НЕ - ВАЙНЕ!
1411

Ніякай рамантыкі! Топ-5 міфаў пра журналістыку

05.02.2016 Крыніца: Сяргей Пульша для www.baj.by

«Некаторыя майстры разбіваюць цагліны галавой. Потым пакутуюць ад галаўнога болю», — казаў невядомы майстра баявых адзінаборстваў.

З журналістыкай тое ж самае. Шмат хто прыходзіць у прафесію пад уплывам рамантычных фільмаў і прыгодніцкіх дэтэктываў, галоўнымі героямі ў якіх ёсць журналісты. Шмат хто глядзіць на працу журналістаў на розных «чырвоных дарожках», уяўляючы «гламурнасць» прафесіі. І самі СМІ ствараюць вобраз «рамантычнасці і гламурнасці» сваёй працы, — без самарэкламы нікуды. Інакш дзе б мы бралі новых адэптаў? :)

Потым адэпты пакутуюць. Рамантыка разбіваецца аб суровую праўду жыцця.

Для дзяўчынак. Гламур.

Каму ж не хочацца пастаяць з мікрафонам альбо дыктафонам ля розных «зорак» на розных «чырвоных дарожках»? Каму не хочацца быць «на кароткай назе» з сусветнавядомымі асобамі?

Стандартная карцінка, якую робяць рознага кшталту фільмы пра журналістаў: увечары «акула пяра і тэлекамеры» тусуецца на нейкім прыёме з безліччу «зорак», размаўляючы з рознымі VIP-амі (а калі гэта журналістка, то, магчыма, яна яшчэ і апынаецца ў ложку з нейкім прывабным маладым мільярдэрам). А на раніцу журналіст прыходзіць у рэдакцыю і бачыць свой матэрыял на першай паласе газеты, альбо з задавальненнем глядзіць свой рэпартаж па тэлевізары.

Задайцеся простым пытаннем: калі журналіст усю ноч тусіў з рознымі наступствамі, то хто зрабіў той матэрыял, які ён праглядае на раніцу?

Тота ж бо! Праца журналіста на такіх тусоўках не дае яму магчымасці шчыльна пазнаёміцца з тымі ж VIP-амі. Ягоная задача — узяць інтэрв’ю. А потым (асабліва ў век Інтэрнэту) карэспандэнт нясецца ў рэдакцыю, каб гэтае інтэрв’ю «зняць» з дыктафона, апрацаваць, вычытаць. Адправіць карэктару, адтуль — рэдактару, падагнаць фотакарэспандэнта, каб ён даў добрыя здымкі, потым — да выпускаючага, каб «тэрмінова ціснулі ў друк», — калі гэта тычыцца газеты. Альбо змантажаваць відэасюжэт, напісаць падводку для вядучага, аддаць яе рэдактару, знайсці месца ў эфіры — ну, вы разумееце...

Можа быць, і хацелася б проста паразмаўляць «за жыццё» з разумным чалавекам. Але на такія размовы, як і на тусоўкі з VIP-амі ў журналіста проста няма часу. І добра, калі той самы VIP наступным разам пазнае «акулу пяра» ў твар, не кажучы ўжо пра тое, каб згадаць ягонае імя.

Калі вы шукаеце праз журналістыку «пранікнення ў гламур» — кіньце дурное. Такога не будзе. Адна мая аднакурсніца яшчэ студэнткай казала мне: «Я пайшла ў журналістыку, каб знайсці добрага мужа». Але нават праца ў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» (наколькі ўжо «гламурнае» выданне!) ёй у гэтым не дапамагла. Апошнім разам я яе бачыў, калі яна перавялася ў піяр-службу нейкага банка. Можа быць, там ёй пашчасціла. Але гэта ўжо не журналістыка.

 

Для хлапцоў. Сенсацыі і расследаванні

Для негламурнай часткі чалавецтва мы прыдумалі іншую замануху. Журналіст у ёй выглядае, як Тэрмінатар і Джэймс Бонд у адным флаконе. Які натыкаецца на сенсацыю, праводзіць расследаванне ў дачыненні да вышэйшых дзяржаўных асобаў, вядзе схаваны запіс змоваў чыноўнікаў і мафіі, бегае ад гэтай мафіі і наёмных забойцаў, ламае камп'ютарныя сеткі і проста сейфы, каб атрымаць патрэбную інфармацыю і дакументы. І ў выніку «нацягвае» ўсіх па самае не балуй.

