781

Міліцыянты забараняюць сябе здымаць. Як адстойваць права на інфармацыю? ВІДЭАПАРАДЫ

01.02.2019 Крыніца: Вольга Чайчыц для Baj.by

Міліцыянты парушаюць правы грамадзянаў на інфармацыю. Як гэтаму супрацьстаяць? Відэапарады ад Вольгі Чайчыц з рэальнымі гісторыямі перашкодаў ды каментарамі экспертаў.

Кожны грамадзянін Беларусі мае права на збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі — Артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На гэта заўсёды варта спасылацца.

— Часцей за ўсё маё права на збор і распаўсюд інфармацыі парушаюць міліцыянты. Але нават калі праваахоўнікі забараняюць збіраць інфармацыю, трэба даказваць, што вы, паводле закону, маеце на гэта права, — кажа Вольга Чайчыц.

Журналістам заўсёды варта мець пры сабе пашпарт, журналісцкае пасведчанне. Калі вы адстойваеце свае правы, дэманструйце упэўненасць, веданне законаў, але заставайцеся спакойным і ветлівым, не трэба канфліктаваць з прадстаўнікамі ўладаў ці праваахоўных органаў.

— Праваахоўнік мусіць перадусім прадставіцца, паказаць пасведчанне. Закон не забараняе здымаць на фота і відэа дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Відэафіксацыя вымушае іх дзейнічаць больш карэктна, таму фіксуйце падзеі хаця б на камеру тэлефона,— раіць Чайчыц.

У выпадку парушэння правоў журналіста варта паведамляць інфармацыю калегам са свайго выдання, у ГА «БАЖ», імкнуцца да розгаласу, бо той, хто парушае правы, акурат публічнасці і не хоча. 

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Кансультацыі"