2422

Незалежныя СМІ: без права распаўсюду

24.11.2015 Крыніца: Марына Коктыш, "Абажур" №5 (113) Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Больш як 10 гадоў незалежныя сродкі масавай інфармацыі спрабуюць адстаяць сваё права на свабодны распаўсюд. На жаль, пакуль безвынікова. Хаця для таго, каб газета трапіла ў шапікі «Белсаюздруку» альбо у падпісны каталог «Белпошты», не трэба змяняць заканадаўства, не патрэбны тут і дадатковыя фінансавыя выдаткі. Усе памкненні незалежных выданняў упіраюцца ў штучна створаны «беларускі» тупік.

Анатоль Букас: «Не ведаю, выжывем мы да Новага года ці не...»

Штотыднёвік «Борисовские новости» немагчыма знайсці ў шапіках «Белсаюздруку» з 2006 года, тады ж газету адмовілася распаўсюджваць і «Белпошта». У чэрвені 2013 года выданне ўсё ж вярнулі ў падпісны каталог, але зусім ненадоўга.

— Сёлета я накіроўваў два лісты ў «Белсаюздрук» і «Белпошту», — распавядае галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас. — Адмовілі з фармулёўкай, што распаўсюджваць наша выданне «немэтазгодна». Я напісаў таксама ў Міністэрства гандлю — прасіў, каб далі магчымасць адкрываць гандлёвыя кропкі па продажы газеты ў крамах. Мяне адправілі ў Мінаблвыканкам. Паехаў на прыём да начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкама Руслана Трухана, а той сказаў: «Не!» Чыноўнікі лічаць, што ў газетных шапіках дастаткова дзяржаўных выданняў.

Варта адзначыць, што больш як два гады таму газету «Борисовские новости» ўключылі ў падпісны каталог, але пратрымалася яна там толькі тры месяцы. А выключылі насамрэч не таму, што мы быццам бы не паспелі падаць звесткі на новы падпісны сезон. Мы паспелі, аднак чыноўнікі спаслаліся на тое, што мы парушылі тэрмін. Я лічу, што гэта была адмова на фармальнай падставе.

Цяпер наклад «Борисовских новостей» — 5 000 экзэмпляраў, яшчэ 10 000 — рэкламны дадатак «БарЖоМі». Палову тыражу «БарЖоМі» мы ўкладаем у «Борисовские новости», астатняе развозім па магазінах, рынках, кіёсках і г. д. Рэклама сёння дае нам магчымасць існаваць.

Калі па шчырасці, надзеі на светлую будучню ў мяне няма. Вельмі кепскія справы. Нават не ведаю, выжывем мы да Новага года альбо не...

Уладзімір Скрабатун: «Нас, відаць, уключылі ў нейкія “чорныя спісы”»

У падпісным каталогу газеты «Вольнае Глыбокае» няма. У 2013 годзе рэдакцыя звярталася з просьбай уключыць выданне ў падпісны каталог на 2-е паўгоддзе, але ў адказе, які прыйшоў з галоўнага офіса РУП «Белпошта», спаслаліся на «немэтазгоднасць».

Выданне прадаецца ў газетных шапіках горада, але на рэалізацыю бяруць не больш за 40 асобнікаў.

— Нас, відаць, уключылі ў нейкія «чорныя спісы», — гаворыць галоўны рэдактар «Вольнага Глыбокага» Уладзімір Скрабатун. — Наклад «Вольнага Глыбокага» — 2000 асобнікаў. У шапіках мы прадаёмся, але адразу была выстаўленая ўмова, што будуць браць на рэалізацыю не больш як 40 нумароў. Яшчэ на рынках прадаёмся, у прыватных крамах. Натуральна, не ўсе крамы хочуць распаўсюджваць незалежную газету, аднак ёсць нармальныя прадпрымальнікі, з якімі мы супрацоўнічаем не адзін год, і ніхто на іх не наязджае.

