679

Мастак Аляксей Кузьміч: Беларус пакутуе ад самацэнзуры больш, чым ад цэнзуры звонку

21.10.2019 Крыніца: Алена Ляшкевіч для BAJ.BY

Той самы мастак Аляксей Кузьміч, які голым пратэставаў на адкрыцці сваёй выставы ў Цэнтры сучасных мастацтваў, гаворыць, што стаміўся ад цэнзуры, якая прасякае наша жыццё.

Творца распавядае пра бацьку, які не меў персанальных выстаў у часы СССР, бо “маляваў голых баб”, пра негатыў у сучасных СМІ і чаму лепш зарабляць у IT, а не мастацтвам.

— Творчасць вашага бацькі таксама трапіла пад цэнзуру. Распавядзіце пра гэта.

— Мой бацька, таксама Аляксей Кузьміч, пісаў жаночыя вобразы, аголеную натуру. Яго недобразычліўцы казалі, што ён “маляваў голых баб”. А ў СССР такі жывапіс цэнзураваўся. Калі выява не атрымлівала ідэалагічную прывязку (напрыклад, “Купальшчыцы” Аляксандра Дайнэкі), то выставачныя камісіі задавалі пытанні кшталту “А чаму гэта дзяўчына проста так ляжыць?”, “А дзе яна працуе?”, “А які пасыл яна нясе гледачу, якую думку?” Бацька простым тэкстам мог паслаць такіх людзей на тры літары. Таму з 1975 да 1989-га ў яго не было персанальных выстаў і дзяржаўных замоў. А ў той час, зрабіўшы адну работу на дзяржзамову, можна было год не працаваць.

Ён здымаў камуналку разам з трыма мастакамі — пакой каля дзесяці квадратных метраў — там ён жыў, працаваў і захоўваў карціны. Паўпадвальнае памяшканне на Валадарцы. Там ён напісаў серыю “У раі”, прысвечанную жаночай прыгажосці.

— Аляксей Кузьміч-старэйшы найбольш вядомы сваімі карцінамі з вобразамі Мадоны, ён казаў, што гэта “славянскія мадоны”. Ці адлюстроўваў ён такім чынам сваю нацыянальную пазіцыю?

— Мадон ён пачаў маляваць, калі сустрэў маю маму. Змяніў сваю творчасць. Усе, хто бачылі яго карціны, нават людзі далёкія ад мастацтва, казалі, што гэта вельмі беларускія вобразы. Славянства для яго — гэта не рускі свет, а ўсе славянскія народы. Родная вёска бацькі, Махро (Іванаўскі раён), знаходзіцца на мяжы з Украінай, у нашым родзе ёсць і ўкраінскія, і польскія карані. Ён спрабаваў выявіць беларускую Мадону ў славянскім кантэксце. Мяркую, у яго атрымалася. Ён заўсёды казаў, што мастацтва — па-за палітыкай, і спрабаваў ад яе абстрагавацца. Хаця ў 1996 годзе прэзідэнт адкрываў яго персанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі, Аляксей Кузьміч ніколі не маляваў палітычных дзеячаў. Пісаў партрэты сваіх сяброў: Віктара Турава, Міхаіла Пташука, Алеся Адамовіча, Стэфаніі Станюты, Мікалая Яроменкі, Барыса Луцэнкі.

Бацька быў праваслаўным хрысціянінам, верыў у Бога, але не ў таго, якога прапануе царква. Ён не трымаўся абрадаў, яму не было істотна выканаць усё, што просяць дзядзі з бародамі. І гэта вельмі падобна да сітуацыі з цэнзурай: там дзядзі з бародамі, а тут — дзядзі ў пінжаках.

— Чаму дасюль аголенае цела ў беларускім мастацтве трапляе пад цэнзуру?

— Саюз мастакоў і Міністэрства культуры — гэта перажыткі мінулага, якія ў цывілізаваных краінах ужо ўтылізаваныя. Сёння мы жывём з перажыткамі савецкага часу, ужо мёртвай сістэмы. Па сутнасці, нічога не змянілася.

Калі мастак хоць мінімальна супрацоўнічае з дзяржаўнымі органамі, яму трэба рэкамендацыйны ліст ад тых жа архаічных інстытуцый.

— Чым Вы самі займаліся, пакуль не прыйшлі ў мастацтва?

— Да школы мне падабалася мастацтва, а школа вельмі не падабалася. Я вучыўся ў фізіка-матэматычным класе. Пасля выпускнога ўвогуле не разумеў, чым хачу займацца. Пайшоў у ВНУ, проста таму, што так было трэба, атрымаў эканамічную адукацыю. Працаваў то там, то тут. Бадай, маё свядомае жыццё пачалося гадоў у 25, калі я заняўся мэнэджмэнтам творчасці Кузьміча-старэйшага — свайго бацькі.

