2016

Пастанова Камісіі па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 25 ліпеня 2013 года (platformarb.com – tut.by – mediakritika.by)

25.07.2013 Крыніца: Камісія па этыцы ГА "БАЖ"

Камісія па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у складзе старшыні Анатоля Гуляева і сябраў Анжэлы Белуш, Марыны Загорскай, Любові Лунёвай, Алеся Анціпенкі, Валера Карбалевіча і Змітра Падбярэзкага разгледзела на сваім паседжанні заяву дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы (ІАУ) “Платформа” спадара Андрэя Бандарэнкі.

Заява тычыцца канфліктнай сітуацыі, у якой супрацоўнікі сайта www.Platformarb.com былі абвінавачаны ў плагіяце інфармацыі Кацярыны Сінюк пад назвай “Материалы проверки по факту избиения в ТЦ “Корона” переданы в Следственный комитет. Записи с камер видеонаблюдения пропали?”, размешчанай 25.05.2013 на партале TUT.BY. Істотным у гэтай справе з’яўляецца таксама артыкул Яніны Мельнікавай “В борьбе за право права не заметить” (29.05.2013 г.),  размешчаны на сайтах mediakritika.by і baj.by. Заяўнік выказвае нязгоду са зместам апошняй публікацыі і, у прыватнасці, з тым, што “преподнесение информации является некорректным, однобоким (без учёта мнения другой стороны), наносящим вред деловой репутации сайта www.Platformarb.com и ЧКПУ “Платформ инновейшн”.

Прааналізаваўшы Заяву, названыя вышэй артыкулы, размешчаную на сайце www.Platformarb.com 27.05.2013 публікацыю пад назвай “В «Короне» пропали записи камер видеонаблюдения?” , а таксама дасланыя спадарыняй Сінюк скрыншоты, Камісія па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" адзначае:

– Факт плагіяту меў месца. Матэрыял, размешчаны сайтам www.Platformarb.com  (скрыншоты ад 26.05.2013) ёсць змененай версіяй артыкула Кацярыны Сінюк “Материалы проверки по факту избиения в ТЦ “Корона” переданы в Следственный комитет. Записи с камер видеонаблюдения пропали?”. У гэтай версіі выкарыстоўваюцца запісаныя журналісткай TUT.BY сведчанні пацярпелага, а таксама некаторыя характэрныя выразы, што маюцца ў арыгінальным тэксце без спасылки на яго;[1]

– У выніку прэтэнзій журналісткі Сінюк ІАУ “Платформа” прызнала факт плагіяту, пра што, у прыватнасці, сведчаць наступныя словы з заявы сп. Бандарэнкі: “Нами были.... принесены извинения за некорректное поведение наших журналистов, статья была приведена в соответствующий вид, не нарушающий авторских прав Екатерины Синюк”, што пацвярджаецца словамі самой Сінюк;

–Зменены (перапрацаваны) матэрыял пад той жа самай назвай з’явіўся на сайце www.Platformarb.com 27.05.2013 (з заявы: “мы объяснились с Екатериной Синюк, в результате чего было достигнуто соглашение о снятии статьи и преподнесении её в собственном авторском стиле”). У названым матэрыяле адсутнічае простая мова пацярпелага, а таксама выразы з артыкула Кацярыны Сінюк, якія маюць дачыненне да аўтарскага стылю названай журналісткі.

– 29.05.2013 г. на сайце mediakritika.by быў апублікаваны артыкул Яніны Мельнікавай, у якім апісаная вышэй сітуацыя з плагіятам сталася аб’ектам развагаў і ацэнкі вядомай журналісткі. Што само па сабе вельмі актуальна і своечасова. Але артыкул, на жаль, рэпрэзентуе толькі адну пазіцыю – журналісткі Сінюк, у той час як тлумачэнні прадстаўнікоў “Платформы” адсутнічаюць. У выніку дзеянням “Платформы” даецца даволі жорсткая ацэнка, сфармуляваная ў скрайне абагульненай форме: “Но вот на что редакция TUT.by не рассчитывала, так это на то, что права автора текста нарушат те, кто эти права, казалось бы, должен защищать.”;  “...если уж правозащитники называют законные требования автора на указание собственного имени и названия ресурса «мышиной возней», то, что говорить об остальных членах общества?”). Між тым, відавочна, што ІАУ “Платформа” (пра ўсіх праваахоўнікаў, зразумела, гаворкі тут ісці не можа) прызнала сваю віну і спрабавала выправіць сітуацыю.

