3196

МУС лічыць немэтазгодным абмяркоўваць пераслед журналістаў-фрылансераў

31.07.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Міністэрства ўнутраных спраў адказала на зварот журналісцкага аб’яднання адносна пераследу калег за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Адказ міністэрства можна назваць адпіскай, – лічаць юрысты арганізацыі. На ўсе пункты звароту ведамства адказала адмоўна – раіць звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, а свой удзел у абмеркаванне праблем журналістаў-фрылансераў лічыць немэтазгодным.

Пра гэта паведамляецца ў лісце за подпісам выканаўцы абавязкаў начальніка ўпраўлення прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі С. Красуцкага.

– Гэта відавочная спроба сысці ад вырашэння праблемы. МУС раіць ГА “БАЖ” звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, але трэба нагадаць, што менавіта супрацоўнікі міліцыі складаюць на журналістаў пратаколы за нібыта парушэнне заканадаўства аб СМІ. Не Мінінфарм, які з’яўляецца рэспубліканскім органам кіравання ў гэтай галіне, а міліцыянты, якія часта не асабліва і разбіраюцца ў заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі. Таму, на мой погляд, гэта проста спроба сысці ад абмеркавання вельмі важнай праблемы, з якой сёлета сутыкнуліся ўжо дзясяткі журналістаў у Беларусі, – кажа старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”  Андрэй Бастунец.

Нагадаем, што 9 ліпеня арганізацыя даслала пісьмовыя звароты старшыню Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу, Генеральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку, Міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу і старшыню КДБ Валерыю Вакульчыку.

Да кожнага ліста прыкладзеная заява ГА “БАЖ”, прынятая 7 ліпеня, а таксама Абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.

Журналісцкая арганізацыя дамагаецца публічнага абмеркавання праблемы прыцягнення да адказнасці фрылансераў з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ГА “БАЖ”, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў.

21 ліпеня адказ на зварот ГА “БАЖ” даслала Генеральная пракуратура Беларусі, якая наогул не стала разглядаць ліст арганізацыі па сутнасці.