1533 0

Не трэба быць Навальным, каб рабіць расследаванні: інтэрнэт распавядзе ўсё ІНСТРУМЕНТЫ

27.02.2018 Крыніца: Ганна Любакова для baj.by

Гуру анлайн-расследаванняў, трэнер, кансультант і журналіст Бі-бі-сі Пол Маерс раіць выкінуць свае смартфоны і выдаліць усе акаўнты ў сацыяльных сетках. Інакш ён вас абавязкова знойдзе.

Інтэрнэт ужо робіць жыццё журналістаў нашмат лягчэйшым: праверка інфармацыі, пошукі асобаў і тэмаў, а таксама скарбонка кантактаў. Усе мы, вядома, прызвычаіліся да жыцця анлайн, але Пол Маерс кажа, што варта навучыцца выкарыстоўваць патэнцыял інтэрнэту напоўніцу. Журналіст падзяліўся сваім досведам і інструментамі для пошуку інфармацыі і людзей анлайн падчас Глабальнай канферэнцыі расследавацельскай журналістыкі ў Ёханэсбургу, Паўднёвая Афрыка.

Пол Маерс (Paul Myers). Фота: researchclinic.net

Як знайсці выдаленую інфармацыю з сайта?

Спачатку давайце зазірнем у мінулае асабліва ў тое, якое ад нас чамусьці захацелі схаваць.

Калі нас цікавіць інфармацыя на сайце, якая дакладна была, але праз нейкі час знікла, ёсць шэраг бясплатных сэрвісаў па пошуку архіўных копіяў вэб-старонак.

Напрыклад, WaybackMachine archive.org адна з самых вялікіх вэб-бібліятэк, якая змяшчае гісторыю 310 мільярдаў вэб-старонак, а таксама мноства дакументаў, праграм, відэа- і аўдыёфайлаў.

Або WebCitation webcitation.org добрая альтэрнатыва для папярэдняй спасылкі.

А вось Archive.today archive.is — прапануе не толькі выдаленыя сайты кампаніяў з нумарамі тэлефонаў і электроннымі адрасамі, але і архівы Facebook акаўнтаў. Тут таксама можна захаваць старонку або чыйсьці профіль ці пост у сацсетцы на выпадак, калі іх раптам выдаляць.

Не лішняй будзе парада рабіць скрыншоты. Але калі вы забылі пра гэта, ёсць верагоднасць, што выява старой версіі сайта будзе на screenshots.com.

А самы распаўсюджаны спосаб паглядзець кэш-версію ў Google. Куды ж мы без яго!

Навошта нам, журналістам, гэта трэба? Каб знайсці першакрыніцу інфармацыі ці, напрыклад, адкарэктаваныя звесткі пра затрыманне вядомага бізнесоўца.

Як больш эфектыўна шукаць у сацсетках?

Сацыяльныя сеткі маюць таксама мноства таямніц, якія могуць быць карысныя для журналістаў.

Выдаляюць не толькі сайты, раптоўна знікаюць твіты перадусім скандальныя і асабліва калі мы вось-вось збіраліся іх працытаваць у сваім тэксце.

Стары добры кэш і тут прыйдзе на дапамогу: хутчэй за ўсё вы зможаце знайсці і выдалены твіт, і нават цэлы акаўнт, калі ён таксама раптоўна знік.

Каму гэта трэба? Напрыклад, незалежны следчы вэб вэб-партал ProPublica з 2011 года збірае выдаленыя твіты Белага дома і амерыканскага прэзідэнта. Летась гэты амерыканскі сайт атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за «службу грамадскасці».

Twitter мае зручную функцыю advanced search, дзе можна шукаць твіты паводле даты, ужытых выразаў ці ўсю публічную перапіску паміж акаўнтамі.

foller.me — зручная аплікацыя для збору і аналізу звестак пра публічны Twitter-акаўнт. Усяго за некалькі секундаў можна даведацца, калі ўладальнік профілю не быў актыўны працяглы час, бо, напрыклад, спаў. Навошта нам гэтая інфармацыя? Гэтак можна вызначыць ягоную гадзіннікавую зону і быць за крок да дакладнай лакалізацыі, але пра гэта пазней.

