НЕ - ВАЙНЕ!
1350

“Мне страшна ацаніць гэтыя страты колькасна”: паспрабавалі высветліць, чаму "Белсат" выдаляе праграмы Сяргея Будкіна

02.08.2022 Крыніца: Алесь Мінаў, БАЖ

Беларускі журналіст, прадзюсар, рэдактар партала “Тузін Гітоў” Сяргей Будкін  зрабіў у фэйсбуку допіс “Што маем – не цэнім”, які за два дні сабраў пад сабой амаль тры сотні каментароў. Актыўна абмяркоўваюць беларусы думку спадара Будкіна аб “вынішчэнні сваімі рукамі створанага на тэлеканале “Белсат”. БАЖ, спрабуючы разабрацца ў праблеме, звярнулася да абодвух бакоў. 
 

“Са 140 знятых праграм 61 немагчыма знайсці на ютубе”

“Неяк шукаў відэа нашага навагодняга тэлешоу, дзе беларусаў віншуюць у тым ліку Зміцер і Наста Дашкевічы, а яно выдаленае.
З прыгодамі праграмаў  Belsat Music Live наогул дзіўна. З ютубу вынішчана з шэсць дзясяткаў праграмаў. Музыкі, якіх мы здымалі, перыядычна звяртаюцца з пытаннем: а дзе падзелася наша відэа. Ну вось і што мне адказваць?  Што ж вы робіце, калегі…”, — задаецца пытаннем у сваім пасце Сяргей Будкін.

Удакладняем у журналіста сутнасць справы.

— Гэта тэндэнцыя: пастойна нешта знікае ці аднаразовая акцыя?

— Гэта сістэматычная чыстка, заснаваная на веры ў нейкую байку пра ютуб, нібыта канал горш развіваецца, калі на ім відэа з менш чым дзесяцю тысячамі праглядаў вісяць. Такая сістэмная праца цягам апошніх гадоў.

Мяне гэта перастала хваляваць праз поўную зануранасць у цяперашнюю працу. Але гэта закранае і мае сумежныя праекты: тое, што было зроблена — цяпер не знайсці. Таму давялося ўзняць гэтае пытанне, каб на яго звярнулі ўвагу аўтары, якіх таксама гэта закранае. 

Вольга Гардзейчык блізу дзесяці гадоў працавала на канале, мела некалькі аўтарскіх цыклаў — і ўсё гэта знішчана. Няма майго дакументальнага фільму пра “Народны альбом”, на які хацеў даць спасылкі. Няма фільмаў Хашчавацкага, Куцілы. Апроч маёй праграмы, няма цэлых сезонаў “Загадак беларускай гісторыі” і ток-шоу “Кожны з нас”. Гэта з гледзішча і прафесіянала, і гледача — гістарычна важныя матэрыялы. 

Мне проста страшна ацаніць гэтыя страты колькасна: я падлічыў толькі колькасць знішчаных сваіх праграм.

Са 140 знятых 61 немагчыма знайсці на ютубе. Прычым гэта праграмы, якія, безумоўна, маюць гістарычную і  культурную каштоўнасць.

Яны даваліся вельмі цяжка, былі важнымі для іміджу "Белсата", ды й для фіксацыі гістарычнага моманту. 

Мне найбольш балюча за праграму памяці Міхала Анемпадыстава, якая была запісаная праз дзень-два пасля яго смерці. Атрымалася сабраць усіх ягоных бліжэйшых сяброў, яны выканалі песні, некаторыя з іх не гучалі ўжывую год 20-25. Тады запісалі "Воплі Відаплясава" з беларускамоўнымі песнямі, адна з якіх больш нідзе не выконвалася…

Кажу пра Міхала і таму, што ён стаяў таксама ля вытокаў "Белсата", быў у яго назіральнай Радзе, да апошняга супрацоўнічаў з каналам, маляваў лога. Яму быў прысвечаны выдатны праект “Народны альбом" праз 20 год”. 

