126 0

«Пабіўшы люстэрка, праблемы не вырашыць». Чаму ўлады зацята цкуюць гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову

19.04.2017 Крыніца: Андрэй Мядзведзеў, "Наша Ніва"

Журналістка-фрылансерка з Гомеля Ларыса Шчыракова вось ужо з дзясятак гадоў асвятляе праблемныя пытанні, падзеі грамадскага жыцця рэгіёна ў эфіры тэлеканала «Белсат» ды на іншых інфармацыйных рэсурсах. Але яе прафесійная дзейнасць стала настолькі няўгодная ўладам, што апошнім часам яны вырашылі пайсці ў адкрыты наступ і папросту зацкаваць Ларысу.

«Хацелася дапамагаць людзям»

Ларыса пачынала працаваць настаўніцай у школе. Яна заўжды была прыхільная да беларускіх каштоўнасцяў. Вучыла дзяцей дабру і любові да Радзімы. Была актыўнай удзельніцай аб’яднання «Талака». Адзінаццаць гадоў таму ў яе нарадзіўся сын Святаслаў. Гэта быў памятны 2006 год. Прайшлі чарговыя выбары без магчымасці выбіраць. Людзі ўбачылі, што ўлада, якая імкліва нарошчвала свой аўтарытарызм, змяняцца не збіраецца.

«Я задумалася пра тое, што робіцца, і вырашыла, што трэба нешта змяняць, і я здольная на гэта паўплываць. Мне хацелася дапамагаць людзям вырашаць іхнія праблемы, рабіць так, каб улада ўсё ж чула свой народ», — гаворыць Ларыса Шчыракова.

Пасля дэкрэтнага адпачынку Ларыса не выйшла працаваць у школу. Яна пачала рабіць тэлесюжэты для «Белсата».

Уведзеныя законы абмяжоўваюць права грамадзяніна на інфармацыю, на яе атрыманне, збор і распаўсюд. З гледзішча дзяржаўнага апарата журналіст можа асвятляць нейкую праблему толькі ў тым выпадку, калі медыя, якое выкарыстае ягоную інфармацыю, будзе мець дазвол на працу ў Беларусі ад афіцыйнай улады.

Паколькі «Белсату» ўлады не дазваляюць легальна працаваць у нашай краіне, то і ўсе тыя, хто дасылае свае інфармацыйныя паведамленні на гэты канал, прыраўноўваюцца ўладамі да правапарушальнікаў.

Рэкорды апошніх гадоў

Нягледзячы на тое, што ва многіх рэгіёнах Беларусі і ў сталіцы мінулы год адзначаўся некаторай лібералізацыяй палітыкі ўлады, на Гомельшчыне 2016-ы стаў сапраўды рэкордным у плане рэпрэсіўных захадаў да незалежных журналістаў. Не мінула гэтая доля і Ларысу Шчыракову. Летась на яе было складзена шэсць пратаколаў за так званы незаконны выраб прадукцыі СМІ. Праўда, у двух выпадках, разгляд якіх адбываўся акурат падчас знаходжання ў Беларусі місіі МВФ, ад якой чакалі вырашэння пытання аб чарговым крэдыце, суддзі палічылі пратаколы складзенымі з хібамі і не прыцягнулі Ларысу да адказнасці.

Столькі ж пратаколаў і ўсё паводле таго ж самага артыкула 22.9 (парушэнне закону аб СМІ) было разгледжана ў дачыненні да Ларысы і ў 2015-м. Такога супраціву свабодзе слова, як на Гомельшчыне, бадай, няма больш ні ў адным рэгіёне. А асабліва зацята ўлада ў апошнія гады змагаецца менавіта з Ларысай Шчыраковай — невялікай ростам, хударлявай, але вельмі моцнай духам жанчынай.

Сем пратаколаў за дзень і судовыя прадстаўленні

Істэрычная рэакцыя ўлады на пратэстныя акцыі сёлетняй вясны, калі сотні, а часам і тысячы людзей, нягледзячы на запужванні і моцны адміністрацыйны ціск, пачалі выходзіць на плошчы, выклікалі хвалю рэпрэсіяў. Амаль нікога з актывістаў апазіцыйных партыяў і рухаў у рэгіёнах не мінулі затрыманні альбо адміністрацыйныя арышты на працяглыя тэрміны. Спаганялі свой злобны страх улады і на незалежных журналістах. Прычым затрымлівалі нават тых, хто працуе афіцыйна, у акрэдытаваных у Беларусі замежных і зарэгістраваных беларускіх медыя.

