307 0

Медыяцэнтр з wi-fi і кавай сярод возера: усё для журналістаў!

31.08.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

Як працуецца журналістам ў Літве? Алена Ляшкевіч дзеліцца ўражаннямі ад арганізацыі ўмоў працы для журналістаў падчас фэсту MENUO JUODARAGIS у Літве.

Назва перакладаецца як “Чарнарогі Месяц”. Гэта фестываль альтэрнатыўнай музыкі і сучаснай балтыйскай культуры, што прэзентуе спадчыну паганства і пост-фольк рухі. Фэст прайшоў на выспе сярод возера Дубурыс, блізка ад мяжы з Латвіяй. Стварыць на ўлонні прыроды інфраструктуру для некалькіх тысяч чалавек няпроста, але пра журналістаў паклапаціліся асобна. Дзейнічаў адмысловы прэс-тэнт з асобным wi-fi роўтэрам, мноствам разетак для запраўкі апаратуры, магчымасцю запарыць каву ці гарбату. На фестываль журналістаў запускалі праз асобны ўваход для ўдзельнікаў, не трэба было стаяць у аграмаднай чарзе. Праўда, далей, на кантролі багажу, чарга ўжо была агульнай. Тых, хто прыехаў машынамі, настойліва прасілі пакінуць транспартныя сродкі на паркінгу па-за выспай дзеля экалогіі, але агаворвалася, што журналісты, калі маюць вельмі дарагую тэхніку, могуць заехаць на VIP-паркінг.

На фестывалі працавалі 10 журналістаў-тэкставікоў, 7 акрэдытаваных фатографаў, 2 камеры літоўскага тэлебачання здымалі галоўную сцэну і проста “фестывальнае жыццё”.

Журналісты з’ехаліся з усёй Літвы, а таксама з Беларусі, Латвіі, Польшчы, Францыі і нават Японіі. Ні жытла, ні ежы для медыя арганізатары не забяспечвалі, можна было жыць у намёце, як усе наведвальнікі. Праўда, журналістам прапаноўвалі месца ў VIP-кэмпінгу. Па маіх назіраннях, месцы для яго былі абраныя адносна зацішныя, але не самыя ўдалыя ў плане пагрозы затаплення намёта ў выпадку залевы. Дзякуй багам, дождж накропваў, але залевы не было.

Ехаць давялося, умоўна кажучы, тры дні на аленях: да Вільні, адтуль цягніком да гарадка Турмантас (пазнавальная станцыя, якіх і ў беларускай глыбінцы шмат) і далей — фестывальным трансферам непасрэдна на месца (аўтобус таксама нагадваў тыя, што ў дзяцінстве вазілі мяне да бабулі ў Клічаў са станцыі Нясята)… Праўда, можна было далучыцца да трансфера напрасткі з Мінска ці з Вільні, але мы ж не шукаем лёгкіх шляхоў! Да таго ж і самі арганізатары на старонцы фестывалю пазначалі, што самы экалагічны шлях даезду на фестываль — акурат цягніком. Памыліліся, самы экалагічны будзе ўсё ж ровар!

У параўнанні з беларускімі фэстамі ўражвала, што для працы журналістаў створаныя адмысловыя ўмовы, што прэс-сакратарка на сувязі ў любы час дня і ночы… Журналіста можна было пазнаць па медыя-картцы з фестывальнай сімволікай. Для таго, каб здымаць пад самай сцэнай, трэба было атрымаць у прэс-сакратаркі дадатковую стужку на руку. Уразіла таксама, што акрэдытацыю можна атрымаць проста на фестывалі (некаторыя журналісты прыехалі без папярэджвання), што не выстаўлялася ніякіх папярэдніх умоў. Я зрабіла прэв’ю з аповедамі беларускіх музыкаў, што выступалі там раней, але гэта была мая ўласная ініцыятыва, без патрабавання арганізатараў.

Беларусь на MENUO JUODARAGIS у розныя гады прадстаўлялі гурты Ветах, ESSA, PIAREVARACIEŃ, Осіміра… Сёлета на галоўнай сцэне з вялікім поспехам выступілі IRDORATH, а на фальклорнай – DAINAVA і клуб традыцыйнага танцу “Сіта”.

Фота аўтара

Каментары