1723 0

Нашы за мяжой: Віктар Дзятліковіч

22.12.2012 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

Нататкі вучыўся пісаць у "БелаПАН"; артыкулы -- у "Белорусской деловой газете" і "Белорусской газете"; радыёэфір асвойваў на "Радыё Свабода"; тэлеэфір -- у беларускім бюро "Грамадскага расійскага тэлебачання" (ОРТ). Скандальныя рэпартажы атрымліваліся ў "Программе Сергея Доренко", рэпартажы з вайны -- на тэлеканалах "ТВ-6" і "ТВС". Дзесьці ў прамежках былі "Московские новости" (прыемна ўзгадаць) і "РТР" (забыцца як страшны сон). З 2007 года -- у "Русском репортере", -- піша пра сябе сам аўтар.

Гісторыя ад’езду

Ёсць розніца – па сваёй волі з’язджае чалавек ці не па сваёй. У мяне была сітуацыя вымушанага ад’езду.

Тое, чаму я з’ехаў з Беларусі, павінна быць унесена ў падручнікі па найноўшай гісторыі сучаснай Беларусі. Падрабязна расказваць не буду, а проста нагадаю гісторыю з карпунктам "Грамадскага расійскага тэлебачання" ў Мінску.

Сітуацыя з карпунктам “ОРТ” у Мінску склалася нервовая. Сядзела ў пастарунках здымачная група Паўла Шарамета – гэта, акрамя яго, яшчэ Зміцер Завадскі і Яраслаў Аўчыннікаў. Але не было вядома, дзе яшчэ адна здымачная група – як потым высветлілася, яна знаходзілася ў пастарунках КДБ... Ішлі размовы пра выклікі на допыты і астатніх прадстаўнікоў карпункта. Параіўшыся з кіраўніцтвам канала, мы вырашылі, што будзе лепш адправіць мяне ў доўгатэрміновую камандзіроўку ў Маскву. Гэтая камандзіроўка расцягнулася на 16 год...

Таму варта ставіць пытанне не “чаму з’ехаў”, а “чаму застаўся”. Дзесьці праз паўгода сітуацыя выправілася, скончыўся суд над Шараметам, аднавілася праца бюро “ОРТ” у Мінску, можна было ехаць назад. Іншая справа – ці быў сэнс ехаць? Узважыўшы “за” і “супраць”, я зразумеў, што сэнсу няма, і што ў Маскве больш магчымасцяў для працы журналіста.

Акліматызацыя

Я не імкнуўся акліматызавацца, бо спачатку ўспрымаў гэта як камандзіроўку – доўгатэрміновую, але камандзіроўку. Я не чакаў, што затрымаюся тут больш чым на месяц, два, тры, а пра гады ўвогуле і не думаў. Першыя 4-5 месяцаў жыў у гатэлі, які побач з Астанкіна, кожную раніцу я снедаў у кавярні, і таму адчуваў сябе прыезджым чалавекам. Потым працэс пайшоў крыху складаней, акліматызацыя расцягнулася на гады два ці тры, але потым неяк усё нармалізавалася. Прыкладна ў той жа час з Мінска ў Маскву з’ехала некалькі маіх сяброў-журналістаў, нават аднагрупнікаў, і стала прасцей.

Праца

Спачатку я ўвогуле нічым не займаўся – навошта працаваць, калі сядзіш і чакаеш, каб з’ехаць? Ад мяне ніхто і не чакаў, што я буду нешта рабіць – маёй зонай адказнасці было мінскае бюро.

Але потым я пазнаёміўся з людзьмі, якія працавалі ў праграме Сяргея Дарэнкі. У той час на “ОРТ” была дырэкцыя інфармацыі і асобная дырэкцыя аналітычных праграм, якую ўзначальваў Дарэнка. Уся дырэкцыя складалася з 10 чалавек – сам Дарэнка, яго шэф-рэдактар, два рэдактары, 5 карэспандэнтаў і два аператары. Каб не памерці з нуды, я пачаў рабіць нейкія сюжэты для гэтай штотыднёвай праграмы. Так усё і закруцілася, і калі прыйшоў час вырашаць наконт вяртання, Дарэнка прапанаваў мне застацца на поўную стаўку. Гэта быў 1997 год...

Праграма Дарэнкі канчаткова закрылася ў 2001 годзе. Я тады з “Первого канала” сышоў і папрацаваў крыху ў газеце “Московские новости”.  Потым на “ТВ-6” прыйшла каманда з разагнанага “НТВ” на чале з Кісялёвым, і я паспрабаваў працаваць там – у прынцыпе, гэта было вельмі ўдала. Потым было “ТВС”. Калі і яно развалілася, я крыху папрацаваў на “РТР”, але дзяржаўныя тэлеканалы – гэта не маё. Пасля “творчага адпачынку” я прыйшоў у часопіс “Русский Репортер”, дзе апошнія 5 гадоў і працую.

Чаму ў Беларусі няма вялікіх медыяпраектаў – такіх, як у Расіі?

У Беларусі не могуць паўстаць такія медаяпраекты, як “ОРТ”, бо ў Беларусі не жывуць 140 мільёнаў чалавек. Але ў Беларусі ёсць сваё беларускае тэлебачанне, якое ў маштабах краіны з’яўляецца буйным медыяпраектам. Тэлеканалы працуюць на тую аўдыторыю, якая ёсць ў краіне.

