565 0

Падводныя плыні нецікавых выбараў

01.09.2016 Крыніца: Аляксандр Класкоўскі для часопіса "Абажур"

Першае, што чуеш, калі гаворка заходзіць пра асвятленне чарговых выбараў: «Дык а пра што пісаць, калі ніякіх выбараў няма?» Я тады згадваю, як яшчэ летась, падчас прэзідэнцкай кампаніі, ладная частка апазіцыйных палітыкаў дзяўбла менавіта тое самае: выбараў няма, ганебна ўдзельнічаць у фарсе, ігнор — наша зброя. Яшчэ і дакаралі журналістаў: нашто пішаце пра гэты танны спектакль, падаяце яго як нешта вартае ўвагі… Давалі дыхту і мне (маўляў, падгульваю рэжыму) за тое, што ў сваіх каментарах даводзіў няслушнасць байкоту (які летась алегарычна назвалі ігнорам).

Чаму прыціхлі байкатысты?

Але во цуд: сёлета многія байкатысты-ігнарысты прыкусілі языкі і займаюцца акурат «удзелам у фарсе» — ці то самі вылучаюцца, ці то становяцца даверанымі асобамі вылучэнцаў сваіх партый. Калі летась у апазіцыі панавалі хаос і апатыя, дык сёлета асноўныя апазіцыйныя структуры спрабуюць хоць трохі скаардынаваць намаганні ў межах чарговай кампаніі, ладзяць адмысловыя нарады, абяцаюць выпрацаваць нейкае супольнае пасланне электарату. Пры тым што сёлета выбары значна меншага калібру: не прэзідэнцкія, а толькі парламенцкія. І дэмакратыі ў краіне не дадалося, хіба што душылаўкі трохі паменела. Чаму ж апаненты рэжыму змянілі рыторыку ды падыходы?

Магчыма, хто-ніхто адчуў, што проста ўжо вычарпаны ліміт наступання на граблі. Варта згадаць, што шэраг апазіцыйных сіл, у прыватнасці Аб’яднаная грамадзянская партыя, хрысціянскія дэмакраты, спрабавалі зладзіць і байкот папярэдніх парламенцкіх выбараў 2012 года. Было нават абвешчана, што байкот перамог і яны не адбыліся — засталося, маўляў, шырока праінфармаваць пра гэта электарат ды міжнародную супольнасць. Аднак тыя заявы не перашкодзілі ўладзе сфармаваць чарговую «стэрыльную Палату». Яшчэ болей — у закон увялі забарону заклікаць да байкоту. А Захад у рэшце рэшт увогуле змяніў пугу на пернік у дачыненнях з афіцыйным Мінскам. У ліку іншага і таму, што дэ-факта перастаў успрымаць апазіцыю як значнага гульца на палітычным полі. Толькі тады, мусіць, да каго-кольвек дайшло: трэба меней апеляваць да Захаду, а болей рупіцца самім. Ніхто не паднясе дэмакратыю на сподачку з блакітнай аблямовачкай, калі не будзеш змагацца тут і цяпер, няхай сабе і ў несправядлівых умовах.

Для журналістаў жа маралітэ наступнае: калі ў краіне няма сапраўдных выбараў (і сапраўды, у плане іх празрыстасці, умоў для сумленнай канкурэнцыі Беларусі да цывілізаваных стандартаў — як да Месяца), гэта не азначае, што ў краіне няма палітыкі. Проста палітычныя працэсы разгортваюцца ў спецыфічных формах. Прычым працэсы дастаткова напружаныя, драматычныя. Нездарма ж Аляксандр Лукашэнка, у якога нібыта ўсё схоплена, штораз цвердзіць вертыкалі і відавочна не толькі дзеля прыгожага слоўца: выбары — важны экзамен. Так што медыям варта бачыць падводныя плыні ды камяні «нецікавых» айчынных выбараў. Калі казаць канкрэтна пра тую кампанію, што ідзе цяпер, то я вылучыў бы змену настрояў насельніцтва (значны рост недаверу да ўладаў на тле эканамічнага крызісу) і міжнародны аспект перадвыбарчай гульні рэжыму.

