256 0

Масмедыя ў Беларусі №4(50) (кастрычнік – снежань 2016 г.)

07.03.2017

 

Вынікі медыйнага года ў лічбах

Асноўныя падзеі ў сферы СМІ ў кастрычніку-снежні 2016 г.

 

ВЫНІКІ МЕДЫЙНАГА ГОДА Ў ЛІЧБАХ

13 – колькасць затрыманых журналістаў у 2016 г.

10 – колькасць штрафаў журналістам-фрылансерам за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

7 – колькасць штрафаў Канстанціну Жукоўскаму (Гомель) у 2016 г. за супрацу з замежнымі СМІ.

3500 еўра – агульная сума штрафаў журналістам за супрацу з замежнымі СМІ.

47 млн. еўра – сума фінансавання дзяржаўных СМІ на 2017 г. з рэспубліканскага бюджэту.

16 – колькасць папярэджанняў Міністэрства інфармацыі сродкам масавай інфармацыі (8) і інтэрнэт-рэсурсам (8).

47 – колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, заблакаваных паводле рашэння Міністэрства інфармацыі (21 – за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на збыт наркатычных сродкаў, 13 – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, 11 – за неналежную рэкламу, 2 – за прапаганду парнаграфіі, гвалту і жорсткасці).

1 – колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх быў адноўлены.

88 – колькасць рашэнняў Міністэрства інфармацыі пра абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, пачынаючы з 2015 г., калі міністэрства атрымала такое права.

500 – колькасць даследаванняў інфармацыйнай прадукцыі, зладжаных Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнае прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй прыкметаў праявы экстрэмізму з моманту стварэння гэтае камісіі ў 2015 г.

120 – колькасць інфармацыйных матэрыялаў, у якіх Рэспубліканская камісія знайшла прыкметы праявы экстрэмізму.

4 – колькасць асобаў, заключаных пад варту ў 2016 г. па абвінавачанні ва ўзбуджэнні нацыянальнай або іншай варожасці (гл. Асноўныя падзеі ў сферы СМІ ў кастрычніку-снежні 2016 г.)

48 – месца Рэспублікі Беларусь у рэйтынгу свабоды інтэрнэту на думку Freedom House (48-е з 65). Беларусь атрымала 62 “балы несвабоды”, што некалькі лепш, чым у 2015 г. (64). Аднак краіна надалей аднесеная Freedom House да ліку дзяржаваў з несвабодным інтэрнэтам.

 

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў КАСТРЫЧНІКУ-СНЕЖНІ 2016 г.

Найбольшы розгалас напрыканцы 2016 г. выклікалі вынясенне абвінаваўчага прысуду блогеру Эдуарду Пальчысу і ўзбуджэнне крымінальных справаў у адносінах да трох беларускіх аўтараў расійскае інфармацыйнае агенцыі “Рэгнум” за распальванне нацыянальнае і іншае сацыяльнае варожасці.  Памянёныя справы з’яўляюцца люстэркавым адбіткам адна адной.

Справа Эдуарда Пальчыса

28 кастрычніка 2016 г. Мінскі гарадскі суд скончыў разгляд крымінальнае справы ў дачыненні да заснавальніка сайту 1863х.com Эдуарда Пальчыса. Суд прызнаў яго віноўным у распальванні нацыянальнай варожасці паводле прыкметы расавае, нацыянальнае, рэлігійнае, моўнае або іншае сацыяльнае прыналежнасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі), а таксама ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК РБ) і прысудзіў блогера да 1 года і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Э. Пальчыс быў вызвалены з-пад варты ў зале суду. З улікам часу, праведзенага пад вартай і ў спецыяльнай медычнай установе падчас правядзення судова-медыцынскае экспертызы, пазасталы тэрмін пакарання склаў 2 месяцы.

Сайт 1863х.com быў створаны каля двух год таму. Ягоны ўладальнік вёў Інтэрнэт-рэсурс на ўмовах ананімнасці і хаваўся пад нікам Джон Сільвер. Ён рэзка крытыкаваў “рускі мір” і расійскія ўлады. Справа ў адносінах Пальчыса была ўзбуджаная яшчэ ў 2015 г., пасля чаго ён пакінуў Беларусь. У студзені 2016 г. ён быў затрыманы ў Расіі, а ў траўні экстрадаваны ў Беларусь, пасля чаго змешчаны ў следчы ізалятар Мінска. 25 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска падчас закрытага паседжання прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 9 артыкулаў з сайту 1863х.com. Распаўсюд гэтых артыкулаў у інтэрнэце быў пакладзены ў аснову абвінавачванняў у дачыненні блогера. 5 кастрычніка 2016 г. некалькі праваабарончых арганізацыяў прызналі Эдуарда Пальчыса палітзняволеным.

 

Крымінальны пераслед аўтараў “Рэгнуму” паводле абвінавачання ў распальванні нацыянальне і іншае сацыяльнае варажнечы

На пачатку снежня 2016 г. Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне трох грамадзянаў Рэспублікі Беларусь – Сяргея Шыптэнкі, Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна, якія публікаваліся на сайце расійскае інфармагенцыі “Рэгнум” і на іншых расійскіх інтэрнэт-рэсурсах. У адносінах затрыманых узбуджаныя крымінальныя справы па арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распальванне расавае, нацыянальнае, рэлігійнае або іншае сацыяльнае варожасці або розні).

Першапачаткова паведамлялася, што справа ўзбуджаная паводле трэцяй часткі гэтага артыкула (здзяйсненне злачынства групай асобаў), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 год. У далейшым абвінавачанне было перакваліфікаванае на першую частку арт. 130 КК РБ, якая дапускае альтэрнатыўныя віды пакарання (штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да пяці год або пазбаўленне волі на такі ж самы тэрмін).

Падставай для ўзбуджэння крымінальных справаў сталіся звароты ў Следчы камітэт Міністэрства інфармацыі пра наяўнасць у публікацыях гэтых аўтараў прыкметаў праявы экстрэмізму. Міністэрства інфармацыі спасылалася на заключэнне Рэспубліканскае экспертнае камісіі пры міністэрстве па ацэнцы інфармацыйнае прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй прыкметаў праявы экстрэмізму.

Думкі беларускай грамадскасці наконт затрымання аўтараў “Рэгнуму” падзяліліся. Шмат хто палічыў гэтыя дзеянні крокамі па абароне нацыянальнага суверэнітэту, але іншыя пабачылі ў іх пагрозу свабодзе выказвання меркавання.

Рэдакцыя “Рэгнуму” акрэсліла дзеянні сілавых структураў як “правакацыйныя і здрадніцкія ў адносінах да Беларусі і Расіі”.

“Рэпарцёры без межаў” заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых. “Артыкулы гэтых трох блогераў з’яўляюцца спрэчнымі, але гэта не апраўдвае іх зняволенне, – заявіў Ёхан Бір, кіраўнік аддзела RSF па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі іх часовае затрыманне не з’яўляецца ані неабходным, ані прапарцыйным.”

Каментары