Я не вельмі добра зараз ведаю сітуацыю ў Беларусі. Але, наколькі разумею, ёсць 5-6 даволі буйных каналаў, што для Беларусі, думаю, дастаткова. Проста дзяржаўная палітыка скіравана на тое, каб у краіне не было моцных недзяржаўных каналаў. Зменіцца ўлада – зменіцца і дзяржаўная палітыка, інвестары будуць укладаць у тэлебачанне. Думаю, яны ўкладаюць і зараз, але больш у каналы забаўляльныя, а не грамадска-палітычныя.

У Расіі такая ж сітуацыя – усе грамадска-палітычныя каналы кантралююцца дзяржавай, а ўсе грошы ўкладаюцца ў тэлеканалы, дзе няма гэтай тэматыкі. Таму я не бачу вялікай розніцы, хоць памеры бізнесу тэлевізійнага ў Расеі больш і спажывецкі рынак большы. У Расіі 140 мільёнаў чалавек, гатовых набываць прадукты, што рэкламуюцца на тэлебачанні. А ў Беларусі – няпоўных 10 мільёнаў, і ў іх значна менш грошай. З’явяцца ў людзей грошы, з’явяцца запатрабаванні – з’явяцца і рэкламадаўцы, і буйныя праекты. Будзе гэта пры Лукашэнку ці не – не так важна. Пры Лукашэнку будуць укладаць у забаўляльнае тэлебачанне больш, пры іншай уладзе – яшчэ і ў грамадска-палітычныя тэлеканалы...

Што тычыцца газет і часопісаў, тут зноў жа асноўная праблема ў адсутнасці рынку. Існуюць газеты, якія маглі б развівацца ў буйныя праекты пры наяўнасці чытачоў і рэкламадаўцаў. А паколькі яны не могуць выйсці за гэтае абмежаванне ў 10-25 тысяч асобнікаў у накладзе, не можа інвестар прыйсці ў Беларусь і ўкласці 10-15 мільёнаў долараў у стварэнне нейкай газету, бо проста не адаб’е гэтых грошай. Мы кажам пра журналістыку як пра бізнес, а не сацыяльны праект. І друкаваная журналістыка як бізнес у Беларусі цяпер немагчымая, таму і няма ніякіх праектаў. Калі будзе нармальная эканоміка, будуць развівацца і сродкі масавай камунікацыі.

Ці ёсць у Маскве беларуская журналісцкая тусоўка?

Спачатку гэта была даволі вялікая тусоўка: калі ты прыязджаеш у іншы горад, то, безумоўна, шукаеш нейкія кантакты. У мяне быў перыяд, калі я шмат кантактаваў з “Грамадой” – беларускай суполкай у Маскве. Потым гэтыя кантакты аслаблі, бо ў мяне змяніліся інтарэсы. Беларусы ў Маскве не вельмі камунікуюць паміж сабой. Вось калі прыязджае Шалкевіч з канцэртам, то збіраецца 50-100 чалавек. У асноўным жа камунікаванне адбываецца на ўзроўні добрых старых знаёмых. Ёсць людзі, з якімі я часта сустракаюся, але гэта тыя, з якімі я кантактаваў і ў Мінску, з якімі вучыўся або працаваў. У прынцыпе, астатнія беларускія мікрасуполкі грунтуюцца на тым жа прынцыпе. Гэта перанос Мінскай тусоўкі ў Маскву, калі з’язджае некалькі чалавек. Канешне, пасля нехта дадаецца, людзі знаёмяцца між сабой, але нельга сказаць, што існуе нейкая “беларуская еднасць”. Калі б гэта было, (з улікам таго, што беларусаў у Маскве недзе 100, ну хай 50 тысяч) – гэта была б моцная сіла, а яе няма.

Ці не думаеце пра вяртанне?

Я такіх магчымасцяў не шукаю, бо не бачу, дзе б мне было так цікава працаваць, як працуецца зараз у Маскве. Можа, час зменіцца, улада зменіцца, праекты з’явяцца нейкія, інвестары будуць укладаць у гэтыя праекты не дзесяткі тысяч і нават не сотні тысяч, а дзесяткі мільёнаў долараў...

Калі такія праекты з’явяцца, будзе цікава. Калі не – будзем дажываць свой век у Маскве, ці, прынамсі, напрыканцы з’едзем у свой домік пад Мінскам. Цікава жыць там, дзе цікава працаваць. У Мінску ў мяне засталося шмат сяброў, але няма месца для самарэалізацыі. Такога месца там няма ўжо 15-20 год. Няма буйных журналісцкіх праектаў. А займацца тым, што не прыносіць грошай, у мяне няма магчымасці. У Беларусі я не магу ўявіць сабе такі праект, як часопіс “Русский Репортер”, толькі таму, што якасная рэпарцёрская журналістыка ў Беларусі немагчымая. Няма ніводнага праекту, які б рабіў стаўку на рэпартаж. Каб чалавек мог тыдзень-два, а то і месяц-два займацца адным праектам, а потым зрабіць пра гэта сюжэт. Не можа сабе дазволіць гэтага беларускі журналіст, якому трэба працаваць у трох месцах і зрабіць 15 нататак за дзень, каб зарабіць 500-600 долараў. Гэта не настолькі прывабная праца, каб думаць пра вяртанне ў Беларусь...

Каментары