І так я магу распавесці пра кожную з шасці дзясяткаў знішчаных перадач. "Белсат" кажа, што намагаецца захаваць архіў ва ўнутраным плэеры, які на сайце. Але трэба разумець, што, па-першае, у выпадку з музыкай пагатоў падае якасць і гуку, і карцінкі — цяжка глядзець. Па-другое, яго цяжка знайсці. Па-трэцяе, ім нельга падзяліцца праз спасылку з такой жа лёгкасцю, як відэа з ютуба. Па-чацвёртае, такое немагчыма паглядзець праз смарт-ТВ. Ну і па-пятае, гэта іміджавае пытанне: відэа, музыку, фільмы, у тым ліку і белсатаўскай вытворчасці, людзі прызвычаіліся шукаць у ютубе.

Напрыклад, на Новы год хацеў пераглядзець шоу 2015 года, якое я прадусаваў, але яго таксама на ютубе няма. Песні, якія там гучалі, — унікальныя. Дый для стварэння настрою праграма важная. Мяркую, што такія рэчы не павінны ацэньвацца колькасцю праглядаў. 

Тым больш ёсць прыклад BBC Music, дзе размяшчаюцца сотні відэа, падпісантаў шмат, але ж ёсць відэа таксама ніжэйшыя за 10 тысячаў уяўных праглядаў. 

Нават сусветныя зоркі некаторыя не могуць дагнаць да гэтай лічбы, але гэта не значыць, што іх не павінна быць. Калі ж браць нашу музычную сцэну, яна пакуль мае даволі невялікую аўдыторыю, а некаторыя і не павінны яе мець.

Да прыкладу, пачынальнік бардаўскай песні Алесь Камоцкі, які рухаў гэту справу ад пачатку 80-х. Было вялікае шчасце запісаць некаторыя яго песні ў студыі з добрым гукам і відэа. Знішчаць гэтыя здабыткі, па мне, як мінімум недальнабачна. Проста аплявуха тым аматарам, якія ўжо паглядзелі, тым героям, якія туды прыйшлі. І ў прынцыпе дзіўнае стаўленне да агульнага беларускага здабытку. 

Стаіць рубам пытанне: як гэты архіў захаваць і зрабіць яго зноў даступным. 

Маю на ўвазе ўвесь архіў ад пачатку існавання "Белсата". Гэта невычэрпны масіў дакументалістыкі, размоваў, публіцыстычных праграм. Калі мы ўявім умоўнага новага блогера, які проста хоча ведаць, што было да яго, ды не знаходзіць інтэрв’ю тых людзей, якіх ён хоча запрасіць на праграму, каб на падставе іх сфармаваць нейкі вобраз, то пра што можна казаць… Кожнае пакаленне будзе па-новаму вынаходзіць ровар?

“Яшчэ і ў кнізе белая пляма”

Спадар Будкін перакананы, што тут яшчэ ўзнікае засцярога апынуцца ў пастцы, якую сам і паставіў.

— Шкада тых відэа, што ўжо каталагізаваныя. Напрыклад, на Кamunikat.org ёсць закладка з праграмамі ўжо згаданага Алеся Краўцэвіча: апісанне, пра што, хто аўтар, калі выйшла і спасылка на плэер ютубаўскі, які, канешне, не працуе. 

Сумны анекдот атрымаўся з фільмам “Зніклая паэзія”. Па-першае, фільм прыбраны з ютубу, што ўжо гучыць дзіўна. Па-другое, натуральна, што пабіліся ўсе спасылкі. Паколькі фільм важны для разумення рэпрэсій 1930-х, на яго была ўключаная спасылка ў выглядзе кюар-кода ў грунтоўнай кнізе “Нерасстраляныя”.

Яшчэ і ў кнізе белая пляма, з якой працуюць і даследнікі. Асноўнае пытанне тут: навошта?

На сайце рады БНР цяпер спасылка на гэты фільм таксама пустая.

Для мяне гэта — велізарныя крокі назад, якія проста абнуляюць і робяць цяжэйшай дзейнасць многіх ініцыятыў.

