962

“На варце Кастрычніка”. Пра што пісала галоўная газета савецкай міліцыі ў Беларусі ў канцы 1930-х гадоў

04.03.2017 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

У 1980-я гады, калі я быў яшчэ малым хлопцам, у нашай бабруйскай кватэры ляжала шмат выпускаў газеты “На страже Октября”. Мой бацька быў афіцэрам савецкай міліцыі і выпісваў гэтае выданне. На яго старонках было шмат артыкулаў пра дзейнасць работнікаў правапарадку, публікаваліся здымкі міліцыянераў, былі публікацыі, прысвечаныя гісторыі. Тады я не ведаў, што ў гэтага выдання багатая гісторыя і ў перадваенны перыяд там публікавалася вялікая колькасць цікавых матэрыялаў, што выдатна ілюструюць жыццё ў БССР узору 1930-х гадоў.

Міліцэйская газета на роднай мове

У пачатку 1930-х гадоў у савецкай Беларусі кожны завод, фабрыка, наркамат меў сваю шматтыражку, у якой друкаваліся апошнія навіны аб жыцці і дзейнасці “працоўных калектываў”. Не выключэннем была і працоўна-сялянская міліцыя БССР. У лістападзе 1931 года ў беларускіх міліцыянераў з’явіўся свой “друкаваны орган” — газета “На варце Кастрычніка”. Першы нумар быў прымеркаваны да 14 гадавіны стварэння савецкай міліцыі. Прычым, калі пасляваенная аднайменная газета выдавалася на рускай мове, то ў даваенны час выданне выходзіла на дзвюх мовах, а назва была толькі па-беларуску. Выдаўцом “На варце Кастрычніка” быў Палітаддзел упраўлення працоўна-сялянскай міліцыі НКУС БССР. Рэдактарамі выдання ў 1930-я гады былі Гольдберг, Нікіцін, Жыркоў і іншыя.

У канцы 1930-х гадоў амаль усе савецкія газеты былі перапоўненыя інфармацыяй аб розных сацыялістычных спаборніцтвах. Паміж сабой “дамаўляліся” фабрыкі і калгасы, універсітэты і інстытуты, школы і дзіцячыя сады. Міліцыя не стаяла ў баку ад гэтых працэсаў. Амаль у кожным з нумароў “На варце Кастрычніка” участковыя, следчыя, паставыя, даішнікі давалі абавязак выдатна выконваць сваю справу і дапамагчы роднаму адзелу стаць лепшым. Пры гэтым гутарка ішла не толькі пра выкананне службовых абавязкаў, але і пра вывучэнне прац класікаў Марксізма-Ленінізма, а таксама матэрыялаў чарговых з’ездаў кампартыі.

Так, у адным з нумароў за красавік 1939 года камандзір адзялення міліцыі Салавей абяцаў “вывучыць усе матэрыялы гістарычнага XVIII з’езду і дапамагчы азнаёміцца з імі міліцыянерам свайго адзялення, каб кожны баец ведаў рашэнні партыі”. А яшчэ праваахоўнік “выклікаў” сваіх начальнікаў па гарнізону на спаборніцтва па вывучэнню гэтых матэрыялаў.

А хутка ПСМ БССР заключыў дамову з калегамі з савецкай Украіны аб выкананні ўзятых на сябе абавязкаў у рамках сацыялістычнага спаборніцтва. Размова ішла, сярод іншага, пра паляпшэнне працы па марсісцка-ленінскаму выхаванні, узмацненне аховы сацыялістычнай маёмасці; павелічэнне колькасці брыгад садзейнічання міліцыі з ліку стаханаўцаў; арганізацыі справаздач міліцыянераў на прадпрыемтвах; падтрымку мабілізацыйнай гатоўнасці. Арбітрам паміж беларускімі і ўкраінскімі міліцыянерамі быў Палітадзел ГУПСМ НКУС СССР. Тэкст дамовы быў надрукаваны ў газеце “На варце Кастрычніка”, а ў якасці ілюстрацыі да яго быў выкарыстаны здымак вайсковага парада ля Дома ўраду ў Мінску 1 траўня 1939 года.

Звычайная праца праваахоўнікаў

Амаль у кожным нумары газеты друкаваліся справаздачы пра працу звычайных міліцыянераў. Напрыклад, інспектар Плешчаніцкага адзялення міліцыі Жэлабковіч інфармаваў чытачоў выдання, што яму удалося стварыць 2 брыгады садзейнічання міліцыі і “брыгадмільцы” дапамагалі супрацоўнікам РСМ у барацьбе з крымінальнымі злачынствамі. Акрамя гэтага праваахоўнік адзначаў, што вялікая ўвага ў яго працы надавалася “падтрыманню пашпартанага рэжыму”. Размова  ішла пра памежную зону, у якую ўваходзілі і Плешчаніцы.

Асаблівую ўвагу аўтары газеты надавалі працы РУР (рэгуляванне вулічнага руху). “Нашыя сацыялістычныя гарады растуць з кожныі годам, павялічваецца дарожны рух. [...] Міліцыянер-выдатнік Гулькоў Пётр Васільевіч сваімі уважлівымі адносінамі да выканання службовых абавязкаў папярэдзіў не адзін аварыйны выпадак. 29 сакавіка таварыш Гулькоў затрымаў шафёра, які рухаўся на тэхнічна няспраўнай машыне. 31 сакавіка Гулькоў запісаў нумар адной машыны. Яе шафёр, убачыўшы гэта, прапанаваў міліцыянеру 30 рублёў, каб той не паведамляў у аўтаінспекцыю. Таварыш Гулькоў затрымаў шафёра і даставіў яго ў адзяленне”, — распавядлася ў адной з тэматычных публікацый.

