НЕ - ВАЙНЕ!
327

«Нават у серыйных забойцаў бяруць інтэрв’ю». Ці варта ладзіць шоу з азаронкамі

09.12.2022 Крыніца: Новы час

Прамую выгаду ад такіх «дэбатаў» атрымае дзеючы рэжым — магчымасць папрацаваць на непадкантрольнай яму пляцоўцы.

У мінулую суботу на ютубе прайшлі дэбаты паміж прапагандыстам Рыгорам Азаронкам, блогерам Юрыем Церахам (вядомым як «Людажор») з аднаго боку, журналістам Дзянісам Дудзінскім і былым «байполаўцам» Алегам Талерчыкам — з іншага. Першыя два знаходзіліся ў студыі ў Беларусі, іх апаненты — у Польшчы.

Дзяніс Дудзінскі прызнаўся «Нашай Ніве», што без усялякіх разваг прыняў запрашэнне да «дэбатаў»:

«Па-першае, дэбаты існуюць не для апанентаў, а для трэцяга боку — гледачоў. (…) Гэта своеасаблівае шоу, падчас прагляду якога людзі будуць рабіць свае высновы. Мы ж ведалі, што беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі, дазволяць паглядзець апазіцыйны канал — рэклама круцілася шмат у якіх дзяржаўных пабліках.

Я разумеў, што аніякіх канкрэтных пытанняў і адказаў там не будзе. Ведаў, што там будуць «азаронкі» і яны будуць паводзіць сябе, як «азаронкі». І трэба было даць магчымасць Рыгору і яго паплечніку пракрычацца і прамацюгацца, каб па магчымасці тыя самыя людзі, якія ўжо не глядзяць Азаронка на СТБ, убачылі і сказалі: "Дзякуй богу, што мы яго і не глядзім"».

«Можаце ўявіць сабе, каб у любой іншай краіне з персанажам тыпу Азаронка нехта дэбатаваў? Сам факт дэбатаў — гэта легалізацыя. Маўляў, і такі пункт гледжання мае права на існаванне. Дэбатаваць з фашыстамі нельга», — жорстка адрэагаваў у сацсетках журналіст Андрэй Дынько.

Валер Булгакаў: «Сам факт дэбатаў як легалізацыі — гэта слабенькі аргумент. Яны не баяцца без яе застацца і ўсім відам гэта паказваюць. Вось запэцкацца ў маральным сэнсе — гэта іншае».

«Слова «дэбаты», або «дыскусія» мае на ўвазе нейкую правамернасць процілеглага боку. А дэбаты з Азаронкам, як па мне, гучаць так жа, як «дэбаты з Чыкацілам». Хоць больш карэктна — як «дэбаты з Чарльзам Мэнсанам». Такі ж сектант-жывадзёр, як і Азаронак. Ну якія могуць быць дэбаты з сектантам-маньякам?» — лічыць іншы каментатар.

Большасць каментатараў выказаліся адназначна: «Канібалу нічога патлумачыць нельга».

Але знайшліся і такія, хто атрымаў задавальненне ад гэтага відэа. 

Раман Абрамчук: «Чалавек мае права на выказванне сваёй думкі! Нават у серыйных забойцаў бяруць інтэрв’ю. А што да самога кантэнту — ён выдатны, бо свежы, бо гэта ці не першая спроба дыялогу, пра які гавораць з 2020-га. Яшчэ не ўсё паглядзеў, але ўжо спачатку бачная простая і сціплая сіла Талерчыка — бо кажа праўду, і нават няма патрэбы красамоўнічаць. І энергетыка Дудзінскага — жар. Хто б гэта ні быў — дзякуй за ідэю і рэалізацыю».

Ці варта ўдзельнічаць у падобных «дэбатах» з азаронкамі? Як можна дэбатаваць з калектыўным прапагандыстам, які не толькі не цураецца абраз у адрас апанентаў, але і сыпле пагрозамі фізічнага гвалту? Запыталіся ў медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага.

— Праблема ўпіраецца ў мэты камунікацыі. Трэба разумець, што прапагандысты не з’яўляюцца самастойнымі фігурамі, яны працуюць на рэжым, іх эмоцыі, выказванні могуць супадаць з тым, што патрэбна рэжыму. Але ў той жа час прапагандыстаў звальняюць, калі яны становяцца няўгоднымі, непатрэбнымі. Калі, напрыклад, Мінск уступіў у процістаянне з Масквой, тады Гігін трапіў у апалу, зараз яго вярнулі. Істотная тут сама пастаноўка пытання: ці можна знайсці агульныя кропкі судакранання з прапагандыстамі? Вядома, не.

Дыялог можа весціся паміж роўнымі суб’ектамі: паміж палітыкамі, якія прымаюць рашэнні, і палітычнымі актарамі, якія ім апаніруюць. Але палітычнымі актарамі, а не паміж журналістамі-прапагандыстамі.

Калі ж мэта камунікацыі — стварыць шоу, то тады яна, магчыма, і была дасягнута.

Калі за мэту ставіўся выхад на новую аўдыторыю, то тут паўстае досыць пікантнае пытанне: ці будзе гэты кантэнт распаўсюджвацца рэжымам? Хутчэй за ўсё, не — за выключэннем некаторых перлаў, выразаных з агульнага кантэксту, каб проста паздзекавацца з незалежных медыя і канкрэтных фігур.

Калі гаворка ідзе пра распаўсюджанне падобнага кантэнту, то, хутчэй за ўсё, ён будзе ісці на аўдыторыю незалежных медыя. А гэта значыць, што незалежныя медыя чарговы раз будуць распаўсюджваць наратывы прапаганды, а наратывы саміх медыя будуць прысутнічаць толькі збоку, па суседстве. То-бок прамую выгаду будзе мець дзеючы рэжым, які атрымае магчымасць папрацаваць на непадкантрольнай яму пляцоўцы.

У цэлым я не ўпэўнены, што без адкрытага аб’яўлення мэт, без вызначэння правіл гульні (стварэнне рэгламенту, патрабаванне прытрымлівацца тэмы, выключэнне знявагі і асабістых выпадаў супраць прысутных у студыі) такая камунікацыя не можа быць паспяховай.

А як прыклад цікавага кантэксту, які збірае прагляды, такое шоу можа працаваць.

 З практычнага пункту гледжання падобныя дэбаты нясуць толькі мінусы незалежным медыя?

— Незалежныя СМІ не з’яўляюцца палітычнымі актарамі, яны імкнуцца падаць пазіцыі розных бакоў. І прапагандысты не з’яўляюцца такім бокам. Паколькі спрэчка ішла не пра якасць журналістыкі, не пра журналісцкую этыку, то ўсё гэта — гаворка ні пра што. Калі б дэбатавалі выключна палітычныя і грамадскія дзеячы, тады гэта была б другая гісторыя. Часткова гэта прысутнічала і ў згаданым відэа (Алег Талерчык — адзін са стваральнікаў «BYPOL»), але заўважнымі фігурамі ў гэтай спрэчцы сталі журналіст і прапагандыст. Таму, мне здаецца, адбылося несупадзенне фармату і ўдзельнікаў.

Чытайце яшчэ:

«А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты», – размова пра Нобелеўскую прэмію і справу, якая больш за працу

Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў прэмію «Цюльпан правоў чалавека»

Ці забароняць у Беларусі YouTube ды Instagram? Эксперты Быкоўскі і Дарашэвіч пра імпартазамяшчэнне сацсетак

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!