1963

Не жаночая і не мужчынская

12.01.2016 Крыніца: Сяргей Пульша для www.baj.by

У Facebook нарабіла вэрхалу інтэрв’ю “Гульня ў асацыяцыі” прэс-сакратара ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыса Гарэцкага, у якім ён выказаў меркаванне, што журналістыка — «жаночая прафесія». Маўляў, мужык павінен утрымліваць сям’ю, а журналістыкай шмат не заробіш, таму і прафесія гэта — для жанчынаў. Ну, і дапусціў пару стылёвых дэфініцыяў, якія далі падставы частцы ягонай фрэндленты абвінанваціць героя матэрыялу ледзьве не ў сексізме.

На маю думку, вымяраць «жаноцкасць» ці «мужчынскасць» прафесіі колькасцю атрыманых за яе грашовых адзінак — гэта блытаць цёплае з мяккім. Але ў гэтай дыскусіі ўсё ж ёсць пару момантаў, на якія варта было б звярнуць увагу.

Барыс Гарэцкі вызначыў планку «дастатковасці» ў тысячу ўмоўных адзінак на месяц – той заробак, які павінен у нас быць зараз згодна з абяцанням Самі-ведаеце-каго на Усебеларускім сходзе 2010 года. Ці сапраўды такая сума — рэч недасягальная?

Дэфармацыя мыслення

Спрэчка «Facebook супраць Барыса» паказала пэўную дэфармацыю мыслення. Вымяраючы «жаноцкасць» прафесіі ў грашовых адзінках, былі звужаныя межы прафесіі. Журналістыкай можна зарабіць тую ж тысячу долараў, на якую арыентаваўся Барыс. Але, да радасці, як іх зарабіць, у галаву ані Барысу, ані ягоным апанентам не прыйшло. І яны вымяралі грашыма «жаноцкасць» незалежнай, недзяржаўнай журналістыкі.

Дэфармацыя мыслення ў тым, што недзяржаўная журналістыка, дзе сапраўды шмат не заробіш — гэта не ўся прафесійная грамада. Я, напрыклад, ведаю, што ў адным дзяржаўным інфармацыйным агенцтве (не самым «цэнтравым») у той час, калі долар каштаваў 11.000, заробкі складалі 11 млн., — неабходная тысяча долараў «па Барысу». Зараз, пэўна, заробкі там знізіліся, але факт застаецца фактам — было такое.

Але, як заўсёды, тут існуе выбар паміж грашыма і сумленнем. Працуючы ў дзяржагенцтве, прыйдзецца прытрымлівацца і пэўнай палітыкі. Гэта, канешне, не азначае быць «штатным прапагандонам». Але і тыя, хто думае, што «я займаюся сваёй тэмай і далёкі ад прапаганды і палітыкі», усё роўна будуць залежныя ад стандартаў дзяржаўнай ідэалогіі, якія так і не выпрацавалі ўсе нашыя штатныя ідэолагі. Гэта, на жаль, тычыцца ўсіх журналістаў, і за «сваёй тэмай» схавацца не атрымаецца.

Можна працаваць у дзяржСМІ эканамічным журналістам, і пісаць, напрыклад, што нашыя золатавалютныя рэзервы складаюць чатыры мільярды долараў з хвосцікам. Але пры гэтым не тлумачыць, што неабходным лічыцца ўзровень ЗВР у два месяцы імпарту, што для Беларусі складае суму, у два разы вышэйшую за сённяшні «залаты запас». І маўчаць, што нашыя ЗВР з тым жа хвосцікам усяго толькі пакрываюць сёлетні знешні доўг.

«Культурнікам» давядзецца асвятляць «ідэалагічна правільныя» мерапрыемствы і абмежавацца трыма радкамі наконт Нобелеўскай прэміі для Алексіевіч. Так, гэта падзея сусветнага маштабу, але Алексіевіч – «ідэалагічна няправільная». Таму – тры радкі, мы бачылі гэта на свае вочы.

«Крымінальнікі» будуць пісаць пра ўзровень злачыннасці, не тлумачачы прычыны яго росту распараджэннем аднаго вусатага дзядзькі зняць абмежаванні на продаж алкаголю. А «ваяры», нагадаю, тыдзень маўчалі пра «плюшавы дэсант» і дзіравае белаускае паветра…

Падаецца, проста замоўчваць «непрыемныя» пытанні — гэта не будзе кандовай прапагандай. Можна працаваць і так, мець належны заробак і не лічыць сябе «прапагандонам». Але ці будзе гэта сапраўднай журналістыкай? Магчыма, і слушна Барыс, разважаючы пра заробак журналіста, звузіў гэтае пытанне да заробку ў недзяржаўным журналісцкім сектары?

«Падпрацоўка»? Неабходнасць!