Адной з галоўных задач тагачаснай беларускай міліцыі была барацьба з крымінальнымі злачынцамі. “Міліцыянер горада Гомеля таварыш Кажокін, несучы пастаянную службу ў Новабеліцы, затрымаў і даставіў у адзяленне невядомага, які спрабаваў абрабаваць дом грамадзяніна Плескага. Затрыманы аказаўся буйным злодзеем-рэцыдывістам, які меў 2 судзімасці і 14 прывадаў за крымінальныя злачынствы. [...] Міліцыянер 4-га адзялення РСМ таварыш Будай, знаходзячыся на пасту, затрымаў грамадзяніна, якога шукалі за два разбойныя напады. [...] 18 сакавіка міліцыянер Асіповіч, знаходзячыся на пасту на Койданаўскім тракце Мінску, затрымаў некалькіх злачынцаў, якія спрабавалі абрабаваць кватэру грамадзяніна Лапаціна”, — падкрэслівалася ў газеце.

Разам з тым пісалі і пра праблемы ў працы тагачаснай міліцыі. “Пытанні пільнасці ў органах НКУС займаюць выключна важнае месца. У сувязі з гэтым вялікае значэнне маюць пытанні захавання дзяржаўнай таямніцы. [...] Праверка выявіла шэраг абуральных фактаў, асабліва ў адзелах БКМ (барацьба з крадзяжамі маёмасці) і ДАІ. [...] Увечары спецкамісія без праблем увайшла ў памяшканне кваліфікацыйнай камісіі, бо дзверы не былі зачыненыя. На стале статыста таварыша Міленькай ляжала дакументацыя. У пакоі сакратара ДАІ таварыша Бененсона на падлозе, каля шафы, у адчыненым выглядзе ляжалі загады НКУС СССР і БССР. Тут жа ляжала справа з грыфам асаблівай важнасці. Усе 5 картатэчных шафаў у пакоі № 58 былі адчыненыя. Безтурботнасць супрацоўнікаў аўтаінспекцыі блізка мяжуе са злачынствам”.

У іншым нумары газеты адзначалася, што ў адным з адзяленняў міліцыі Бабруйска вельмі брудна і антысанітарныя ўмовы.

Частымі былі крытычныя выпады ў бок супрацоўнікаў правапарадку за тое, што яны не вядуць барацьбу з хуліганствам.

Вайна грукае ў дзверы

Знешнепалітычная рэчаіснасць уносіла свае карэктывы ў функцыянаванне і дзейнасць беларускай міліцыі. 3 чэрвеня 1939 года ў газеце “На варце Кастрычніку” быў апублікаваны Даклад старшыні Савета народных камісараў Вячаслава Молатава “Аб міжнародным становішчы і знешняй палітыцы Саюза СССР”. У ім савецкі прэм’ер актыўна крытыкаваў Германію за агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Чэхаславакіі і іншых краін. Аднак прайшло некалькі месяцаў і геапалітычная сітуацыя, а разам з ёй і рыторыка савецкіх газет, змянілася.

У ліпені 1939 года ў Мінску гучна адзначылі “XIX гадавіну вызвалення Беларусі ад белапалякаў”. Гэтую падзею газета “На варце Кастрычніка” назвала “вялікім святам беларуска народу”. А ўжо ў верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна і Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь. Гэтая падзея актыўна асвятлялася на старонках міліцэйскай газеты, дзе справаздачы з мітынгаў савецкіх міліцыянераў суседнічалі з франтавымі зводкамі “з Захаду”. У той час у галоўнай газеце міліцыі БССР друкаваліся…паведамленні вярхоўнага камандавання германскага войска.

“На ўсходзе працягвалася планамернае прасоўванне германскіх войскаў да дэмаркацыйнай лініі. На Усход ад раёну ніжняй плыні ракі Сан мела месца невялікая бітва з рэшткамі былога польскага войска. Пры гэтым германскай танкавай дывізіяй захоплена ў палон 2 000 польскіх жаўнераў. З прычыны  таго, што да сённяшняга дня не атрымалася пераканаць каменданта Варшавы ў безсэнсоўнасці супраціву, учора былі пачаты баявыя дзеянні супраць Варшавы”, — адзначалася ў адной з публікацый.

Дарэчы, побач з гэтым “ньюсам” быў надрукаваны здымак на якім беларускі селянін з-пад Радашковічаў знішчаў апошні польскі памежны слуп на “рыжскай” мяжы.

…Ужо праз два гады Германія нападзе на Савецкі Саюз і тысячы беларускіх міліцыянераў пайдуць на фронт, каб змагацца супраць нацыстаў побач з байцамі Чырвонай Арміі. Пасля Другой сусветнай вайны газета “На варце Кастрычніка” працягвала выходзіць, але ўжо цалкам на рускай мове. У 1992 годзе гэтае выданне, атрымаўшы назву “На варце”, стала адным з галоўных друкаваных органаў праваахоўнікаў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.