Але на Ларысу Шчыракову вырашана спусціць, як кажуць, усіх сабак. На так званым «Маршы недармаедаў» у Рагачове 12 сакавіка Ларыса як заўжды выконвала свае журналісцкія абавязкі. Але міліцыя склала на яе пратакол як на ўдзельніцу несанкцыянаванага мерапрыемства. Амаль чатыры гадзіны доўжылася судовае пасяджэнне па гэтай адміністрацыйнай справе — праглядаліся стрымы з Рагачова ад некалькіх медыя. Зрэдку Ларыса трапляла ў кадр і было бачна, што яна не мітынгуе, а выконвае журналісцкую працу — бярэ інтэрв’ю. Тым не менш, тады старшыня суда Гомельскага раёна Раіса Кавалевіч прызнала Шчыракову вінаватай ва ўдзеле ў мітынгу і пакарала штрафам, памерам у сем базавых велічынь. Так званае прыняцце рашэння і яго абвяшчэнне заняло не больш за хвіліну часу.

Але пратакольная ліхаманка ўладаў не сыходзіла. Усяго за два дні — 25 і 26 сакавіка — на Ларысу было складзена 7 (!) пратаколаў. 25 сакавіка, калі Ларысу затрымалі пасля акцыі на Дзень Волі, на яе склалі пратаколы за няяўку паводле позвы ў РАУС 25 сакавіка (тады Ларыса палічыла, што для яе больш важна выконваць сваю працу там, дзе адбывалася галоўная падзея таго дня) і за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ — сюжэту пра непрафесіяналізм дактароў Улукаўскай амбулаторыі. 26 сакавіка былі складзеныя пратаколы за спазненне на 10 хвілін па выкліку ў РАУС (дарогаю да Гомеля Ларыса была спыненая супрацоўнікамі ДАІ), за асвятленне акцыі недармаедаў 25 сакавіка, за сюжэт пра жыхароў аварыйнага барака ў Рэчыцы, за пясок, размешчаны каля ўласнага падворка для рамонту хаты, і за ўтрыманне ў вальеры ў двары нямецкай аўчаркі без рэгістрацыі.

Пратаколы аб няяўцы ў РАУС і аб вырабе сюжэтаў пра Улукаўскую амбулаторыю і Дзень Волі разглядаліся ў судзе Гомельскага раёна 12 красавіка суддзёй Тамарай Застаўнецкай. Саркастычныя ўсмешкі ў прысутных выклікалі паводзіны суддзі, калі яна спачатку паведаміла Ларысе, што тая мае права ведаць, у чым яе абвінавачваюць, а потым так і не здолела прачытаць з пратаколаў, што ж канкрэтна супрацьзаконнага здзейсніла Шчыракова. Суддзя мусіла абвясціць перапынак, каб высветліць, што напісана ў матэрыялах справы, якую яна разглядала. Але пратаколы Тамара Затаўнецкая прачытаць так і не здолела, зачытаўшы дзеянні, якія інкрымінаваліся Ларысе, з нейкай прынесенай паперкі. Тым не менш суддзя аштрафавала журналістку на 40 «базавых» за выраб прадукцыі СМІ і на адну базавую велічыню за няяўку ў РАУС. 

Яшчэ на 30 базавых велічыняў Ларысу аштрафавала суддзя суда Рэчыцкага раёна Святлана Пырх, якая разглядала справу адміністрацыйнага пераследу журналісткі за сюжэт пра аварыйны барак, у якім больш за шэсць гадоў вымушаныя жыць некалькі дзясяткаў рэчычан.

Скрадзены аўтамабіль і абрабаваная бабуля

Пратаколы і штрафы — гэта толькі адзін са складнікаў агульнага запалохвання. 18 сакавіка Ларыса на сваім аўтамабілі накіроўвалася ў Мазыр, але яе спынілі на трасе Гомель—Калінкавічы за сем кіламетраў ад Рэчыцы і прымусілі ехаць у рэчыцкую ДАІ. Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы паведамілі ёй, што ў іх ёсць падставы меркаваць, што аўтамабіль Ларысы скрадзены. Тым не менш даказаць гэта міліцыянты не здолелі (ды і не маглі), і тады яны пачалі нібыта сумнявацца ў сапраўднасці пасведчання кіроўцы. Але і тут усё было сапраўднае.