Сярод крытыкаў тэорыі прэс-сакратара БАЖа заўважаная яшчэ адна тээндэнцыя. Маўляў, хочаш жыць — умей круціцца. Шмат хто казаў: не хапае грошай — шукай дадатковую працу, а прафесію не чапай. Прычым, гэта кажуць і тыя, хто толькі паўгады таму кпіў з міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, якая таксама прараіла тым, хто мае нізкі заробак, шукаць падпрацоўкі.

І гэтыя дарадчыкі маюць рацыю. Але нават не ў тым, каб зарабіць больш. Зазвычай журналіст рэдка калі працуе на адно выданне.

Калі нас на адным з семінараў навучалі «англійскай журналістыцы», нам тлумачылі, што ў іх увогуле няма дэфініцыі «працаваць у рэдакцыі». Там ёсць азначэнне «пісаць для выдання». У нашых умовах можна і «працаваць у», і «пісаць для». І гэтае дадатковае «пісаць для» — не толькі і не столькі грошы.

«Працуючы ў» журналіст зазвычай абмежаваны пэўнымі службовымі абавязкамі. З гэтых абавязкаў вынікаюць пэўныя прафесійныя межы, выйсці за якія з часам становіцца складаней і складаней. Для таго, хто працяглы час займаецца выключна інфармацыйнымі жанрамі, становіцца складана напісаць аналітычны артыкул альбо аформіць інтэрв’ю. І наадварот: тым, хто піша выключна аналітыку з публіцыстыкай і звык выдаваць тэксты «прасцінамі», складана ўкласціся ў 2.500 — 3.000 знакаў інфармацыйнай занатоўкі.

Зразумела, «талент не прап’еш», але, каб не згубіць прафесіяналізм, трэба ўмець пераключацца з аднаго жанру на іншы, з адной методы на другую. Так што журналісцкая «падпрацоўка» таксама вымяраецца не грашыма. Гэта яшчэ і спосаб захавання прафесіяналізму. Прычым, як спосаб захавання прафесіяналізму, яна значна больш каштоўная за грашовыя адзінкі (хаця і тыя не лішнія).

«Пісаць для» не трэба саромецца. Так робяць нават самыя «зубратыя» з «зуброў» беларускай журналістыкі. І вось мы бачым ў Die Welt артыкул суаўтарства штатнага супрацоўніка гэтага выдання Джэймса Элінгворта і нашага Юрася Карманава. Нягледзячы на тое, што Юрась «працуе ў» Associated Press.

Ізноўку не ведаю, на радасць ці на жаль, але, падаецца, згуба прафесіяналізму беларускай недзяржаўнай журналітыкі не пагражае. Нашыя акулы пяра робяць паўнавартасныя выданні ўтрох-упяцёх, калі ў іншых краінах над такімі ж аб’ёмамі працуюць дваццаць-трыццаць чалавек. І нездарма тыя «нашыя», якія прамянялі, напрыклад, Мінск на Кіеў ці Маскву, там хутка становяцца «зоркамі». Проста яны звыклі рабіць «за пяцёх», і рабіць якасна. Але гэта ўжо іншае пытанне.

Ці «жаночая» журналістыка?

Вымяраць нашую журналістыку «жаноцкасцю» ці «мужчынскаю» — сапраўдная лухта. Нават калі скласці рэйтынг аўтарытэтаў беларускай журналістыкі, на кожнага паспяховага мужчыну прыпадзе не менш яскравая ў журналістыцы жанчына. Проста таму, што прафесія — не жаночая і не мужчынская. Яна ўніверсальная.

Не ўтрымаюся, каб не працытаваць майго ўлюбёнага Дэвіда Рэндалла, былога вядучага супрацоўніка лонданскай «Observer» і дырэктара кампаніі “Independent Press” у Маскве, — тое, з чаго пачынаецца ягоны падручнік «Універсальны журналіст»:

«Не існуе расійскай журналістыкі, польскай журналістыкі, балгарскай журналістыкі, французскай, нігерыйскай, галандскай, тайскай, фінскай, ісландскай, бірманскай, латвійскай журналістыкі або журналістыкі Саудаўскай Аравіі. Ёсць толькі добрая і дрэнная журналістыка. Таксама не можа быць ліберальнай журналістыкі, рэспубліканскай журналістыкі, нацыяналістычнай, атэістычнай, рэфармісцкай, сепаратысцкай, федэралісцкай, феміністычнай або марксісцкай журналістыкі. У тым выпадку, калі журналісты сваёй працай служаць гэтым або любым іншым мэтам, яны — зусім не журналісты, а прапагандысты. Ёсць толькі добрая і дрэнная журналістыка. Гэтак жа не існуе элітарнай і масавай журналістыкі, журналістыкі сур'ёзных выданняў і бульварных газет. Не існуе камерцыйнай журналістыкі або журналістыкі андэрграўнда, журналістыкі дзяржаўнай або антыдзяржаўнай. Ёсць толькі добрая і дрэнная журналістыка».

Таксама не існуе «жаночай» і «мужчынскай» журналістыкі. Ёсць толькі добрая і дрэнная журналістыка.

Почему профессия журналиста в Беларуси – женская?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!