432

"Не так цяжка было перажыць акупацыю без прадуктаў, як без інфармацыі". Размова пра вынікі года з дырэктаркай Lviv Media Forum

04.01.2023 Крыніца: Аўтар для БАЖ

Якім стаў мінулы год для нашых калег з Украіны? Якія ўменні яны мусілі набыць за гэты час? Які станоўчы і адмоўны досвед яны атрымалі і чаму праўдзівая інфармацыя ў вайну часам важнейшая за харчаванне? Пра гэта БАЖ пагутарыла з дырэктаркай Львоўскага медыяфоруму (Lviv Media Forum) Вольгай Міровіч.

"Практычна кожны журналіст у той ці іншай ступені стаў вайсковым карэспандэнтам"

— Вольга, якія новыя ўменні і навыкі вымушаныя былі засвоіць журналісты ва Украіне за апошні год?

— 24 лютага зранку практычна кожны журналіст у той ці іншай ступені стаў вайсковым карэспандэнтам. Так, не ўсе калегі адразу паехалі на перадавую, але так ці інакш праца з кантэнтам, які звязаны з вайной, стала першачарговай задачай кожнага медыйшчыка.

Не ўсе калегі былі гатовыя адразу працаваць на перадавой, гэтыя навыкі яны набывалі рознымі спосабамі. Хтосьці адпрацоўваў іх адразу на практыцы, але было шмат магчымасцяў прайсці трэнінгі ад тых украінскіх калег, якія раней працавалі на вайне, ад міжнародных экспертаў і нават вайскоўцаў. Таксама неабходна было засвоіць навыкі медыцынскай дапамогі, у тым ліку і самадапамогі.

Згадваючы першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання Расіі, памятаю, у якім дэфіцыце былі аптэчкі, бронекамізэлькі і каскі для журналіста. Але ж у дэфіцыце былі і ўменні ўсім гэтым карыстацца. І гэты дэфіцыт за адыходзячы год у вялікай меры мы пераадолелі, дзякуючы грамадскім арганізацыям, якія нас падтрымліваюць.

Канечне, праца на перадавой звязана з вялікім выклікам для псіхалагічнага стану. Уменне журналіста захаваць эмацыйную ўстойлівасць, як аказалася, вельмі патрэбнае. Магчыма, нават не ўсе журналісты пакуль да канца зразумелі, наколькі траўматычны досвед асвятлення вайсковых падзей, гвалту, ваенных злачынстваў. Але ўжо сёння сярод журналістаў мы бачым вялізны попыт на індывідуальныя псіхалагічныя кансультацыі.

Паводле нашых апытанняў, а таксама інфармацыі ад рэдактараў, прыблізна трэцяя частка журналістаў сёння мае псіхалагічныя праблемы. І гэта не значыць, што ў астатніх іх няма. Праблема проста не да канца ўсвядомленая.

Яшчэ адзін досыць спецыфічны для журналістаў навык, нават цэлая працэдура — гэта фіксаванне ваенных злачынстваў. Журналісты адыгрываюць значную ролю, бо яны часта раней за пракуратуру апынаюцца на месцы злачынства, з’яўляюцца сведкамі. Яны павінны так зафіксаваць злачынствы, каб доказы можна было выкарыстаць у судах для аднаўлення справядлівасці пасля перамогі. Многія журналісты вучыліся гэтаму адразу на практыцы, некаторыя пераймалі досвед ад калег, якія працавалі з ваеннымі злачынствамі ў іншых краінах.

— Наколькі ў параўнанні з мірным часам змянілася традыцыйная праца рэдакцый?

— Каронавірус і локдаўн, які мы перажывалі за два гады да вайны, стаў добрым падрыхтоўчым этапам. Менавіта ён дапамог рэдакцыям сустрэць выклік вайны. Мы былі лепш падрыхтаваныя працаваць аддалена, каардынаваць свае свае дзеянні: шукаць інфармацыю, выдаваць кантэнт, весці стужку. І пры гэтым маглі знаходзіцца ў розных месцах краіны. Таму вайна не стала для рэдакцый прычынай цалкам спыніць сваю дзейнасць.

А на сёння шмат рэдакцый вяртаюцца да офісных умоў. Офіс — гэта такое месца, дзе можна неяк наладзіць сувязь, дзе і ўдзень, і ўначы знаходзяцца не толькі журналісты, але часта і іх сем’і. Шмат грамадскіх арганізацый працуюць над тым, каб даць магчымасць рэдакцыям дзейнічаць бесперабойна. Нават падчас абстрэлаў медыя працягваюць працу, бо яны гатовыя да гэтага.

