НЕ - ВАЙНЕ!
422

Найлепшай выпускніцай журфака прызналі дачку палкоўніка КДБ

29.09.2022 Крыніца: Наша Ніва

Працуе Дар'я Травулька ў «СБ. Беларусь сегодня» і піша пра палітычныя працэсы — у сэнсе, суды.

Як ў ліпені пісала "СБ. Беларуь сегодня", 11 лепшых студэнтаў факультэта журналістыкі атрымалі дыпломы з рук міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова. Сярод іх была Дар'я Травулька.

"Наша Ніва" высветліла, хто такая Дар'я Травулька.

Дзяўчыне 21 год. 

Яе бацька Павел Травулька — былы супрацоўнік контрвыведкі КДБ, палкоўнік, быў начальнікам аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта. 

У 2010 годзе пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў Травулька «працаваў» з палітвязнямі. У 2011 годзе ён быў унесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза як асоба датычная да парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

Дар’я Травулька спачатку публікавалася ў «СБ. Беларусь сегодня» пад сваім прозвішчам, а пасля 2021-га стала падпісваць свае тэксты як Дар’я Гатоўка. 

За якія тэмы бярэцца найлепшая выпускніца журфака?

Часцей за ўсё Дар'я піша пра сілавікоў і суды над палітвязнямі. 

Напрыклад, яна рабіла красамоўныя рэпартажы з суда над «змоўшчыкамі» — Аляксандрам Фядутай, Юрыем Зянковічам, Рыгорам Кастусёвым. 

З апошняга — тэкст пра суд над палітзняволенай калегай па цэху Ксеніяй Луцкіной. 

«Для мяне гэта вялікі гонар, — сказала Травулька пасля цырымоніі ўручэння дыплома. —

На працягу чатырох гадоў на факультэце я была старшынёй рады старастаў. З трэцяга курса працую карэспандэнткай газеты «СБ. Беларусь сегодня», таму паспела на справе пераканацца, што журналістыка — гэта вельмі цяжкая і карпатлівая праца. Але выкладчыкі нас да гэтага выдатна падрыхтавалі, за што ім вялікі дзякуй.

Так што ні кроку назад, толькі наперад!».

Праўда, многіх выкладчыкаў, якія яе рыхтавалі, ужо скасіла каса масавых рэпрэсій.

У зняволенні пабывала дацэнтка кафедры тэлебачэння і радыёвяшчання журфака Ганна Курэйчык. Такі самы лёс спаткаў яе калегу Ксенію Мартуль.

Дацэнта Аляксандра Дуброўскага, які працаваў на кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання, звольнілі, абвінаваціўшы ў парушэнні карпаратыўнай этыкі. Як парушэнне этыкі кіраўніцтва інтэрпрэтавала подпіс выкладчыка пад калектыўным зваротам супраць фальсіфікацый, гвалту і беззаконня. І гэта толькі выпадкі, вядомыя сродкам масавай інфармацыі.

Пачынаючы з 2020-га з факультэта журналістыкі БДУ сышлі «па дамове бакоў» многія выкладчыкі. Не ўсе з іх рабілі гэта публічна, каб мінімізаваць небяспеку.

Рэпрэсіі абрынуліся і на многіх студэнтаў. Так, Глафіра Жук была адлічана з факультэта пасля 30 сутак арышту.

За перыяд з 2020 па 2022 з факультэта журналістыкі БДУ забралі дакументы многія студэнты.

«Працаваць у агульнай вялізнай прапагандзе не хацела. Апошняй кропляй стаў арышт выкладчыка на 15 сутак. Пасля гэтага я забрала дакументы. Гэта быў выкладчык з вялікай літары, яна ў мяне вяла заняткі», — казала адна са студэнтак.

Але гэта не выпадак Дар'і Травулькі (Гатоўкі).

Чытайце яшчэ:

Палітзняволеную журналістку Ксенію Луцкіну асудзілі на 8 гадоў калоніі

Год таму ў Беларусі заблакавалі сайт “Камсамолкі” і затрымалі журналіста "КП" Генадзя Мажэйку

«Обозначение «орки» погружает нас в мир фантазий, а война — реальная»: как работает этический кодекс журналиста во время боевых действий

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!