1688

Пастанова Камісіі па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 5 верасня 2013 года

05.09.2013 Крыніца: Камісія па этыцы ГА "БАЖ"

Выпадак тычыўся чытацкага ліста ў рэдакцыю “Народнай волі”, які ледзьве не стаў прычынай крымінальнага пераследу яго аўтара. 

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 5 верасня 2013 года.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (далей – БАЖ) у складзе старшыні Анатоля Гуляева і сябраў Анжэлы Белуш, Марыны Загорскай, Любові Лунёвай, Валерыя Карбалевіча і Змітра Падбярэзкага разгледзела на сваім пасяджэнні заяву спадара Каваленкі Аляксандра Якаўлевіча.

Камісія адзначае:

– У кастрычніку 2012 года Каваленка А. Я. прачытаў у газеце «Народная воля» ад 28.08.2012 года матэрыял «По вновь открывшимся обстоятельствам» і накіраваў ліст на імя галоўнага рэдактара выдання Сярэдзіча Іосіфа Паўлавіча, дзе выказаў сваю думку наконт ступені вінаватасці ў здзейсненым злачынстве вязня ПК (папраўчай калоніі) №15 г. Магілёва Пятра Кучуры, пра крымінальную справу якога ішла размова ў вышэйназваным матэрыяле. Ліст не быў надрукаваны ў газеце.

У хуткім часе пасля гэтага, з красавіка 2013 года, Каваленку А.Я. тройчы выклікалі ва УУС Бабруйскага гарвыканкама, дзе ён павінен быў даваць паказанні наконт зместу ліста на імя Сярэдзіча І.П., на падставе заявы ад Кучуры Пятра Канстанцінавіча аб прыцягненні аўтара ліста да крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт. 188 КК РБ. У заяве Кучура П.К. даводзіў, што Каваленка А.Я. узвёў на яго паклёп, абвінаваціўшы ў здзяйсненні забойства.

У дададзеных да заявы ў Камісію па этыцы матэрыялах ёсць паведамленне УУС Бабруйскага гарвыканкама пра тое, што ў выніку праверкі 11.04.2013 г. было прынятае рашэнне адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Каваленкі А.Я.

15 мая 2013 г., па словах Каваленкі А.Я., галоўны рэдактар «Народнай волі» Сярэдзіч І.П. адмовіў яму ў сустрэчы. На пісьмовую просьбу патлумачыць, якім чынам пабочным асобам стала вядома пра ліст на адрас рэдактара газеты, а копія апынулася ў следчых органах, Каваленка А.Я. атрымаў адказ за подпісам загадчыцы рэдакцыі Ніны Лявончык, што “ліст у рэдакцыю не з’яўляўся канфідэнцыйным і мог з’явіцца ў любым нумары «Народнай волі»”. Але да публікацыі рэдакцыя высвятляла шматлікія абставіны, у тым ліку з дапамогай юрыстаў і экспертаў. Хто з іх зрабіў ксеракопію, рэдакцыя дакладна адказаць не ў стане. «Нам невядома і якім чынам копія вашага ліста апынулася ў следчых органах», — адзначаецца ў адказе з рэдакцыі.

Не задаволіўшыся такім тлумачэннем, у сваёй заяве ў Камісію па этыцы БАЖ Каваленка А.Я. звяртаецца з просьбай даць ацэнку дзеянням галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Сярэдзіча І.П. у адпаведнасці з Дэкларацыяй прынцыпаў прафесійнай этыкі БАЖ і Кодэкса журналісцкай этыкі.

Камісія па этыцы адзначае, што згодна з п. 4.5 арт. 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», журналіст СМІ абавязаны «захоўваць канфідэнцыйнасць інфармацыі і крыніцу яе атрымання, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных п. 2 арт. 39 гэтага закона».

