3938

“Пакаранне злачынцаў – гэта толькі пытанне часу”

08.05.2015 Крыніца: Марыя Савушкіна для ww.baj.by Сюжэт: Гучныя справы

7 мая ў Мінску грамадскасці прэзентавалі дакументальны фільм “Банда”, прысвечаны знікненням у 1999-2000 гг. вядомых палітыкаў і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Трэйлер да фільма:

Фільм створаны Публічнай установай “Беларускі дакументацыйны цэнтр” (Вільня, Літва). Стужку прадставіла старшыня арганізацыі Раіса Міхайлоўская – аўтарка ідэі фільма і суаўтарка сцэнару. Прэзентацыя фільма сабрала каля 30 чалавек, сярод якіх былі журналісты, праваабаронцы, сябры палітычных партыяў, а таксама маці зніклага журналіста Вольга Рыгораўна Завадская.

Ці не забываемся мы пра зніклых? “Я думаю людзі не толькі “пачалі забываць”, але ўжо і забылі, – кажа Вольга Рыгораўна. – Акрамя фігурантаў гэтых справаў, пра зніклых сёння амаль ніхто не памятае. Таму мне асабіста вельмі хацелася б, каб знайшоў водгук у сэрцах моладзі. Маладыя людзі павінны ведаць, што і як адбываецца ў краіне. Я хачу, каб яны думалі, аналізавалі, не закрываліся і былі грамадскасцю,” – сказала Вольга Завадская. Стужка ёй спадабалася, хоць спн. Завадская і не згодная з версіяй знікнення Дмітрыя Завадскага, пададзенай у фільме.

Справа Дмітрыя Завадскага – адзіная са спраў палітычна матываваных знікненняў, даведзеная да суда. Суд адбыўся ў 2002 годзе. Аднак адказу на пытанні, жывы ці забіты Дмітрый Завадскі, а таксама які асноўны матыў знікнення журналіста, ён не даў. Следства дагэтуль не адказала на гэтыя пытанні. Тым часам, некаторыя асуджаныя ў 2002 годзе па гэтай справе ўжо выйшлі на волю. “Следства як бы працягвацца, але ніякай інфармацыя пра яго нам не даюць,” – кажа Вольга Рыгораўна. Яна таксама нагадала, што 7 ліпеня 2015 года выходзіць тэрмін даўніны расследавання справы знікнення журналіста Дмітрыя Завадскага і справа можа быць закртая.

Мэта стваральнікаў фільма “Банда” – захаваць і сістэматызаваць інфармацыю па гэтых гучных расследаваннях, а таксама распавесці пра падзеі маладой аўдыторыі, якія амаль нічога не ведае пра зніклых палітыкаў. У музычным афармленні фільма нават скарыстаны рэп на тэму палітычных знікненняў, напісаны 18-гадовым музыкам.

Стваральнікамі фільма “Банда” выступілі беларускія рэжысёры Павел Бандзіч і Яўген Шапчыц, аўтары сцэнару – Раіса Міхайлоўская і Марына Бяляцкая. Творчая група працавала над фільмам амаль год. Аўтары сістэматызавалі падзеі, дакументы, сведчанні пацярпелых і асобаў, датычных да падзеяў, звязаных са знікненнямі. Сярод герояў фільма – Алег Алкаеў, Ірына Красоўская, Вольга Рыгораўна і Святлана Завадскія, Васіль Лявонаў, Зінаіда Ганчар, Мечыслаў Грыб, Павал Шарамет, Ханс-Георг Вік і іншыя. Стужка доўжыцца больш за 50 хвілін і складаецца з сямі частак. Фільм “Банда” ў хуткім часе можна будзе паглядзець на сайце Публічнай установы “Беларускі дакументацыйны центр” (Вільня, Літва).

7 мая споўнілася 16 гадоў з моманту знікнення экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Захаранкі. Пацярпелымі па гэтай справе лічыцца маці зніклага Ульяна Захаранка і жонка былога міністра Вольга Захаранка. “Сям’я ніколі не забудзецца пра сваіх родных. Але зніклыя – гэта эліта грамадства, таму мы таксама абавязаны пра іх памятаць. Гэтыя знікненні пацягнулі незваротныя наступствы для нашай краіны”, – сказала праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

Пра расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі перад паказам фільма распавёў праваабаронца Алег Волчак, кіраўнік Цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў, Украіна). Ён паведаміў, што афіцыйная справа па знікненні Юрыя Захаранкі павінна была быць закрытая ў мінулым годзе з-за тэрміну даўніны – прайшло 15 год. “Аднак Генпракуратура і Следчы Камітэт у адказ на нашыя скаргі паведамілі, што справа закрытая не будзе і расследаванне будзе працягвацца”, – кажа Алег Волчак.

Навошта ўладам працягваць следства? Паводле Волчака, як толькі справа закрыецца, пацярпелыя, а таксама іх адвакаты, атрымаюць магчымасць азнаёміцца з дакументамі і паглядзець, што было зроблена за 16 год. А гэта азначае агалошванне вынікаў расследавання і новая інфармацыйная хваля. “Зараз тэма зніклых становіцца нязручнай і нават небяспечнай для перамоваў і на міжнародных сустрэчах, – кажа Алег Волчак. – А я лічу, што гэта самая галоўная тэма, якую трэба менавіта зараз узнімаць. Гаварыць пра гэта трэба сёння, у гэты час, перад прэзідэнцкімі выбарамі”.

Алег Волчак заклікаў усіх, хто ведае нешта пра гэтыя справы і пра падзеі 1999-2000 гг. не маўчаць, звярнуцца да свайго сумлення і выказацца. “Няма ідэальных забойстваў, – кажа былы следчы пракуратуры Алег Волчак. – Забойства чалавека не вырашае праблему, а толькі павялічвае яе. Усе факты, сведкі абавязкова з’явяцца самі, з часам. Са зменай улады ўсе, хто меў дачыненне да гэтых падзеяў, загавораць і будуць сведчыць. Нічога не забыта, усё зафіксавана,” – сказаў А. Волчак і прыгадаў справу Георгія Гангадзе, забітага ўкраінскага журанілста, якая была цалкам раскрытая пасля змены ўлады.

Палітычна матываванымі знікненнямі ў Беларусі сёння лічацца знікненні наступных асобаў:

- Юрый Захаранка, экс-міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, знік у 1999 годзе.

- Віктар Ганчар, віцэ-спікер Вярхоўнага савета 13-га склікання, знік у 1999 годзе.

- Анатоль Красоўскі, прадпрымальнік, знік у 1999 годзе.

- Дзмітрый Завадскі, журналіст, аператар “Першага канала” (Расія), знік у 2000 годзе.

Сайт арганізацыі “Беларускі дакументацыйны цэнтр” з’яўляецца публічнай крыніцай фактаў парушэнняў правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. Ён збудаваны такім чынам, што любы чалавек можа пакінуць на сайце сваю гісторыю ці дакументы. Карыстальнік можа назваць сябе альбо застацца інкогніта. Стваральнікі рэсурсу спадзяюцца ў хуткім часе атрымаць новыя дакументы і сведчанні па справах зніклых беларускіх палітыкаў і журналіста Дмітрыя Завадскага.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!