2740

Нашы за мяжой: Наталля Кулінка

08.11.2012 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

Факультэт журналістыкі БДУ скончыла ў 1992-м годзе. З 1992 па 1996 разам з некалькімі ўніверсітэцкімі сябрамі рабіла адзін з самых прыемных для ўспамінаў праект – «Жаночую газету».

У 2001-м абараніла кандыдацкую дысертацыю па жаночых выданнях, выкладала на факультэце журналістыкі БДУ. Потым была гадавая стажыроўка ў Стэнфардскім універсітэце. Перад ад'ездам дэкан факультэта журналістыкі сказаў: «Калі жадаеце працягваць працаваць у нас, то павінны абраць паміж Стэнфардам і БДУ. Пасля Стэнфарду Вы нам не патрэбныя!..» У выніку ў чарговы раз спрацавала правіла «ўсё да лепшага»...

Наталля з сынам на акіянскім ўзбярэжжы

Ад’езд

Мой пераезд у ЗША быў дастаткова выпадковым. Мне заўжды хацелася павучыцца ў Злучаных Штатах, але пераехаць жыць туды я ніколі не думала. А потым з’явіліся такія абставіны, што прыйшлося. Да ад’езду маім сталым месцам працы быў факультэт журналістыкі БДУ. На факультэце (цяпер гэта Інстытут журналістыкі) я выкладала апошнія сем год. І ўвесь гэты час пастаянна шукала магчымасці паехаць павучыцца за мяжой.

Дзесьці на шостым годзе выкладання я зразумела, што трэба нешта змяняць у праграме, якую я чытаю – немагчыма даваць студэнтам тое, што даўно напісана. А доступу да заходніх методык выкладання журналістыкі ў Беларусі няма. Таму адной з маіх заявак была праграма ў Стэнфардскім універсітэце на факультэце камунікацый.

Гэта вельмі прэстыжная стыпендыя для журналістаў-практыкаў. (У той час я яшчэ працавала і на радыё “Unistar”...) Карацей, я падала заяўку на гэту праграму. Там штогод набіраюць 20 стыпендыятаў: 12 з іх заўсёды амерыканцы, і толькі 8 размяркоўваюцца на ўвесь астатні свет.

І я выйграла! Не хачу сказаць, што я найлепшы журналіст у Беларусі – проста так склалася. Спачатку прыйшло запрашэнне на тэлефоннае інтэрв’ю, а пасля яны вырашылі, што мяне прымаюць.

Я пайшла да дэкана нашага факультэта і сказала, што мяне запрасілі на гэту стыпендыю, папрасіўшы даць мне гадавы адпачынак. (На захадзе прафесары, якія адпрацавалі 7 год, маюць права на гадавы адпачынак. У нас такой формы, на жаль, няма, але я была ўпэўнена, што можна дамовіцца, што на маё месца на год прымуць кагосьці іншага.)

Я так дэкану і сказала – маўляў, гэта вельмі прэстыжная стыпендыя, я хачу павучыцца, каб пасля нейкія новыя веды данесці і да студэнтаў. Але ён мяне вельмі холадна сустрэў гэтую навіну, здзіўлена на мяне паглядзеў і запытаў: а хто вас туды пасылае? Я растлумачыла, што выйграла, што хачу сама паехаць. Але ён адрэзаў, што, калі я хачу працаваць ва ўніверсітэце, то павінна выбраць паміж той праграмай і выкладаннем у БДУ. І наогул – “мы не ведаем, чаму вас там будуць вучыць”.

Так мне давялося напісаць заяву на звальненне. І вельмі хутка звольнілі, без месяца адпрацоўкі, нават у бухгалтэрыі пытанні надзвычай хутка вырашыліся... Відаць, у факультэта было вельмі моцнае жаданне ад мяне пазбавіцца. Я з’ехала, не вельмі засмуціўшыся – думала, што праз год вярнуся, і нешта можа атрымацца.

Правучыўшыся год у Стэнфардзе, я набралася розных ведаў і вярнулася, але працы не было. Гэта быў крызіс, лета 2009 года. Да дэкана я не пайшла, але сустракалася з супрацоўнікамі, якія сказалі, што на маё месца ўзялі на пастаянную працу чалавека. Так я пакруцілася з  паўгода, атрымала яшчэ адну стыпендыю і зноў паехала ў Стэнфард.

