3326

Пасяджэнне FREG у Мінску: Няўстойлівасць і нестабільнасць — гэта бягучы стан любога журналіста-фрылансера

15.11.2017 Крыніца: Марыя Савушкіна для baj.by Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

У сустрэчы ў Мінску ў офісе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Экспертнай фрылансерскай групы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (FREG) прынялі ўдзел прадстаўнікі фрылансерскіх суполак у саюзах журналістаў з Беларусі, Нямеччыны, Нарвегіі, Эстоніі, Швецыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі. Зараз FREG мае 16 сябраў з розных краін Еўропы. Многія з іх будуць заўтра на канферэнцыі “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”, што адбудзецца ў Мінску.

   

Якія галоўныя выклікі турбуюць еўрапейскую фрыланс-журналістыку?

- Статус фрылансераў;

- Сацыяльныя гарантыі;

- Уключэнне фрылансераў у групу працаўнікоў (workers) на палітычным нацыянальным і міжнацыянальным узроўні.

Сёння разглядаліся ўнутраныя пытанні і выклікі перад якімі стаіць супольнасць прафесіяналаў. Трэба адзначыць, што гучала больш пытанняў, чым адказаў. Больш прапаноў, чым рашэнняў. Што на парадку дня?

Статус журналістаў фрылансераў і нестандартных працаўнікоў (untipical workers)

«Нешта павінна быць зроблена са стасусам нестандарных работнікаў, якімі таксама з’яўляюцца журналісты-фрылансеры!» —  мяркуюць лідары аб’яднанняў фрылансераў еўрапейскіх краінаў.

Незалежныя ад наймальнікаў працаўнікі раней не згадваліся як асобная сацыяльна група і не ўлічваліся ў афіцыйнай палітыцы. Але час прыйшоў.

«Цяпер «работнікі»  — гэта і тыя, хто працуюць няпоўны дзень, фрылансеры. Юрыдычнае ўнармаванне нашай працы на парадку дня амаль ва ўсіх краінах», — кажа Рэната Шродэр з Бельгіі.

Лічбавая эканоміка мяняе стасункі паміж наймальнікамі і працаўнікамі.

«Новыя ўмовы вымушаюць лічыць работнікамі шырокую катэгорыю, а не толькі тых якія заключаюць дамову. Плюс, праца без дамовы здараецца ўсё часцей, — кажа Рэната Шродэр. — Нам вельмі важна знайсці рашэнне і прапанаваць яго, каб журналісты-фрылансеры мелі больш правоў у будучыні».

Прыклад? Калі ласка! Джон Тонер з Вялікабрытаніі згадаў, што апеляцыйны суд у яго краіне нядаўна прыняў рашэнне на карысць кіроўцаў Uber. На першы погляд, гэта не тычацца журналістаў. Але гэта не так.

«Гэтыя кіроўцы таксама з’яўляюцца нетыповымі, у традыцыйным разуменні, працаўнікамі. Іх праца стала магчымай дзякуючы лічбавай эканоміцы. Які ўрок з гэтага рашэння могуць вынесці журналісты-фрылансеры?», — ставіць пытанне Джон Тонер.

Калегі пагадзіліся, што трэба выпрацаваць рашэнні і прапановы, якія адказныя ў палітыцы людзі змогуць выкарыстоўваць.

«Для Беларусі пакуль самае вострае пытанне — прызнанне фрылансераў-журналістаў і як працаўнікоў, і як журналістаў», — кажа сябра Рады ГА "БАЖ" Андрэй Клікуноў. Паводле яго слоў, у хуткім часе пункт аб свабодзе выказванняў і статусе журналістаў-фрылансераў можа быць унесены ў павестку перамоваў паміж Беларусью і ЕС.

Калі вы маеце кантракт на тры гады — гэта ўжо не фрыланс

З новым разуменнем статуса фрылансераў будуць мяняцца і функцыі прафесійных саюзаў і самаразуменне журналістаў адносна прафесійнай супольнасці.

