2161

Палітыкі ці журналісты: хто рухавік пераменаў?

28.09.2015 Крыніца: Марыя Савушкіна для www.baj.by

“Той, хто лічыць сябе рухавіком пераменаў – гэта палітык, – заявіў брытанскі журналіст і рэдактар ВВС Сэм Вудхаўз падчас сустрэчы з беларускімі калегамі. – Задача журналіста – прадаставіць слова ўсім”. Спадар Вудхаўз лічыць, што журналісты – гэта толькі голас. Як толькі яны забываюць пра сваю ролю, то губляюцца для прафесіі.

Сэм Вудхаўз (Sam Woodhouse) – рэдактар і палітычны аглядальнік ВВС, які спецыялізуецца на асвятленні выбарчых кампаній у Вялікабрытаніі, адказны рэдактар эфіру ў час падліку галасоў.

Сустрэча з Сэмам Вудхаўзам адбылася ў Мінску 25 верасня. Арганізатарам мерапрыемства выступіў “Прэс-клуб Беларусь” пры інфармацыйнай падтрымцы ГА “БАЖ” і mediakritika.by.

Галоўным прынцыпам ВВС у асвятленні выбарчых кампаній брытанскі журналіст называе неперадузятасць (анг. impartiality – бесстароннасць, аб’ектыўнасць, справядлівасць). “Таму ў нас мала сяброў сярод палітыкаў, – кажа Сэм Вудхаўз. – Палітыкі хочуць больш магчымасцяў выказацца, больш эфіру. Але мы маем “кантракт з аудыторыяй”.

Паводле С. Вудхаўза, менавіта праз неперадузятасць СМІ здабывае давер аўдыторыі – свой самы каштоўны рэсурс. Трэба адзначыць, што ВВС ў сваёй працы кіруецца вельмі шырокім спектрам прынцыпаў і каштоўнасцяў, якія зафіксаваныя ў асобным дакуменце і знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце кампаніі (гл. Policies and guidelines BBC).

Пад неперадузятасцю ў ВВС разумеюць:

  • Дакладнасць,
  • Прадстаўленне розных бакоў і пунктаў гледжання,
  • Справядлівасць.

Больш галасоў – больш эфіру

Вялікабрытанія – адзіная краіна ў свеце, дзе неперадузятасць эфірных медыяў – тэлебачання і радыё, – замацаваная законам. “На друкаваныя СМІ гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца, – кажа С. Вудхаўз. – У большасці дэмакратычных краін, неперадузятасць СМІ не прапісана ў законе. Нават у ЗША СМІ даволі часта прытрымліваюцца поглядаў рэдактара”.  

Як размеркаваць эфір самага папулярнага тэлебачання ў краіне так, каб надаць справядлівую ўвагу (частку эфіра) усім кандыдатам? У ВВС ёсць адказ. Эфір размяркоўваецца адпаведна працэнтам, якія партыі і іх кандыдаты набралі на мінулых выбарах. Таму размеркаванне эфірнага часу паміж партыямі падчас кожнай выбарчай кампаніі адрозніваецца.

“Напрыклад, на мінулых выбарах Ліберальная Партыя паказала вельмі кепскія вынікі – пераабараліся толькі 8 кандыдатаў. Адпаведна, на наступных выбарах ёй будзе нададзена значна менш увагі”, – кажа Сэм Вудхаўз. Згодна гэтай схеме, нават маленькія партыі (напрыклад, Партыя зялёных), якія ў прынцыпе не маюць шанцаў на перамогу, маюць магчымасць заявіць пра сябе. ВВС прадставіць эфір усім удзельнікам выбараў.

Падчас падрыхтоўкі выбарчых рэпартажаў журналіст ВВС абавязаны надаць прадстаўніку кожнай партыі роўную ўвагу. Як гэта зрабіць? “У рэпартажы кандыдаты паказаныя ў аднолькавых сітуацыях, ім задаюць аднолькавыя пытанні, адказ гучыць прыкладна аднолькавую колькасць часу”, – кажа Сэм Вудхаўз.

 

Дзяржаўны служачы ці шараговы кандыдат?

Як быць з дзеючымі дзяржаўнымі служачымі і дэпутатамі Парламента падчас выбараў? Бо эфірная ўвага належыць ім і як сябрам палітычных партый, і як афіцыйным асобам. Як пазбегнуць выкарыстання таго, што ў нас прынята называць “адміністрацыйным рэсурсам”?