Зараз я ўсё яшчэ пры Стэнфардзе – тут ёсць цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў, дзе я працягваю займацца навуковай працай: пішу для іх артыкулы, выступаю на канферэнцыях па масмедыя.

З лютага 2011 года разам з супрацоўнікам Стэнфарда мы заснавалі online-часопіс, які называецца “The Stanford Post-Soviet Рost”. Я з’яўляюся  рускамоўным рэдактарам гэтага часопіса і журналістам.

Акліматызацыя

Насамрэч было вельмі цяжка – пачынаючы ад моўнага бар’еру. Я з’язжала ва ўпэўненасці, што ў мяне дастаткова добры ўзровень ангельскай. Але прыехаўшы, я заўважыла, што не толькі мяне не разумеюць, але і я таксама не да канца разумею іх. Таму адразу давялося браць урокі ангельскай мовы, і ў тым ліку па вымаўленні – гэта аказалася надзвычай істотна.

З іншага боку, у Беларусі я заўжды была вялікім энтузіястам заходняга “курсу”, ладу жыцця. Я і выкладала, выкарыстоўваючы заходні вопыт. Але калі пачынаеш тут жыць, то адкрываеш для сябе такое жыццё Захаду, якое і ўявіць сябе не мог, сутыкаешся з праблемамі, пра якія нідзе не прачытаеш і не пачуеш...

Не магу сказаць, што я змяніла сваё “дэмакратычнае мысленне” ці стала прыхільніцай “цэрнтралізаванага кіравання”. Але я пачала разумець, што жыццё пры дэмакратыі па-свойму няпростае. Ліберальная альбо прадстаўнічая дэмакратыя – вельмі хітрая штука. Паўстае пытанне: хто рэальна прадстаўляе твае інтарэсы, ці прадстаўлены інтарэсы ўсіх пластоў насельніцтва? Бо слова “дэмакратыя”, якое выкарыстоўваецца ў нас у Беларусі, не мае ніякага рэальнага напаўнення. Мы выкарыстоўваем гэта слова як станоўчую характарыстыку...

Але не ўсё так проста. У Амерыцы вялізная колькасць людзей працуе за 8 долараў за гадзіну, а гэта нішто! Прыватныя кампаніі імкнуцца наняць людзей на 0,5 стаўкі. А гэта азначае, што прадпрыемства не выплочвае ніякіх адлічэнняў ні на сацыяльнае страхаванне, ні на пенсійнае забеспячэнне. Пры гэтым ты не маеш права на нейкі адпачынак, не кажучы ўжо пра аплочваны. На гэтыя грошы нават жыллё не здымеш. Я кажу пра людзей з нізкай кваліфікацыяй – напрыклад, гандляроў.

Тут пра іх кажуць, што яны самі вінаватыя, бо не атрымалі адукацыі. Але часамі і людзі з адукацыяй, асабліва эмігранты, вымушаны так працаваць, бо яны проста не могуць знайсці іншай працы. Для таго, каб працаваць гандляром ці прыбіральшчыцай, адукацыя не патрэбна. І грамадства зацікаўлена, каб такія людзі былі, але яно ж і не дае ім магчымасці дастойна жыць.

Калі даведваешся пра ўсе гэтыя абставіны, то разумееш, чаму простыя рабочыя ў Беларусі выступаюць супраць тых каштоўнасцяў, якія прапануе сучасная беларуская эліта. Тады ты задаешся пытаннем – а ці зможа гэтая эліта прадстаўляць потым інтарэсы рабочых? Гэта тычыцца і Амерыкі. У Сенаце ЗША шмат людзей з касмічнымі даходамі, пры чым сярод дэмакратаў такіх больш, чым сярод рэспубліканцаў. І ў мяне з’яўляецца пытанне: ці могуць гэтыя людзі, якія ні ў чым сабе не адмаўляюць, прадстаўляць інтарэсы людзей, якія зарабляюць 8 долараў за гадзіну?..

