2967

Мінінфарм вырашыў нагадаць аб правілах распаўсюджвання афіцыйнай прававой інфармацыі ў СМІ

18.08.2015 Крыніца: Аляксей Аляксандраў, БелаПАН Сюжэт: Доступ да інфармацыі

17 жніўня на сайце ведамства з'явілася паведамленне, што распаўсюджванне прававой інфармацыі ў друкаванай форме магчымае толькі пасля заключэння дагавора з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі. Гэта норма рэгламентавана ўказам прэзідэнта № 712 ад 30 снежня 2010 года "Аб удасканаленні дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь", адзначае Мінінфарм.

"Указам устаноўлена, што арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па распаўсюджванні (аказанні) прававой інфармацыі ў друкаванай форме (ў выглядзе перыядычных і неперыядычных друкаваных выданняў) толькі пры ўмове заключэння з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ) дагавора аказання прававой інфармацыі для яе далейшага распаўсюджвання (давання). Такая дзейнасць, якая ажыццяўляецца без заключэння названага дагавора, з'яўляецца незаконнай і цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі (у тым ліку з артыкулам 12.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях)", — гаворыцца ў паведамленні.

Як растлумачылі БелаПАН у Мінінфарме, выпадкаў парушэння заканадаўства аб публікацыі прававой інфармацыі не зафіксавана, а напамінак размешчаны па просьбе НЦПІ.

Старшыня РГА Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) Андрэй Бастунец, у сваю чаргу, адзначыў, што гэта норма заканадаўства датычыцца не толькі публікацый у друкаваных СМІ, але і ўсіх астатніх спосабаў распаўсюджвання прававой інфармацыі, у тым ліку інтэрнэт-выданняў і неперыядычных выданняў (кніг).

"Важна ўдакладніць, што пад прававой інфармацыяй падразумяваюцца тэксты прававых актаў з неабходнымі рэквізітамі, — адзначыў Бастунец. — Гэта норма дзейнічае даўно, з тых часоў, калі дзейнасць па распаўсюджванні прававой інфармацыі ліцэнзавалася. У 2010 годзе адбылося некаторае змякчэнне правілаў па распаўсюджванні прававой інфармацыі, ліцэнзаванне адмянілі, неабходна толькі заключыць дагавор з НЦПІ".

Пры гэтым старшыня БАЖ удакладніў, што патрабаванне аб заключэнні дагавора "не варта адносіць да каментарыяў з нагоды прававых актаў і да іх абмеркавання". "Хоць у заканадаўства аб прававой інфармацыю і ўносіліся пэўныя змяненні, але сэнс гэтай нормы заставаўся нязменным. Мне вельмі цяжка сказаць, чаму менавіта цяпер Міністэрства інфармацыі вырашыла пра гэта нагадаць", — дадаў кіраўнік БАЖ.

Паводле яго слоў, у Беларусі быў прэцэдэнт прыцягнення да суда друкаванага выдання за распаўсюджванне прававой інфармацыі без узгаднення з рэгулятарам. "У 1999 годзе адбылася судовая спрэчка, калі тады яшчэ Дзяржаўны камітэт па друку прад'явіў прэтэнзіі да "Белорусской деловой газеты" за публікацыю аглядаў заканадаўства без адпаведнай ліцэнзіі. "БДГ" гэта рашэнне аспрэчвала, да суда быў прыцягнуты Мінюст. Вышэйшы гаспадарчы суд вынес рашэнне на карысць газеты (тады гэта яшчэ было магчыма)", — адзначыў Андрэй Бастунец.