НЕ - ВАЙНЕ!
3274

На галоўнай старонцы БТ – ні слова, на сайце БелТА – у самым нізе старонкі

11.12.2015

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" прааналізавала, як беларускія СМІ асвятлялі ўручэнне першай для нашай краіны Нобелеўскай прэміі.

Пра тое, што ніводны дзяржаўны тэлеканал не пакажа прамую трансляцыю нобелеўскіх урачыстасцяў, стала вядома яшчэ на мінулым тыдні. З гэтай нагоды шматлікія грамадскія пляцоўкі ў Мінску і рэгіёнах паспелі прапанаваць супольныя бясплатныя прагляды падзей 7 і 10 снежня.

Аднак яшчэ большай здзіўленне ў грамадскасці выклікала амаль поўная адсутнасць ў дзяржаўных СМІ інфармацыі пра ўручэнне Нобелеўскай прэміі беларусцы.

На сайце галоўнага нацыянальнага інфармагенцтва "БелТА" навіна пра ўзнагароджанне Святланы Алексіевіч апынулася ў самым нізе старонкі ў раздзеле “Культура”. Каб убачыць яе, чытачам трэба было зрабіць ажно 13 скролаў уніз.

Раніцай у пятніцу інфармацыя з галоўнай старонкі сайта наогул знікла.

Сайт Белтэлерадыёкампаніі пайшоў яшчэ далей – цягам вечара 10 снежня прозвішча Алексіевіч на галоўнай старонцы так і не з’явілася. Галоўнымі падзеямі дня былі названыя Міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы, паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан і візіт у Мінск еўрапейскіх трансплантолагаў.

Вельмі адметна на гэтым фоне паказаў сябе тэлеканал “ОНТ”. Інфармацыя пра ўзнагароджанне Алексіевіч выйшла другой навіной выпуску а 20:30 і заняла месца сярод трох галоўных падзей на сайце.

У той жа час, амаль усе асноўныя недзяржаўныя грамадска-палітычныя масмедыя транслявалі стакгольмскія мерапрыемствы трымалі тэму ўручэння Нобеля галоўнай падзеяй дня на сваіх сайтах. Сярод іх – TUT.by, Onliner, “Белсат”, “Радыё Свабода”, “Наша Ніва”, “Комсомольская правда” в Беларуси” і многія іншыя.

Апроч трансляцыі, недзяржаўныя выданні 10 снежня прысвяцілі ўзнагароджанню Святланы Алексіевіч ад трох да дзесяці матэрыялаў кожнае.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!