НЕ - ВАЙНЕ!
963

Палітыка, сатыра, крынж і коцікі. Што незалежныя медыя посцяць у сацсетках?

17.11.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла паглядзець, што робіцца ў айчыннай SMM-прасторы, па якім прынцыпе фармуюць свае сацсеткі  буйныя незалежныя медыя, і ці назіраюцца там нейкія трэнды.

У наш век складана ўявіць сучасныя медыя без social media marketing — SMM. Ва ўсіх рэдакцыях сёння ёсць спецыялісты, якія адказваюць за прасоўванне кантэнту на розных сацыяльных платформах. А ў буйных СМІ створаны адмысловыя SMM-службы, дзе за кожнай сацсеткай замацаваны асобны чалавек альбо нават некалькі.

Вядзенне акаўнтаў на платформах і падрыхтоўка кантэнту з’яўляецца важнай часткай рэдакцыйнай палітыкі.

Некалькі гадоў таму здавалася малаверагодным, што перадавыя медыя пачнуць працаваць выключна ў сацсетках, у прыватнасці, у Facebook, без спасылак на асноўны сайт. Але сёння гэта рэчаіснасць: сучасныя магчымасці наладак дазваляюць вярстаць артыкулы з даданнем фота і відэа наўпрост у стужцы.

Да таго ж на старонцы пабудавана лаяльнае кам’юніці, якому зручней атрымліваць інфармацыю на месцы, без пераходаў некуды з улюбёнай сацсетцы. Прынамсі, менавіта з гэтай нагоды некаторыя ўкраінскія СМІ цяпер прадаюць рэкламу ў Facebook.

БАЖ вывучыла змест сацыяльных платформ незалежных СМІ Беларусі з найбольшай колькасцю падпісчыкаў: “Зеркало”, “Радыё Свабода”, “Белсата”, “Нашай Нівы”, Euroradio, KYKY. Нас цікавілі іх акаўнты ў Facebook, Instagram і ў месенджары, які адыграў выключную ролю ў пратэставых падзеях 2020 года, ператварыўшыся ў галоўны навінавы агрэгатар, — Telegram. З яго і пачнем.

Telegram

Вышэйадзначаныя СМІ былі выцесненыя праз пераслед з краіны, і для ўсіх характэрна імкненне захаваць беларускі парадак дня.

Але праз тое, што рэдакцыі знаходзяцца па-за межамі Беларусі, а трымаць уласныя карпункты небяспэчна для супрацоўнікаў, інфармацыйная прастора ў іх Telegram-каналах выглядае аднолькава.

Навіны, першакрыніцай якіх часцей за ўсё з’яўляюцца праўладныя медыя альбо дзяржустановы, перадрукоўваюць адзін у аднаго, інфанагоды вандруюць з акаўнта ў акаўнт. Так, напрыклад, усе абмеркавалі навагоднія вітрыны мінскага ЦУМа, выступы гурта ЛСП у расійскіх гарадах, завяршэнне спартыўнай кар’еры баскетбалісткі Алены Леўчанка і іншыя.

Увогуле незалежныя СМІ шмат увагі надаюць палітычным і сацыяльным падзеям у Беларусі, выкрыццю хлусні беларускай і расійскай прапаганды, асвятленню вайны ва Украіне. Многа пішуць пра нашых палітвязняў, рэпрэсіі і судовую сістэму, дзейнасць палка Каліноўскага і Аб’яднанага пераходнага кабінета Ціханоўскай. Стараючыся не губляць беларускі парадак дня, закранаюць тэмы аховы здароўя, прышчэпак ад кавіду, інфляцыі, рэгіянальныя падзеі. Нават даюць прагнозы надвор’я. Але, нягледзячы на складзены інфармацыйны альянс, усе спаборнічаюць за аўдыторыю, ахопы, прагляды, падабайкі, таму максімальна мікшыруюць кантэнт, каб побач з сур’ёзнымі навінамі і аналітыкай былі і забаўляльныя пасты. Альбо імкнуцца выдзеліцца нетрывіяльнай падачай інфармацыі, актыўна ўцягваюць у камунікацыю чытачоў. Кожнае медыя шукае нейкія свае выйсце і цікавосткі.