Што да ўнутраных адносін, тут рэдакцыі вырашаюць усё самі. У кожным калектыве — розны ўзровень дэмакратыі. Але перад усімі рэдактарамі, якія пасылаюць журналістаў на перадавую, ёсць сур’ёзныя адміністрацыйныя выклікі — гэта, перш за ўсё, бяспека, страхаванне сваіх калег. Часта гэта звязана з бюракратычнымі бар’ерамі. Згодна з заканадаўствам, падчас ваеннага стану кожная рэдакцыя павінна застрахаваць сваіх журналістаў. Але інструменты, з дапамогай якіх гэта можна зрабіць, даволі абмежаваныя.

Страхоўка рэпарцёра, які едзе на перадавую, — гэта сотні долараў за дзень. А часта едзе не адзін чалавек, бо рэдактар павінен дэлегаваць рэпарцёра, аператара, фатографа. Як бачыце, на рэдактараў часта кладзецца і эмацыйнае, і адміністрацыйнае напружанне. Адпраўляючы журналіста на перадавую, ты ніколі не ведаеш, ці зрабіў дастаткова для яго бяспекі.

Ва Украіне загінуі 43 журналісты

— Так, ні адзін матэрыял не каштуе жыцця журналіста. І ўсё ж сёння мы кажам пра некалькі дзясяткаў загінулых калег. Якая дакладная лічба на сёння? Што робіць журналісцкая супольнасць, дзяржава, каб патрымаць сем’і параненых калег, а таксама сем’і загінулых журналістаў?

— Гэта пытанне надзвычай важнае для ўсёй медыйнай супольнасці. Нашы калегі з Інстытута масавай інфармацыі пастаянна манітораць колькасць загінулых, вядуць статыстыку. На жаль, журналістаў, загінулых падчас службовых абавязкаў, становіцца ўсё больш.

На 25 снежня было 43, з іх восем — падчас выканання прафесійных абавязкаў.

Відавочна, што наша задача як медыйнага кам’юніці падтрымаць тыя сем’і, у якіх загінулі журналісты. Вядзецца гаворка пра заснаванне Фонду падтрымкі такіх сем’яў. Але з гэтым пытаннем трэба яшчэ шмат працаваць.

Напрыклад, не ўсе загінулыя журналісты — грамадзяне Украіны. Пад Кіевам загінуў амерыканскі калега, у Данецкай вобласці — літоўскі. Таму да гэтай праблемы павінна далучыцца і міжнародная супольнасць.

А ад жніўня гэтага года ва Украіне набыў моц Закон дадатковых гарантый для журналістаў падчас вайны. Закон прадугледжвае забеспячэнне журналістаў, што едуць на перадавую або на акупаваную тэрыторыю, прыладамі для абароны ад агнястрэльнай зброі, медыцынскімі аптэчкамі. Згодна з дакументам, абавязковае страхаванне за кошт працадаўцы. А ў выпадку ранення журналіст атрымлівае выплаты з дзяржаўнага бюджэту ў памеры да пяцідзесяці пражытачных мінімумаў.

— Па вашых назіраннях, за гэты год шмат людзей сышло з прафесіі з-за вайны?

— Журналісты апынуліся ў складанай сітуацыі. Акрамя выбару пайсці ў ЗСУ або застацца цывільным і ратаваць сваю сям’ю, для журналіста быў яшчэ іншы выбар: заставацца ў прафесіі ці шукаць больш бяспечную працу.

Частка калег па сямейных абставінах была вымушаная ратаваць сваіх родных — дзяцей і сталых бацькоў, пра якіх яны павінны клапаціцца. Тыя журналісты, якія выязджалі за мяжу, часта не маглі знайсці сябе ў сваёй прафесіі за межамі Украіны. Таму сышлі. Але некаторыя з іх працуюць. Гэта магчыма, калі дзейнасць журналіста не звязаная з працай "у полі", а напрыклад, яны напаўняюць стужку навін, пішуць аналітычныя матэрыялы, займаюцца відэапрадакшнам. Тады можна арганізаваць працу аддалена.

Працэс сыходу з прафесіі яшчэ не скончаны. Наперадзе — усведамленне наступстваў вайны для кожнага асабіста. Магчыма, для некаторых калег траўматычны досвед, атрыманы падчас вайны, стане прычынай пакінуць журналістыку або хаця б зрабіць перапынак.

"Падчас адключэння электраэнергіі звычайны старэнькі радыёпрыёмнік на батарэйках — адзіная даступная крыніца інфармацыі"

— Што найбольш запатрабавана ў чытача, гледача падчас вайны: папяровыя СМІ, радыё, ТБ, анлайн-медыя?