У мяне ёсць спадзёвы, што некаторыя спасылкі проста часова закрытыя і могуць быць вернутыя. Але, хутчэй за ўсё, гэта зноў трэба будзе заліваць і апісваць па-новаму, што таксама можа быць выйсцем, калі мы дамовімся пра вяртанне кантэнту на асобна ўзятым канале, які не будзе гнацца за залатой кнопкай ютубу, а проста стане крыніцай інфармацыі для тых, хто цікавіцца Беларуссю і такой відэабібліятэкай. Стане экскурсіяй па грамадска важных праектах "Белсата". Гэта таксама можна падаць прыгожа і, уласна кажучы, можа нават прэтэндаваць і на тую ж кнопку ютубу, калі з галавой падысці. 

“Калі ганяцца за аднымі толькі праглядамі, можна прайсці міма сапраўды вартага і важнага”

— Так, прынамсі тое, што вы зараз пералічылі — ужо сапраўдны нематэрыяльны скарб. Але ж яно страчана не беззваротна?

— У нетрах "Белсата", безумоўна, яно ёсць. Трэба разумець, што раней гэта захоўвалася на адмысловых касетах, нешта, магчыма, нават не пераганялася пасля трансляцыі ў сеціва, нешта адтуль выдалялася пры рэарганізацыі канала.

Наогул гэта сапраўдная праблема байнэту, якая абмяркоўвалася неаднойчы: што рабіць, калі сайт рэарганізуецца, што рабіць з каласальным масівам інфармацыі. 

Напрыклад, закрыты ўжо ТУТ.баеўскі сайт. Са Свабодаўскім, дарэчы, добра спраўляюцца па захаванні матэрыялаў. Ды ва ўмоўнай газеты “Звязда” вялізны архіў матэрыялаў недаступны. На маім сайце “Тузін Гітоў” архіў да 2011 году недасяжны – з’едзена сем год.

А калі аўтар сайта памірае, і няма каму плаціць за хостынг? Гэта таксама вялікая праблема, бо гэта можа быць неймаверна важны сайт. Як, напрыклад, Мarakou.by, дзе сабраныя кнігі, даследаванні, біяграфіі — тытанічная праца дзесяцігоддзяў. Добра, што там праблема вырашылася. Таксама была праблема з сайтам вершаў Анатоля Сыса.

Але ў выпадку "Белсата", мяркую, можна чыста тэхнічна адладзіць гэтую справу, зрабіць праграму па вяртанні грамадска важных перадачаў, цыклаў, фільмаў. Гэта пад сілу, калі захацець. Іначай паводле гэтай схемы будуць выкашвацца і наступныя відэа. Калі ганяцца за аднымі толькі праглядамі, можна прайсці міма сапраўды вартага і важнага. Абавязкова мае быць іншы крытэр.

— Ці спрабавалі звяртацца, абмеркаваць гэта?

— Безумоўна. Спрачаліся, нават сварыліся. Калі яшчэ выходзіла праграма Belsat Music Life, у нейкі момант было прынятае рашэнне ўвогуле не размяшчаць версіі праграм на ютубе. Гэта я ўспрыняў за рэальную смерць праграмы, бо калі яе няма на ютубе, то яе ў прынцыпе няма нідзе — ніхто яе проста не ўбачыць. Тады яшчэ ўдалося адкруціць гэтае рашэнне назад.

Але неўзабаве пачалася рэарганізацыя ютуба, пад якую патрапіў масіў у тым ліку і нашых праграмаў. Чыста фізічна і тэхнічна займацца раскруткай сотні праграмаў аўтару нерэальна. Ды гэта і не абавязак аўтара. З чаго ў прафесара Краўцэвіча, які робіць гадамі важныя праграмы пра беларускую гісторыю, да таго ж клапаціцца пра СММ? Рэсурсаў на гэта ў некаторых каманд, аўтараў няма. Мы спрабавалі гэтым заняцца, але гублялі па дарозе дзясяткі праграм. 

— Як вы бачыце ў ідэале стаўленне да такога архіву, як бы ён меўся выглядаць у найлепшым выпадку?