Ёсць і агульная тэндэнцыя для ўсіх — з'яўленне і актыўнае выкарыстанне відэафармату. Нехта дае ў стужку спасылкі на свой YouTube, а нехта і спецыяльна здымае ролікі для Telegram-канала.

І канешне, адметнай падзеяй апошняга часу стаў масавы пераход многіх незалежных медыя на беларускую мову. Гэта датычыцца і кантэнту ў Telegram.

“Наша Ніва”

«Першая беларуская газета з рысункамі», як называе сябе “Наша Ніва”, мае ў Telegram амаль 50 тысяч падпісчыкаў. Штодня, практычна ў рэжыме 24/7, з кароткім перапынкам на сон, выданне публікуе ў стужцы пасты з асноўнымі падзеямі ў Беларусі і ў свеце. Прычым туды трапляюць далёка не ўсе навіны, апублікаваныя на сайце. У сярэднім выданне робіць больш за 40 пастоў на дзень. Telegram “Нашай Нівы” можа аднаўляцца і пасля 12-й ночы.

Інфармацыйная карціна традыцыйныя: палітыка, палітвязні, вайна, прапаганда, кошты ў крамах і г. д. Медыя не забывае пра важныя і цікавыя падзеі ў свеце, кшталту “ўпершыню ў гісторыі чалавеку пералілі штучную кроў”, пра выйгрыш самага вялікага джэкпоту ў ЗША альбо пра нерэалізаваны праект тунэля Hyperloop Ілана Маска. “Наша Ніва” шмат матэрыялаў, прынамсі ў Telegram, прысвячае сучасным сродкам сувязі, інфармацыйнай бяспецы, расказвае пра DDoS-атакі і як з імі змагацца, развіццю Twitter.

Пры гэтым сур’ёзнае стараецца чаргаваць з “мімішным”, таму побач з навінай аб двухфактарнай аўтэнтыфікацыі Viber можна стаяць пост пра нараджэнне дзіцяняці ў ламы ў мінскім заапарку альбо пра аперацыю вожыку ў віцебскай ветакадэміі. Не абмінае ўвагай сусветных зорак шоу-бізнесу, дае анонсы фільмаў, здымае праграму “Ток” і актыўна прасоўвае спасылкі на яе ў сваіх сацсетках.

А літаральна пару дзён таму “Наша Ніва” пачала рабіць у Telegram штодзённыя выпускі відэанавін дня “Nasha Niva News”. У 10-15-хвілінным роліку — “усё самае важнае — якасна, коратка і па-беларуску”. Для гэтага выданне набрала вядоўцаў, пашырыўшы каманду журналістаў.

“Зеркало”

У Telegram-канала “Зеркала” самая вялікая аўдыторыя з усіх СМІ, што мы разглядаем, — амаль 350 тысяч чалавек. Штодня колькасць хістаецца на пару тысяч падпісчыкаў: то плюс, то мінус. Адток карыстальнікаў можна звязаць з рэпрэсіямі за падпіскі на “экстрэмісцкія” каналы, але адпіскі зусім не азначаюць, што медыя ў Telegram перасталі чытаць. Відавочна, людзі працягваюць ужываць кантэнт пераемніка TUT.by, проста робяць гэта больш бяспечным для сябе спосабам.

“Зеркало” генеруе ў сярэднім звыш за 60 пастоў на дзень, паўнавартасна працуе і ў выходныя. Угадваецца мэта — адпавядаць назве і быць люстэркам усіх падзей. Дастаткова праскроліць стужку Telegram-канала, каб мець уяўленне пра ўсё, што адбываецца ў Беларусі, у свеце і ў бліжэйшым замежжы. Там можна сустрэць безліч матэрыялаў на сацыяльную тэматыку, пра рэгіянальныя падзеі. Напрыклад, пра выкрыццё Камітэтам дзяржкантролю шэрагу парушэнняў у школьных сталоўках Гомеля, пра «Дажынкі-2022» у Гомельскай і Віцебскай абласцях, прагноз надвор’я і г. д. “Зеркало” публікуе шмат пастоў з фота і відэа ад чытачоў, але абсалютная большасць кантэнту аформленая падводкай са спасылкай на сайт.

