802

Палессе сабрала беларускіх журналістаў на фэст "БАЖынкі - 2019" ШМАТ ФОТА

05.08.2019 Крыніца: Тэкст: Барыс Гарэцкі. Фота: Вольга Хвоін

Традыцыйны журналісцкі фэст Беларускай асацыяцыі журналістаў прайшоў у першыя выходныя жніўня на беразе Прыпяці. Удзельнічалі ў летніку каля двадцаці калег з розных рэгіёнаў краіны — яны з’ехаліся ў вёску Кораб’е Столінскага раёна, дзе ў далечыні ад дэдлайнаў і працы вучыліся выжываць без дабротаў цывілізацыі, аказваць першую дапамогу ды адпачывалі.

Сёлета ў госці да сябе БАЖынкі запрасіла Лунінецкая філія Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Перапраўляліся да месца размяшчэння паромам праз Прыпяць. У Беларусі, да слова, засталіся лічаныя паромныя пераправы. Гасцей сустракала аграсядзіба “Сом” на ўскрайку рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Сярэдняя Прыняць”.

З гэтага моманту пачалося сяброўскае спаборніцтва чатырох журналісцкіх каманд. Найперш удзельнікі БАЖынкак пад кіраўніцтвам былога вайскоўца і вопытнага інструктара па экстрэмальным выжыванні Сяргея Грашчанкі скіраваліся ў лес. Тут журналістам паказалі, як будаваць сховішча, калі чалавек, напрыклад, заблукаў у лесе, як хавацца ад дзікіх звяроў. Тэорыю ўсе падмацоўвалі практыкай — кожная каманда збудавала за гадзіну ўкрыццё.

Палесскія джунглі.

Камары атакавалі не зважаючы на рэпеленты

Уводная лекцыя ад інструктара Сяргея Грашчанкі

Выпрабоўваем збудаваныя ўкрыцці на трываласць — вагу чалавека канструкцыя мусіць вытрымліваць.

Пасля гэтага журналісты вучыліся здабываць агонь без выкарыстання запалак ды запальнічак. Гэта неверагодна, але ўсе чатыры каманды паказалі, што пры наяўнасці патрэбных інструментаў (напрыклад, кавалак крэменю і металічны прадмет) нават непадрыхтаваны чалавек можа здабыць агонь цягам хвіліны. Рэкорд быў у каманды, якая змагла здабыць агонь за 27 секунд!

Далей удзельнікі БАЖынак скіраваліся на бераг Прыпяці, дзе спаборнічалі ў зборы любой магчымай ежы на выпадак, калі ты згубіўся на невядомай тэрыторыі без які-кольвек прыладаў. Трэнер па экстрэмальным выжыванні падрабязна распавёў, што і як можна бяспечна здабыць у беларускім лесе. Не палохайцеся: гэта не толькі грыбы, ягады ды арэхі, але і хрушчы, мурашы, жабы, змеі і г. д.

— Тут не да сентыментаў, галоўная задача чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі — выжыць, — вучыць трэнер.

Удзельнікі БАЖынак вучыліся рабіць вадзяны фільтр з падручных матэрыялаў. Для гэтага кожная з каманд павінна была знайсці і разрэзаць шкляную бутэльку з дапамогай вяроўкі — аказалася, гэта даволі проста — і напоўніць прыладу па чарзе вуглём, пяском ды мохам.

Завяршыўся першы дзень БАЖынак аповедам пра арыентаванне і асновы бяспекі ў выпадку нападу на жывёлаў. А потым гасцей чакала смачная вячэра з прыгатаванай рыбай, шашлыком і спевы пад гітару.

Суботняя праграма БАЖынак распачалася з зарадкі, сняданку і некалькіх гадзін трэнінга па аказанні першай дапамогі ад Лунінецкага аддзялення Чырвонага крыжа. Камандам пад кіраўніцтвам валанцёраў трэба было адпрацаваць правільныя дзеянні ў крытычных сітуацыях.

У апошнім жа — творчым конкурсе — кожнай з каманд неабходна было зняць імправізаваны кліп на адну з вядомых беларускіх песень.

Пасля абеду адбылася цырымонія ўзнагароджання каманд ды абвяшчэнне імёнаў “Містэра і Міс БАЖынкі” — па даўняй традыцыі ўсе удзельнікі фэста вызначаюць галасаваннем гэтых асобаў.

Містэрам БАЖынкі большасцю галасоў быў абраны галоўны рэдактар партала Natatnik.org Максім Хлябец, а Міс БАЖынкі — Наташа Хамутоўская з Мінска.

Каманда, якая заняла трэцяе месца.

Каманда, якая заняла другое месца.

Каманда, якая заняла першае месца.

Пасля сканчэння конкурснай праграмы удзельнікаў БАЖынак чакала падарожжа на карабліку па Прыпяці і назіранне за птушкамі пад кіраўніцтвам дырэктара заказніка “Сярэдняя Прыпяць” Паўла Мірановіча.

Спадар Мірановіч распавёў пра ўнікальнасць заказнікаў “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты”. Ён адзначыў, што важна змяняць светапогляд людзей, найперш маладога пакалення, каб было разуменне, што людзі адказныя за месца, дзе яны жывуць.

Пасля насычанай праграмы ўдзельнікаў фэста чакаў паром, які пераправіў людзей і машыны на лунінецкі бераг Прыпяці.

Беларуская асацыяцыя журналістаў дзякуе сябрам Лунінецкай філіі аб’яднання за выдатную арганізацыю мерапрыемства, а кіраўніцтву заказніка “Сярэдняя Прыпяць” — за цёплы сяброўскі прыём, пазнавальную інфармацыю пра Палессе.