НЕ - ВАЙНЕ!
409

“Не выкарыстоўваць чалавека для ўласнай прафесійнай карысці”: як працаваць з людзьмі пасля трагедыі

26.07.2022 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Расповеды пра трагедыі — значная частка працы беларускіх журналістаў, якія сёння працягваюць пісаць пра суды і затрыманні, а таксама гутараць з роднымі палівязняў. Але як гэта зрабіць так, каб не нашкодзіць суразмоўцам, і ці варта, увогуле, браць у чалавека інтэрв’ю, калі ён у стане шоку? Пра гэта мы  запыталіся ў журналіста, абранага ў свой час старшынёй камісіі па этыцы БАЖ, Сяргея Ваганава.

У журналісцкай супольнасці ўжо не першы дзень абмяркоўваюцца паводзіны ўкраінскага фіксера Антона Кудзінава, які 16 ліпеня прыйшоў у палату да Ірыны Дзмітрыевай, маці загінулай чатырохгадовай дзяўчынкі ў Вінніцы. Ён паказаў Ірыне відэа з дачкой. Маці пачала плакаць, а Кудзінаў здымаў рэакцыю жанчыны.

— Я не здолеў даглядзець гэтае відэа да канца. Выключыў, як толькі пабачыў твар матулі. І думаю, шмат хто не здолеў. Бо такія падыходы да працы журналіста б’юць па псіхіцы людзей. Хтосьці можа запярэчыць, маўляў, вайна ўвогуле б’е па псіхіцы. Дык што, не паказваць яе ва ўсіх жахлівых праявах? Безумоўна, паказваць. Але тут ёсць пэўная блытаніна.

У гэтым канкрэтным выпадку для мяне стан няшчаснай матулі падаецца нашмат больш важным за “паказ".

Карацей, справа ў сродках, каторыя мы выкарыстоўваем для паказу, для інфармавання...

—  Якія павінны быць падыходы ў журналіста, што працуе з людзьмі пасля трагедыі? Чым кіравацца?

— Памятаць, што пытанні этыкі распаўсюджваюцца не толькі на журналістаў, а на ўсё грамадства. Улічваць, што людзі пасля трагедыі вельмі розныя, могуць не захацець гаварыць, і зусім не абавязкова журналісту імкнуцца ўзяць у іх інтэрв’ю. Уважліва ставіцца да прафесійных задач і ў кожным канкрэтным выпадку глядзець на чалавека, на абставіны. Кіравацца агульначалавечымі падыходамі. Уявіце сабе, каб хірург ішоў рабіць аперацыю і думаў не пра тое, як дапамагчы хвораму, а пра тое, як атрымаць за гэту аперацыю ўхвалу начальства альбо Нобелеўскую прэмію... І ні ў якім разе журналісту нельга выкарыстоўваць чалавека, які перажывае трагедыю, дзеля сваёй прафесійнай карысці.

 Мы можам казаць, што фіксер у Вінніцы выкарыстаў маці загінулай дзяўчынкі?

— Гэта выглядае менавіта так. Магчыма, ім рухала цалкам зразумелая мэта: паказаць жахлівы твар вайны, але спосаб ён абраў, што ні кажыце, бесчалавечны. Такое ўражанне, што аўтар думаў перш за ўсё пра сваё ўласнае прафесійнае “эга”, пра хайп, як кажуць сёння.

— Дарэчы, а ці прапісаны паводзіны журналіста ў лякарні ў Кодэксе па этыцы БАЖ?

— Канешне. У Кодэксе пазначана, што для працы на тэрыторыі шпіталяў ды іншых установаў аховы здароўя журналісты павінны атрымаць дазвол у адміністрацыі лячэбнай установы. Аднак я не падтрымліваю гэты пункт, бо лякарня – не закрытая ўстанова, не турма. На жаль, мы не паспелі ўнесці пэўныя змены ў Кодэкс, у тым ліку гэтую.  А вось сустрэцца з доктарам, на маю думку, журналіст у такой сітуацыі павінен, каб уяўляць стан хворага і кіравацца толькі інтарэсамі  ягонага здароўя.

“У выпадку трагедыяў, якія выклікалі шокавы ці прыгнечаны стан, журналіст павінен апытваць чалавека цярпліва і далікатна”.

З Кодэкса журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”

— Сёння беларускія журналісты бяруць інтэрв’ю ў сваякоў палітычных вязняў. Родныя за кратамі – гэта ж таксама трагедыя. Што варта памятаць журналісту падчас такіх інтэрв’ю?

— Канешне, гэтыя трагедыі не параўнаць па вастрыні з тым, што адбылося ў Вінніцы. А памятаць трэба вось пра што: вы не толькі інфармуеце грамадства, праз вас родныя вязня могуць звярнуцца да грамадства па дапамогу, мабілізаваць яго на праявы салідарнасці і падтрымкі. І безумоўна, падчас гутаркі са сваякамі трэба быць чуллівым у пытаннях і інтанацыях.

— А хто павінен сачыць за выкананнем этычных нормаў?

— Сам журналіст. Хто ж, акрамя яго. І было б добра, каб асобны этычны кодэкс быў распрацаваны для кожнай рэдакцыі. Каб журналіст, які прыходзіў працаваць, знаёміўся з гэтым дакументам пад подпіс. Бо пакуль ёсць толькі агульны такі Кодэкс для БАЖ.

— Як працавала камісія па этыцы БАЖ?

— Атрымаўшы зварот, камісія вывучала справу, а потым збіралася на пасяджэнне. Абавязкова запрашалі аўтара, каб ён мог выкласці свае аргументы. Таму мне цяжка абмяркоўваць гэтае відэа без размовы з аўтарам. І хоць камісію па этыцы часта блыталі з судом, нашай асноўнай мэтай было  не пакараць, а разабрацца, ці парушаны  этычные нормы прафесіі, і давесці наша меркаванне і ягонае абгрунтаванне да аўтара і журналісцкай суполцы.

Чытайце яшчэ:

“Збіраю грошы, каб з’ехаць і працаваць у незалежным медыя”. Выпускнікі журфака расказалі, як шукаюць працу

Галоўрэд Сяргей Календа: "Для “Мінкульта” самая вялікая перспектыва, калі ў Беларусі ён будзе ў кожным шапіку"

Белорусские журналисты-расследователи продолжают работу из-за рубежа

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!