Увогуле ў медыя моцная сувязь з чытацкай аўдыторыяй. Яно часта шукае інфанагоды, сведкаў і суразмоўцаў сярод сваіх паспісчыкаў. Свежы прыклад: калі Генштаб Украіны заявіў, што ў Брэсцкай вобласці лекары адмаўляюць беларусам у абслугоўванні, бо шпіталі перагружаныя расійскімі вайскоўцамі, а беларускі бок абвергнуў гэтую інфармацыю, “Зеркало” кінула чытачам заклік: “Калі вам што-небудзь пра гэта вядома, пішыце ў @zerkalo_editor”. Гэтаксама яно шукала супрацоўнікаў зачыненай у Беларусі сеткі грамадскага харчавання «МакДональдс». Зразумела, на ўмовах ананімнасці.

Для зручнасці чытачоў у сваім Telegram-канале “Зеркало” робіць падборкі «Што здарылася за дзень», дзе з усяго масіву інфармацыі выбірае 5-6 асноўных навін. Асобна выдзяляе галоўнае і ў асвятленні вайны ва Украіне, вядзе яе адлік ў колькасці дзён ад пачатку расійскага ўварвання.

Euroradio

Цікава выглядае Telegram-канал Euroradio. Зараз на яго падпісаны больш за 19 тысяч чалавек. Медыя цалкам зрабіла ўпор на відэакантэнт, як аналітычны, так і забаўляльны. Актуальныя падзеі ў Беларусі і ў свеце (рэпрэсіі, затрыманні, палітвязні, прапаганда, надзвычайныя здарэнні, сітуацыя ва Украіне і іншыя) хлёстка афармляюцца ў сітуацыйныя пасты і відэанарэзкі.

Журналісты медыя абмяркоўваюць навіны з экспертамі, бяруць відэакаментары, напрыклад, у палітычнага аналітыка Валерыя Карбалевіча наконт скандалаў у дэмсілах Беларусі альбо пра змену афіцыйнага гімна, дзе ёсць словы “жыве” і “Беларусь”. Пра эканоміку і палітыку разважаюць разам з гасцямі ў стрымах “Еўрарадыё”.

З апошніх сюжэтаў — праграмы з прадпрымальнікам Аляксандрам Кныровічам, палітыкам Вольгай Кавальковай, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык. У стужцы медыя бойка прасоўвае спасылкі на свой YouTube, дзе журналісты робяць крынжы тыдня і смяюцца над “нахабнай махровай беларускай прапагандай”, здымаюць праграмы “Ідэя Х” — пра пошук нацыяльнай ідэі, і “Без намёкаў”, у якой праводзяць паралелі з падзеямі мінулых часоў. Ствараюць жартаўлівыя выпускі “Чык-чырык!” — гэта відэаагляды самых гарачых навін беларускага Twitter. Дарэчы, аўдыторыі яны вельмі падабаюцца, відэа хвалебна каменцяць і ставяць лайкі.

Асобна ў Telegram наладзілі рубрыку “Спісвай, але не слова ў слова”, стараюцца наладзіць адваротную сувязь з чытачамі, задаючы пад пастом аб продажы нерухомасці пытанні, кшталту “А вы заплацілі б 180 тысяч долараў за трохпакаёвую кватэру ў Гомелі?” або “Як лічыце, як падпісала пост з гэтым фота Мінабароны Беларусі? Чакаем вашыя версіі ў каментарах!”. А яшчэ выкладаюць запісы стэндапаў, прыдумляюць тэсты па прапагандзе тыдня, арганізуюць розыгрышы падарункаў, даючы пералінкоўку пастоў са свайго Instagram, і робяць гістарычныя падборкі таго, што адбывалася ў гэтую дату ў мінулым.

