547

Параўноўваў рэпрэсіі са сталінскімі, але пра свой выбар не шкадаваў. Хто такі праваабаронца Стэфановіч, якога кінулі за краты за дапамогу людзям?

16.07.2021 Крыніца: "Наша Ніва"

14 ліпеня сілавікі затрымалі праваабаронца “Вясны” Валянціна Стэфановіча, які больш за 20 год адстойвае правы чалавека ў Беларусі. Валянцін ведаў, што за ім могуць прыйсці, але да апошняга падтрымліваў тых, хто на свабодзе і ў няволі, не з’ехаў з Беларусі. Ён пачынаў юрыстам на заводзе, а стаў адным з самых уплывовых праваабаронцаў на постсавецкай прасторы. 

Валянціну 48 гадоў, ён мінчук. Цікава, што назвалі хлопчыка ў гонар бабулі па матчынай лініі Валянціны Сухаржэўскай. Мама Стэфановіча Антаніна таксама нарадзілася ў Мінску, але паходзіць з Сібіры. У яе яркая азіяцкая знешнасць, праз якую з яе неаднаразова насміхаліся: «Едзь у Кітай да свайго бацькі Мао Цзэдуна». Мабыць, таму Валянцін з дзяцінства ўжо не цярпеў ніякіх праяваў расізму. Пэўная «азіяцкасць» у знешнасці перадалася і яму.

Бацька Кастусь родам з гарадка Глуск на Магілёўшчыне. Пара пабралася, калі яму было 19 гадоў, ёй — 18. Літаральна праз год ужо нарадзіўся Валік. Бацькі вучыліся ў Мінскім архітэктурным тэхнікуме. Пасля бацька стаў-будаўніком практыкам, аб’ездзіў амаль увесь СССР, а мама працавала інжынерам у «Белпроппраекце».

Спачатку сям’я жыла на Партызанскім праспекце, а потым на вуліцы Асаналіева. У дзяцінстве хлопчык марыў стаць ляснічым, мараком, а таксама машыністам цягніка. Валянцін гаварыў, што канец 1980-х найбольш паўплываў на ягоную свядомасць. 

«Перабудова, разбурэнне камуністычнай ідэалагічнай сістэмы. Мы, тагачасныя падлеткі, досыць цынічна ставіліся да таго, што тычылася ўсяго савецкага, бо не верылі больш у камуністычныя догмы і адкрыта здзекаваліся з савецкіх “святынь”, — казаў ён.

Хлопец слухаў «Кіно», ДДТ, «Алісу». Свядома адмовіўся ўступаць у камсамол. Цяжка паверыць, але ў той час Стэфановіч хадзіў з доўгімі валасамі.

Так Стэфановіч выглядаў у войску.

Валянцін адслужыў у войску: забіралі яго яшчэ ў СССР, а вяртаўся са службы ў Беларусі. Служыў у Лідзе. Бацькі хацелі, каб Валік стаў таксама інжынерам, але хлопец быў чыстым гуманітарыем, таму вырашыў паступаць на юрыста ў Інстытут міжнародных працоўных адносін. ВНУ Валянцін скончыў з чырвоным дыпломам. У Стэфановіча была мара стаць адвакатам, але рэалізаваць яе не атрымалася. У час вучобы ён праходзіў практыку ў органах пракуратуры, але канчатковае рашэнне не ісці на дзяржаўную службу прыняў пасля рэферэндума 1995 года.

Валянцін прайшоў праз школу «Маладога фронту», дзе сустрэў сваю жонку Аліну. Яна выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта, працуе перакладчыцай, у пары трое дзяцей.

Разам з сям'ёй.

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 1997 годзе атрымаў першы адміністрацыйны арышт — 5 сутак. На той час Валянцін працаваў юрысконсультам на Мінскім падшыпнікавым заводзе, а потым па прапанове Алеся Бяляцкага далучыўся да «Вясны». 

«Валік, ты юрыст, таму павінен дапамагаць людзям, а не праціраць штаны ў кабінеце на заводзе», — сказаў тады Бяляцкі. Вось ужо 23 гады з таго часу Стэфановіч — гэта неад’емная частка «Вясны».

Давялося папрацаваць у грамадскай прыёмнай «Вясны». «Прымалі людзей з рознымі праблемамі, дапамагалі пісаць скаргі, выступалі на працэсах як грамадскія абаронцы (тады гэта дазвалялася законам). Памятаю, выступалі абаронцамі нават у крымінальных працэсах. Напрыклад, дапамаглі апраўдаць Уладзіміра Плешчанку, якога абвінавачвалі ў тым, што ён у Віцебску скраў бюст Суворава», — казаў Валянцін.

У той жа час пачаў працаваць з людзьмі, якіх прысуджвалі да смяротнага пакарання, меў шмат лістоў ад асуджаных. У 90-я за год расстрэльвалі каля 40 чалавек, тэма была актуальнай надзвычай. Валянцін Стэфановіч — рашучы праціўнік смяротнага пакарання.

Фактычна Стэфановіч узяў на сябе кіраўніцтва «Вясной» у той момант, калі за кратамі ў 2011 годзе апынуўся Алесь Бяляцкі. У 2012 годзе Валянцін трапіў у «чорныя спісы» тых, каго не выпускалі за мяжу, нібыта праз праблемы з войскам, хаця там ён адслужыў 20 гадоў назад.

«Гэта толькі звонку здаецца, што мы заўсёды спакойныя і нармальна на ўсё рэагуем. Насамрэч гэта не так», — казаў пра псіхалагічны цяжар сваёй працы Стэфановіч. 

 

Апошнімі месяцамі працы ў праваабаронцаў было вельмі шмат — гэта была работа нон-стопам. У сакавіку Валянцін параўнаў аб’ём рэпрэсій у сучаснай Беларусі з сталінскім часам. Тым не менш, у кожным інтэрв’ю ён казаў, што ніколі не шкадаваў пра свой выбар. 

Зараз праваабаронца знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, за кратамі і іншыя вясноўцы: Уладзімір Лабковіч і яго жонка Ніна, Алесь Бяляцкі, Алена Лапцёнак, Андрэй Палуда, Яўгенія Бабаева.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!