НЕ - ВАЙНЕ!
206

Навоша: Лукашэнка — гэта ўжо праблема не толькі беларусаў

20.01.2023 Крыніца: Наша Ніва

Вядомы медыяменеджар, сузаснавальнік папулярных спартовых рэсурсаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша завочна атрымаў 12 гадоў зняволення ў Беларусі па справе ЧКБ. У выпуску ТОК-шорт Дзмітрый расказвае, якім чынам ён датычны да ЧКБ, як сёння ацэньвае яе працу, як адносіцца да нядаўніх заяў вядомай беларускай біятланісткі Дар’і Домрачавай пра спорт па-за палітыкай і якой бачыць будучыню Беларусі.

ЧКБ і прысуд

Навоша кажа, што завочны прысуд нічога не змяніў у яго жыцці. Сам ён не бачыў пастановы суда і не надта цікавіўся працэсам. Дый на суд яго не запрашалі.

«Тая ж кватэра, якую ў мяне, напэўна, будуць адбіраць, была арыштаваная яшчэ год таму. Нейкія рахункі ў мяне там заблакаваныя. У прынцыпе, з усім, што ў мяне было ў Беларусі і Расіі, мне давялося расставацца ў 2020 і 2021 годзе, калі стала зразумела, што пераследаваць будуць усіх», — падзяліўся медыяменеджар.

Ён дадаў, што на фоне ўсіх падзей — рэпрэсій, вайны — гэтыя матэрыяльныя рэчы падаюцца дробяззю. Усё незаконна адабранае будзе пасля вернутае, упэўнены Навоша.

Ён кажа, што гэтыя віртуальныя прысуды — нішто ў параўнанні з рэальнымі, «нейкімі сталінскімі па тэрмінах, прысудамі», па якіх сядзяць Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік і іншыя палітвязні.

«Няхай гэта будуць віртуальныя прысуды, я гатоў да таго, што мне яшчэ 5 раз па 12 год дадуць, калі гэта будзе азначаць свабоду для нейкіх людзей, якія фізічна знаходзяцца ў дасягальнасці для рэжыму Лукашэнкі», — кажа ён.

Што да ЧКБ, то Дзмітрый адзначае, што не быў часткай каманды, але падтрымаў праект матэрыяльна, калі даведаўся пра яго. З камандай таксама практычна не быў знаёмы.

«Бачыў толькі аднаго чалавека і лічыў, што гэта правільна, што я нікога не ведаю асабіста, бо раптам за мной ужо сочаць, раптам мяне недзе зловяць ці мой тэлефон узламаюць. Я на той момант яшчэ кіраваў кампаніямі, якія актыўна працуюць у Беларусі, Расіі і Украіне».

Навоша ў 2020 годзе лічыў правільным фіксаваць злачынствы і агучваць імёны сілавікоў і суддзяў, датычных да палітычнага пераследу і катаванняў, ён меркаваў, што гэта можа папярэдзіць здзяйсненне новых злачынстваў.

«На жаль, гэта гіпотэза не пацвердзілася», — канстатуе ён. Злачынцы ва ўладзе працягваюць здзяйсняюць злачынствы, нягледзячы на агалоску. «І ў гэтым сэнсе ідэя не спрацавала».

Па словах медыяменеджара, ЧКБ закрылі, але даныя, сабраныя на памагатых рэжыму, захавалі для будучых судоў.

Навоша пракаментаваў таксама скандал, звязаны з ЧКБ.

Ён лічыць, што напачатку такая памылка была непазбежная, бо праект пачыналі студэнты-аматары. Але пазней, калі стала зразумела, што гэта гульня ўдоўгую, варта было перастроіць праект на прафесійны лад, чаго не адбылося.

Спорт і палітыка

Навошу «Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць чарговае выказванне Дар’і Домрачавай, якая бачыць спорт выключна па-за палітыкай. Навоша назваў гэта абсалютнай крывадушнасцю. Бо Домрачава сама неаднойчы сустракалася з Лукашэнкам у нефармальнай абстаноўцы. Відавочна, кажа Навоша, што там спорт не быў па-за палітыкай, Лукашэнка «сілкаваўся гэтымі ўсімі медалямі» і на гэта абапіраўся.

Паводле Навошы, сама Домрачава зʼяўляецца эмблемай і тлумачэннем таго, чаму беларускі спорт знаходзіцца цяпер не на міжнародных спаборніцтвах.

Навоша закідае зорцы біятлону тое, што яна не здолела назваць сваімі імёнамі тое, што адбылося падчас пратэстаў, нават збіццё сілавікамі свайго брата.

Медыяменеджар згадвае, што, калі расійская ракета трапіла ў дом у Дняпры, дзе загінула больш за 40 чалавек, беларускія спартоўцы былі на прыёме ў Лукашэнкі і посцілі адтуль «святочныя» фотачкі ў Instagram.

«Вось гэта роўна тое, чаму беларускага спорту не будзе на міжнародных спаборніцтвах. Цяпер ужо доўга», — кажа Навоша.

Ён прадказвае, што для тых спартоўцаў, што трапяць у санкцыі праз падтрымку агрэсіі ва Украіне, праблемы не скончацца нават пасля вайны.

Аптымістычны і песімістычны сцэнары

Адказваючы на пытанне пра перспектывы і будучыню Беларусі, Навоша сказаў, што бачыць два сцэнары.

«Цяпер занадта шмат завязана на вайне, якую Расія вядзе супраць Украіны з дапамогай Лукашэнкі, на тым, ці давядзецца Беларусі ўдзельнічаць у гэтай вайне яшчэ і ўласнымі войскамі, ці будзе яшчэ адно ўварванне з беларускай тэрыторыі ва Украіну».

Ён перакананы, што Украіна ў выніку адабʼецца, але пытанне, якой сілы ўдар будзе нанесены па пуцінскім рэжыме, «ці пойдуць там нейкія расколіны, ці стане ён слабейшы». Бо калі не, то

мы як краіна акажамся намёртва прыпячатанымі да Расіі, якую ўвесь цывілізаваны свет будзе душыць, пазбаўляць рэсурсаў, ускладняць жыццё любымі спосабамі, каб Расія (а разам і Беларусь) была не здольная ажыццяўляць занадта сурʼёзную агрэсію. Гэта азначае яшчэ гады даволі цяжкага, змрочнага жыцця ў краіне, з рызыкамі страты суверэнітэту, мяркуе медыяменеджар.

Але бачыць Навоша і аптымістычны сцэнар. Паводле яго, ёсць Украіна, якая супраціўляецца, ёсць мір, які ёй дапамагае, «і нам дапаможа».

«Я думаю, што праблема Лукашэнкі — гэта ўжо праблема не толькі беларусаў. Гэта, па вялікім рахунку, — тысячы кіламетраў, магчыма, дадатковай лініі фронту ў гэтай вайне, якая можа не быць лініяй фронту і наогул можа не быць пагрозай Украіне з поўначы.

Беларусь і Лукашэнка цяпер — агульнаеўрапейская, агульнасусветная праблема. Так што мы не адзін на адзін з гэтай праблемай», — гаворыць ён.

Чытайце яшчэ:

Асуджаны па “спецвытворчасці” журналіст Дзмітрый Навоша: “Рэпрэсіі — гэта адзінае, што ў лукашыстаў атрымліваецца”

«За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім

У Брэсце затрымалі блогера Дзмітрыя Гарбунова

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!