277

Медыяэксперт пра “мову варожасцi”: з'яўляецца адчуванне, што гэта нармальна

21.09.2021 Крыніца: euroradio.fm

Калі паглядзець дзяржаўнае тэлебачанне ці пачытаць дзяржаўныя газеты, то можна падумаць, што “мова варожасці” — гэта пра іх. У гэтага ёсць мэты і прычыны. Чым небяспечная такая сітуацыя? Як на сітуацыю можа паўплываць Хельсінкская камісія ЗША? На гэта ў эфіры Еўрарадыё адказаў медыяэксперт і аналітык iSANS Серж Харытонаў.

— Прапаганда дзейнічае на ўсіх, без залежнасці, наколькі памяркоўныя людзі, таму што калі кожны дзень па тэлебачанні ў прайм-тайм, і асабліва ў выходныя, заклікаць да гвалту супраць палітычных сапернікаў нейкага канкрэтнага палітыка, то ў супольнасці з'яўляецца адчуванне, што гэта нармальна. Адчуванне, што падобныя заклікі — гэта норма. Булінг канкрэтных людзей — гэта норма. І што гэта і ёсць журналістыка, — кажа эксперт. — Канешне, ніякага дачынення да журналістыкі тое, што паказваюць на канале СТБ, не мае. 

Гэта досыць небяспечны працэс, і, як бы мы ні казалі, што беларусы памяркоўныя, можна адзначыць і тое, што Югаславія доўгі час заставалася мірнай краінай, без грамадзянскіх канфліктаў. Руанда таксама заставалася мірнай краінай да таго, як там адбыўся генацыд над сотнямі тысяч чалавек. Вельмі неабходна для самой сістэмы, для захавання грамадзянскага міру не ўжываць мову варожасці і адмовіцца ад стварэння падобных праграм і стварэння падобнага кантэнту. Медыя, якія зараз кантралюе Аляксандр Лукашэнка, да гэтага не гатовы. 

Прытым хацелася б адзначыць, што тыя праграмы, у якіх больш за ўсё назіраецца мовы варожасці, не з'яўляюцца самымі рэйтынгавымі і не ўваходзяць у топ-30 самых прагляданых. Што пацвярджае той факт, што падобныя праграмы нецікавыя для беларускай аўдыторыі і яна не надта адгукаецца на іх. Былі ў нейкім сэнсе раскручаныя праз архітэктурна незалежныя тэлеграм-каналы, таму што там досыць часта з'яўляліся героі кшталту Азаронка і набылі сваю папулярнасць. 

Але сярод гледачоў тэлевізійнай аўдыторыі гэтыя людзі і іх праграмы не самыя папулярныя. Найбольш нецікавыя для гледача. Тут можна згадзіцца ў тым, што, магчыма, нейкіх шырокіх наступстваў можа і не быць. Але мне падаецца, усё ж існаванне такіх праграм зніжае агульную планку дыскусій у самім грамадстве і робіць значна больш цяжкім прымірэнне людзей з рознымі палітычнымі поглядамі.

На думку Харытонава, у ЗША ведаюць пра гэта і хочуць ускладніць вытворчасць гэтага. У Хельсінкскай камісіі ЗША, слуханні якой адбыліся сёння, 21 верасня, “збіраюцца “recording of testimony” — паперы, у якіх удакладняюцца дэталі таго, што адбываецца ў краіне”. “Яны будуць дасяжныя ў адкрытым доступе для прадстаўнікоў амерыканскай эліты, і трэба адзначыць, што тыя людзі, якія працуюць у Хельсінкскай камісіі, канешне, не робяць палітычных крокаў менавіта як прадстаўнікі гэта Хельсінкскай камісіі. 

Але яны маюць пасады ў іншых галінах амерыканскай дзяржаўнай палітыкі, і гэта перш за ўсё Кангрэс, гэта, канешне, Міністэрства абароны і Дзяржаўны дэпартамент. І трэба адзначыць, што тыя рэчы, якія агучваюцца на пасяджэнні Хельсінкскай камісіі, канешне, прымаюцца ў разлік пры фармаванні замежнай палітыкі Злучаных Штатаў і фармаванні новага заканадаўства”.

Людзі, якія прадстаўляюць кангрэс у Хельсінкскай камісіі, таксама з'яўляюцца прадстаўнікамі беларускага кокуса, і трэба адзначыць, што тыя факты, якія будуць агучаны мною і іншымі сведкамі падзей у Беларусі, будуць, несумненна, прыняты ў разлік і будуць фактамі, на якіх будзе выбудоўвацца знешняя палітыка і палітычныя рашэнні. 

Напрыклад, новы санкцыйны рэжым супраць расійскіх тэлеканалаў, супраць RT, расійскіх медыя, якія ўдзельнічалі ў сумеснай крамлёўска-лукашэнкаўскай аперацыі са жніўня па снежань 2020 года ці нават далей, калі гэтыя факты стануць вядомыя. Усе яны могуць апынуцца пад санкцыямі. 

Існуе магчымасць поўнай забароны ці блакавання акаўнтаў дзяржаўных медыя ў Беларусі і прадстаўнікоў прапаганды менавіта з-за таго, што гэта амерыканскія тэхналогіі ці тэхналогіі, на якія амерыканскія грамадзяне маюць уплыў. 

Канешне, размова перш за ўсё пра ютуб. Але i iншыя сацыяльныя сеткi не павінны выкарыстоўвацца дзеля таго, каб распальваць варожасць у Беларусі. Перш за ўсё, калі гэта варожасць таксама можа азначаць прымяненне гвалту ці заклікі да гвалту супраць грамадзянскага насельніцтва, і гэта менавіта тое, што мы зараз назіраем на дзяржаўным тэлебачанні.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!