3336

Многія мужчыны плачуць... Каця Сінюк расказала пра феномен «Имена»

18.11.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, фота «Имена»

У межах канферэнцыі “Дзелавы інтэрнэт” заснавальніца часопіса «Имена» Кацярына Сінюк расказала пра самыя паспяховыя сацыяльныя акцыі, псіхалагічны накал і працу журналістаў выдання.

Як усё пачыналася

— З краўдфандынгам я пазнаёмілася каля года таму. Да гэтага я і паняцця не мела, як гэта працуе ў Беларусі. Ведала, што хтосьці дзесьці збірае грошы. Думала, ну і малайцы! Але год таму ў мяне з’явілася магчымасць на 100 % паглыбіцца ў гэтую сферу, — распавяла Кацярына Сінюк падчас сустрэчы ў межах канферэнцыі “Дзелавы інтэрнэт”.

Сайт «Имена» стартаваў у гадавіну тэракта ў мінскім метро — 11 красавіка.

— Мы хацелі займацца сацыяльнай журналістыкай, адключыць мозг ад вялікай колькасці непатрэбных штодзённых навінаў і прыносіць карысць у канкрэтных праблемах людзей.

Грошай на запуск праекта не было, таму задаліся пытаннем: ці зможам мы прафінансаваць медыя за кошт чытачоў? Многія не верылі, што мадэль запрацуе, што беларусы будуць масштабна ўкладаць грошы ў сацыяльны праект, тым больш у СМІ. Перад гэтым я запытвалася ў сваіх знаёмых і самыя распаўсюджаныя адказы былі такія: “Беларусы сквапныя”, “У беларусаў хата з краю”, “Мы прызвычаіліся, што праблемы вырашыць нехта іншы” і г. д.

Але мы паспрабавалі, і эксперымент быў паспяховым. Нашы аўтары паказалі з дзясятак важных сацыяльных праблем, сабралі больш за 58 тысяч новых беларускіх рублёў, прыцягнулі некалькі дзясяткаў валанцёраў. Да таго ж нядаўна завершыўся збор сродкаў на сам часопіс — людзі ахвяравалі больш за 21 тысячу долараў.

«Имена» — гэта часопіс, які не толькі паведамляе пра сацыяльныя праблемы, але і прапануе людзям уключацца ў іх вырашэнне. Калі чалавек чытае артыкул пра праблему, апроч стандартных опцый падзяліцца набалелым у сацыяльных сетках, мы прапанавалі магчымасць націснуць кнопку “Дапамагчы”.

Такім чынам мы сфармавалі місію выдання: не толькі пісаць пра праблемы, але і даваць чытачам магчымасць далучыцца да іх вырашэння. Для нас таксама важна расказваць людзям, што адбываецца далей з героямі, куды сыходзяць грошы і як яны трацяцца.

Каго фінансуюць нашы чытачы

Найперш, гэта — людзі альбо грамадскія арганізацыі, якія выконваюць важную для грамадства функцыю, — ратуюць, дапамагаюць, падтрымліваюць. То бок мы накіраваныя на структурныя сацыяльныя праекты, якія ўжо працуюць з рознымі катэгорыямі насельніцтва, але часта застаюцца без увагі грамадства і СМІ.

На наш погляд, у такіх праектаў павінна быць два асноўных крытэры. Па-першае, зразумела сфармуляваная праблема. А па-другое, мусіць быць чалавек, які гатовы гэту праблему вырашаць.

Самы першы і самы паспяховы праект для дзяцей сірот у інфекцыйным шпіталі ў Гродна. Па хуткасці збору грошай гэты праект вельмі натхніў нас. Праблема заключалася ў тым, што дзеці-сіроты ў інфекцыйным шпіталі ляжаць у самоце ў закрытых боксах. У гэтым шпіталі ёсць шмат такіх жа палат, дзе звычайныя дзеці ляжаць са сваімі мамамі. А ў сірот нікога няма, і да іх толькі некалькі разоў на дзень прыходзіць медперсанал. Зразумела, што такім дзецям патрэбная няня. Не ведаю, як на Захадзе, але ў Расіі ёсць фонд, які фінансуе працу такіх нянь. У Беларусі ж такога фонда няма, у штаце шпіталя таксама іх няма.

Мы расказалі пра гэту праблему, паказалі становішча дзяцей, паразмаўлялі з медперсаналам, а ў якасці дзеяння наша кнопка “Дапамагчы” вяла на тое, каб людзі ўдзельнічалі ў аплаце працы такіх нянь. У нас была мэта: арганізаваць працу дзвюх нянь цягам года.

За тыдзень мы сабралі патрэбныя грошы! А за наступны тыдзень мы сабралі грошы на аплату яшчэ пяці нянь. І сёння няні, пра якіх раней у некаторых шпіталях нават не задумваліся, працуюць у Гродне і яшчэ ў чатырох гарадах.