За дзень атрымліваецца недзе каля 20 пастоў. Але Euroradio палічыла, што і гэтага зашмат для ўспрымання чытачамі, таму падсумоўвае для іх усе важныя падзеі дня ў падкасце “Еўразум”. Гэтак жа яно робіць кароткі агляд сусветных навін тыдня.

“Белсат”

У Telegram-канала “Белсата” звыш за 41 тысяч падпісчыкаў. Рэдакцыя працуе з раніцы да поздняга вечара, ствараючы больш за 50 пастоў у дзень. У іх сабраны ўвесь сацыяльна-палітычны парадак Беларусі і свету. Для зручнасці чытачоў па асноўнай падзеі дня даюць галоўнае на азначаны час, як, напрыклад, пра выбух у Стамбуле. Робяць відэападборку “Навіны за 5 хвілін”, дзе ў кароткім выданні публікуюць самае-самае. Складаюць вынікі галоўных падзей свету ў фотаздымках.

Асобна пачалі даваць штодзённую зводку “Рэпрэсіі дня ў Беларусі”, якая выходзіць увечары. Збіраюць у адмысловыя пасты самыя цікавыя матэрыялы «Белсата», якія чытачы маглі прапусціць. Гэтаксама падсумоўваюць асноўныя падзеі вайны ва Украіне на вечар. А напрыканцы працоўнага дня падбіваюць галоўнае за суткі.

У стужцы Telegram-канала з’яўляецца шмат відэа, як уласнай вытворчасці (перадача «Лукавыя навіны» пра выкрыццё фэйкаў у дзяржСМІ, сатырычнае шоу «Вечаровы шпіль» і г. д.), так і перадрукаванага з іншых медыя і ад чытачоў, стрымаў, аглядаў бізнес-падзей. “Белсат” ахвотна робіць пасты паводле інфармацыі сваіх падпісчыкаў. Так, напрыклад, было з нагоды другой гадавіны трагічнай смерці Рамана Бандарэнкі, калі медыя апублікавала кантэнт, цалкам створаны чытачамі: фота жалобных акцый ахвярам рэжыму Лукашэнкі з суправаджальным тэкстам.

У пошуках новых крыніц інфармацыі “Белсат” пастаянна звяртаецца да сваёй аўдыторыі, просіць на ананімных умовах распавядаць навіны ў бот @BelsatBot альбо задаваць у каментарах пытанні да экспертаў праграм.

“Радыё Свабода”

“Радыё Свабода” не адстае ад калег і прыкладае намаганні, каб забяспечыць рост падпісчыкаў у Telegram-акаўнце, да якога цяпер далучыліся амаль 39 тысяч чалавек. Палітыка, пераслед, фэйкі прапаганды, “сацыялка”, спорт, аналітыка — медыя трымае ў фокусе беларускі парадак, робячы па 30 пастоў на дзень. Менавіта яно першым сярод беларускіх незалежных медыя пачало згадваць “гэты дзень у гісторыі”. З экскурсаў у мінулае і пачынаецца кожная раніца ў Telegram-канале “Радыё Свабода”.

Медыя таксама выдзяляе найбольш значныя падзеі ў асобную падборку “Найважнейшае за дзень”, жвава карыстаецца інфанагодамі і кантэнтам ад чытачоў, каб на іх аснове рабіць пасты і больш падрабязныя ўласныя матэрыялы.

KYKY

Адметна, што з нядаўняга часу рэдакцыя KYKY пачала весці свой Telegram-канал «Кулуары KYKY» на беларускай мове. І гэта не распалохала людзей: у акаўнта пад 30 тысяч падпісчыкаў. Медыя не часціць з навінамі, выбірачы для абмеркавання самыя гарачыя падзеі. І вось над імі “сцябецца” ўжо напоўніцу, робячы такім чынам інфармацыйна-забаўляльны кантэнт. “Навіна, якую вы ўсе, напэўна, чакалі: даўгунец нарэшце выцераблены! Сёлета яго сабралі на 28% больш, чым у мінулым годзе”.