Запыт на альтэрнатыву

Што да настрояў насельніцтва, то варта ўважліва вывучыць лічбы чэрвеньскага нацыянальнага апытання НІСЭПД. Увогуле тым, хто піша на палітычныя тэмы, і тым болей піша аналітыку, раю шчыльна працаваць з сацыялогіяй. Гэта, у прыватнасці, дапамагае крытычна ставіцца да лозунгаў, намацваць слабыя месцы ў стратэгіях палітыкаў, партый. Лічбы НІСЭПД, дарэчы, заўжды паказвалі, што лозунг байкоту не знаходзіў моцнага водгуку ў масах. Паслявыбарныя апытанні засведчылі, у прыватнасці, што на парламенцкіх выбарах 2008-га і 2012 года галасавала блізу дзвюх трацін выбарцаў.

Цяпер жа ў чэрвені высветлілася, што 51,8% рэспандэнтаў ужо гатовыя галасаваць на выбарах, прызначаных на 11 верасня, 19,6% сказалі, што не будуць галасаваць, а 25% — што яшчэ не вырашылі.

Практыка паказвае: асноўная частка тых, хто вагаецца, потым далучаецца да большасці. Такім чынам, яўка і гэтым разам будзе, бадай што, на звычайным узроўні. Што разбівае апазіцыйны міф, нібыта народ перастаў хадзіць на выбары.

«Усім вядома, што ў нас не выбары, а фарс» — гэта яшчэ адна памылковая тэза апазіцыйных лідараў. Паводле НІСЭПД, 38,1% беларусаў чакаюць, што вераснёўскія выбары будуць свабоднымі і справядлівымі, а процілеглага меркавання трымаюцца толькі 36,1%. І гэту прапорцыю, дарэчы, не надта мяняюць шматгадовыя намаганні апанентаў Лукашэнкі пераканаць масу, што выбараў у нас няма, а рэжым нелегітымны. Можна наракаць на наіўнасць ці замбаванасць значнай часткі электарату, але факт ёсць факт. Дык можа, варта скіраваць крэатыў і пафас на іншыя лозунгі?

А вось цікавы парытэт: як за кандыдата — прыхільніка Лукашэнкі, так і за кандыдата, што з’яўляецца праціўнікам прэзідэнта, гатовы прагаласаваць па 26,4% (за іншага кандыдата — 24,5%). І ўжо зусім фенаменальным выглядае ўзлёт рэйтынгу апазіцыйных партый за адзін толькі квартал з 11,3 да 21,3% — амаль што ўдвая! Пры тым што нічога гістарычнага за гэты кароткі перыяд партыі не здзейснілі. Аналітыкі тлумачаць феномен абвостраным запытам незадаволенага эканамічным крызісам насельніцтва на альтэрнатыву. Пытанне, аднак, у тым, наколькі апазіцыя скарыстаецца гэтым запытам.

І тут важнае пытанне, пра што будуць гэтыя выбары. Іначай кажучы — з якімі праграмамі ды лозунгамі звернуцца да электарата кандыдаты. На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, уражанне такое, што далёка не ўсе палітычныя сілы выразна сабе ўяўляюць, пра што і як трэба гаварыць іх вылучэнцам. Вуснамі лідараў старой загартоўкі па інерцыі паўтараюцца заклінанні, што вось мы давядзем усяму свету нелегітымнасць гэтых выбараў. Ну дык жа дваццаць гадоў даводзіце — а толку? Рэжым і ў вус не дзьме. І вось тут самы час, каб журналіст падкінуў пытанне: а ці ёсць нейкі болей свежы месэдж?

Гульні з Захадам

Тут нехта скажа: якія месэджы ні прыдумвай, а прапусцяць у Палату толькі сваіх людзей. Ну мо кагосьці з «падстаўной апазіцыі». Дарэчы, іншым разам уражанне такое, што на выкрыванне гэтай «падстаўной апазіцыі» траціцца ці не ўвесь порах «сапраўдных апазіцыянераў» (што тлумачыцца барацьбой за рэсурсы, увагу заходніх гульцоў).