Згодна з п. 2 арт. 39 Закона, «крыніца інфармацыі і дадзеных пра фізічную альбо юрыдычную асобу, якая прадаставіла звесткі, называюцца па патрабаванні органа крымінальнага пераследу, суда ў сувязі з вытворчасцю папярэдняга расследавання, судовым разбіральніцтвам».

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі БАЖ патрабуе «захоўваць правы і законныя інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі», а таксама «абараняць канфідэнцыйнасць крыніц інфармацыі».

У Кодэксе журналісцкай этыкі БАЖ таксама падкрэсліваецца, што «журналісты павінныя захоўваць у таямніцы крыніцы канфідэнцыйнай інфармацыі».

Аднак, на думку Камісіі па этыцы, у лісце Каваленкі А.Я. не ўтрымліваецца якіх-кольвек канфідэнцыйных звестак, а выказаны толькі асабісты пункт погляду чытача на публікацыю ў «Народнай волі».

«Я был уверен, что его дело переквалифицируют на неумышленное убийство и значительно снизят срок наказания, а возможно, и освободят с формулировкой «Ограничиться отбытым сроком наказания», но с удивлением узнал, что его жена требует оправдания своего мужа»;

«меня также поразила эта статья и комментарий правозащитника»;

«считаю, что такая статья и комментарии правозащитника дает возможность чиновникам суда и прокуратуры, изучавшим дело П. Кучуры, негативно относиться к требованиям родственников незаконно осужденных, касающихся пересмотра уголовных дел».

У сваім лісце ў рэдакцыю газеты аўтар не выказваў просьбы захоўваць у таямніцы яго імя, прозвішча, а таксама змест ліста, не настойваў на канфідэнцыйнасці.

Да таго ж, звесткі пра героя матэрыялу ў «Народнай волі», выкладзеныя ў лісце, не пацверджаныя дакументальна, і іх, хутчэй, можна аднесці да непацверджаных паведамленняў, чутак і меркаванняў, бо яны грунтуюцца не на вывучэнні матэрыялаў крымінальнай справы, а на выкладанні зместу гутаркі аўтара ліста з героем матэрыялу.

Рэдакцыя, на думку Камісіі, паступіла правільна, калі не стала друкаваць меркавання чытача, а паспрабавала высветліць абставіны справы з дапамогай юрыстаў і экспертаў, кіруючыся палажэннямі Кодэкса прафесійнай этыкі: «паважаючы права грамадства на аб'ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць дакладныя звесткі, а таксама спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне». Закон “Аб СМІ” таксама (п. 4.2 арт. 34) патрабуе ад журналіста «правяраць праўдзівасць атрыманых ім звестак». А Кодэкс журналісцкай этыкі трактуе: «асабліва дбайна павінна быць праверана інфармацыя, якая можа зняважыць чалавека ці прынізіць яго».

У той жа час, тлумачэнні рэдакцыі, дадзеныя аўтару ліста, – «нам невядома і якім чынам копія вашага ліста апынулася ў следчых органах» – выглядаюць дзіўнымі, непераканаўчымі і не вельмі прафесійнымі. А непрыемнасці, звязаныя з допытамі аўтара і яго сям'і, з'яўляюцца сур'ёзнымі і беспадстаўнымі.

У функцыі Камісіі не ўваходзіць высвятленне абставін, пры якіх адпаведным чынам аформленая копія ліста ў рэдакцыю трапіла ў праваахоўныя структуры. Але на пасяджэнні высветлілася, што гэта адбылося па недаглядзе рэдакцыі. Такім чынам, сітуацыя, калі пасля ліста ў СМІ аўтара допісу пачынаюць выклікаць на допыты ў тыя самыя структуры, не падаецца Камісіі нармальнай.

Хаця Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ і звяртае ўвагу сябраў журналісцкай супольнасці на захаванне ў таямніцы толькі крыніц канфідэнцыйнай інфармацыі, Камісія лічыць, што кожная крыніца інфармацыі мае права разлічваць у СМІ на павагу і дабразычлівае да сябе стаўленне. І на тое, што ліст, у якім аўтар усяго толькі выказаў згоду з судовым выракам, што  ўступіў ў законную сілу, не будзе падставай для крымінальнага пераследу ці звядзення рахункаў нейкім іншым чынам.