GeoSocial Footprint geosocialfootprint.com — добрая альтэрнатыва апошняму сэрвісу.

Хэдханцінг, або паляванне на людзей

У вас ёсць профіль чалавека ў сацыяльных сетках, але няблага было б атрымаць ягоны нумар тэлефона або электронную пошту.

Lusha lusha.co — вельмі зручнае пашырэнне для вашага браўзера, якое аўтаматычна пакажа кантактныя звесткі карыстальніка сацсеткі. У бясплатнай версіі ёсць пэўныя абмежаванні па колькасць крэдытаў, але агулам, гэта добры і зручны метад даведацца чыйсьці email ці нумар тэлефона.

pipl.com ці spokeo.com — зручныя сэрвісы, якія знойдуць інфармацыю пра чалавека, маючы ўсяго прозвішча, профіль у сацсетках ці нумар тэлефона.

peoplefind.thor peoplefindthor.dk — адзін з найлепшых сэрвісаў для пашыранага пошуку ў Facebook. Вельмі карысны інструмент, калі трэба прааналізаваць, хто лайкнуў тую ці іншую старонку. Фільтры па ўзросце і полу значна звужаюць пошукі, калі нам патрэбная канкрэтная асоба. І паспрабуйце знайсці ў Facebook тых, хто працуе на які-небудзь Газпром ці Дзярждэп. Чалавек, які вырашыў падзяліцца ў профілі інфармацыяй пра свайго працадаўцу, можа стаць яшчэ і вашай крыніцай для расследавання.

А вось для аналізу ў Instagram спатрэбіцца Picodash picodash.com — адзін з найлепшых (але платных) інструментаў, каб зрабіць пошук у гэтай сацыяльнай сетцы лягчэйшым. Дазваляе знайсці ўсе фота- і відэагісторыі, якія адбываюцца ў дадзеным месцы і пад дадзеным хэштэгам.

Inteltechniques inteltechniques.com — карысны інструмент, каб падглядзець фолавераў, што значна спрашчае пошукі магчымых сувязяў паміж канкрэтнымі асобамі. Сэрвіс, дарэчы, карысны не толькі для Instagram.

Простыя метады верыфікацыі (аднак давядзецца хлусіць)

Уявіце сабе сітуацыю: да вас звярнуўся супрацоўнік афшорнай кампаніі, які сцвярджае, што ён у Панаме і мае доступ да ўсіх засакрэчаных дакументаў. Як вызначыць ягоную лакалізацыю, калі прасіць яго даказаць гэта не выпадае?

Па-першае, мусім даведацца ягоны IP-адрас. А наш герой дасць нам яго сам — праўда, не ведаючы пра гэта.

Дапаможа нам grabify.link — стваральнік фэйкавых спасылак, які выяўляе сеткавы адрас. Знайсці сапраўдны лінк, праз сэрвіс ператварыць яго ў неіснуючы URL і даслаць яго чалавеку, які нас цікавіць. Grabify сам пакажа нам IP-адрас героя нашага расследавання.

І гэта сапраўды дзейнічае, аднак ёсць некалькі але. Па-першае, чалавек, якому мы дасылаем фэйкавы лінк, не мусіць  нічога западозрыць і гэтую спасылку адкрыць. Бо толькі тады ўся схема будзе паспяховай. Таму варта прыдумаць легенду для спасылкі, каб па ёй захацелася перайсці.

Па-другое, калі фэйкавую спасылку мы дасылаем праз Facebook ці Twitter, ёсць магчымасць таго, што яна зашыфруецца, і тады IP апынецца недзе на радзіме аўтаматычнага бота ў якой-небудзь Ірландыі, а не там, дзе насамрэч знаходзіцца чалавек, якога мы расследуем.

Але калі ўсё пойдзе паводле плану, нам застанецца зайсці на domainbigdata.com, who.is ці любы іншы сервер для лакалізацыі IP-адрасу і спраўдзіць краіну, адкуль нам напісаў наш герой.

Нашмат больш інструментаў для анлайн-пошуку — на сайце Пола Маерса researchclinic.net.