478

«Найяскравейшая постаць крытычнага інтэлектуала». Хто такі Ўладзімер Мацкевіч, якога ня выпусьцілі з турмы пасьля 10 сутак

16.08.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Мацкевіча перавялі ў СІЗА № 1, дзе ўжо больш як паўтара месяца ўтрымліваюць і іншых палітолягаў і экспэртаў.

Да вядомага мэтадоляга і філёзафа Ўладзімера Мацкевіча 4 жніўня прыйшлі супрацоўнікі КДБ, правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку і дакумэнты, яго зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Мацкевіча падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 342 КК). Праваабаронцы прызналі Мацкевіча палітзьняволеным.

Уладзімер Мацкевіч нарадзіўся 14 траўня 1956 году ў Іркуцкай вобласьці, куды дэпартавалі ягонага дзеда і дзе пазнаёміліся ягоныя бацькі. Юнацтва Ўладзімера прайшло ў Горадні. Ён скончыў факультэт псыхалёгіі Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Адразу яго разьмеркавалі ў Вільню, потым працаваў у Ленінградзе, выкладаў у Ліепайскім пэдагагічным унівэрсытэце.

У Беларусь Мацкевіч вярнуўся ў 1994 годзе. Спачатку займаўся рэформай адукацыі. Працаваў на Беларускім тэлебачаньні, рабіў праграмы пра рынкавую эканоміку «Гэта мы не праходзілі», «Студыя 600», «Сталіца». У 1995-м атрымаў запрашэньне стаць вядоўцам праграмы «Рэзананс», але супраць ягонай кандыдатуры выступіла Адміністрацыя прэзыдэнта. Быў першым кіраўніком і вядоўцам ток-шоў «Выбар» (2002–2003 гады).

Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году прапаноўваў сваю дапамогу Станіславу Шушкевічу і Зянону Пазьняку. Браў удзел у парлямэнцкіх выбарах 1995 году, балятаваўся ў адной выбарчай акрузе зь Зянонам Пазьняком, але ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня ня трапіў.

У тым жа 1995 годзе браў удзел у якасьці паліттэхноляга ў стварэньні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Удзельнічаў у стварэньні «Хартыі-97».

Шчыры вернік, стаяў ля вытокаў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», у 2006 годзе галадаў разам з прыхаджанамі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё».

З 2012 году вёў дыскусійную праграму «Размова з Мацкевічам» на тэлеканале «Белсат».

Пісаў адкрытыя лісты: у 2016 годзе — тагачаснаму міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, пазьней — міністру замежных спраў Уладзімеру Макею і Аляксандру Лукашэнку.

Аўтар 50 навуковых прац і шматлікіх публіцыстычных артыкулаў.

Уладзімер Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», адзін з заснавальнікаў «Лятучага ўнівэрсытэту». Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».

«Мацкевіч заўсёды быў і застаецца пасьлядоўным крытыкам рэжыму Лукашэнкі»

Сам Уладзімер Мацкевіч пазыцыянуе сябе найперш як мэтадоляга і філёзафа. Ён стваральнік тэлеграм-каналу «Думаць Беларусь».

Калега Мацкевіча, палітоляг і мэтадоляг, аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў называе Ўладзімера Мацкевіча «найяскравейшай постацьцю крытычнага інтэлектуала ў Беларусі». І сьцьвярджае, што Мацкевіч — нязручны суразмоўца для ягоных калегаў.

«Ён заўсёды крытычна арыентаваны да грамадзкай і палітычнай практыкі. «Мысьленьне бязь дзейнасьці — гэта летуценьніцтва, дзейнасьць бяз мысьленьня — гэта злачынства», — так часта кажа Мацкевіч. І гэтае выслоўе ён увасабляе ў сваім жыцьці. Для Мацкевіча важна пераўтварэньне Беларусі ў сучасную краіну празь яе прадумваньне і адказнае будаваньне, што было мэтай ягонай інтэлектуальнай праграмы «кузьні» працэсаў «дэсаветызацыі», «беларусізацыі» і «эўрапеізацыі» Беларусі.

