196

Падпіска па тэлефанаграмах ды іншых распараджэннях на Глыбоччыне

31.07.2020 Крыніца: Таццяна Смоткіна для BAJ.BY Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Напярэдадні новага падпіснога месяца альбо квартала ў Глыбокім актывізуюцца розныя загады з райвыканкамаў ды і ад іншых кіраўнікоў наконт падпіскі. На прадпрыемствы і ў розныя ўстановы горада прыходзяць паперы альбо даюцца вусныя распараджэнні ад чыноўнікаў з патрабаваннямі ў добраахвотна-прымусовым парадку выпісаць дзяржаўныя газеты і часопісы.

Паводле глыбачанаў, у першую чаргу патрабуюць выпісваць прафесійныя газеты і часопісы, такія як «Настаўніцкая газета», «На страже», «Медицинский вестник», «Юный спасатель» і г. д. У некаторых установах даводзіцца пэўная колькасць асобнікаў выданняў рэспубліканскага, абласнога і мясцовага значэння для падпіскі. Цяпер, напрыклад, у Глыбокім даводзіцца ва ўсіх установах абавязкова падпісацца на «Витебские вести». Відаць, у гэтага выдання не зусім добра ідуць справы, раз прымушаюць людзей.

Але, паводле глыбачанаў, цяпер пры новым кіраўніку раёна Аляксандры Шубскім, на некаторых прадпрыемствах людзям дазваляюць не выпісваць раённую газету ў сувязі з невялікімі заробкамі. За што людзі яму ўдзячныя. Пры папярэднім, Алегу Морхаце, такога не было. Можа, таму што ён сам вельмі любіў з’яўляцца на старонках раённай газеты. Людзі нават жартам падлічвалі колькасць здымкаў кіраўніка раёна ў адным нумары газеты — даходзіла да пяці і больш.

Апошнім часам наклад раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» значна скараціўся, і яго рэдактару давялося самому наведваць працоўныя калектывы, каб рэкламаваць газету і падпіску на яе. Але стала заўважна, што рэдакцыя газеты пачала разумець, што большасць прагрэсіўных чытачоў чэрпае навіны з інтэрнэту, таму зараз больш актыўна прасоўвае свой сайт. Нават часам публікавала статыстыку хворых на каранавірус на Глыбоччыне, артыкулы на гэтую тэматыку карысталіся найбольшай папулярнасцю.

Улічваючы тое, што на падпіску людзям даводзіцца выдаткоўваць па 40-60 і больш рублёў, глыбачане пачалі выпісваць газеты па чарзе. Напрыклад, у гэтым квартале адзін чалавек выпісвае рэспубліканскую газету, у наступным — іншы, так і з раёнкай.

У Глыбокім, па словах людзей, у некаторых арганізацыях нават прыдумалі шляхі заахвочвання глыбачанаў да выпіскі газетаў і часопісаў: калі працаўнік выпісвае на вялікую суму, яму даюць адгул ці выпісваюць прэмію.

Дарэчы, настаўнікам традыцыйна выплочваюць дадатковыя грошы на так званую літаратуру, але іх зараз не хапае нават, каб выпісаць на месяц раённую газету. У сярэднім жа на квартал выпісаць раённую газету ў любым рэгіёне Віцебскай вобласці спатрэбіцца ў сярэднім каля 20 рублёў, дзесьці менш, а дзесьці больш — усё залежыць ад таго, поўнакаляровая гэта газета або выпускаецца толькі ў двух колерах.

Цікава, як бы цяпер канкуравалі дзяржаўныя газеты з прыватнымі, каб у іх не было дзяржаўнай фінансавай падтрымкі і прымусовай падпіскі? Якія б з іх выжылі ў цяперашніх умовах?

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!