Істотным момантам гэтага кейсу застаецца аднак пытанне: а ці можа (трэці) матэрыял сайта www.Platformarb.com ад 27.05.2013 быць кваліфікаваны як плагіят? Аўтар публікацыі “В борьбе за право права не заметить” Яніна Мельнікава піша: “... встреча в суде. Который, несмотря на все попытки видоизменить первоначальный авторский продукт, наверняка, нашел бы в новом тексте много признаков старого. А точнее, если верить сервису Text.ru, который делает автоматическую проверку на плагиат, таких совпадений даже в третьем варианте текста, который появился на сайте «Платформы», — 11%”. Адзначым, што цверджанні журналісткі зробленыя ў гіпатэтычнай форме.

Параўнанне матэрыялу www.Platformarb.com ад 27.05.2013 з тэкстам спн. Сінюк паказвае, што ў некаторых сваіх фрагментах гэты тэкст з’яўляецца перафразаваннем словаў аднаго з пацярпелых, запісаных журналісткай TUT.by. Разам з тым, тэкст не ўтрымлівае якой-кольвек эксклюзіўнай інфармацыі, якая не была б вядомая прадстаўнікам “Платформы”. Новым фактам можна было б лічыць знікненне запісаў з камер відэаназірання. Аднак гэты факт немагчыма каваліфікаваць як канчаткова спраўджаны, як тое адназначна вынікае з артыкула спн. Сінюк, частка загалоўка якога ўтрымлівае пытанне: “Записи с камер видеонаблюдения пропали?”. Канчаткова не спраўджаны факт не можа лічыцца плагіятам, ягоная слушнасць можа і мусіць быць пастаўлена пад сумнеў.

 

Гэткім чынам, камісія лічыць:

–Факт плагіяту меў месца. Матэрыялы, размешчаныя www.Platformarb.com 26.05.2013, захоўвалі стылістычныя асаблівасці артыкула спн. Сінюк, а таксама простую мову пацярпелага, запісаную журналісткай;

–Матэрыял www.Platformarb.com ад 27.05. 2013 з’яўляецца дапушчальным перафразаваннем некаторых фрагментаў артыкула журналісткі Сінюк. Гэтая дапушчальнась тлумачыцца перадусім тым, што публічнай першакрыніцай практычна ўсіх вядомых фактаў датычна гучнага здарэння з’яўляецца названая арганізацыя;

–Зыходзячы з таго, што ІА “Платформа” прынесла прабачэнні спн. Сінюк (з заявы: “Нами были... принесены извинения за некорректное поведение наших журналистов”), а таксама зняла матэрыял, які парушаў аўтарскія правы названай журналісткі, прэтэнзіі заяўніка сп. Бандарэнкі датычна таго, што публікацыя Яніны Мельнікавай рэпрэзентуе канфліктную сітуацыю аднабакова, з’яўляюцца абгрунтаванымі.

Камісія адзначае разам з тым, што сайт mediakritika.by даў магчымасць выказацца другому боку канфліктнай сітуацыі, надрукаваўшы артыкул з меркаваннем ІАУ “Платформа”.

 

[1]              Камісія па этыцы БАЖ прытрымліваецца наступнай дэфініцыі плагіяту: гэта прысабечванне выразаў, ідэяў, думак, тэорый, любой інфармацыі, што не з’яўляецца агульнавядомай, цытат, а таксама перафразаванне арыгінальных матэрыялаў і экслюзіўных меркаванняў, што належаць іншым людзям.

 

Старшыня камісіі Анатоль Гуляеў

Сакратар камісіі Марына Загорская