491 0

Паўлюк Быкоўскі — пра важнасць магчымасці ананімных каментароў

12.09.2018 Крыніца: Віталь Цыганкоў, "Радыё Свабода"

Госьць «Інтэрвію тыдня» — мэдыя-аналітык, карэспандэнт «Нямецкай хвалі» ў Беларусі Паўлюк Быкоўскі. Ён разважае пра тое, чаму ўлады змагаюцца з камэнтарамі ў інтэрнэце, заяўляе, што ананімнасьць — гэта важная рэч у забесьпячэньні свабоды выказваньняў, і тлумачыць, якую вэрсію падзеяў выдаюць замежным партнэрам беларускія дыпляматы.

https://baj.by/sites/default/files/analytics/preview/bykowski.jpg

Ананімнасьць дае магчымасьць выказваць рэчы, якія ідуць супраць думкі большасьці

— Выглядае, што ўлады ўсур’ёз узяліся за інтэрнэт. Апублікаваны праект Палажэньня аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Паводле праекту, для камэнтаваньня на сайтах трэба рэгістравацца, паведамляючы сваё імя, прозьвішча ці сотавы тэлефон. Па-вашаму, ці гэта толькі «пробны шар», каб высьветліць стаўленьне грамадзтва, ці гэтая прапанова будзе прынятая?

— На маю думку, гэтая прапанова ў падзаконны акт будзе прынятая ў такой форме, як яна агучаная. Хоць шмат хто з гульцоў на рынку яшчэ раней выказваў пярэчаньні і зьвяртаў увагу на шматлікія недакладнасьці такога акту. Чалавек рэгіструецца на сайце, піша камэнтар, атрымлівае СМС-кай ідэнтыфікацыю — але магчыма, што тэлефон зарэгістраваны на некага іншага, або ў адной сям’і некалькі сімак зарэгістраваныя на аднаго чалавека.

Калі казаць увогуле пра сытуацыю са свабодай слова і пра наступствы прыняцьця гэтага палажэньня, то важна адзначыць некалькі рэчаў. Па-першае, зьнікае ананімнасьць камэнтароў, што лічыцца вартасьцю і каштоўнасьцю свабоды слова і ў ЗША, і ў Радзе Эўропы. Ёсьць адпаведныя акты, якія сьцьвярджаюць, што ананімнасьць — гэта важная рэч, якая дае магчымасьць выказвацца мяншыням і выказваць рэчы, якія ідуць супраць думкі большасьці грамадзтва.​

Зь іншага боку, гэта ўскладае дадатковыя абавязкі на рэдакцыі СМІ. Рэдакцыя мусіць захоўваць гэтыя дадзеныя і прадстаўляць іх на патрабаваньне дзяржаўных органаў. Гэта будзе абавязак. І гэта запатрабуе пэўнага матэрыяльнага забесьпячэньня і выдаткаў.

Цікава, што ў нас плянуецца прыняцьце Закону аб пэрсанальных дадзеных. Магчыма, ён увойдзе ў супярэчнасьць з гэтым падзаконным актам. Бо закон аб пэрсанальных дадзеных у значнай ступені сьпісаны з эўрапейскіх нормаў — грамадзянін мае права «быць забытым», даведацца, якія дадзеныя пра яго захоўваюцца, там прадугледжаныя ўсе пункты пра абарону прыватных дадзеных.

— Улада скажа — «ну дык калі хочаш ананімнасьці — проста нічога не камэнтуй».

— Гэта значыць, што я пазбаўлены права камэнтаваць ананімна. І калі я нешта пракамэнтаваў, то гэта захоўваецца невядома кім, невядома наколькі і невядома, як будзе выкарыстана супраць мяне. У той час, як паводле заканадаўства базы дадзеных, якія знаходзяцца ў іншых дзяржаўных установах, маюць прадугледжаныя пэрыяды, колькі гэта захоўваецца і як гэта будзе сьцірацца. У тым падзаконным акце, які мы абмяркоўваем, як мне падаецца, будуць супярэчнасьці з гэтым законам.