Спадар Ягораў кажа, што ў апошнія гады Мацкевіч шмат высілкаў клаў на асэнсаваньне і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі, а таксама глябальных зьменаў сьвету пад узьдзеяньнем сучасных інавацый.

«У пэўным сэнсе беларускую рэвалюцыю Мацкевіч бачыў як эфэкт судатыкненьня людзей глябалізаванага, інавацыйна арыентаванага „першага сьвету“ з „другім сьветам“ грамадзянскай супольнасьці Беларусі, скіраванай на адаптацыю інавацый у межах асобнай краіны.

Уладзімер Мацкевіч заўсёды быў і застаецца пасьлядоўным крытыкам рэжыму Лукашэнкі, які, на яго думку, ператварыўся ў рэжым, пры якім краінай кіруе „арганізаваная злачынная групоўка“.

Ён шмат камэнтаваў і крытыкаваў дзеяньні і беларускай дэмакратычнай апазыцыі, у апошнія месяцы перад арыштам заклікаў да большага адзінства галоўных палітычных цэнтраў, выступаў за публічны мэмарандум зь яснымі мэханізмамі ўзаемнай адказнасьці», — кажа Андрэй Ягораў.

«Рэжыму патрэбна поўная пакорлівасьць, безгалосасьць грамадзтва»

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі перакананы, што сёньня пад прыцэлам — лідэры грамадзкай думкі, крытыкі ўладаў. А Ўладзімер Мацкевіч ніколі не хаваў сваёй пазыцыі, кажа ён.

Аляксандар Класкоўскі

«Па-першае, Мацкевіч ня ўтойваў, што хадзіў на леташнія маршы, пісаў, што сёньня месца філёзафа — на вуліцы, сярод іншых актыўных грамадзян. Таксама паведамляў, што чытае лекцыі ў дварах. Па мерках сёньняшняй улады гэта ўжо крымінал.

Па-другое, Мацкевіч паказаў сябе ўмелым арганізатарам грамадзянскай супольнасьці. Зь яго імем зьвязана паўставаньне Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, міжнароднага кансорцыюму „ЭўраБеларусь“, „Лятучага ўнівэрсытэту“. Цяпер жа ўлады адкрыта — пра гэта яшчэ ўвесну паведаміў Уладзімер Макей, заяўляючы пра адказ на заходнія санкцыі, — ладзяць татальную зачыстку грамадзянскай супольнасьці.

Па-трэцяе, Мацкевіч да самага арышту жорстка крытыкаваў рэжым у сваіх допісах, артыкулах, падчас розных стрымаў. А сёньня вядомыя крытыкі ўладаў, лідэры грамадзкай думкі — пад прыцэлам, бо рэжым паставіў на мэце іх так ці іначай „нэўтралізаваць“, каб ня сеялі крамолу, ня гналі хвалю. Рэжыму цяпер патрэбна поўная пакорлівасьць, безгалосасьць грамадзтва, ён ня згодны цярпець крытыкаў нават у межах нейкага гета, як было раней», — выказаў сваю думку палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

 

За кратамі цяпер і палітоляг Валерыя Касьцюгова. Яе затрымалі 30 чэрвеня, абвінавачваюць Касьцюгову ў «змове і закліках да захопу ўлады».

Паўтара месяца ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 экспэртка, заснавальніца Школы маладых мэнэджараў і публічнага адміністраваньня SYMPA Тацяна Кузіна. Яе вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: першай часткі артыкула 357 (змова альбо дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і часткі 3 артыкула 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

У адзін дзень з Мацкевічам затрымалі і кіраўніцу «Лятучага ўнівэрсытэту» Тацяну Вадаласкую. 14 жніўня пасьля 10 сутак арышту яе адпусьцілі, Вадалаская застаецца падазраванай паводле часткі 1 артыкула 342 КК.

Затрымлівалі таксама і іншых экспэртаў: Аксану Шэлест, Улада Вялічку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!