2582

«Няма веры, што гэтыя выбары могуць нешта змяніць. І гэта прымушае журналістаў штучна драматызаваць некаторыя рэчы»

08.09.2015

Медыяэксперт Палюк Быкоўскі з журналісцкага гледзішча параўноўвае выбары-2010 з выбарамі-2015 і дае пэўныя прафесійныя парады ў інтэрв'ю «Медыякрытыцы».  

«Тады была ўсё ж большая цікавасць да палітыкаў, а не да фрыкаў, – зараз жа на першым этапе асноўная ўвага была прыкавана менавіта да фрыкаў. Сёння людзі, якія пішуць пра гэтую кампанію, вымушаныя пісаць пра нейкія заявы, няхай і гучныя, але за якімі не стаіць нічога. Журналісту даводзіцца хутчэй забаўляць публіку, чым пісаць пра істотныя рэчы».

«...Складанасць ёсць у тым, што «цана» выбараў не вельмі высокая. Гэта значыць цана пытання – «што могуць змяніць у маім жыцці гэтыя выбары?» – шмат у чым нулявая. Паколькі няма веры ў тое, што гэтыя выбары могуць што-небудзь змяніць. І гэта прымушае журналістаў штучна драматызаваць некаторыя рэчы, звяртаць увагу на пэўныя рэчы, якія могуць быць цікавыя ці весяліць публіку.

З іншага боку, на самай справе за гэтым гарызонтам падзей знаходзіцца і іншы момант: у эканоміцы цяпер сітуацыя вельмі складаная. Палітычныя гульцы – ні з аднаго, ні з другога боку, – практычна не выкарыстоўваюць праблемы ў эканоміцы. І не выключана, што журналістам прыйдзецца звярнуць увагу на гэтыя праблемы самастойна, прымушаць палітычных гульцоў адказваць на сур'ёзныя пытанні. Гэта могуць быць пытанні, звязаныя з занятасцю, або іншыя рэчы, якія сапраўды турбуюць масавую аўдыторыю».

«На любых выбарах журналісту не трэба прадавацца і пісаць заказныя артыкулы. Я магу зразумець, калі журналіст становіцца на тую ці іншую пазіцыю і піша на чыюсьці карысць. Бо ён думае, ён суперажывае нейкаму з бакоў. Але заўсёды, падчас усіх выбарчых кампаній, узнікае прапанова: «А давайце вы напішаце так-та, а мы вам аддзячым такім чынам». Вось гэтага рабіць зусім нельга, паколькі рэпутацыя даволі хутка губляецца. Аўдыторыя амаль заўсёды заўважае штучнасць пазіцыі, рэдакцыйная палітыка церпіць ад такіх публікацый, і ў выніку губляецца аўтарытэтнасць таго ці іншага выдання».

Поўная версія гутаркі
 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!