2124

Пастанова Камісіі па этыцы: У матэрыяле TUT.BY было парушэнне журналісцкай этыкі

29.11.2013 Крыніца: Камісія па этыцы ГА "БАЖ"

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” на сваім чарговым пасяджэнні разгледзела скаргу Яўгена Ліпковіча на публікацыю інтэрнэт-партала TUT.BY.

Ні аўтар скаргі, ні прадстаўнікі парталу на пасяджэнне камісіі не з’явіліся. Падаем поўны тэкст пастановы Камісіі.

ПАСТАНОВА

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе старшыні А. Гуляева і сябраў А. Белуш, М. Загорскай, А. Анціпенкі, В. Карбалевіча і З. Падбярэзкага разгледзела на сваім пасяджэнні ад 29 лістапада 2013 года заяву спадара Яўгена Ліпковіча.

Сутнасць праблемы, паводле словаў заяўніка, палягае ў тым, што ў матэрыяле, апублікаваным 18 кастрычніка 2013 года інфармацыйным парталам TUT.BY, “нарушается пункт Декларации принципов профессиональной этики журналиста, принятой ОО “БАЖ”, в котором говорится о необходимости учитывать законные интересы третьих лиц, при распространении, хранении и поиске информации. Четыре информационных ресурса “Наша Ніва”, “Беларускія Навіны” , Радыё "Свабода” и “Еўрарадыё” освещая это же событие, предоставили возможность для альтернативного комментария”.

Заяўнік лічыць, што названая вышэй публікацыя на TUT.BY ёсць вынік замовы: «...у меня имеется стойкое убеждение, что владелец (владельцы) т.н. «главного информационного портала страны» перешел грань, отделяющую его от обыкновенного, не исключено, что вынужденного исполнения политического заказа, и теперь сам лично участвует в формировании того, что деятели, непосредственно обслуживающие правящее в Республики Беларусь семейство, называют «идеологией страны» или «поддержкой курса Президента».

Заяўнік звяртаецца да Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” з просьбай «...рассмотреть указанную публикацию на соответствие Декларации принципов профессиональной этики Белорусской ассоциации журналистов».

Прааналізаваўшы Заяву, названыя вышэй артыкулы, Камісія па этыцы адзначае:

– Cапраўды, названыя медыя (газета “Наша ніва”, інтэрнэт выданне naviny.by, Радыё "Свабода" і "Еўрарадыё"), падаючы матэрыял, узялі пад увагу меркаванні ўсіх зацікаўленых асобаў і адлюстравалі іх.

– Названая вышэй публікацыя на партале TUT.BY падае меркаванні толькі аднаго з бакоў. Разам з тым відавочна, што ў матэрыяле закранаюцца інтарэсы сп. Ліпковіча “Интересно, что своего отрицательного героя – еврея, изверга, какие вызвали отвращение даже у хозяев, которым служили, Николай Чергинец назвал Абрамом Липковичем. В интервью “Еврорадио” писатель не скрывал, что некоторые черты героя он действительно списал с популярного блогера, с которым Николай Чергинец успел судиться”;

– Камісія па этыцы звярнулася з просьбай залагодзіць сітуацыю і даць мажлівасць сп. Ліпковічу агучыць свае меркаванні. Галоўны рэдактар інфармацыйнага партала TUT.BY спн. Марына Золатава ў тэлефоннай размове адказала, што партал адмаўляецца даць такую мажлівасць датычна менавіта гэтай сітуацыі.

– Камісія адзначае таксама не заўсёды карэктны тон заявы Я. Ліпковіча, мяркуючы, што той, хто разважае пра прафесійную этыку, сам павінен выконваць яе патрабаванні. А заяўнік беспадстаўна спасылаецца на нейкія сямейныя абставіны аднаго з уладальнікаў TUT.BY, што з'яўляецца парушэннем права на абарону асабістага жыцця. І таксама парушае адпаведныя артыкулы Кодэкса журналісцкай этыкі і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста.

Такім чынам, базуючыся на палажэннях Кодэкса журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”, Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста, а менавіта,

– «Паважаючы права грамадства на аб'ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць... спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне».

– «Журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці».

– «Прызнаваць адкрыта і сумленна ўласныя памылкі».

 

Камісія пастанаўляе:

1) У сваёй публікацыі пад назвай “Новый роман Чергинца “Операция “Кровь” оказался про войну, коллаборационистов, гетто и “еврея-изверга” Липковича’” партал TUT.BY парушыў прынцып бесстароннасці. У матэрыяле адсутнічае меркаванне аднаго з зацікаўленых бакоў, які рэпрэзентуецца адмоўна, што фактычна вымагае звароту да гэтага боку па каментары.

2) Адмовіўшыся палагодзіць сітуацыю праз агучванне меркаванняў сп. Ліпковіча, інфармацыйны партал парушыў таксама адзін з прафесійных прынцыпаў журналістыкі, а менавіта пазбавіў адзін з зацікаўленых бакоў права на адказ.

 

Старшыня Камісіі                                         Анатоль Гуляеў

Сакратар Камісіі                                          Марына Загорская