Цяпер увогуле вялікія праблемы з продажам газеты. Людзі збяднелі. Заробкі затрымліваюць, пенсіі мізэрныя, на вёсках жывуць з натуральнай гаспадаркі. І нават нашы сталыя чытачы вымушаны адмаўляцца ад газеты, бо проста не могуць аплаціць падпіску. Нумар газеты каштуе 5 тысяч рублёў, а некаторыя атрымліваюць усяго паўтара мільёна. Якія тут могуць быць думкі пра газету — толькі б выжыць!

Віктар Валадашчук: «Мусіць, яны адказы ўсім пад капірку пішуць...»

У падпісным каталогу і шапіках «Газеты Слонімскай» няма з 2006 года. Сёлета напрыканцы красавіка кіраўніцтва «Белпошты» зноў адмовілася ўключыць выданне ў падпісны каталог. Ад «Белсаюздруку»незалежная рэдакцыя таксама атрымала адмову.

— Мы два разы на год звяртаемся да кіраўніцтва «Саюздруку» і «Белпошты», але адказы адны і тыя ж: «Немэтазгодна!» — гаворыць галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук. — Мусіць, яны іх усім пад капірку пішуць.

Мне падаецца, што нават нашыя мясцовыя крамы, дзе мы таксама хацелі б прадавацца, раяцца з чыноўнікамі, бо і яны адказваюць, што прадаваць газету ў краме немэтазгодна. Хаця, напрыклад, дзяржаўная газета там прадаецца, і бясплатная прыватная рэкламная газета «Мой раён» таксама распаўсюджваецца...

Валер Булгакаў: «Будзем рабіць стаўку на электроннае выданне»

Часопіс «ARCHE. Пачатак» уключаны ў падпісны каталог «Белпошты». У газетных шапіках не прадаецца. У 2014 годзе рэдакцыя часопіса звярнулася ў чарговы раз у «Белсаюздрук» з прапановай распаўсюджваць выданне ўраздроб, але атрымала адмову з матывіроўкай, што гэта немэтазгодна. Таксама без тлумачэння прычын прадаваць часопіс адмаўляецца і «Белкніга».

— Сёлета мы нікуды не звярталіся, бо не бачым у гэтым сэнсу, — гаворыць галоўны рэдактар часопіса Валер Булгакаў. — Нам прыходзіць адзін і той жа адказ. Усё пачалося пасля таго, як мы 11 гадоў таму выдалі нумар, прысвечаны Лукашэнку. І тады нас выкінулі і з кіёскаў, і з кнігарні «Белкніга». Што тычыцца будучыні, то мы будзем рабіць стаўку на электроннае выданне. Але для гэтага патрабуюцца вялікія высілкі: і арганізацыйныя, і кадравыя, і рэсурсавыя. Самае галоўнае для нас — захаваць часопіс, бо такія выданні звычайна не разлічаны на масавага чытача…

Уладзімір Янукевіч: «Думаю, газета не згіне»

Газеты «Intex-press» няма ў падпісным каталогу і кіёсках з 2006 года. Рэдакцыя рэгулярна звяртаецца і да «Белпошты», і да «Белсаюздруку», але атрымлівае адмовы ў распаўсюдзе.

— Апошні раз звярталіся, можа, месяц ці два таму, — гаворыць галоўны рэдактар «Intex-press» Уладзімір Янукевіч. — Распаўсюджваемся праз уласную падпіску і сетку распаўсюду, а таксама праз гандлёвыя кропкі.

Наклад у нас цяпер 12 452 асобнікі. Раней было больш. Калі прыпынілі наш распаўсюд, мы пайшлі да людзей. Уся рэдакцыя хадзіла па кватэрах! Гандлявалі газетай нават журналісты. Так нам удалося падтрымаць наклад. Раней тыраж у нас быў больш як 15 000 асобнікаў, а цяпер зменшыўся да 12 000.

Дарэчы, менавіта падчас такога наўпроставага гандлю мы заўважылі, што многія людзі перайшлі на безнаяўны разлік. І калі яны падыходзяць купіць газету, часта пытаюцца: «Картку возьмеце для аплаты?» У краме праблем няма: карткай можна разлічыцца і за хлеб, і за газету адначасова. Аднак знайсці наяўнымі ў кішэні 5 500 беларускіх рублёў, як паказала практыка, могуць не ўсе. Гэта выклікала пэўныя цяжкасці.