Зьмены ў закон аб СМІ вядуць да павелічэньня кантролю над буйнымі, заўважнымі гульцамі на інфармацыйным полі Беларусі

— Доўгі час сярод аналітыкаў лічылася, што ўлады не зачыняюць найбольш «зацятыя», бескампрамісныя сайты, каб даць грамадзтву «выпускаць пару». Няўжо ўлады зьмянілі гэтае разуменьне на іншае?

— Магчымасьць «выпускаць пару» пакуль ёсьць. Калі заблякаваныя дамэннае імя той жа «Хартыі», то людзі могуць чытаць яе зь іншым дамэнным імем, а таксама выкарыстоўваючы ананімайзэры. Калі б хацелі цалкам перакрыць — гэта таксама зрабіць магчыма. Але гэта ня зроблена. Ідзе змаганьне з такім важным барацьбітом за ананімнасьць, як TOR, але і тут поўнага перакрыцьця няма, і я ня думаю, што да гэтага ідзе.

Іншае пытаньне, што зьмены ў закон аб СМІ, якія нясуць новыя патрабаваньні да інтэрнэт-СМІ, якія хочуць быць зарэгістраванымі, — вядуць да павелічэньня кантролю над буйнымі, заўважнымі гульцамі на інфармацыйным полі Беларусі. І гэта будзе схіляць рэдактараў і журналістаў да таго, каб у нейкі момант стрымацца і нешта не рабіць. Натуральна, гэта не паўплывае на радыкальныя рэсурсы, якія працуюць з замежных дамэнаў. Але рэсурсы, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, апынаюцца пад ціскам.

— Калі чалавек, якому хочацца напісаць у камэнтах «Банду Лукашэнкі пад суд» — ён гэта піша і ў пэўным сэнсе выплюхвае гэтую эмоцыю, бо іншая форма выказаць гэта яму недаступная ці непажаданая. Але цяпер, калі ён ня можа гэта сказаць у інтэрнэце, — ён затоіць сваю злобу, яна будзе павялічвацца. Няўжо ўлады разумеюць гэтую сытуацыю неяк па-іншаму?

— Гэта спрацуе іншым чынам. Зьнікнуць ці зьменшацца такія камэнтары на рэсурсах, якія працуюць у беларускім законным інфармацыйным полі. Але застануцца ў сацыяльных сетках ці на рэсурсах небеларускіх, дзе такія правілы ня будуць выконвацца.

Стаўленьне да мяне як фігуранта «справы БелТА» рэзка зьмянілася пасьля заявы Нямецкага алімпійскага камітэту

— Вы фігурант сумнавядомай «справы БелТА». Аналітыкі кажуць, што ўлада «занялася інтэрнэтам» і вырашыла ўзмацніць пачуцьцё пагрозы і самацэнзуры ў журналістаў папулярных інтэрнэт-СМІ. Але як і чаму вы трапілі ў гэты сьпіс?

— Я зьвязаны падпіскай аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Я мяркую, што ў фокусе ўвагі знаходзіўся найперш партал Tut.by. Нават раней былі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, які заяўляў, што трэба «нармалізаваць» спадара Зісера, заснавальніка парталу.

Іншае пытаньне, што гэтая акцыя можа мець і іншыя тлумачэньні, а ня толькі прэсінг на журналістаў, якія займалі даволі памяркоўную пазыцыю. Магчыма, і гульні і спаборніцтва сярод спэцслужбаў, магчыма, проста зьбег акалічнасьцяў. Натуральна, што ператрус з вынасам інфармацыйных носьбітаў у вялікага кола журналістаў дае магчымасьць прааналізаваць кантакты, перапіскі вялікага кола людзей. Усё разам гэта стварае пэўны фон перад будучымі электаральнымі кампаніямі.