«Некаторыя еўрапейскія калегі-фрылансеры крыўдзяцца, калі іх называюць наёмнымі працаўнікамі. Чаму? Ёсць стэрэатып, што прафесійныя саюзы журналістаў абараняюць толькі нанятых журналістаў. Так думаюць фрылансеры і не ўдзельнічаюць у акцыях, якія ладзяць саюзы журналістаў…. Многія з калегаў нават не будуць пратэставаць, таму што «гэта саюз робіць забастоўку, ён прадстаўляе інтарэсы нанятых працаўнікоў, а я не наняты працаўнік», — такое меркаванне даволі папулярнае сярод фрылансераў у Германіі», — кажа Майкл Хіршнер, прадстаўнік Нямецкага саюза журналістаў.

Прадстаўнік Нямецкага саюза журналістаў: Не называйце нас прапагандыстамі, не вініце пасярэдніка

«Гэта — эмацыйны падыход, а не прафесійны, — каментуе нямецкага калегу Рэната Шродэр. — Юрыдычная дыскусія на гэтую тэму таксама вядзецца. Гэта пункт у нашай камунікацыі з Еўрапейскай Камісіяй».

«Мы ўвогуле ў Саюзе журналістаў не выкарыстоўваем слова «работнік», а кажам «нанятыя» і «ненанятыя» журналісты», — распавяла Одран Мідбё з Нарвегіі. А Нарвегія — гэта рай для журналістаў-фрылансераў.

Одрун Мідто распавяла, што нядаўна адно выданне прапанавала фрылансерам аплочваемы кантракт на 3 гады. Але пасля высветлілася, што гэты кантракт не ўключае сацыяльных гарантый, абсталявання рабочага месца. Таксама журналіст не будзе лічыцца ў штаце, але мусіць працаваць як штатны супрацоўнік.  На такую прапанову негатыўна адрэагавала прафесійная супольнасць. «У выніку рэдактары сказалі, што яны падумаюць наконт таго, як мусіць выглядаць такі кантракт», — сказала Одран Мідбё.

«Калі вы маеце кантракт на тры гады — гэта ўжо не фрыланс», — заўважыў адзін з удзельнікаў сустрэчы.

«Мы ў Італіі хочам быць работнікамі і быць рэпрэзентаванымі як работнікі медыя, але намагаемся каб стаўленне наймальнікаў рэфармавалася», — прагучала іншае меркаванне Нікаля Ч'ярыні з Італіі. Быць фрылансерам і не забываць пра журналістку — вось яшчэ адна задача.

«Калі журналісты пачынаюць казаць, што яны «фрылансеры — у іх свой бізнес» … Ці фрылансера называюць «прадпрымальнікам»? Ці гэта тое?» — пыталіся ўдзельнікі сустрэчы.

Сацяльная абарона і сацыяльныя гарантыі

Сацыяльныя гарантыі для фрылансераў залежаць ад таго, як журналісты ўспрымаюцца.

«У Швецыі ёсць сістэма якая дазваляе журналістам-фрылансерам, а таксама іншым творчым работнікам, мець сацыяльныя гарантыі, нават калі яны ў дадзены момант не працуюць», — кажа Оса Ульсан, Швецыя.

Нестабільнасць — стрэс ці перавага?

«Precarios — нестабільны і неўстойлівы — гэта слова амаль не ўжываецца. Але трэба на гэта звярнуць увагу», — мяркуе Джон Тонер з Вялікабрытаніі. Няўстойлівасць і нестабільнасць — гэта бягучы стан любога журналіста-фрылансера.

«Мы не хочам быць у такой сітуацыі але мы хочам быць фрылансерамі, — кажа Рэната Шродэр з Бельгіі. — Як стварыць з гэтага статуса не недахоп, а наш прафесійны інструмент?»

Дыскусія на гэтыя тэмы працягнецца заўтра падчас канферэнцыі “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!