У суды спрабавалі звяртацца нашыя падпісчыкі. Але іх іскі нават разглядаць не сталі, бо «Саюздрук» і «Белпошта» даслалі даволі абгрунтаваныя тлумачэнні, што маюць права не заключаць такія дамовы. І ўсё на гэтым. Другі раз мы спрабавалі арганізаваць судовы працэс, калі нас пачалі выкідваць з шапікаў і ганлдлёвых кропак. Напрыклад, гіпермаркет «Карона» быў не супраць гандляваць нашай газетай. Мы заключылі дамову. Але другую адгрузку накладу яны ўжо не прынялі. Чытачы з гэтай нагоды напісалі свае заўвагі ў кнігу скаргаў: маўляў, хацелі б набываць газету ў вашай краме. Кіраўнікі гіпермаркета адказалі, што дамова з газетай ёсць, але выданне яны проста не замаўляюць для продажу. Гандлёвыя кропкі цяпер так складаюць свае дамовы, што яны павінны нам даслаць пісьмовы запыт на тое, каб мы даставілі ім чарговы нумар газеты. Не даслалі нам такую заяўку — значыць, мы не павінны ім нічога прывозіць.

Што тычыцца перспектыў, то бліжэйшым часам мы збіраемся крыху рэканструяваць рэдакцыю і змяніць форму працы. Зараз мы над гэтым вельмі сур’ёзна працуем. За мяжой штотыднёвкі робяцца вялікімі накладамі і распаўсюджваюцца бясплатна. Жывуць за кошт рэкламы. У нас ёсць рэклама, але за апошні год мы таксама пацярпелі даволі значныя страты, у параўнанні з мінулым годам кожны месяц губляем 60–70 мільёнаў. Не ведаю, як далей будзе развівацца беларускі бізнес. Змрочныя перспектывы вымалёўваюцца... Усе прадказваюць заняпад. І калі гэта спраўдзіцца, то, магчыма, прыпыняцца наша развіццё, рэформы, якія мы хацелі б бачыць у газеце. Але, я думаю, газета не згіне. Для сябе абумоўліваю час, што гады тры-чатыры з больш-менш прыстойным накладам газета дакладна будзе існаваць.

Аксана Колб: «Будзем звяртацца яшчэ!»

«Новага часу» няма ў падпісным каталогу і газетных кіёсках з 2006 года. Газета распаўсюджваецца ўласнымі намаганнямі: праз падпіску ў рэдакцыі, а таксама пры дапамозе грамадскіх распаўсюднікаў. 24 жніўня пасля шматгадовага перапынку рэдакцыя «Новага часу» вырашыла зноў звярнуцца да «Белсаюздруку» з просьбай пра заключэнне дамовы на распаўсюд газеты праз гандлёвую сетку гэтай дзяржаўнай установы. Але атрымалі адказ, што «па тэхнічных прычынах» гэта немагчыма.

Праўда, кіраўніцтва РУП «Белсаюздрук» паабяцала вярнуцца да гэтага пытання напрыканцы года.

— 11 верасня я аднесла зварот наконт падпіскі і ў «Белпошту», — распавядае Аксана Колб, якая выконвае абавязкі галоўнага рэдактара «Новага часу». — Спачатку да мяне выйшла жанчына з аддзела падпіскі і вельмі падрабязна ўсё растлумачыла, праверыла дакументы, якія я прынесла. Сказала, колькі грошай і на які рахунак трэба пералічыць, каб уключылі ў каталог. Але праз 20 хвілін мне патэлефанавалі і сказалі, што яны памыліліся і што наогул не павінны былі даваць паперы для афармлення, бо ў каталог можна было трапіць толькі да 4 верасня. І, маўляў, у дадатак да каталога яны даўно нікога не ўключаюць.

Аднак справа ў тым, што ёсць загад «Белпошты», у адным з пунктаў якога напісана: тыя, хто не паспеў падаць заяву ў вызначаныя тэрміны, уключаюцца ў дадатак да каталога. І калі я нагадала пра гэта намесніцы старшыні «Белпошты», то яна сказала, што ўжо даўно так не робяць… Але мы не страчваем надзеі і будзем звяртацца яшчэ і да «Белпошты», і ў «Белсаюздрук».