Журналістам варта адлюстроўваць гэтую калізію, але недапушчальна самім уцягвацца ў высвятленне, хто сапраўдны змагар, а хто не. Каб зарыентаваць чытача, можна напісаць, хто каму які клеіць ярлык, але не наша справа — займацца наклейваннем ярлыкоў.

Адкуль вы ведаеце, хто агент, а хто не? Гэта кантора даведак прэсе не выдае. А калі адкрыюцца архівы спецслужбаў, то, як падказвае досвед шэрагу посткамуністычных краін, нас ці нашых патомкаў можа чакаць багата «открытий чудных», калі той ці іншы палымяны змагар-выкрывальнік сам аказваецца сексотам.

Між тым не факт, што наверсе ўжо на 100 % вызначыліся са складам новай Палаты. Бо гэтая кампанія для Лукашэнкі — элемент даволі складанай гульні з Захадам пад дамоклавым мячом Масквы. Прычым і Захад, паставіўшы на лагодны падыход да афіцыйнага Мінска, апынуўся ў двухсэнсоўнай сітуацыі: і ад прынцыпаў адмаўляцца непрыгожа, і не той час, каб перагінаць кій з патрабаваннямі (бо геапалітыка стала важнейшай за дэмакратыю).

У траўні кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларусью Богдан Здраеўскі, адзначыўшы, што Еўрапарламент цяпер не кантактуе з Палатай прадстаўнікоў, падкрэсліў: «Каб змяніць сітуацыю, неабходна паляпшэнне выбарчага працэсу і месцы для апазіцыі ў парламенце». З іншага боку, амерыканскі дыпламат Скот Роланд (якога пры канцы ягонай місіі у Беларусі прыняў сам прэзідэнт, што само па сабе стала знакам вялікай гульні) на пачатку ліпеня заявіў: нават калі апазіцыянеры не праб’юцца ў парламент, але кампанія засведчыць «пэўны прагрэс» у ажыццяўленні рэкамендацый АБСЕ, то ўжо можна будзе казаць пра «крок наперад».

І што мы ў выніку маем? Калі пан Здраеўскі настойвае на месцах для апазіцыі, то гэта можна трактаваць як торг за мандаты, што не надта добра. Могуць даць адчэпнага: вось вам пара памяркоўных апанентаў улады ў парламенце, — але ж усё адно іх прызначаць (прычым тых, каго можна трымаць на кручку). З іншага боку, калі пан Роланд дае зразумець, што Мінск можа атрымаць залік (па выніках выбараў, між іншым, Амерыка будзе вырашаць лёс сваіх санкцый супраць рэжыму) нават без апазіцыі ў новым складзе Палаты, а толькі за кошт прагрэсу ў працэдурах, то беларускія ўлады з радасцю зоймуцца імітацыяй гэтага прагрэсу.

Зрэшты, кіраўніца ЦВК і так яшчэ да пачатку кампаніі разгарнула рэкламу касметычных навацый працэдурнага кшталту, падаючы іх як гіганцкія крокі ў кірунку празрыстасці выбараў. І журналісту, які аналізуе такія заявы, важна назубок ведаць 30 рэкамендацый АБСЕ па выніках леташняй прэзідэнцкай кампаніі. Тады стане відавочна, што ўлады рэалізуюць толькі пару самых бяскрыўдных парад. Калі ж беларускія чыноўнікі ківаюць на Венецыянскую камісію, то трэба удакладніць: яна не раіць, але і не забараняе мяняць выбарчае заканадаўства цягам апошняга года перад выбарамі. Так што ў Мінска была магчымасць гэта зрабіць, але не было жадання.

