НЕ - ВАЙНЕ!
453

«Ня здасца і ня зьменіць сваіх поглядаў». Журналіст Грузьдзіловіч пра 3 месяцы ў адной камэры з мэдыямэнэджарам Аляксандравым

06.10.2022 Крыніца: Радыё Свабода

6 кастрычніка суд вынес рашэньне ў справе БелаПАН, мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў пазбаўленьня волі. Пра яго расказаў журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, зь якім Андрэй знаходзіўся ў адной камэры цягам 3 месяцаў.

«За ўсю камэру выступаў Андрэй»

Алег Грузьдзіловіч адразу трапіў на Валадарку ў камэру да Андрэя Аляксандрава. Андрэй там знаходзіўся ўжо больш за год на той час.

«Ён быў у той камэры ўжо самым дасьведчаным вязьнем. Зразумела, мы пазналі адзін аднаго, гэта было адразу вялікай радасьцю і маральнай падтрымкай для мяне, які туды толькі трапіў. У камэры, як у касьмічным караблі: ёсьць і добрыя рэчы, і нейкія праблемы. З Андрэем мы заўсёды знаходзілі паразуменьне, ніколі зь ім не было канфліктаў. Ён чалавек, які ўмее дамаўляцца з людзьмі, умее адстаяць сваю пазыцыю.

Адразу, як я прыйшоў у камэру, то зразумеў, што Андрэй на пазыцыі лідэра сярод вязьняў, ён такі чалавек па сваіх якасьцях. Усе вязьні падчас праверак маюць права выказаць нейкія заўвагі ці парады. У нас у камэры амаль не было вакна, мы фактычна не бачылі сьвятла, адсюль і праблемы з паветрам. Звычайна за ўсю камэру выступаў Андрэй, у яго быў наладжаны дыялёг з турэмнікамі, тыя яго паважалі за ўменьне данесьці праблему бязь лішніх эмоцый», — кажа Алег Грузьдзіловіч.

«Меў добрыя адносіны з усімі вязьнямі»

Алег Грузьдзіловіч успамінае, што Андрэй Аляксандраў мае здольнасьць наладзіць зносіны зь іншымі вязьнямі, гэта тычыцца ня толькі палітычных.

«У турмах зараз шмат людзей сядзяць паводле артыкулу 328 („наркатычны“ артыкул). Ён знаходзіў з такімі хлопцамі агульную мову, дапамагаў ім. У нас у камэры быў такі хлопец, і Андрэй дапамагаў яму выстраіць сваю пазыцыю на судзе, за час у камэры ён добра адукаваўся юрыдычна», — гаворыць Алег Грузьдзіловіч.

«У яго непахісная пазыцыя»

Андрэй Аляксандраў не прызнаў сваёй віны і прызнаваць не зьбіраўся. У сваіх учынках ён не сумняваўся.

«Ён паводзіў сябе так, што гэта сьведчыла аб мужнасьці і непахіснасьці ягонай пазыцыі. Ён не прызнаваў сваёй віны і расказваў, што ня будзе прызнаваць, ні ў чым не сумняваўся. Гэта быў такі выдатны прыклад, як сябе паводзіць. Думаю, у калёніі ён усё будзе мужна і спакойна пераносіць, яго не зламаюць гэтыя выпрабаваньні. Ён хутка зразумеў правілы паводзінаў у такіх установаў. Маральна ён ня здасца і ня зьменіць сваіх поглядаў. Ён ня проста не прызнаваў віны, а зьдзіўляўся, абураўся таму, як такое магчыма», — апісвае Алег Грузьдзіловіч.

«У камэры займаецца спортам»

Андрэя добра падтрымліваюць, ён меў прадуктовыя перадачы і з усімі дзяліўся імі, кажа Алег Грузьдзіловіч.

«У камэры быў хлопец, які інструктаваў усіх наконт фізычных практыкаваньняў. І Андрэй рэгулярна займаўся, хлопцы зрабілі гантэлі з бутэлек з вадой. Андрэй пад кіраўніцтвам гэтага хлопца працаваў з гэтымі гантэлямі. За той час, пакуль я быў, праблемаў са здароўем у яго не было», — прыгадвае Алег Грузьдзіловіч.

«Цяжка было, бо ня мог бачыцца з Ірынай»

Разам з Андрэем Аляксандравым затрымалі ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну (ім удалося ўзяць шлюб у зьняволеньні 1 верасьня сёлета). Алег Грузьдзіловіч кажа, што для Андрэя была праблема, што цяжка пабачыцца з Ірынай.

«Ім удавалася толькі зрэдку пабачыцца ў турэмным калідоры. Сьпісвацца яны не маглі, бачыцца нармальна таксама. Толькі калі нехта мог яму напісаць пра яе ў лісьце. У камэры мы зь ім шмат абмяркоўвалі сытуацыю ў сьвеце, асабліва пасьля лютага, калі даведаліся пра напад Расеі на Ўкраіну. Андрэй шмат ведае і шмат можа расказаць», — гаворыць Алег Грузьдзіловіч.

Падчас зьняволеньня Андрэй шмат чытаў, а таксама пісаў вершы.

«Ён упэўнены, што столькі, колькі яму дадуць, ён не адсядзіць»

Андрэй Аляксандраў ня меў ілюзій наконт свайго суду, але быў упэўнены, што выйдзе раней за прысуджаны тэрмін, бо сытуацыя ў Беларусі зьменіцца.

«Андрэй не сумняваўся, што яму шмат дадуць падчас суду, але заўжды быў упэўнены, што столькі ён не адсядзіць. Не праз гандаль палітвязьнямі, а праз тое, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца. Ён таксама супакойваў гэтым усіх палітычных», — даводзіць Алег Грузьдзіловіч.

Журналіста і мэдыямэнэджара зь Менску Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году праз падазрэньне ў «фінансаваньні пратэставай дзейнасьці».

Былога намесьніка дырэктара інфармагенцтва Андрэя Аляксандрава абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў, ухіленьні ад выплаты падаткаў, стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» «БелаПАН» альбо ўдзеле ў ім, а таксама ў здрадзе дзяржаве.

Жонку Аляксандрава Ірыну абвінавацілі таксама ў арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве.

Паводле МУС, Аляксандраў і Злобіна фінансавалі акцыі пратэсту — супрацоўнічалі з краўдфандынгавай плятформай BY_help і ў пэрыяд з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году заплацілі больш як 250 штрафаў.

Чытайце яшчэ:

Фігурантаў справы БелаПАН засудзілі на значныя тэрміны зняволення – ад 4 да 14 гадоў

Выракі па “справе БелаПАН” – помста за прафесійную працу і пазіцыю. Заява БАЖ

КДБ папоўніў свой “тэрарыстычны спіс” палітзняволеным журналістам Андрэем Пачобутам

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!