У 2011 годзе ў бацькі здарыўся інсульт. Я стаў праводзіць з ім шмат часу, больш паглыбляцца ў яго ідэі і творчасць. Потым вырашыў папулярызаваць яго творчую спадчыну, арганізаваў некалькі выстаў у Беларусі і, ужо пасля яго смерці ў 2013-м, за мяжой. Адкрыў музей на яго малой радзіме, ён атрымаў дзяржаўны статус.

Апублікаваў кнігу ўспамінаў пра Аляксея Кузьміча ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Палову тэкста выкінулі. Адцэнзуравалі. Разумееце, я з цэнзурай сутыкаўся, і мой бацька сутыкаўся ўсё жыццё. Таму набалела трошку, і я вырашыў… у мастацкай форме адлюстраваць сваё стаўленне да гэтага пытання (смяецца. — Рэд.).

Потым я закруціўся ў гэтай сферы, быў за мяжой, цікавіўся музеямі сучаснага мастацтва. Заняўся самаадукацыяй, вывучаў гісторыю і логіку сучаснага мастацтва. Пачаў нешта маляваць, абстрактную каліграфію. Потым перайшоў да відэаарту, перфарматыўных практык.

Цяпер мяне цікавіць акцыянізм як найбольш свабодная праява творчасці. Гэта мастацтва дзеяння, калі творца ўрываецца ў асяродак, дзе ад яго не чакаюць мастацтва. Ужо няма мяжы між мастацтвам і жыццём. Іншая справа, што беларускі глядач непадрыхтаваны і неадукаваны. Разуменне мастацтва зводзіцца да 2D-аб’екта, які вісіць на сцяне ў раме, то бок да звычайнай карціны.

Нельга сказаць, што я стаў мастаком раптоўна. Заўсёды быў інтарэс, мяне вадзілі ў музеі і тэатры, я спрабаваў рабіць графіці… Проста я зразумеў, што мастацтва — адна з нешматлікіх сфер жыцця, якая мае сэнс: ты нясеш стваральную функцыю і робіш нешта, у чым можаш сябе даследаваць і выказаць. Нават у радыкальным разбуральным дзеянні ёсць стваральны сэнс: звычайныя рэчы, якія вока ўжо не ўспрымае, раптам становяцца бачнымі, і ёсць шанец іх змяніць.

— Ці толькі мастаку ў Беларусі замінае цэнзура?

— Тыповы беларус пакутуе ад самацэнзуры больш, чым ад цэнзуры звонку. Страх сядзіць глыбока — з часоў вайны, рэпрэсій, 1990-х гадоў… Мы сябе ўвесь час абмяжоўваем, мы ўсяго баімся. Я бачу гэта па людзях навокал. Я ведаю гэта ў тым ліку па сабе. Каб зрабіць акцыю “Шчыт”, мне даводзілася ўвесь час сябе пераадольваць. Была куча сумніваў: рабіць, не рабіць, якія могуць быць наступствы. Я ўсё гэта пераадолеў і зрабіў дзеянне. Але гэта складана мне далося. Я разумеў, куды я іду, што за таблічку я вешаю.

— Ці задаволеныя Вы рэакцыяй медыя і аўдыторыі на вашы акцыі?

— Папярэднюю акцыю, “Творец без яЕц”, я зрабіў сёлета на фестывалі “Арт-Мінск”. Я ўдзельнічаў у праекце са сваімі дзвюма відэаінсталяцыямі: “Саня-шык” і “Перакрыжаванне”. Я даследаваў кантэкст і сістэму правядзення гэтага фестывалю, зразумеў яго глыбокую камерцыйнасць. Акцыя падымала пытанне знаходжання мастака ў полі камерцыйных арт-інстытуцый. Кіраўніцтва "Белгазпрамбанка" і Палаца мастацтваў, арганізатары фестывалю “Арт-Мінск”, былі вельмі раззлаваная тым, што я не ўзгадняў акцыю. Прыйшоў у касцюме дворніка падчас адкрыцця, калі ішлі пампезныя прамовы, дзе ўвесь гэты вылізаны салонны бляск называлі сучасным мастацтвам. Раскідаў маніфест і стаў падмятаць. Куратар “Ельцын-цэнтра” быў ля мікрафона і, здаецца, нават пачаў заікацца.

— Ён таксама, як і Алеся Іназемцава ў НЦСМ, сказаў нешта кшталту “ў нас тут перфоманс”.

— Мне здаецца, гэта ўласцівасць сістэмы: калі мастак уносіць хаос, гэты хаос сістэма хоча анігіляваць у сябе — каб збалансаваць дзеянні творцы, каб не здарылася нейкага рэзанансу. Частка людзей, і на Арт-Мінску, і ў НЦСМ, падумала, што гэта запланаванае тэатральнае дзеянне, што мне заплацілі грошай, каб я павесяліў публіку. У НЦСМ я сказаў, што гэта неўзгодненная мастацкая акцыя.

