекта і важныя для творчасці моманты.

https://baj.by/sites/default/files/analytics/preview/13495422_900488533384285_1688727651568354366_o.jpg

— Фатографы — гэта такое кам’юніці, дзе ўсе адзін аднаго так ці інакш ведаюць. Ведаем мы і пра конкурсы, якія праводзяцца для фатографаў. Vilniaus fotografijos ratas — гэта была мая мара. Я летась таксама туды падавала праект, вельмі хацела выйграць намінацыю “Маладыя фатографы. Хатняе заданне”. Канешне, факт перамогі важны, але яшчэ больш важна, калі ты нешта робіш і тваю працу ацэньвае журы.

— Ці падаваліся на гэты конкурс іншыя беларускія фатографы?

— Канешне.  Максім Сарычаў сёлета ўвайшоў у шот-ліст прэміі.

— Распавядзіце пра сваю фотагісторыю "Маластоўка".

— Фотагісторыя “Маластоўка” — дыпломны праект у акадэміі фотажурналістыкі і дакументальнай фатаграфіі “Фотаграфіка” ў Санкт-Пецярбурзе. Я вучылася там у 2015-2016 гадах. Гэта была мая дыпломная праца пад кіраўніцтвам Аксаны Юшко. Фотапраект прысвечаны маім унутраным успамінам пра малую радзіму. Я здымала ўсё лета цягам трох месяцаў.

— Калі мы бачым працы-пераможцы, то адразу ўзнікаюць думкі, што гэта знята на крутую тэхніку, у рэчаіснасці ж гэта не заўсёды так. Распвядзіце пра тэхнічны бок працы.

— Тэхніка, канешне, важная. Кожны фатограф хоча сабе добрую тэхніку, добрыя аб’ектывы. Але не гэта галоўнае, важна ў каго гэтая тэхніка ў руках. Праект "Маластоўка" быў сняты на самую першую люстраную камеру Canon 1100D і на kitовы аб’ектыў 18-55. Калі я перастала думаць пра тэхніку, а проста працавала з камерай і аб’ектывам, якія ёсць, усё пачало атрымлівацца.

— У якім рэчышчы плануеце развівацца далей?

— Можа быць, гэта пафасна гучыць, але фота — справа ўсяго майго жыцця, жарсць на ўсё жыццё, незалежна ад таго, дзе я буду працаваць (цяпер Таццяна працуе ў Музеі П. Броўкі — рэд.). Я нікуды не хаджу без камеры. Мы ўчора акурат размаўлялі з маёй сяброўкай фатографам пра гэта. Фота — гэта як кроў, яно ці ёсць ці яго няма.

Цяпер часы постдакументальнай фатаграфіі. Я магу зрабіць рэпартаж, але я не майстар гэтага жанру. Ёсць дакументальнае фота, артфота, постдок. Маё — гэта недзе на стыку. Фота навін жыве адзін дзень. Напрыклад, сёння актуальная тэма Курапатаў,  знялі і заўтра гэтае фота будзе не актуальным.

— Ці ёсць беларускія майстры фота, якімі вы захапляецеся?

— Я не буду называць прозвішчы. Але так, ёсць у нас майстры высокага ўзроўню фота, я сачу за іх творчасцю, праектамі.

— Вы мэтанакіравана ішлі па шляху навучання фотамайстэрству. Што маглі б сказаць, параіць сабе некалькі год таму, калі б была такая магчымасць?

— Дарогу адолее той, хто ідзе. Калі ёсць мара і мэта, трэба сабе не хлусіць, а адносіцца да сябе як да інструмента. Штодня працаваць, не спрачацца з сабой, не шкадаваць сябе. Перамога — гэта насамрэч маленькі пункт. Яна была ўчора, а сёння ўжо аўторак і трэба думаць  далей.  Перамога была, а працаваць трэба штодня. Скажу, што перамогі робяць жыццё больш складаным, бо за табой пачынаюць сачыць, глядзець што здымаеш, і ўжо без права на памылку. Калі я прыйшла з нуля ў "Фатаграфіку", то мяне вучылі не толькі фатографы-майстры, але і мае аднагрупнікі, бо я знаходзілася ў гэтым асяродку. Было многа паразаў, але я зрабіла з іх правільныя высновы. Пройгрыш больш важны за перамогу, бо ён выхоўвае і прымушае ісці наперад.

Сябра БАЖ Таццяна Ткачова — пераможца міжнароднага фестывалю

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!