Не ўлягаць у працэдуру, бачыць сутнасць

Такім чынам, відавочна, што журналісту, які асвятляе выбары, важна добра ведаць матчастку: законы, пастановы Цэнтрвыбаркама, каляндар кампаніі і г. д. Разам з тым досвед асвятлення мінулых электаральных кампаній сведчыць, што нашы медыі надаюць працэдурным пытанням зашмат увагі. Падрабязна пішуць пра этапы, арганізацыйна-тэхнічныя моманты, але мала пра дзейных асоб, іх праграмы, жывыя калізіі. Ці не галоўнымі медыйнымі персонамі становяцца старшыня ды сакратар Цэнтрвыбаркама, мясцовыя чыноўнікі. Журналісты ахвотна тыражуюць палітычныя заявы, ацэнкі, якія дазваляе сабе кіраўніца ЦВК, хоць па ідэі гэта не яе місія. Арганізатары выбараў мусяць быць непрыкметнымі, як рэстаранная абслуга, а не ментарстваваць у дачыненні да палітычных гульцоў.

Зрэшты, для дзяржаўных СМІ фармальна-тэхнічная, пазбаўленая драматызму і абмалёўкі персаналій метода асвятлення выбараў — цалкам асэнсаваная лінія, бо ўлада не зацікаўлена піярыць сваіх апанентаў, рэкламаваць іх лозунгі. Таму ўсё робіцца паводле няхітрай схемы: вось надышоў чарговы этап, вось што пра гэта кажа закон, вось што прадпісвае пастанова ЦВК, а вось што мяркуе яе сакратар Мікалай Лазавік… Аднак жа ў палон падобнай схемы трапляюць і некаторыя недзяржаўныя выданні. Яшчэ адна хіба недзяржаўнай прэсы — падаваць выбарчую кампанію ў спрошчанай, безаблічнай біпалярнай трактоўцы «апазіцыя vs. улада». Паводле маніторынгу БАЖ, болей за 62 % плошчы, адведзенай на асвятленне парламенцкай кампаніі 2012 года ў «Народнай волі», з’елі чатыры неперсаніфікаваныя суб’екты — апазіцыя, электарат, ЦВК і ўлада. У тыднёвіку «Наша ніва» ў межах асвятлення той самай кампаніі ўладзе адвялі болей за 47 % плошчы.

Маніторынгі БАЖ паказваюць таксама, што асобныя недзяржаўныя выданні непрапарцыйна асвятляюць удзел у выбарах тых ці іншых палітычных сіл: пра нейкія пішуць багата, пра нейкія ж — практычна не згадваюць (хоць тыя таксама варушацца). Зазначу: іншым разам гэта адбываецца проста праз адсутнасць планавання, хаос у рэдакцыйнай працы, але ў пэўных выпадках адразу бачыш, каму сімпатызуе і каго не любіць кіраўніцтва выдання. Такая відавочная ангажаванасць спараджае этычныя пытанні. Роўнааддаленасць ад палітычных гульцоў — найлепшая пазіцыя для журналіста і рэдакцыі. Гульцы ж могуць крыўдзіцца за крытыку, але па вялікім рахунку будуць паважаць за прынцыповасць. І яшчэ парада.

Калі палітыкі пачынаюць назаляць, каб іх піярылі (а перад выбарамі ўсе раптам прачынаюцца), райце не цягнуць у друк сумныя праграмныя тэзы (іх мала хто чытае), а ствараць як мага болей інфармацыйных нагод. Хто лепей крэатывіць у рэале, той сам прымагнічвае прэсу.

Увогуле ж я прагназую, што ў Беларусі доўга яшчэ не будзе справядлівых выбараў. Шлях да дэмакратыі можа заняць дзясяткі гадоў. І ён толькі расцягнецца, калі апаненты рэжыму будуць збольшага гуляць ў яго «дэлегітымацыю», а не спрабаваць рэальна пашырыць свае плацдармы тут і цяпер. У прыватнасці, і праз удзел у апрыёры несправядлівых выбарах. Я называю гэта стратэгіяй жабы ў смятане: некалі, можа, і саб’ецца масла. Звыш усяго, варта разумець, што ў нашым грамадстве пакуль што не напрацаваны пласт палітычнай культуры. І дзяржава, яе медыі не стануць шчыраваць у гэтым сэнсе, ім выгадны акурат дэпалітызаваны абывацель. Недзяржаўная ж прэса, дасціпна пішучы пра нашы скрыўленыя выбары, параўноўваючы іх з досведам заходніх дэмакратый, будзе спрыяць і палітычнай адукацыі грамадзян.

 

Каментары