Камісія адзначае таксама, што дабразычлівае стаўленне да крыніц інфармацыі прадыктаванае і сусветнай практыкай.

«Журналіст абавязаны трымацца прафесійнай таямніцы і не разгалошваць крыніцу інфармацыі». (Дэкларацыя прынцыпаў паводзінаў журналіста, прынятая на другім Сусветным Кангрэсе  Міжнароднай Федэрацыі журналістаў у Бардо 25-28 красавіка 1954 года.)

«Журналісты, якія выконваюць патрабаванні прафесійнай этыкі, ставяцца да крыніц інфармацыі, герояў публіикацый і калег як да людзей, вартых павагі» . (Кодэкс этычных норм Таварыства прафесійных журналістаў ЗША.)

«Журналіст абавязаны захоўваць у таямніцы крыніцы інфармацыі, асобу і знешнасць інфарматара, калі ён гэтага патрабуе, і таямніца гэтая можа быць адкрытая – з інфармацыяй пра яе – толькі ўласнаму кіраўніцтву” . (Кодэкс журналісцкай этыкі аб'яднання польскіх журналістаў.)

Камісія адзначае таксама, што рэдактар «Народнай волі» Сярэдзіч І. П. прынёс прабачэнні Каваленку А. Я.

 

Камісія пастанаўляе:

– лічыць ненармальнай і непрафесійнай сітуацыю, калі ліст у рэдакцыю СМІ, які не ўтрымлівае ў сабе прадугледжаных заканадаўствам парушэнняў, наносіць шкоду аўтару. Ад імя журналісцкай супольнасці Камісія прыносіць Каваленку Аляксандру Якаўлевічу свае прабачэнні;

– рэкамендаваць калегам, усёй журналісцкай супольнасці ўнесці ў этычныя Кодэксы рэдакцый, у правілы рэдакцыйнай палітыкі раздзелы «Праца з крыніцамі інфармацыі». У гэтых раздзелах сфармуляваць правілы, якія, з аднаго боку, не дазволяць крыніцам інфармацыі маніпуляваць СМІ, а з іншага – паспрыяюць добразычліваму стаўленню да іх (як да “хлеба”, якім жывуць СМІ). Памятаючы, што наяўнасць кампетэнтных, надзейных і праўдзівых крыніц інфармацыі – гарантыя поспеху СМІ;

– рэдакцыям больш адказна ставіцца да захавання таямніцы ліставання з чытачамі, каб не нанесці ім шкоды;

– у працы з крыніцамі інфармацыі памятаць: калі рэдакцыю зацікавіў ліст чытача і яна мяркуе апублікаваць яго ці зрабіць на яго падставе ўласны матэрыял, то перад пачаткам праверкі фактаў, выкладзеных у лісце, неабходна звязацца з аўтарам. Неабходна папярэдзіць яго пра тое, што ў часе праверкі фактаў ці атрымання каментароў па закранутай у лісце тэме, магчыма, патрэбна будзе назваць яго прозвішча ці іншыя звесткі. Калі ж аўтар патрабуе канфідэнцыйнасці, то рэдакцыя мае права адмовіцца ад далейшай працы з лістом і шукаць іншую крыніцу інфармацыі.

Камісія адзначае таксама, што ў цяперашняй рэдакцыі Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ недастаткова ўвагі нададзена этычным нормам працы з крыніцамі інфармацыі. Пасля абмеркавання ўнутры журналісцкай супольнасці Камісія павінная ўнесці на чарговы з'езд БАЖ прапановы па гэтай праблеме.

 

Старшыня Камісіі                                           Анатоль Гуляеў

Сакратар Камісіі                                             Марына Загорская