Час цягнулі для таго, каб паспелі арганізаваць інсцэніроўку больш значнага падазрэння. Пакуль з Ларысай займаліся даішнікі, у Рэчыцу прыехала аператыўна-следчая група з Гомеля ў складзе прадстаўніка Следчага камітэта і міліцыянта. Яны прад’явілі ёй якуюсьці паперу без нейкіх подпісаў, нумароў ці іншых ідэнтыфікацыйных знакаў, з якой вынікала, што Ларыса падазраецца ў абрабаванні бабулі ў гомельскім прыгарадзе — вёсцы Раманавічы. Тры гадзіны група выконвала агляд аўтамабіля Шчыраковай, а потым абвясціла ёй, што яна вольная і калі спатрэбіцца, яе паклічуць у праваахоўныя органы. Але амаль за месяц, які прайшоў з дня агляду аўтамабіля, следчым, што расследавалі крадзеж грошай у пенсіянеркі ў Раманавічах, Ларыса так і не спатрэбілася.

Затое журналістка сама з’ездзіла да Ніны Чуйковай, якую абрабавалі ў Раманавічах, і паразмаўляла з бабуляй. Як аказалася, Ларыса і блізка не падобная на злодзеек, што скралі грошы, прызначаныя для пахавання мужа пенсіянеркі, ды аўтамабіль, у які селі цыганкі, быў зусім іншага выгляду. Тым не менш, замест таго, каб даставіць Ларысу на апазнанне пацярпелай і за хвіліну высветліць, ці мае яна і яе машына дачыненне да здзяйснення крадзяжу ў Раманавічах (якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў ад пасёлка Перамога, дзе жыве сама Ларыса), супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта амаль цэлы дзень выконвалі адно следчае дзеянне, якое, відавочна, увогуле не мела аніякага дачынення да справы.

Ціск на самае дарагое

Так склалася жыццё, што свайго сына Ларыса выхоўвае адна. Дапамагаюць бабуля і дзядуля, але асноўны час адзінаццацігадовы Святаслаў праводзіць дома з маці.

Тым не менш пасля сакавіцкіх акцыяў пратэсту Ларысе пачалі пагражаць менавіта расстаннем з дзіцём. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні наведалі бацькоў Ларысы. У гутарцы з людзьмі сталага веку міліцыянты зазначылі, што, калі Ларыса не пакіне парушаць існуючыя законы, яны будуць ініцыяваць працэс прызнання сям’і Ларысы Шчыраковай, сям’ёй, што знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а затым і адабранне ад яе сына і, магчыма, пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Такі цынічны і нахабны шантаж, на думку яго ініцыятараў, павінен прымусіць Ларысу адмовіцца ад сваёй працы і перастаць дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы праз асвятленне ў медыя.

Людская падтрымка больш значная за пагрозы

Апошні суд над Ларысай праходзіў у Рэчыцы ў яе дзень народзінаў. Яшчэ за даволі працяглы час да пачатку разгляду на прыступках суда сабраліся мясцовыя жыхары, у тым ліку і героі матэрыялаў, якія рабіла Ларыса Шчыракова. У руках амаль ва ўсіх мужчын былі кветкі, нехта трымаў торт, адна жанчына — яблыкі. Людзі шчыра падтрымлівалі журналістку, віншавалі яе са святам і казалі, што яе справа для іх вельмі важная, а ўлада, якая спрабуе яе запалохаць, сама ў хуткім часе абрынецца і панясе адказнасць за свае неправавыя дзеянні.

Малады слесар Рэчыцкага метызнага завода Андрэй Патапаў — герой сюжэта, за які судзілі Ларысу, — таксама быў сярод тых, хто яе сустракаў і віншаваў. Ён жа быў вызваны суддзёй у якасці сведкі па справе. І ён выказваў шчырае неразуменне, у чым грамадская небяспека працы Ларысы і чаму за дапамогу людзям яе судзяць.

«Праблемы, на якія афіцыйныя дзяржаўныя медыя і чыноўнікі не хочуць звяртаць увагі, я ўсяго толькі адлюстроўваю. Чыноўнікам няўтульна, што ў гэтым адлюстраванні яны бачаць непрыемную карцінку вынікаў сваёй дзейнасці. І таму яны хочуць пабіць люстэрка. Але ж ці вырашацца такім чынам праблемы?» — задавала рытарычнае пытанне наўпрост на судзе за сваю прафесійную дзейнасць Ларыса Шчыракова.

Каментары