688

«Не ведаю слова “не магу”, ведаю слова “трэба”». Лайфхакі ад самага хуткага гарадзенскага журналіста

31.05.2019 Крыніца: Гутарыла Кася Ляўдацкая. "Абажур"

Ад байца падраздзялення спецпрызначэння, футбольнага фаната, мантажніка і да журналіста. Такім быў шлях у прафесію 27-гадовага гарадзенскага журналіста інтэрнэт-выдання Hrodna.life Руслана Кулевіча, які аб’ехаў на ровары кожны кут Гарадзеншчыны, пагаманіў з кожным бяздомным, а на пачатку года выдаў сваю першую кнігу з даваеннымі ўспамінамі гарадзенцаў.

Правіла 1. Не адмаўляцца ад сваёй мары

У дзяцінстве я хацеў быць гісторыкам. Яшчэ ў школе быў экскурсаводам у школьным музеі. Мы прыносілі туды розныя рэчы, якія знаходзілі на беразе Нёмана з сябрамі. Але ў 10 класе маці сказала, што я буду будаўніком і паеду да брата працаваць у Гішпанію. Супраць маёй волі мяне адправілі ў будаўнічы ліцэй. Там я атрымаў шмат спецыяльнасцяў: каменшчык, мантажнік, электразваршчык, стропальшчык, аднак будаваць я ўсё адно не ўмеў і не хацеў. У ліцэі мяне заўважыў настаўнік гісторыі і заахвоціў запісаць успаміны ветэранаў Другой сусветнай вайны. Адначасова я пачаў вучыцца ў Школе маладога журналіста. І так усё пачалося.

Правіла 2. Не ведаю слова «не магу», ведаю слова «трэба»

Калі скончылася вучоба ў ліцэі, я разумеў, што будоўля — гэта не маё. У Гішпаніі акурат пачаўся крызіс, да брата ехаць не было сэнсу. Я добраахвотна пайшоў у армію, хацеў служыць у самых лепшых войсках. У ваенкамаце мне прапанавалі служыць у войсках спецпрызначэння ў Горадні. Гэта невялікая рота, усяго 30 чалавек. Разведка спецыяльнага прызначэння. На вучэннях мы працавалі ў лясах. У мяне сем скокаў з парашутам. У часе службы я таксама вёў насценгазету, быў канцылярам. Часам нават урокі гісторыі для іншых выкладаў.

У арміі я навучыўся адаптавацца. Прапаршчык вучыў нас так: «Не ведаю слова “не магу”, ведаю слова “трэба”».

На вучэннях, калі нападаеш на праціўніка, ты павінен прапаўзці незаўважна ў тыл ворага і здабыць патрэбныя звесткі. Гэта мяне загартавала і выхавала: любой цаной мушу дастаць інфармацыю.

Правіла 3. Не гнацца за грашыма, а напрацоўваць аўтарытэт

Пасля арміі выпусціў некалькі артыкулаў у газеце «Вячэрні Гродна», адначасова ўладкаваўся грузчыкам на хлебазавод. Яшчэ па вобласці ездзіў і судзіў футбол. У газеце не спадабалася, звольніўся з хлебазавода і паехаў у Арэнбургскую вобласць на будоўлю. Праз два месяцы вярнуўся і пачаў бясплатна пісаць для «Твайго стылю», сёння гэта Hrodna.life. Грошай тады не было, і я зноў пайшоў на будоўлю. Адначасова пісаў на розныя калябудаўнічыя тэмы: дзесьці падземны ход знайшлі, дзесьці скарб. Да ўсіх чапляўся з пытаннямі.

Потым мы вырашылі з дзяўчынай скіравацца ў Еўропу. Паехалі на поўнач, у Швецыю і Данію. Вандравалі аўтаспынам, спрабавалі зачапіцца, але не атрымалася. Я вярнуўся са свежымі думкамі і ў 2014 годзе пачаў больш сур’ёзна займацца журналістыкай. Уладкаваўся паштальёнам, развозіў на ровары лісты па ўсім горадзе. За восем месяцаў я вывучыў горад, усе лазейкі, як і куды хутка дабрацца. Адначасова напрацаваў кліенцкую базу, шмат у якіх фірмах мяне ведаюць і дзеляцца інфармацыяй. І зараз усім маладым журналістам я кажу, што не абавязкова адразу гнацца за грашыма, трэба на пачатку напрацаваць аўтарытэт, і тады людзі да вас пацягнуцца.

Правіла 4. Самае цікавае — пад вашым носам

Я хачу асвятляць толькі гарадзенскія падзеі, бо гэта мой горад і мне ён цікавы. Калегі часта з мяне жартуюць, але я сапраўды магу зрабіць навіну амаль з усяго. Нават пра хлапчука ў норкавай шапцы. Неяк я ўбачыў падлетка ў савецкай мехавай шапцы, у якіх дзядулі ходзяць. Кажу, чаму ты апрануў такую шапку? А ён кажа, гэтая шапка — сямейная рэліквія. Дзед насіў, бацька насіў і я нашу. І я пра яго напісаў. Мяне проста натхняюць такія гісторыі.

Я за нестандартны падыход да журналістыкі.