— Натуральна, гэта не справа аднаго нанятага эсэмэмшчыка, які не можа быць экспертам і ацэньваць відэа па іншых крытэрах, акрамя праглядаў. Тут трэба сядаць за стол і абмяркоўваць. Я казаў ужо, што я абсалютна гатовы ўдзельнічаць. Гэта і маё асабістае, гэта і агульны скарб. Такіх аўтараў шмат.

Да гэтага неабходна падысці з навукова-метадалагічнага пункту гледжання. Стварыць групу людзей, якая можа кансультаваць. У любым разе архіў "Белсата" трэба ўпарадкаваць, каталагізаваць, апісаць і паступова падзяліць на групы матэрыялаў, якія належыць вярнуць у агульны доступ. Гэта каласальная праца, аднак было б жаданне і разуменне, на што яно патрэбна. 

Я гатовы ўдзельнічаць у гэтым працэсе, размаўляць з калегамі па Беларускай радзе культуры па экспертнай падтрымцы, дапамагчы адладзіць гэты працэс. Тут не месца крыўдзе, якая можа ўзнікнуць як першая рэакцыя: патрэбны канструктыўны дыялог і агульны падыход.

“Магчыма, будзе створаны яшчэ адзін канал на ютубе дзеля старых відэа, якія ў свой час мелі мала праглядаў”

З чым звязана тое, што апошнія гады робяцца недаступнымі на ютуб ранейшыя матэрыялы "Белсата", мы запыталіся ў намесніка дырэктара тэлеканала Аляксея Дзікавіцкага.

— Гэта тэхнічная праблема перадусім. Ютуб — гэта на дадзены момант вітрына найлепшага, што мы маем.

Што да старых выпускаў, дык амаль усё ёсць ці неўзабаве будзе, бо паступова пераносіцца на плэеры TVP (даступны праз наш сайт) і Smart TV. На дадзены момант "Белсат" мае 13 каналаў на ютубе і, магчыма, будзе створаны яшчэ адзін дзеля старых відэа, якія ў свой час мелі мала праглядаў.

Але ўсё гэта вымагае дадатковых сіл і сродкаў. Калі нехта не можа знайсці такое старое відэа, бо яго яшчэ не перанеслі, няма праблемы — дапаможам. Мы ніколі і нікому не адмаўлялі ў гэтым, звяртайцеся, калі ласка. 

Што да фільма “Зніклая паэзія”, дык і ён з’явіцца з часам — гэта, паўтаруся, тэхнічная праблема.  Дадам яшчэ, што добрай часткі відэа можа не быць у адкрытым доступе ў сувязі з бяспекай людзей, праблемамі з праваўладальнікамі, частку па розных прычынах блакуе сам ютуб. “Белсат” таксама, пра што амаль не кажуць, застаецца важным цэнтрам дапамогі незалежным беларускім творцам.

— Большасць матэрыялаў "Белсата", у тым ліку і выдаленых, — грамадска-значныя, уяўляюць сабой культурніцкі і гістарычны здабытак. Ці маецца ў планах сістэматызацыя і выкладанне ў доступ архіваў?

— Так, натуральна, мы разумеем, што гэта спадчына, якая належыць усім беларусам, і паступова будзем усё выкладаць. Адзначу, што на "Белсаце" існуе адмысловы аддзел архівізацыі. Ён ужо амаль 15 гадоў дакладна апісвае і сістэматызуе ўсё, што было знятае нашымі аператарамі. Гэта тычыцца як навінаў, так і праграмаў, фільмаў ці канцэртаў. Частку падзеяў цягам гэтага часу здымалі толькі мы, таму гэтыя здымкі несумненна маюць каштоўнасць.  

Чытайце яшчэ:

“Мастачка зрабіла сто партрэтаў за чатыры месяцы”. Заснавальніца праекта “Палітвязынка” расказала, як яго стваралі

Ігар Казмерчак: «Да 2020 года было няпісанае правіла заводзіць на мяне крыміналку раз на пяць гадоў»

Галоўрэд Сяргей Календа: "Для “Мінкульта” самая вялікая перспектыва, калі ў Беларусі ён будзе ў кожным шапіку"

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!