У маёй сытуацыі стаўленьне да мяне як фігуранта гэтай справы зьмянілася рэзка пасьля таго, як зразумелі, што я працую на «Нямецкую хвалю», пасьля таго як зьявіліся заявы, у тым ліку Нямецкага алімпійскага камітэту (які прыгразіў байкатаваць Эўрапейскія гульні ў Менску ў 2019 годзе) — нас усіх пачалі выпускаць, і ўсё пачало мяняцца. Я не скажу, што да мяне ставіліся нетактоўна ад самага пачатку, зьвярталіся на «вы» і гэтак далей — але пэўная танальнасьць, на мой погляд, памянялася. Дарэчы, я хацеў бы падзякаваць Радыё Свабода, якое адразу зьвярнула ўвагу на маю справу, і ўжо падчас ператрусаў сьледчыя ведалі, што мая справа знаходзіцца пад увагай.

Можна сьпісаць на «эксцэс выканаўцаў», і беларускія дыпляматы гэтым актыўна карыстаюцца

— Менск абвясьціў пра «нармалізацыю» адносінаў з Захадам — а тут робяцца такія крокі па відавочным абмежаваньні свабоды прэсы? Што ўлады Беларусі могуць зрабіць, каб «прадаць» гэтыя апошнія дзеяньні Захаду?

— Я ня думаю, што афіцыйны Менск паліць масты ў адносінах з Захадам. Разуменьне таго, што ў Беларусі нешта ня так са свабодамі, было даўно. Акрамя справы БелТА, ёсьць справа бясконцых штрафаў фрылансэрам «Белсату», ёсьць выпадак, калі чалавека судзілі за стрым у «Аднаклясьніках» — за тое, што ён нібыта стварае прадукцыю СМІ.

Але шмат якія рэчы можна сьпісаць на «эксцэс выканаўцаў», і беларускія дыпляматы гэтым актыўна карыстаюцца. Можна спасылацца на тое, што тут няма ніякай палітыкі і гэта «суб’екты гаспадараньня». Калі ж казаць пра камэнтары ў інтэрнэце, я ня думаю, што масавая аўдыторыя хутка зразумее, што адбылося.

Калі ж казаць пра іншыя краіны, то, думаю, праваахоўныя органы там хацелі б мець такія правы, якія маюць беларускія спэцслужбы, каб сачыць за людзьмі. Але яны зьвязаныя і прававой культурай, і заканадаўствам у сфэры абароны правоў чалавека. У Беларусі нікога не зьдзівіла, што можа агучвацца праслухоўваньне журналістаў падчас справы, якая расьсьледуецца. Таму я ня думаю, што ідэнтыфікацыя людзей, якія пішуць камэнтары, настолькі зьменіць сытуацыю.

— Часам хочацца нагадаць, што барацьба зь незалежнай прэсай — рознымі мэтадамі — уласьцівая палітычнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ад пачатку ягонага кіраваньня. З улікам набліжэньня прэзыдэнцкай кампаніі ці можна чакаць пагаршэньня ў дзеяньнях улады супраць незалежных СМІ?

— Прынцыпова сытуацыя ня зьменіцца. Але, мяркую, будуць зробленыя крокі, каб людзі, якія працуюць у інтэрнэт-СМІ, адчувалі б сябе прыкладна так, як адчуваюць сябе журналісты ў традыцыйных СМІ. Што тычыцца выданьняў, якія не адносяцца да мэдыя-бізнэсу, а зьяўляюцца праектамі ў абарону дэмакратыі, свабоды слова і гэтак далей — то для іх сытуацыя прынцыпова не мяняецца. Яны заўсёды ходзяць пад пагрозай таго, што можа быць не працягнутая акрэдытацыя пры МЗС, а іншыя ня маюць такой акрэдытацыі і плацяць вялікія штрафы.

Каментары