92 0

«Паказаць, хто ў Беларусі гаспадар»: эксперты расказалі, з кім звязваюць узломы твітара Рыжанкова і ФБ Следчага камітэта

12.06.2018 Крыніца: NN.by

За два дні адбыліся дзве кібератакі: у панядзелак нехта атрымаў кантроль над твітар-акаўнтам намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, у аўторак быў узламаны акаўнт Следчага камітэта ў фэйсбуку. 

Змест апублікаваных ад імя ўладальнікаў паведамленняў даволі спецыфічны: то «Качанава выбачаецца перад Расіяй», то Следчы камітэт нешта робіць «згодна з пажаданнямі расійскага боку».

«Нашай Ніва» спытала ў эспертаў у сферы кібербяспекі, хто б мог стаяць за гэтымі атакамі. 

Адзін з прызнаных спецыялістаў-практыкаў сказаў «Нашай Ніве», што гэта выгадна ахвотным «паказаць, хто ў Беларусі гаспадар».

«Нашыя адпаведныя структуры псіхалагічна не гатовы да таго, што мы можам быць уцягнутыя ў існыя інфармацыйныя войны. І нават да тых выпадкаў, калі прыёмы інфармацыйнай вайны, скінаванай не на нас, могуць быць выкарыстаны супраць нас асобнымі яе ўдзельнікамі ў сваіх асабістых мэтах. Хаця, я падкрэслю, каметэнтныя спецыялісты ў гэтай сферы ў нас ёсць. Чаму ўзламалі Рыжанкова і СК? Я б не выключаў, што ўзламаныя акаўнты КДБ і ўмоўнага Калтовіча, і заўтра нешта з'явіцца і там. Таксама патлумачу, чаму вяртанне кантролю за акаўнтам гэта доўгі працэс, калі завалодванне адбылося праз узлом электроннай скрыні, сервер якой знаходзіцца за межамі краіны, то спачатку трэба аднавіць кантроль над поштай, што таксама патрабуе часу», — сказаў чалавек, папрасіўшы не называць сваё імя.

Ён нагадаў пра даклад ФБР, згодна з якім расійскія хакеры заразілі роўтары ў 50 краінах свету. 

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін наўпрост кажа, што за гэтымі ўзломамі стаяць расіяне. 

«Вядома, што Расія даўно вядзе супраць Беларусі інфармацыйную вайну рукамі другасных журналістаў. Робіцца гэта проста: на нейкім маргінальным рэсурсе з'яўляецца нейкая інфармацыя, пасля чаго яе перадрукоўваюць асноўныя СМІ. І гэтыя ўзломы — падзеі з таго ж шэрагу. Гэта ненавязлівае папярэджанне, што Масква нечым незадаволеная», — кажа Алесін.

«Акаўнты Рыжанкова і Следчага камітэта абралі таму, найхутчэй, бо яны былі кепска абароненыя. Рыжанкоў жа з 2016 года не карыстаўся ім. Але я тут бачу і станоўчы бок — будзе ўзмоцнены падыход да кіберабароны, магчыма, падымуцца бюджэты пад гэтую справу». 

Аналітык Арсень Сівіцкі таксама бачыць у справе расійскі след. 

«Варта згадаць не толькі ўзломы акаўнтаў, але і актывізацыю крамлёўскіх ботаў у сацсетках, якія пачалі масавую крытыку Беларусі. Гэта такая дэманстрацыя магчымасцей Расіі па ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі. Элементы інфармацыйнай вайны выкарыстоўваюцца, каб паказаць, што Беларусь цалкам дасягальная і ўразлівая для кібератак Крамля. А выбар акаўнтаў я б тлумачыў проста — гэта тыя акаўнты, якія змаглі ўзламаць», — сказаў Сівіцкі.

Каментары