Сэм Вудхаўз распавёў, што ў Вялікабрытаніі на час выбарчай кампаніі, якая цягнецца 6 тыдняў, сябры Парламента спыняюць выкананне сваіх дэпутацкіх абавязкаў. “Нават прэм’ер-міністр на час кампаніі пакідае Даўнінг Стрыт, 10 і перабіраецца ў офіс партыі, каб адтуль весці кампанію. Ён таксама не можа ў гэты час рабіць заявы ад імя кіраўнічай кааліцыі, – кажа Сэм Вудхаўз. – Таму кандыдат ніколі не скажа: “Гэты час я прысвячаю кампаніі, а астатні – сваім дзяржаўным абавязкам”. Такой сітуацыі не існуе”.

 Ілюзія апазіцыйных СМІ: “Мы працуем, каб збалансаваць эфір!”

Падчас сустрэчы ў Мінску Сэм Вудхаўз прыгадаў свой вопыт працы на выбарах у М’янме. У 2010 годзе там прайшлі першыя парламенцкія выбары з 1990 года. Сп-ра Вудхаўза запрасілі кансультантам, і ён працаваў як з незалежнымі, так і з дзяржаўнымі СМІ. “Прынцып, паводле якога кожная партыя атрымлівае роўную ўвагу СМІ, там успрынялі як вельмі незвычайны, – кажа С. Вудхаўз. – Журналісты ў М’янме лічылі, што іх задача як апазіцыйных медыяў – аднавіць баланс, які парушаюць дзяржаўныя СМІ. Такім чынам, дзяржаўнае тэлебачанне асвятляла дзейнасць дзяржаўных кандыдатаў, а незалежнае – апазіцыйных”. Паволе Вудхаўза, такая пазіцыя СМІ – заганная, паколькі ўносіць у журналісцкую працу несумяшчальны з аб’ектаўнасцю і неперадузятасцю аспект. “Пазіцыя ВВС – даць кожнаму магчымасць выказацца і не надаваць журналісту большую ролю. Бо, калі прытрымлівацца думкі, што “журанлісты змагаюцца за перамены”, то ўзнікае вельмі сур’ёзнае пытанне даверу да СМІ,” – кажа С. Вудхаўз.

Адмова ад дэбатаў – не нагода для маўчання

Што рабіць, калі кандыдат альбо партыя адмаўляецца ад дэбатаў ці супрацоўніцтва з канкрэтным СМІ? “У дадзенай сітуацыі мы бы ўсё роўна намагаліся даць слова ўсім: прадстаўнікам кіраўнічага кола, апазіцыі, а таксама знайшлі б спосаб, каб давесці да аўдыторыі пазіцыю тых, хто адмаўляецца ад эфіру. Самае галоўнае – вытрымаць прынцып роўнага размеркавання, – кажа Сэм Вудхаўз. – Мы паспрабуем прадставіць яго пункт погляду, нават калі чалавек ад гэтага адмаўляецца”.

Паводле Сэма Вудхаўза, адмова ад выбарчых дэбатаў на тэлебачанні і радыё ў Вялікабрытаніі – з’ява даволі распаўсюджаная. Пры гэтым дэбаты ў Брытанскім Парламенце вельмі гарачыя і інтэнсіўныя. Яны амаль не спыняюцца, і СМІ маюць права іх асвятляць. Такім чынам, узровень актыўнай палітычнай дыскусіі ў грамадстве забяспечаны. Выбаршчыкі амаль штодня могуць назіраць, як іх прадстаўнікі адстойваюць іх інтарэсы і правы ў Парламенце. Але дэбаты на тэлебачанні – іншая справа. Упершыню ў Вялікабрытаніі яны адбыліся толькі ў 2010 годзе.

Па словах Сэма Вудхаўза, арганізацыя дэбатаў была надзвычай складанай, а іх вынікам стала магутнае падвышэнне рэйтынгу партыі з невялікай падтрымкай. “Рэйтынг малавядомага дагэтуль кандыдата проста ўзляцеў. Падчас дэбатаў ён паказаўся вельмі свежым і новым, – успамінае Сэм Вудхаўз. – Такім чынам, Джэймс Кэмеран, які лічыў, што выйграе выбары вельмі лёгка, абсалютнай перамогі не атрымаў, і яму давялося 5 год правесці ў кааліцыі з партыяй, якая набрала галасы ў выніку дэбатаў”.