Канешне, KYKY не магло абмінуць навіну з крадзяжом расійскімі вайскоўцамі янота з херсонскага заапарка: “Чаму яны пры гэтым пакінулі, напрыклад, свае верталёты — незразумела. Украінскія вайскоўцы жартуюць, што гатовы памяняць янота на 10 палоненых “мобікаў””. Пажартавалі над ростам пенсіі для беларусаў, анансаваным міністрам працы і сацабароны, памер якой на самой справе на 0,4% меншы, чым летась. Замахнуліся “на святое”: заскрыншоцілі відэаінтэрв’ю Уладзіміра і Алены Зяленскіх для амерыканскага тэлеканала CNN, дзе прэзідэнт Украіны не напраўду скардзіцца, што жонка не гатуе яму сняданкі. “Вось так выглядае новая серыя перадачы “За 5 хвілін да катастрофы”, — абыгрывае гэты ўрывак у пасце KYKY.

Рэдакцыя рэгулярна праводзіць віктарыны, дзе абсмейвае найбольш гучныя апошнія падзеі. Напрыклад, “Як называецца група вайсковых дарадцаў пад кіраўніцтвам былога кіраўніка «Раскосмаса» Рагозіна, якая распрацоўвае баявыя беспілотнікі на Данбасе?”. Сярод варыянтаў — “батутныя скакуны”, “ад’ютанты яго яснавяльможнасці”, “вялізкавыя какуны”, “помста з паветра”, “сокалы айчыны”.

Штораніцу і штовечар у Telegram-канале з’яўляюцца жартоўныя калажы і відэа #с_добрым_утром_х_й_войне, #спокойной_ноче_х_й_войне. А калі ўзнікае патрэба, не саромеецца медыя актыўна звяртацца да чытачоў з просьбай пасадзейнічаць у пошуку дадатковай інфармацыі.

Instagram

Пасля таго, як гэтая сацыянальная сетка абвясціла аб пераўтварэнні ў відэаплатформу і пачала актыўна прасоўваць reels — кароткія відэаролікі, не робіць там відэакантэнт толькі лянівы. Яно і зразумела: так адначасова павялічваюцца прагляды і расце колькасць падпісчыкаў на старонку ў Instagram. Медыя гэта ўзялі на ўзбраенне і стараюцца пераапрацаваць тэкставыя навіны ў відэафармат або ўвогуле здымаюць асобныя ролікі для сацсеткі.

Прынамсі, так робяць “Зеркало” (@zerkalo_io, 720 тыс. падпісчыкаў) “Наша Ніва” (@nashaniva, 41,3 тыс), KYKY (@kyky_org, 41,5 тыс.), “Радыё Свабода” (@radiosvaboda, 236 тыс.), Euroradio (@euroradio, 23 тыс.), а “Белсат”, па змаўчанні з’яўляючыся вытворцам відэа, мае нават некалькі тэматычных акаўнтаў у Instagram (асноўны — @belsat, 184 тыс. карыстальнікаў).

Акрамя таго, усе згаданыя медыя стараюцца стварыць па некалькі сторыс на дзень, бо людзям падабаецца такі кантэнт, а яго наяўнасць сведчыць, што старонка “жывая”. Апгрэйд платформы дазваляе сёння накладваць на сторыс і reels аўдыядарожкі, аздабляць іх рознымі спецэфектамі — усё для прыцягнення ўвагі аўдыторыі.

Сацсетка доўгі час была “глянцам” інтэрнэту, там посціліся пераважна прыгожыя фотачкі. Нічога не змянілася і цяпер, акрамя таго, што з актыўным надыходам медыя яна набыла больш інфармацыйны характар. Зараз усе прыкладаюць намаганні, каб палепшыць знешні выгляд сваіх старонак: распрацоўваюць непадобныя да іншых стратэгію і стыль, асаблівую ўвагу надаючы дызайну вокладак і шрыфтам. Бо адзіная стылістыка дапамае СМІ вылучыцца ў агульнай плыні навін, зачапіць вока і такім чынам прывесці да акаўнта новых карыстальнікаў. Асабліва стыльна, на наш погляд, выглядае старонка “Белсата”, добра папрацавалі над сваім дызайнам “Зеркало” і KYKY.