— Падчас адключэння электраэнергіі звычайны старэнькі радыёпрыёмнік на батарэйках — адзіная даступная крыніца інфармацыі. Бо падчас абстрэлаў не бывае ні святла, ні мабільнага інтэрнэту. Менавіта таму шмат сем'яў вярнулася да ўкраінскага радыё, якое стала крыніцай інфармацыі для вялікай аўдыторыі. Калі ж ёсць інтэрнэт, большасць аддаюць перавагу анлайн-медыя, асабліва праз сацыяльныя сеткі. Значна ўзрасла папулярнасць тэлеграм-каналаў, і гэтым скарысталася шмат рэдакцый. Фактычна любы рэдактар вам пацвердзіць, што трафік у першыя месяцы вайны істотна вырас.

Людзі патрабуюць інфармацыі, хочуць якаснай аналітыкі, каб разабрацца ў сітуацыі. Запатрабаваныя матэрыялы ў жанры журналістыкі рашэнняў і канструктыўнай журналістыкі. Яны патрэбныя чытачу, каб усвядоміць, што ты не адзін са сваёй праблемай, а магчыма, знайсці нейкія спосабы яе вырашэння. Шмат пішуць пра валанцёрскія ініцыятывы, каб чытач мог далучыцца да іх і адчуваў сябе здольным уплываць на сітуацыю.

— А як справы з аб’ектыўнай інфармацыяй на акупаваных тэрыторыях?

— Там утвараецца інфармацыйны вакуум. Украінскія журналісты не могуць вольна працаваць на акупаваных тэрыторыях. Больш за тое, руская армія "палюе" на нашых журналістаў, як на ўкраінскіх вайскоўцаў. Былі выпадкі абстрэлу ўкраінскіх тэле- і радыёвышак. Мэта расійскай арміі — цалкам стварыць вакуум, перакрыць доступ украінскай інфармацыі на акупаваныя тэрыторыі, каб мець магчымасць ладзіць сваю прапагандысцкую дзейнасць.

Людзі не маюць украінскай мабільнай сеткі, інтэрнэту, доступу да ўкраінскіх сайтаў. У такім выпадку крыніцы інфармацыі — або валанцёры, або родныя, якія жывуць на вольных тэрыторыях Украіны і да якіх часам усё ж атрымліваецца пратэлефанаваць. Вайна і акупацыя сталі індыкатарам, які паказаў каштоўнасць медыя ва Украіне.

Вельмі шмат сведчанняў, што не так цяжка было перажыць акупацыю без прадуктаў харчавання, як без разумення таго, што адбываецца побач, нават у суседнім раёне твайго горада, куды ты не можаш патрапіць і дзе жывуць твае родныя.

Многія чытачы ў вайну зразумелі каштоўнасць інфармацыі, хоць раней, спажываючы яе, не задумваліся, якой цаной яна даецца і якое значэнне мае.

— З якімі планамі і думкамі ідуць украінскія калегі ў новы год?

— Планы і мары ўкраінскіх журналістаў не адрозніваецца ад мар іншых грамадзян Украіны — мы марым пра перамогу. Не пра ўмоўны мір пры складанні зброі, які прапануе расійская прапагандысцкая машына, а пра перамогу, аднаўленне суверэнітэту на ўсёй тэрыторыі Украіны, пра магчымасць пачаць працу ў тых рэгіёнах, якія так доўга былі адрэзаныя ад украінскай медыйнай прасторы. В

ідавочна, гэта будзе вялікім выклікам для нашых медыя, бо расійская прапаганда ў той ці іншай меры ўсё ж дасягае сваіх мэт. Мы прывыклі ўспрымаць прапаганду як нешта відавочнае, як набор абсурдных мэсэнджаў. Але ж яна бывае тонкай, мяккай, ненавязлівай. Гэтая прапаганда незаўважна пранікае ва ўсе галіны жыцця. Часам яе цяжка адрозніць ад праўды. Таму наша мэта — заўважаць гэтую тонкую грань паміж праўдай і прапагандай і не стамляцца яе асвятляць і тлумачыць.

Я б не хацела, каб 2022-гі год для ўкраінскіх журналістаў стаў годам стомы і безнадзейнасці, а прынёс ім надзеі, перспектывы, маштабаваў іх працу. За дзесяць месяцаў поўнамаштабнага ўварвання ўкраінскія журналісты здабылі такі бясцэнны досвед, якім яны могуць цяпер дзяліцца самі, а не вучыцца ў замежных калег. Хочацца, каб калегі ўсвядомілі каштоўнасць гэтага досведу, папрацавалі з ім і далей дзяліліся з тымі, каму гэта будзе карысна.

Чытайце яшчэ:

Александр Фридман: “Пропаганда — очень закрытая система. Свет в эту тьму не проникает”

Не страціў свайго фірмовага пачуцця гумару. Медыяменеджэр Канстанцін Залатых у чаканні суда

"Мы здолелі захаваць галоўнае: нашу салідарнасць і ўменне дзейнічаць разам": што жадаюць на святы калегі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!