Перамовы паміж кіраўніцтвам ВВС і палітычнымі партыямі пра ўдзел у дэбатах – самая складаная і канфліктная частка асвятлення выбарчай кампаніі. Узгадняецца ўсё – пытанні і колькасць часу для адказу на іх, хто за кім адказвае, прынцыпу фармавання аўдыторыі, рэплікі вядучага і інш. Аўдыторыя на тэлевізійных дэбатах  таксама фармуецца згодна квотам, якія мае кожная палітычная сіла. Квоты залежаць ад паказчыкаў на мінулых выбарах. “Вядучы дэбатаў перад пачаткам распавядае, як падбіралася аўдыторыя і як выбіраліся пытанні. Калі гэтага не патлумачыць, нас звінавацяць у перадузятасці, – кажа Сэм Вудхаўз. – Мы павінны быць вельмі ўважлівыя, бо, калі палітык набярэ мала галасоў, першымі ён абвінаваціць журналістаў.”

Па словах С. Вудхаўза, у Вялікабрытаніі бываюць сітуацыі, калі прэм’ер міністр, улічваючы свой высокі статус, не пагаджаецца выступаць разам з апазіцыйнымі кандыдатамі. У такім выпадку СМІ прапануюць розныя фарматы дэбатаў альбо выпрацоўваюць адзіную стратэгію, якую падтрымліваюць усе тэлевізійныя кампаніі краіны . Мэта гэтай стратэгіі – прыцягнуць палітыка ў эфір.

“Што мы паказваем у дзень выбараў? Надвор’е!”

У выбарчай традыцыі Вялікабрытаніі няма так званага “дня цішыні”. Палітычныя рэпартажы збараронена паказваць у дзень галасавання  да таго моманту, пакуль не зачыняцца выбарчыя ўчасткі. “У навінах могуць мільгануць асобныя кандыдаты. Можна паказаць, як яны галасуюць на выбарчым участку. Але характар такіх паведамленняў – строга нейтральны. Што мы паказваем у дзень выбараў? Надвор’е! – кажа Сэм Вудхаўз. – Пасля 22.00 формула прапарцыянальнага размеркавання эфіра перастае працаваць”.

Пачынаецца падлік галасоў. Згодна з выбарчай працэдурай, галасы ў Вялікабрытаніі падлічваюцца ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Там разам з лічыльнікамі працуюць і журналісты. “Падчас падліку галасоў мы вядзем прамы эфір і абнаўляем інфармацыю пра вынікі галасавання”, – кажа брытанскі журналіст.

Сэм Вудхаўз лічыць, што назіранне аўдыторыі за выбарчым працэсам праз СМІ не менш важнае за сам факт галасавання. “Калі людзі галасуюць, а пасля вяртаюцца дахаты і глядзяць па тэлебачанні, як ідзе падлік галасоў, – гэта істотная частка дэмакратычнага выбарчага працэсу”, – кажа Сэм Вудхаўз.

Сам не галасуе

Падчас сустрэчы ў Мінску Сэм Вудхаўз прызнаўся, што сам не галасуе. “З таго часу, калі я пачаў працаваць на ВВС, я ні разу не галасаваў, – сказаў журналіст. – Гэта нетыпова, але гэта так. Мне бліжэй такая пазіцыя: я раблю праграмы пра выбары, размаўляю з палітыкамі, але не галасую за іх. У той жа час Сэм Вудхаўз кажа, што ў Вялікабрытаніі шмат журналістаў, якія з’яўляюцца сябрамі палітычных партыяў. “Але яны не могуць браць удзелу ў кампаніях па прасоўванні палітычных кандыдатаў ці партый, ім нельга балатавацца”, – тлумачыць С. Вудхаўз.

Палітычным журналістам у Вялікабрытаніі забаронена выказваць свае меркаванні ў сацыяльных сетках, аналітычных артыкулах ці іншымі сродкамі. “Для мяне пакінуць сваё меркаванне “за дзвярыма” не складана. Сутнасць нашай прафесіі – прадаставіць права выказацца як мага большай колькасці людзей. Рэпарцёры не маюць права выказвацца”, – паўтарае сваю думку Сэм Вудхаўз.

На пытанне, ці можа можа журналіст сябраваць з палітыкам, госць з Вялікабрытаніі не даў выразнага адказу.

Як зрабіць добрае палітычнае інтэрв’ю? Парады ад Сэма Вудхаўза, ВВС:

  • Плануйце інтерв’ю.
  • Даследуйце пытанне. Падумайце, чаго вы хочаце дасягнуць, што пачуць. У якім накірунку будзеце рухацца? У ідэале, трэба давесці чалавека да таго, каб ён сказаў нешта новае.
  • Калі вы не атрымалі адказу – спытайцеся яшчэ раз.
  • Памятайце, што вы прадстаўляеце інтарэсы вашых гледачоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!