Прыемна, канешне, глядзець на такіх кіношных «шустрыкаў», але насамрэч так расследаванні не робяцца. Па правілах журналісцкага расследавання атрыманая сенсацыйная інфармацыя павінна быць пацверджана альбо дакументальна, альбо з дзвюх незалежных крыніцаў. І «сакрэт», які вам пад вялікай таямніцай выдаў нейкі ананім, шляхам «дзвюх незалежных крыніцаў» ператвараецца ў прынцыпе ў агульнадаступную інфармацыю. «Was wissen zwei, wisst Schwein» — «Што ведаюць двое, ведае і свіння», кажуць немцы.

«За выключэннем вельмі невялікай колькасці асобных выпадкаў, самае страшнае, чым пагражае журналісцкае расследаванне — гэта нудота», — піша былы вядучы супрацоўнік лонданскай «Observer», адзін з лепшых выкладчыкаў журналістыкі Дэвід Рэндал у сваім падручніку «Універсальны журналіст». Сапраўды 90% журналісцкага расследавання — гэта не «пагоні, бойкі, пераслед», а нудотная праца з дакументамі. Карл Бернстайн і Боб Вудвард, працуючы над тым, што мы зараз завем «класікай журналісцкага расследавання», — Уотэргейцкім скандалам, — забілі дакументамі чатыры вялізныя шафы.

Пра ўзлом камп'ютарных сетак і сейфаў я ўвогуле не кажу. Што вы будзеце рабіць з атрыманай такім чынам (незаконна) інфармацыяй? Яе да публікацыі не прыме ніводзін рэдактар!

Калі вы сапраўды жадаеце нешта расследаваць, будзьце гатовыя не гойсаць па дахах, уварочваючыся ад куляў, а сядзець у рэдакцыі днямі і начамі, перапрацоўваючы горы дакументацыі. І ваш лепшы сябра ў гэтым плане -- не калега, які пойдзе за вамі ў агонь і ваду, а бухгалтар ці архівіст, якія дапамогуць разабрацца ў тонах папераў.

Як вам такая «рамантычная» перспектыва?

 

Для амбіцыйных. Вядомасць

Яшчэ адзін напалову міф пра журналістаў: самому можна стаць «зоркай». Тыя самыя VIP-ы будуць самі выстройвацца ў чэргі, каб даць вам інтэрв’ю альбо патрапіць у вашую перадачу.

Так, канешне, канешне, можна стаць «зоркай». Але гэта не зробіцца так лёгка, як заўсёды падаецца ў кіно. Па-за кадрам застаюцца гады ўпартай, «чарнавой» працы над сабою, пад час якой злазіць ўсялякае шалупінне наконт «рамантыкі» журналісцкай прафесіі.

Гэта намсамрэч цяжкая праца. Калі вы марыце стаць «зоркай», напрыклад, ранішняга эфіру, запытайце сябе: ці гатовыя вы ўставаць кожны дзень а трэцяй гадзіне ночы, каб даехаць да тэлецэнтру і падрыхтавацца да эфіру? Ці гатовыя вы прыходзіць дадому штодзённа ў дзве гадзіны ночы, калі вы маеце намер стаць «зоркай» эфіру вечаровага?

Калі так — адразу развітвайцеся з асабістым жыццём: мала якія жонка ці муж вытрымаюць ваш графік працы. Колькасць разводаў у журналісцкім асяродку — адзін з самых высокіх паказчыкаў у свеце.

І ведайце: як толькі вы знікнеце з гэтага эфіру, хаця б на пару тыдняў — пра вас імгненна забудуцца.

 

Сябе паказаць, свет паглядзець

У мастацкіх фільмах журналіст у пошуках інфармацыі гойсае па ўсім свеце. У тых жа movies ён вядзе прамыя эфіры з «гарачых кропак» і гэтак далей. Ізноўку размова ідзе пра «рамантыку прафесіі».

У гэтых фільмах застаецца па-за кадрам важны момант: а за якія грошы гэта робіцца? Прынамсі, калі я вучыўся на журфаку (20 год таму), нашыя настаўнікі лічылі спецыялізацыю «міжнародная журналістыка» адміраючай. Проста таму, што ў Беларусі ніводная рэдакцыя, нават самая-самая крутая, не можа сабе дазволіць утрымліваць карпункт за мяжою.