Instagram сёння — гэта платформа не толькі для моладзевай аўдыторыі. Яе карыстальнікі значна пасталелі. Разам з гэтым змяніліся і падыходы да падачы інфармацыі: яна патрабуе персаналізацыі і геймефікацыі.

У якасці прыкладу хочацца прывесці Instagram KYKY, дзе медыя захавала іранічны тон у падачы навін і жартаўліва абыгрывае гучныя падзеі. Так, з нагоды ўключэння МУС лозунга “Жыве Беларусь” у спіс нацысцкай сімволікі рэдакцыя “накідала” варыянтаў, за што яшчэ беларусаў могуць запісаць у нацысты.

Шмат жартавала аб даручэнні Лукашэнкі “ажывіць” лёгкую прамысловаць і крэатывіла наконт таго, як выглядалі б блогі інстаграм-стылістаў, калі б усе замежныя брэнды замянілі на айчынныя. Цяпер яшчэ абяцае шукаць і паказваць самыя трэшавыя ролікі з беларускага ЦікТоку. Асабліва смешнымі ў KYKY атрымліваюцца reels “на злобу дня”, дзе вядоўца Глеб Сямёнаў з сарказмам пераказвае нейкую галоўную навіну і дае ёй сваю ацэнку. Гэтыя відэа з’явіліся не так даўно, але ўжо маюць шмат праглядаў і збіраюць дзясяткі каментароў і падабаек, у першую чаргу дзякуючы харызме, пачуццю гумару і запамінальнай знешнасці хлопца.

Прасоўванне акаўнта медыя залежыць і ад таго, наколькі SMM-спецыяліст спрашчае тэксты, памяншае іх памеры, як візуальна афармляе, наколькі камбінуе фарматы і робіць сітуацыйныя пасты. Немалаважна і тое, наколькі шчыльна ён камунікуе з аўдыторыяй, рыхтуючы для яе пытанні, заклікі, інтэрактывы. Усе гэтыя намаганні шматкроць акупяцца і прынясуць эфект у выглядзе пажаданай колькасці падпісчыкаў.

Facebook

Стала значна больш дарослай і аўдыторыя ў Facebook. Адначасова, як адзначаюць медыяэксперты, яна ўжо не такая прагрэсіўная, як некалькі гадоў таму. Паступова сацсетка губляе папулярнасць у моладзі. Гэта мусяць улічваць рэдакцыі пры планаванні сваіх медыястратэгій.

Што датычыцца нашых медыя, то “Наша Ніва” мае ў Facebook 22 тысячы падпісчыкаў, “Белсат”  — 332 тысячы, “Радыё Свабода” — 248 тысяч, KYKY — 26 тысяч, Euroradio — 68 тысяч карыстальнікаў, “Зеркало”  — больш за 260 тысяч.

Праглядаючы іх акаўнты, варта адзначыць, што не ўсе яны такія ж дынамічныя, як у Telegram ці Instagram.

Толькі “Белсат” і “Радыё Свабода” працягваюць “замарочвацца” над стварэннем асобнага кантэнту для гэтай сацсеткі. Астатнія посцяць у Facebook спасылкі на свае матэрыялы з кароткай падводкай.

Пасля таго, як усе адзначаныя медыя прызналі “экстрэмісцкімі”, у каментарах на іх старонках навочна паменшылася актыўнасць карыстальнікаў — артыкулы менш лайкаюць і асабліва шараць. Але чытацкае ядро, нягледзячы на рэпрэсіі ўнутры краіны і эміграцыю рэдакцый, захавалася, што дазваляе гэтым СМІ і сёння заставацца самымі чытанымі і ўплывовымі ў Беларусі.

Чытайце яшчэ:

Эдуард Мельников: «Горком закрыл мои прямые эфиры: во время их рабочие крыли последними словами то, что творилось в промышленности»

Краткое правовое руководство для интернет-ресурса в Беларуси и его корреспондентов

Затрымалі журналістку “Витебского курьера” Жанну Жалевіч

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!