Другая праблема, якую мы вырашылі — доступ да адукацыі людзей з інваліднасцю, якія не могуць выходзіць з уласнага дома. Тры нашых героі пасля няшчасных выпадкаў апынуліся прыкаванымі да ложка ў маладым узросце. Зразумела, ні пра якую далейшую адукацыю размовы ісці не магло, бо ў іх не было нават элементарнага кантакту са светам. Мы знайшлі праект, які дапамагае інвалідам навучацца дыстанцыйна, але ён не меў грошай.

Нашай мэтай было сабраць грошы на запуск анлайн-школы, каб зрабіць дапамогу такім людзям цэнтралізаванай на адной пляцоўцы. За тыдзень чытачы сабралі ўсю патрэбную суму і нават болей, і цяпер школа рыхтуецца да запуску.

Трэці прыклад тычыўся ўмоваў жыцця людзей у інтэрнатах. Гэтую праблему сфармулявала псіхолаг аднаго з інтэрнатаў сталіцы Даша Яскевіч. Даша працуе ў самым складаным аддзяленні, дзе жывуць, некаторыя нават дзесяцігоддзямі, 37 чалавек з вельмі сур’ёзнымі псіхічнымі захворваннямі. У большасці з іх шызафрэнія.

Гэтыя людзі ў інтэрнаце фактычна былі прадастаўленыя самі сабе: не хапала персаналу, на ўсё аддзяленне было толькі два санітары — Саша і Гена. Нашы журналісты Дар’я Царык і Аляксандр Васюковіч правялі ў інтэрнаце шмат часу і паказалі праблему. Рашэннем яе было наняць неабходны персанал і набыць для інтэрната неабходныя сродкі гігіены. Патрэбныя грошы мы сабралі, быў наняты персанал, які ўжо прыступіў да працы. Таксама абнавілі знешні выгляд аддзялення, нарэшце адтуль сышоў гэты кіслы спёрты пах...

Як удаецца спраўляцца з эмацыйным накалам ад такіх сацыяльных тэм?

Па праўдзе, нават многія мужчыны плачуць, калі чытаюць нашы артыкулы. Мяне ж ратуе тое, што ў нашых праблем ёсць выхад, рашэнне.  Пасля таго, як я сышла з TUT.BY, я абтэлефаноўвала герояў сваіх ранейшых артыкулаў. І зразумела, што праз гэтыя артыкулы мы шмат каму змаглі дапамагчы. Такія гісторыя даюць мне сілы. Наша глабальная мэта — зрабіць вырашэнне сацыяльных праблем сістэмным.

Чым «Имена» адрозніваецца ад іншых пляцовак для збору грошай?

Усе звычайныя пляцоўкі проста прадастаўляюць нейкую платформу, дзе можа быць размешчаны праект і адбывацца збор сродкаў. Але сістэмным прыцягненнем грошай у сацыяльныя праекты да нас не займаўся ніхто. Думаю, гэта самы лепшы спосаб зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым.

Праз колькі месяцаў пасля старту праекта мы запусцілі збор сродкаў і на сам часопіс, запрасілі чытачоў стаць інвестарамі сайта «Имена». Мы паставілі мэту сабраць грошы хоць на палову года працы, уключылі ў праект аплату двух штатных журналістаў, рэдактара і ганарарны фонд. І вось праз чатыры месяцы наш лічыльнік паказаў, што мы сабралі грошы. Усе сродкі нам пералічылі прыватныя асобы — агулам каля 500 чалавек.

Што цікава, чытачы актывізуюцца кожны раз, калі мы выпускаем нейкі значны артыкулы, публікуем важную гісторыю. Як правіла, такі артыкул прыносіць самому часопісу 200—300 рублёў.

Таксама сур’ёзныя грошы ў сацыяльныя праекты прыносіць дапамога калег, якія перадрукоўваюць нашы артыкулы на сваіх сайтах. Гэта істотна пашырае ахоп аўдыторыі і набліжае вырашэнне той ці іншай праблемы.

Асноўная выснова, якую я зрабіла за гэтыя паўгода: у нашага грамадства наспела жаданне рабіць для краіны нешта канструктыўнае. Я думаю, што такія перамены магчымыя, трэба толькі гэта жаданне масштабіраваць. Важна, каб да падобнага далучаліся вялікія СМІ. Дастаткова прыгадаць толькі акцыю TUT.BY, калі сотні беларусаў выраблялі снегавічкоў, каб выратаваць хлопчыка ад анкалогіі. Самае галоўнае не быць апатычнымі і не баяцца размяшчаць такія гісторыі. А грамадства адгукнецца.

Падтрымкі чакаюць сотні праектаў

Апроч журналістаў нам цяпер патрэбная каманда, якая будзе займацца сістэмным пошукам, экспертызай дабрачынных праектаў, юрыдычным суправаджэннем. Сёння падтрымкі ў Беларусі чакаюць дзясяткі, а калі добра пашукаць, нават сотні сацыяльных праектаў.

«В 27 лет Артем весит как трехлетний ребенок». Почему полсотни сирот в минском интернате не могут набрать вес?

«Хочется, чтобы нас, докторов, в этой ситуации защитили». Власти отреагировали на расследование «Имен»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!