821

Нацыянальны парк “Прыпяцкі”: грамадства не можа кантраляваць справы, хоць гэта і прадугледжана заканадаўствам

07.07.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На ток-пляцоўцы “Медыяпрастора” ў Гомелі адбылася публічная дыскусія, прысвечаная 50-годдзю стварэння Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і грамадскія актывісты. Мадэратарам выступаў журналіст Андрэй Мядзведзеў.

Унікальнасць і каштоўнасць

Грамадскі эколаг, актывістка кампаніі “Захаваем прыпяцкія дубровы” Інэса Балоціна адзначыла падчас дыскусіі, што паўстагоддзя таму тэрыторыя ў пойме Прыпяці і міжрэччы яе правых прытокаў Сцвігі і Убарці атрымала прыродаахоўны статус як Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Агульная запаведная плошча прасціралася на 65 тысяч гектараў. Гэта такі эталон прыроднага сховішча генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету беларускага Палесся — унікальнае спалучэньне прыроднай, культурнай і гістарычнай спадчыны. У складзе разнастайнай флоры і фаўны парка налічваецца амаль дзвесце відаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Змена гаспадара

У жніўні 1994 года запаведнік ад Міністэрства прыродных рэсурсаў забрала пад свой кантроль Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Неўзабаве тут стварылі эксперыментальную лесапаляўнічую гаспадарку “Ляскавічы”, пашырыўшы межы парка. У 1996 годзе ландшафтна-гідралагічны запаведнік рэарганізаваны ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, што прывяло да паніжэння абароны запаведнай тэрыторыі.

У нацпарку на Прыпяці вядзецца комплексная гаспадарчая дзейнасць, уключна з дрэваапрацоўчай вытворчасцю, арганізацыяй палявання для іншаземцаў, чаго няма ў замежных нацыянальных парках.

Цалкам запаведная зона ў “Прыпяцкім” цяпер займае 31 тысячу гектараў, што складае 34 % ад усёй тэрыторыі. Рэшта — гэта  гаспадарчая, рэкрэацыйная і зона рэгуляванага карыстання. Там і праходзіць паляванне, высечка, адкрываюцца гатэлі, хоць усё гэта — частка нацыянальнага парка.

У апошнія гады рэжым запаведнасці зняты з унікальных пойменных дуброваў на правабярэжжы Прыпяці. Нацпарк лабіруе санітарныя высечкі так званых “аслабленых” дубоў, пускаючы прыдатныя дрэвы на выраб паркету ды іншых піламатэрыялаў, якія адпраўляюць на ўнутраны рынак і на экспарт. Спецыялісты парка заяўляюць, што высыханне пойменных дуброваў абумоўлена паніжэннем грунтовых вод у звязку з меліярацыяй і нават пракладкай нафтаправода, трубы якога перакрываюць і абцяжарваюць унутрыглебавы сцёк вады.

Грамадскі кантроль і экатурызм

Асобнай тэмай на дыскусіі стаяла пытанне ўдзелу грамадскасці ў кіраванні нацыянальным паркам як прыродным комплексам, важным для развіцця краіны і ўсёй еўрапейскай супольнасці.

Адзначалася, што грамадскасці на сёння невядома колькі сродкаў здабывае нацыянальны парк і на якія мэты яны накіроўваюцца. Тым часам заканадаўства аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях прадугледжвае кантроль грамадзян і грамадскіх арганізацый за іх аховай і выкарыстаннем.  Яны маюць права запытваць і атрымліваць поўную і своечасовую інфармацыю на гэты конт.

Іншая справа, як адзначаў юрыст ГА “Экадом” Рыгор Фёдараў, што ў краіне  бракуе традыцыі грамадскага кантролю за станам запаведнікаў і нацыянальных паркаў. У гэтым не ўдзельнічаюць нават мясцовыя жыхары. Выключэннем сталі хіба вяскоўцы з Дубровы, Пухавіч ды Марохарава Жыткавіцкага раёна, якія абурыліся сёлета праз намер дырэкцыі парка “Прыпяцкі” далучыць да сваёй тэрыторыі возера Чырвонае.

Наладзіць хоць які кантроль за “Прыпяцкім” спрабуюць грамадскія эколагі праз аўдытараў, якія выдаюць парку еўрапейскі сертыфікат FSC (Forest Stewardship Council) на тое, што нарыхтоўка драўніны не пагражае біяразнастайнасці, прадуктыўнасці і функцыі лесу. Нацпарк вымушаны прыслухоўвацца, паколькі за пяць значных заўваг аўдытар можа скасаваць сертыфікат.

Не прамінулі ўдзельнікі дыскусіі і тэму пашырэння экалагічнага турызму, які б уключаў водныя і сухапутныя маршруты запаведных мясцін.  

Гомельскі краязнаўца і экскурсавод, сябра ГА “БАЖ” Яўген Меркіс лічыць, што ў рэгіёне, у тым ліку і нацпарку “Прыпяцкі”, бракуе стратэгічнага бачання развіцця турызму.

Еўрапейцаў цікавіць не толькі паляванне і шашлыкі, як некаторыя сабе ўяўляюць.

Некранутая прырода з яе волатамі-дубамі, з пляцоўкамі назірання за птушкамі і ляснымі жывёламі выклікаюць вялікі інтарэс.

“Нядаўна я быў у Вялікабрытаніі, — распавёў Яўген. — І мае знаёмыя выказвалі жаданне паглядзець у нас дзікі лес, якога ў іх на выспе ўжо не засталося. А падарожжы на цеплаходзе па той жа Прыпяці — гэта ж як па Амазонцы. Але ж на цеплаходах няма Wi-Fi, мабільнай сувязі, каб тут жа падзяліцца сваім уражаннем з сябрамі. Дый іншага звыклала для замежнага турыста сервісу бракуе”.

Удзельнікі дыскусіі выказваліся таксама за тое, што ў справе грамадскага кантролю за функцыянаваннем запаведных тэрыторый і пашырэннем экалагічнага турызму заўважную ролю могуць адыграць СМІ.

Фота Васіля Грыгарэнкі.