Кіраўніцтва "Белгазпрамбанка", будучы разумнейшым за дырэкцыю НЦСМ, ціхенька спусціла ўсё на тармазах, ні ў якую міліцыю не звярталася і проста не бярэ мяне на наступныя праекты. Хаця маімі відэаінсталяцыямі яны вельмі хваліліся, у тым ліку ў прэсе. А НЦСМ паказала, як дзейнічае сістэма ў дачыненні свабодных мастакоў.

Словы і дзеянні людзей, якія працуюць у гэтай установе, не варта разглядаць як іх асабістую ініцыятыву. Гэта праява сістэмы. Дакладна такіх наступстваў я не чакаў, але тым акцыянізм і цікавы. Ён адрозніваецца ад перфоманса тым, што гэта не зрэжысаванае дзеянне. У акцыянізме няма сцэнара. Ты робіш дзеянне, і ад цябе не залежыць, куды яно разгортваецца. Вось прайшло ўжо больш за два тыдні, а акцыя яшчэ працуе.

— Як гэта — прачнуцца медыйнай персонай?

— Як любы мастак, я разлічваў на ўвагу з боку гледача, але не разлічваў, што яе будзе так шмат. Я не думаў, што незалежная мастацкая супольнасць успрыме акцыю амаль адназначна станоўча. У адзін дзень я стаў вядомым чалавекам. Пасля публікацыі відэа акцыі на маім Youtube я атрымаў каля 300 паведамленняў у сацсетках. Цікава было першыя паўдня. Увечары папулярнасць надакучыла. Я засумаваў па часе, калі мне ніхто не пісаў і не тэлефанаваў, калі ў мяне быў час падумаць пра мастацтва і нешта зрабіць. Я інтраверт, вельмі люблю цішыню. Кантактаваць з людзьмі таксама люблю, але ў абмежаванай колькасці. Вельмі люблю самоту і мне здаецца, што ў гэтым ключ да поспеху мастака, прынамсі для мяне. Кожны чэрпае натхненне са свайго Сусвету, я люблю быць ва ўласным Сусвеце.

На другі дзень стаў проста адключаць тэлефон. Акурат уладкаваўся на новую працу. Я зарабляю UX дызайнам — праектую інтэрфейс для сайтаў і мабільных дастасаванняў. Паралельна займаюся некамерцыйным мастацтвам. Бо калі творца спрабуе зарабіць на мастацтве, то скатваецца ў кан’юктуршчыну і выкананне жаданняў замоўцы. Як правіла, нічога добрага з гэтага не выходзіць.

Цяпер ужо не чытаю каментары, не адказваю на паведамленні незнаёмых людзей. Давялося папросту абстрагавацца.

— Ці падтрымаў бы вас бацька, калі б быў жывы і даведаўся пра акцыю “Шчыт”?

— Мяркую, так. Ён быў нязгодным. Меў на ўсё ўласнае меркаванне і не баяўся яго агучваць. Хаця бацька не любіў мадэрністаў, быў прадстаўніком традыцыйнай школы жывапісу, думаю, ён бы мяне падтрымаў. А маці акцыя не спадабалася. Пакуль што мы не кантактуем.

— У інтэрв'ю раней вы казалі, што не сочыце за падзеямі ў СМІ, чаму?

— Тэлевізар не гляджу год пятнаццаць, а навін не чытаю год пяць. Па-першае, няма часу. Па-другое, не хачу засмечваць жорсткі дыск у сваёй галаве. Я спажываю шмат інфармацыі, але разумею, што месца ў галаве не бясконцае, як і час. Навіны збольшага негатыўныя — войны, забойствы… Хіба пачытаеш у СМІ пра культуру і мастацтва, калі гэта не нейкія радыкальныя праявы? (Пасміхаецца. — Рэд.)

Я раблю выбарку інфармацыі для сябе і спажываю ўжо крышталізаваны, якасны кантэнт. Я люблю глядзець лекцыі па мастацтве, незалежны кінематограф, старыя фільмы. Не люблю масавы прадукт, сённяшнія галівудскія фільмы. Мне падабаюцца рэжысёры: Ян Шванкмаер, Андрэй Таркоўскі, мастакі: Ханс Хааке, Джош Кошут, Роберт Смітсан, пісьменнік Віктар Пялевін…

— Што павінна быць у беларускіх СМІ, каб вам захацелася іх чытаць?

— Гэта не мае значэння, я ўсё роўна буду рабіць выбарку. Я не буду чытаць той кантэнт, які мне прапануюць, хачу рабіць яго сам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!