Васіль Зданюк: «Я быў упэўнены, што нас уключаць у падпісны каталог»

У шапіках штотыднёвік «СНплюс. Свободные новости плюс» прадаецца, а ў падпісным каталогу яго няма. У красавіку 2015 года «Белпошта» ў чарговы раз адмовілася ўключыць газету ў падпісны каталог з прычыны «немэтазгоднасці».

— Некалькі месяцаў таму мы звярталіся з просьбай унесці нас у падпісны каталог на другое паўгоддзе, — гаворыць галоўны рэдактар штотыднёвіка «СНплюс. Свободные новости плюс» Васіль Зданюк. — Нам даслалі стандартны адказ аб тым, што права прымаць такія рашэнні даецца гаспадарчаму суб’екту, якім з’яўляецца «Белпошта», а яна не бачыць падстаў для ўключэння нас у падпісны каталог.

Шчыра кажучы, на першым этапе я быў упэўнены, што нас уключаць у каталог. Такі сезон у гэтым годзе, быццам бы адліга. Намеснік начальніка «Белпошты» нават дапамагла мне паперы скласці, але... Аказалася, што я быў занадта аптымістычна настроены...

Сваёй сеткі распаўсюду ў нас няма. Было шмат спробаў стварыць незалежную сістэму распаўсюду, яшчэ нябожчык Пётр Марцаў хацеў гэтым заняцца. Але не ўдалося. Гэта вельмі выдатковая і складаная штука.

Тыраж у нас каля 30 тысяч. Практычна ўсё разыходзіцца. Праверыць працэнт спісання мы ніколі не можам (такія правілы гульні), але ён невялікі і нас цалкам задавальняе.

У суд я не звяртаўся. Проста не хачу марнаваць на гэта час. Бо я ўжо ведаю механізм: пакуль вялікі начальнік не адменіць сваю забарону, ніхто нават не паварушыцца.

 

Незалежная экспертыза

Андрэй БАСТУНЕЦ: «Адмена забароны на распаўсюд не патрабуе ніякіх выдаткаў»

— Усе адказы — амаль як пад капірку, — каментуе амаль 10-гадовую перапіску рэдакцый незалежных выданняў з «Белпоштай» і «Белсаюздрукам» старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец. — Маўляў, мы манапалісты, але паслуга па ўключэнні ў падпісны каталог не з’яўляецца манапольнай. Так яны гавораць з самых першых дзён. Яшчэ ў 2005–2006 гадах, калі былі спробы ініцыяваць судовыя працэсы, суды адмаўляліся прымаць да разгляду гэтыя справы, спасылаючыся на тое, што гэта проста спрэчка суб’ектаў гаспадарання.

Наклады газет, якім абмежавалі распаўсюд, — не самыя маленькія. Тая ж газета «Intex-press» — паспяховае выданне, якое было выгадна прадаваць і распаўсюджваць усім, яно прыносіла прыбытак. І калі суб’ект гаспадарання, і ўжо тым больш манапаліст, адмаўляецца ад прыбытку, то зразумела, што за гэтым нешта стаіць...

З аднаго боку, атрымліваецца амаль бязвыхадная сітуацыя. З іншага боку, гісторыя з «Народнай воляй» і «Нашай нівай» якраз паказвае, што гэта было палітычнае рашэнне. Калі ў канцы 2008 — пачатку 2009 гадоў гэтыя газеты вярнулі ў кіёскі і падпісны каталог, атрымалася, што ўлады забыліся пра самастойнасць суб’ектаў гаспадарання? Аказалася, што ўсё вырашаецца на ўзроўні Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыі прэзідэнта.

Калі Захад вядзе перамовы з беларускімі ўладамі з нагоды змены сітуацыі — самы просты прыклад, які не патрабуе ніякіх выдаткаў — адмена забароны на распаўсюд незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Для гэтага не патрэбныя інвестыцыі, не трэба ўносіць змены ў заканадаўства. Наадварот, неабходна проста яго прытрымлівацца. Гэта самае нескладанае — адмяніць забарону.