Была гісторыя, як плыла чарапаха па рэчцы, загарала... Знаёмыя будаўнікі мне сказалі, што бачылі на Нёмане чарапаху. І я пачаў шукаць, адкуль яна магла з’явіцца. Рэдакцыя гэта прапусціла ў друк, бо сапраўды цікава было.

Правіла 5. Сябруйце з гарадскімі фрыкамі і бяздомнымі

Асабіста я лічу, што, каб стаць журналістам, не абавязкова атрымліваць журналісцкую адукацыю. Галоўнае — жаданне. І абавязкова трэба быць цікаўным. Калі ты не такі, то табе ў журналістыцы няма чаго рабіць. Мая фішка — знаходзіць незвычайных герояў. Я люблю сесці на свой ровар і шукаць навіны па горадзе. Я стараюся з так званымі гарадскімі фрыкамі сябраваць і бяздомнымі. Шмат хто з іх для мяне таксама крыніцы інфармацыі. Сядзяць часам пад плотам і тут: «Руслан, прывітанне! Ёсць для цябе навіна!».

Я адкрыты да людзей, паказваю ім, як і дзеля чаго я працую. Актыўна цягаюся па падвалах. Стараюся трапіць у месцы, дзе мала хто пабываў. Разам з працаўнікамі ў каналізацыю лазіў. Магу з ратаўнікамі сабаку дапамагчы выцягнуць або надмагільную пліту дастаць з ракі. Людзі гэта бачаць і, спадзяюся, цэняць.

Правіла 6. Журналіст — пасярэднік паміж уладамі і народам

Самым складаным матэрыялам для мяне была гісторыя з адной старэйшай гарадзенкай, якую выцягвалі з дому і хацелі завесці ў псіхушку. Дом яе павінны былі знесці і пабудаваць гатэль. Калі яе папярэдзілі пра высяленне, жанчына сказала, што гэты дом пабудаваў яе дзед і тут яна памрэ. Ёй было 94 гады. Дом пабудаваны ў 1913 годзе. Апроч таго, там нейкі час жыў Васіль Быкаў.

Я доўга думаў, як падаць гэты матэрыял, бо гэта быў выклік мясцовым уладам. Я падзяліў матэрыял на тры часткі. Спачатку распавёў яе гісторыю, у яе вялікі фотаархіў. Потым я распавёў сітуацыю з гарадскімі службамі і як гэтую бабулю выцягвалі сілай у псіхіятрычны шпіталь. Пасля гэтага падцягнуліся іншыя журналісты. Жанчыну ўдалося выратаваць. Не так даўно яна памерла ў сваім доме. Фотаздымак з яе дзяцінства трапіў на вокладку маёй кнігі.

Правіла 7. Стаўце сабе мэты і імкніцеся да іх рэалізацыі

Запісам людскіх успамінаў я пачаў займацца ў 2015 годзе. Мяне цікавіў футбол, і я сустрэў чалавека каля стадыёна, разгаварыўся з ім ды пачуў, якая багатая гісторыя спорту была ў Горадні да 1939 года. Я часцяком прыходзіў да свайго новага знаёмцы і запісваў успаміны.

Нашыя гарадзенскія гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Таццяна Касатая прапанавалі мне разам з імі збіраць успаміны гарадзенцаў для кнігі «Зусім іншы горад». Але у мяне не атрымалася далучыцца да гэтай працы. Кніга выйшла, і на прэзентацыі Андрэй сказаў, што гэта былі апошнія сведкі і больш нікому не ўдасца зрабіць падобную кнігу. Мне не давала гэта спакою, і я сабе паставіў задачу — цягам года назбіраць матэрыял для новай кнігі ўспамінаў.

Гэта быў сапраўдны выклік. Я перасяліўся ў раён Новы свет, пачаў хадзіць па людзях, распытваць, размаўляць. І так па ланцужку. Я так захапіўся, калі старыя гарадзенцы пачалі паказваць фотаздымкі, распавядаць свае гісторыі! За год я назбіраў больш за 30 успамінаў. Частка з іх была апублікаваная ў кнізе «Горад адзін, успаміны розныя». А зараз я рыхтую новую кнігу. Сёння да мяне звяртаюцца людзі з-за мяжы, распавядаюць свае гісторыі, дасылаюць свае старыя здымкі. Гэта першая мая падобная праца.

Да гэтага я думаў паехаць куды-небудзь у Скандынавію працаваць, але зараз адчуваю, што больш патрэбны свайму гораду, чым там на будоўлі.

Правіла 8. Лепшы сродак ад эмацыйнага выгарання — спорт

Канешне, як і кожны, я адчуваю эмацыйнае выгаранне. Сівыя валасы сталі з’яўляцца ў 26 гадоў. Хапала і сямейных праблем. Але ўсё роўна я ўвесь аддаю сябе працы. А энергію, якую я за дзень назапашваю, выплёскваю ў трэнажорнай зале. Як стане цяплей, бегаць пачну. У планах — пачаць бегаць вялікія марафоны. Калі збіраюцца праблемы, замест таго каб пайсці выпіць, лепей ускараскацца на турнік або пабегаць пайсці.

Апроч таго, варта часам рабіць перазагрузку. У мінулы раз я вярнуўся з-за мяжы са свежымі думкамі і натхненнем нешта рабіць у сваім горадзе. З таго натхнення выйшла кніга. Таму ўсім журналістам раю як мага больш вандраваць.