Наўрад ці вам давядзецца сутыкнуцца і з «гарачымі кропкамі». Па-першае, у сусветныя агенцтвы, якія могуць сабе дазволіць выправіць туды журналіста, патрапіць не так проста. Па-другое, ім прасцей знайсці каго-небудзь «на месцы». А калі ўжо вам «пашчасціць», то ведайце: абавязковая страхоўка заходняга журналіста ў «гарачай кропцы» складае сотні тысяч долараў, а вось нашага, мясцовага, — некалькі дзясяткаў. Сусветныя агенцтвы таму і сталі сусветнымі, што любяць і ўмеюць лічыць грошы.

У нас у нейкае «месца падзеяў сусветнага масштабу» едуць адчайныя адзінкі. Без страхоўкі, без экіпіроўкі і, звычайна, «метадам краўдфандынгу» — на ахвяраванні сяброў і зацікаўленых чытачоў. Рэдакцыя мала чым можа дапамагчы журналісту — хіба што аформіць дакументы па рэгістрацыі-акрэдытацыі і выдаць неабходны мінімум сродкаў на дарогу.

А «рамантыка «гарачых кропак» знікае, як толькі ты бачыш першы труп.

 

Журналістыка — прэстыжная і высокааплочваемая прафесія

Наконт прэстыжу — гэта гледзячы што разумець пад «прэстыжам». Насамрэч журналіст мае мала перавагаў перад звычайным грамадзянінам. Часцяком ад новых знаёмых можна пачуць фразу: «Глядзі, ён пра цябе ў газету напіша!» Гы-гы, два разы. У газету пішацца тое, што цікава чытачам. І чытачоў, зазвычай, не цікавіць, што нехта недзе бухнуў. Выпіць яны і самі могуць.

Калі-некалі, асабліва на нейкіх акцыях, калі людзей «вінцяць» міліцыянты, да журналіста падбягаюць з заклікам: «Зрабіце што-небудзь, вы ж журналіст!» Ну, журналіст, ну і што? У яго ніяк не больш правоў за звычайнага грамадзяніна.

А наконт высокааплочваемасці… Глядзіце папярэдні раздзел. Няма ў нас багатых рэдакцый. І таму журналісты часцяком не толькі працуюць у адным месцы, а і пішуць «для каго-небудзь яшчэ». Прычым, не толькі з-за грошай.

 

Фільмы бываюць розныя

Найлепшы паказ штодзённай, нармальнай журналісцкай працы я сустрэў, як ні дзіўна, у фільме «Юныя мутанты чарапашкі-ніндзя». Там журналістка «6 канала» Эйпрыл О’Ніл ўвесь час шукала сенсацыю, ледзьве не спазняючыся на «абавязковыя» сюжэты. А «абавязковыя» сюжэты — напрыклад, як правільна скакаць на батуце, каб схуднець.

І яна прыкра кажа: «Я чатыры гады вучылася, каб распавядаць людзям, як правільна скакаць на батуце»? На што ейны аператар адказвае: «Я разумею, ты хочаш быць сур’ёзным журналістам. Я бачу, як ты палюеш на крутыя сюжэты. Але няма нічога кепскага, каб даць людзям нешта прасцей, што-небудзь з бурбалкамі. Вось ты бярэш каву — і гэта проста кава. А зверху табе робяць такія смачныя бурбалкі, пенку. Гэта міла, смачна, салодка. Дык вось, ты таксама даеш людзям нешта смачнае, салодкае, лёгкае і мілае. Ад гэтага ты павінна задавальненне атрымліваць, а не лаяцца».

Сапраўды, значная частка працы журналіста — каб зрабіць чытачу «міла, смачна і салодка». Прычым, няважна, пра што матэрыял: пра скокі на батуце, альбо сур’ёзная эканамічная аналітыка. Напісаць агляд рынку нафты, каб чытач усё зразумеў і не адчуў сябе тупым — гэта таксама мастацтва.

А калі Эйпрыл О’Ніл знайшла сваю сенсацыю — чарапашак-ніндзя, — яна не здолела гэта нічым пацвердзіць. І яе з «6 канала» звольнілі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!