Я ў гэтым сэнсе ў прывілеяваным становішчы. Можа таму, што я прывыкла сама ствараць сабе працоўныя месцы. У Беларусі я калісьці стварыла прыватную “Жаночую газету”, тут таксама заснавала вось новае выданне, зараз працуем над запускам яшчэ аднаго праекту. І я працую пры Стэнфардзе – пра такое любы эмігрант можа толькі марыць! Але мой выпадак – не тыповы.

Муж Наталлі Васіль

Дзеці Ганна і Ігнат

Ці не шкадуеце, што з’ехалі?

Не шкадую, бо, нягледзячы на тыя недахопы і праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкнуцца напачатку, Амерыка ўсё ж застаецца інтэлектуальным лідарам у свеце. Але тое, што ты маеш у Стэнфардзе, – гэта нетыпова нават для Амерыкі. Бо тут інтэлектуальны запас, назбіраны стагоддзямі. У Беларусі нават цяжка сабе ўявіць такое. Можа, калісьці я вярнуся ў Беларусь, каб падзяліцца тымі ведамі і вопытам, якія я тут зараз назапашваю.

Як рэагуюць людзі, калі чуюць пра Беларусь?

Шмат хто не ведае, дзе гэта і што гэта. Некаторым прыходзіцца тлумачыць, што гэта паміж Расіяй і Украінай, або між Польшчай і Расіяй. Некаторыя ведаюць, але цікавасці да краіны, асабліва тут, на заходнім узбярэжжы, няма. Калі я выступаю з нейкімі дакладамі на канферэнцыях, у першую чаргу я выступаю з аналізам беларускіх СМІ. Але я аказваюся адзінай, хто гэта робіць. Можа, на ўсходнім узбярэжжы нешта іншае, але тут асаблівай цікавасці да гэтай тэмы няма. Тут цікавіць Кітай, Афрыка, Азія. Найперш – Азія: Кітай, Японія – з-за геаграфічнай блізкасці.

Ёсць вялікая супольнасць руская, у сіліконавай даліне, але гэта ў асноўным праграмісты. Ёсць і беларуская супольнасць праграмістаў – з Мінску нават. Але ў мяне такая сітуацыя, пра якую пісаў Льюіс Кэрал: “Каб тут стаяць на месцы, трэба вельмі хутка бегчы”. Таму часу на камунікаванне фактычна няма.

 

Ці можаце падказаць рэцэпт людзям, якія з’язджаюць з Беларусі цяпер: як найлепш захавацца за мяжой?

Ніякага рэцэпту няма. Найперш, мне здаецца, не трэба баяцца з’ехаць, бо з’язджаеш не на Марс. Час зараз такі, што варта кудысьці з’язджаць, падарожнічаць, каб набрацца вопыту, ведаў. Не трэба зубамі трымацца за нейкую кватэру, якую набыў. Гэта галоўнае. Паўсюдна можна прыжыцца. Але на гэта патрабуецца шмат энергіі, і нейкі час (гады два) пойдзе на тое, каб зразумець культуру чужой краіны.

Я не магу сказаць, што я ўжо зразумела яе – адбываюцца выпадкі неразумення на ўзроўні нейкіх культурных момантаў. Людзям энергічным, адкрытым да новых ведаў прасцей уладкавацца. Але я думаю, што, калі беларусы пачнуць ездзіць не толькі па закрытых курортах на 10 дзён, а больш стануць жыць у іншых краінах, ездзіць вучыцца або працаваць на год-два, гэта толькі б ўзбагаціла і народ і краіну.

Значная частка маіх радасцяў ад жыцця тут, акрамя кніг і інфармацыі, – гэта мае дзеці. Я прывезла іх сюды, яны ходзяць тут у школу, старэйшая нават ужо ў каледж. Яны становяцца грамадзянамі Свету, ім ужо не страшна нешта мяняць, прыстасоўвацца да іншай культуры, спазнаваць яе.

Асабліва гэта датычыць заходняга ўзбярэжжа, бо тут вельмі шмат прыезджых, людзей з розных культур і нацыянальнасцяў. Дзеці пачынаюць разумець свет лепш і больш. Я бачу, як яны змяніліся. Так, і ў Беларусі яны былі добрымі, добра вучыліся, але тут для іх адкрыўся свет. Знікла гэтая правінцыйнасць, местачковасць, якая ёсць у тых, хто жыве ў маленькіх закрытых краінах.